• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Усе Майданы пачыналіся з таго, што журналісты набіраліся смеласці і казалі: Так, у нас ёсць “тэмнікі”!

    Больш за два месяцы таму з буйнога ўкраінскага тэлеканала ICTV сышлі адразу 10 журналістаў — цэлы дэпартамент.

    “Сышлі ціха, без гучных заяў і піяру. Сышлі, праявіўшы сваю грамадзянскую пазіцыю”, — напісала пра гэта ў сваім Facebook цяпер ужо былая журналістка ICTV Ірына Саломка.

    Пра вяртанне “тэмнікаў”, грамадзянскую пазіцыю і пра тое, за што называюць “ватнікам”, – наша гутарка з тэлевядучай, голасам “Грамадскага радыё”, пераможцай прэстыжнага конкурсу “Гонар прафесіі” Ірынай Саломка.

    — Можаш больш падрабязна расказаць пра прычыны сыходу з канала?

    — Сітуацыя даволі неадназначная… Разумееш, была заява кіраўніка нашага дэпартамента, які сказаў: “Мы сышлі, бо тыя ўмовы, якія нам ад пачатку гарантавалі для нармальнай працы, былі парушаныя”. Гэта такая афіцыйная пазіцыя, і мы дамовіліся не рабіць ніякіх гучных заяў. На жаль, у асяродку ўкраінскіх журналістаў наш сыход застаўся незаўважаным. Бачыш, беларускія калегі зацікавіліся сітуацыяй, а для нашых тут нічога цікавага не знайшлося.

    — Калі я зацікавіўся, то можаш мне сказаць больш за афіцыйную версію?

    — Я раскажу табе пра свабоду слова. Я лічу, што сітуацыя з гэтым у нас дастаткова складаная. Вось я здымаю дакументальныя фільмы (фільм “Добраахвотнікі” журы конкурсу “Гонар прафесіі” прызнала “Лепшым фільмам з грамадзянскай пазіцыяй”). І калі я сказала кіраўніцтву, што хачу зняць фільм пра Ілавайск, то мне проста адказалі: “Іра, ну, не на нашым канале”. А кропку паставіла сітуацыя з праграмай “Дастала!” Там ужо былі прэцэдэнты, калі выразаліся кавалкі праграмы. Прычым мы даведваліся пра гэта постфактум — калі праграма выходзіла ў эфір. Здалі праграму на АТК, а там сядзяць спецыяльна навучаныя і праінструктаваныя людзі, якія выразалі патрэбныя моманты. Такая вось гісторыя.

    — Няўжо ўсё так дрэнна?

    — На самой справе ўсё вельмі сур’ёзна. Калі прыгадаць часы Януковіча – што мы мелі? У нас быў канкрэтны вораг, мы ведалі, што ад яго зыходзіць пагроза, што ён не дэмакрат па сваёй сутнасці і што з кожным месяцам гайкі будуць усё больш закручвацца. Таму мы былі заўжды напагатове, былі сабранымі, была “Стоп цэнзура” — такім чынам мы змагаліся за свабоду слова.

    Зараз як супраць Украіны вядзецца Расіяй гібрыдная вайна на Данбасе, так і супраць журналістыкі вядзецца гібрыдная вайна нашай жа ўладай. І адкрытага супрацьстаяння няма. Гэта горш. Крыху “нахілілі” там, крыху — там… Але ж, здаецца, усё нармальна, крыху ж зусім нахілілі! А з кожным разам “нахіл” усё ніжэй становіцца.

    Я ведаю, што на тэлеканалах ёсць розныя забароненыя тэмы. На нашым канале недатыкальныя — прэзідэнт і яго сям’я. Быў сярод недатыкальных і былы прэм’ер-міністр Яцанюк. Ёсць персаналіі, якіх у нас апрыёры не чапаюць. Такое ручное кіраванне: нешта даюць рабіць, але глабальна свабоды слова няма. Больш за тое – вядома, што з Адміністрацыі прэзідэнта дасылаюць так званыя “тэмнікі” — па тэмах і па экспертах, у якіх трэба браць інтэрв’ю. Гэта ўсё ёсць, хоць пра гэта галосна і не кажуць.

    — Гэта мне нагадвае беларускія спісы забароненых музыкантаў – пра іх казалі, канцэрты сапраўды забараняліся і не дазваляліся, але чыноўнікі існаванне гэтых спісаў катэгарычна адмаўлялі. Ты асабіста тыя “тэмнікі” ў руках трымала?

    — Я іх асабіста бачыла – мне іх паказваў чалавек, які іх атрымлівае. Я зараз даволі акуратна пра гэта кажу, імёнаў не называючы, бо абяцала таму чалавеку, што казаць не буду. Але гэта ўсё мяне ўжо проста дастала! Вось я табе зараз гэта кажу, а сама думаю: “Можа, і не трэба на самой справе гэта ўсё выносіць?”, але гэта ёсць, і гэта рэальна дастала. І мы прыйдзем да таго, што пачнем пра гэта гучна казаць. Бо гайкі закручваюць, сітуацыя са свабодай слова пагаршаецца.

    — І гэта ўсё на фоне размоў пра шлях Украіны ў Еўропу! Няўжо гэтага не заўважаюць еўрапейскія дыпламаты, што працуюць ва Украіне?

    — Калі нас “манітораць” — з кім найперш гавораць усе гэтыя людзі? З журналістамі. Калі журналісты маўчаць, то як чалавек, што не ведае нашай палітычнай кан’юнктуры і ўсяго астатняга, можа здагадацца — чаму той ці іншы сюжэт не выйшаў? Калі ў нас была “Стоп цэнзура”, мы ўсе гэтыя факты заходнікам даносілі — у нас былі сустрэчы з прадстаўнікамі АБСЕ, і на падставе нашых ацэнак яны рабілі свае высновы.

    Зараз нам даюць ацэнку: ва Украіне — частковая несвабода слова. Бо мы як журналісцкая супольнасць нічога не робім для таго, каб абараніць свабоду слова. Вось, сышлі мы з канала — 10 не самых апошніх журналістаў у гэтай краіне, якія займаліся востра сацыяльнай журналістыкай. І мы думалі, што нас усім дэпартаментам возьмуць на іншы канал. Але падчас розных перамоў кожны раз узнікалі нейкія праблемы. І ў выніку палова нашай каманды на сёння засталася без працы. А гэта не нейкія там гульні, а лёс людзей, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і сышлі. І чамусьці ні АБСЕ, ні іншыя структуры на гэта ўвагі не звярнулі! Я ўжо не кажу пра калег.

    А дыпламаты… Мне падаецца, што яны ўжо так стаміліся ад нашых пастаянных праблем, што ім проста патрэбная хоць нейкая “гісторыя поспеху”. І яны адводзяць вочы ад нашых сённяшніх праблем са свабодай слова.

    Да ўсяго — шмат журналістаў сышло ў палітыку. Сапраўдных мастадонтаў-змагароў. Нават я ўжо часткова не ў журналістыцы, а ў грамадскім сектары. Бо зразумела, што тут я не змагу эфектыўна змагацца з пэўнымі рэчамі. А ў журналістыцы засталіся “зялёныя” дзяўчаты-хлопцы. Ці абыякавыя, якія заўжды былі, і якія проста “нахіляюцца” — яны сябе заўжды так паводзілі.

    — Як ты ацэньваеш сённяшні ўзровень украінскай журналісткі, яе прафесіяналізм, маральнасць?

    — Не вельмі высока, шчыра скажу… У нас як была “джынса”, так яна і застаецца. Бо гэта адзіная магчымасць выжываць для медыя. Як была палітычная “джынса”, так і ёсць. Асабліва падчас палітычных кампаній. На высокія еўрапейскія стандарты журналістыкі ніхто проста не звяртае ўвагі — трэба зарабляць. На мой погляд, усё вельмі дрэнна… Асабліва непрыемна з гэтай “гібрыднасцю” ва ўсім.

    “Усё ж класна — вось, напісалі пра афшоры Парашэнкі!” А пра тое, што гэта смех, а не афшоры, што гэта смех, а не скандал, — казаць не прынята. Я напісала калонку для “Новага часу” пра свабоду слова, а рэдактар адмовіўся ставіць тэкст у блогах. Яго потым паставіў у сябе “Левы бераг”. Як па мне — дык гэта клініка.

    — У мяне такое адчуванне, што ты мне пра Беларусь расказваеш!

    — Сапраўды?! Халера, гэта вельмі дрэнна! Карацей, украінцы нездарма беларусам браты, так?

    — І як уратаваць журналістыку?

    — Гэты “гнайнік” усё адно мусіць прарваць. Нам проста трэба быць сумленнымі адзін з адным і называць рэчы сваімі імёнамі. Час ужо гэта рабіць. Людзей, якія спрабавалі пра ўсе гэтыя і іншыя праблемы гаварыць, адразу называлі “ватнікамі”: “У краіне вайна, а вы тут!..” У нас жа цяпер так: кажаш пра тое, што дрэнна робіць улада — граеш на руку Расіі. Сёння амаль на кожным з журналістаў вісіць нейкі ярлык. Дайшло да таго, што ты ўжо нікому не давяраеш і не ведаеш – ён пад адміністрацыяй “ляжыць” ці пад кім іншым. Для сябе мы павінныя ўсведамляць, што вораг ёсць, быць уважлівымі, разумець нашу адказнасць, бо свабода слова — галоўны індыкатар развіцця грамадства.

    — Гэта так, але што маем – мастадонты-змагары ўжо сышлі з журналістыкі ў палітыку, шэраг іншых добрых украінскіх журналістаў паступова сыходзяць з прафесіі ў грамадскі сектар, маладыя таленты з‑за нізкіх заробкаў асабліва не імкнуцца ісці ў прафесію… Хто застаецца — “зялёныя” і абыякавыя?

    — Гэта праўда, і гэта дрэнна. Я так разумею, што зараз мы як журналісцкая супольнасць проста абавязаны аб’яднацца. Зноўку. Трэба выпрацаваць нейкі механізм, які аб’яднае адэкватных журналістаў, гатовых гаварыць праўду.

    Ведаеш, у нас жа ўсе Майданы пачыналіся з таго, што журналісты набіраліся смеласці і казалі: “Так, у нас ёсць “тэмнікі!”” Памаранчавы Майдан наўпрост быў звязаны з “тэмнікамі” – калі журналісты аднаго выдання проста адмовіліся казаць тое, што ім “рэкамендуюць”. І я табе не магу сказаць, чым цяперашняя сітуацыя скончыцца. Але я ўпэўненая, што нам трэба аб’ядноўвацца і пачынаць гаварыць усю праўду.

    Дарэчы, прозвішча Ірыны Саломка было ў спісах “врагов русского мира”, якім у 2014 годзе прадстаўнікі так званага «Российского освободительного фронта пагражалі расправай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці