• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Заміроўскі: Большасць калег не разумеюць, навошта я ежджу ў гарачую кропку

    Журналіст Вадзім Заміроўскі вярнуўся з усходу Украіны. Яго рэпартаж з-пад Валнавахі стаў адным з найбольш чытаных матэрыялаў тыдня на сайце “Нашай Нівы”. Baj.by распытаў Вадзіма, чаму ён паехаў на ўсход Украіны, калі тэма гэтага ўзброенага канфлікту сышла з першых палос выданняў, і як выглядае сёння жыццё ў зоне АТА.

    Пад Валнавахай цяпер знаходзіцца падраздзяленне Першага добраахвотнага мабільнага шпіталю імя Пірагова. У гэтым жа падраздзяленні медыкаў больш за два гады працуе рэамабіль «Ратаўніца», куплены за ахвяраванні беларусаў. У рэпартажы Вадзім распавёў пра працу медыкаў і будзёнасць прыфрантавога жыцця. Мы ж запыталіся, як журналісту можна патрапіць на усход Украіны і колькі жадаючых цяпер гэта зрабіць.

    — Каб легальна паехаць у зону антытэрарыстычнай аперацыі, трэба падрыхтаваць дакументы, даслаць іх у Службу бяспекі Украіны, атрымаць акрэдытацыю. Ехаць туды мне было не страшна. Але трохі незвычайна адпраўляцца ў невядомасць, бо не ведаеш людзей, да якіх едзеш, не ведаеш, як прымуць цябе.

    Пра небяспеку не думаецца. Гэтым разам мяне сустрэлі ў Валнавасе, завезлі на пазіцыі, дзе знаходзіцца медрота. Стаўленне там цудоўнае да журналістаў.

    Вадзім расказаў, што спачатку звязаўся ж валанцёрамі, якія працуюць пад Валнавахаю, ды дамовіўся з імі аб супрацоўніцтве. Затым падаў дакументы ў штаб АТА.

    — Цяпер акрэдытацыю робяць двух узроўняў. Мая была ўзроўню, які не дазваляе працаваць на перадавой. Але цікава, што за два сваіх візіты я ніводнага разу не паказваў акрэдытацыю, хоць усё рабіў паводле правілаў.

    Вайскоўцы не правяралі дакументы, бо абодва свае візіты ў зону АТА я працаваў з добраахвотнікамі, яны мяне сустракалі і адвозілі на свае пазіцыі. А з вайсковымі начальнікамі, якіх маглі б цікавіць дакументы, я не кантактаваў. Да таго ж гэта — Украіна, а там даволі абыякава ставяцца да фармальнасцяў.

    Журналіст распавёў, што дакументы на акрэдытацыю трэба адпраўляць толькі на электронную паштовую скрыню. Цяпер саму акрэдытацыю выдаюць у Краматорску. На дакуменце пералічаныя некаторыя правілы паводзінаў.

    Пытанняў да мяне не ўзнікала падчас працы ні з вайскоўцамі, ні з добраахвотнікамі. Там людзі ўвогуле больш прыязна ставяцца да журналістаў, не баяцца камеры.

    У нас, калі прыязджаеш у вёску, то рэакцыя людзей, быццам гэта аўтамат, а не фотаапарат. Там жа ніводнага разу не было, каб нехта негатыўна рэагаваў, напрыклад, калі прывезлі параненага і ты тут з камерай, а гэта ж вострая сітуацыя.

    — Па ўсёй лініі фронта адбываюцца сутычкі, недзе часцей, недзе радзей. Цяпер самыя гарачыя кропкі — Мар’інка і Аўдзееўка. У гэты візіт я працаваў пад Валнавахай, там не вельмі «горача», вайскоўцы казалі, што два-тры разы на тыдзень адбываюцца моцныя абстрэлы.

    — Туды я ехаў на аўтобусе, так прасцей дабрацца. Там шмат блокпастоў і, калі на кожным блокпосце будуць правяраць, то можна шмат часу згубіць. А калі едзеш грамадскім транспартам, ніхто асабліва не правярае.

    У першую паездку я быў у Мар’інцы, там штоноч было “весела” ад абстрэлаў. Мяне здзіўляла, што людзі зусім не звярталі на гэта ўвагу. Проста на ноч спускаліся ў падвал. Хоць мне здаецца, асабліва калі ёсць дзеці, то трэба хапаць іх у ахапку і ўцякаць.

    Лепш жыць у падвале ў Кіеве, а не там. Але людзі гавораць: «Дом ёсць дом», «Мы нікому не патрэбныя». Многія кажуць, што спрабавалі з’ехаць, але вярнуліся. Цяпер крамы, інфраструктура — усё там працуе.

    — Большасць калег мяне не разумеюць, не разумеюць навошта мне лезці ў гарачую кропку. Бо ў маім выпадку гэта ж не абавязковыя рэдакцыйныя камандзіроўкі, а мая асабістая ініцыятыва.

    Цяпер, калі інфармацыйная хваля сціхла, мне казалі, што гэта нікому ўжо не цікава. Але гэта важна, таму трэба асвятляць гэтыя падзеі. Хоць, спадзяюся, ўсё вырашыцца ва Укране і не будзе больш патрэбы туды ехаць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці