Убачыць і захаваць — пад гэтым дэвізам ГА “БАЖ” запускае праект “Рэпартаж з заплечнiкам”
— Вы, хлопцы, некуды едзеце ці проста едзеце?
Мы не зразумелі пытання, а гэта было шалёна добрае пытанне.
Джэк Керуак
Сябры, мы жывем у дзівоснай краіне. Дрымучых лясоў тут больш, чым гарадоў, а з большасці рэк і азёр можна піць, чэрпаючы ваду далонямі. Гісторыя паўсюль — ад каменя пры дарозе да апошняга жыхара паміраючай вёскі. Тут яшчэ гучаць песні, якія не запісвалі, — перадавалі з вуснаў у вусны, і праходзяць абрады са старажытным, моцна забытым сучаснікамі сэнсам.
Убачыць і захаваць — пад гэтым дэвізам ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» запускае праект “Рэпартаж з заплечнiкам”. Мы ідзем у падарожжа па нязведаным. Прывезеныя з падарожжаў матэрыялы дапамогуць разглядзець у чалавеку сусвет, адкрыць даўно забытую гісторыю, прыкласці нашы сілы да захавання культурнага, нацыянальнага і прыроднага багацця краіны.
Мы шукаем незвычайных людзей, адкрываем новыя месцы, інспектуючы прыродаахоўныя зоны, расказваем пра свае перамогі і знаходкі.
А крокі нашыя — з заплечнiкам: ГА «БАЖ» арганізуе падарожжы журналістаў у фармаце паходаў.
БАЖаўцы збіраюць заплечнікі і будуюць планы на аднадзённы паход па лясах каля Крыжоўкі, дзе на вогнішчы згарыць пудзіла Масленіцы, і ў пасёлак Ганалес, паводле якога хацелі назваць Мінскае мора. Месца тут прэстыжнае, але велізарны чатырохпавярховы дом, падобны да кінутага карабля, жыхароў не дачакаўся. Хто будаваў і чаму кінуў?..
Думаем і пра больш доўгія паходы — на байдарках і пешшу. Накірункамі і інфармацыйнымі нагодамі — забяспечым, сачыце за навінамі!
Наш праваднік — новы сябра ГА «БАЖ», турыст-прафесіянал, альпініст Яўген Дзікусар. За плячыма старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі Яўгена Дзікусара — паходы вышэйшай катэгорыі складанасці па гарах Палярнага Урала і Кадар, лыжныя падарожжы па Кольскім паўвостраве, узыходжанні на вяршыні горнага масіву Паміра-Алай (Фанскія горы), Каўказа і вулканаў Камчаткі. Пра яго падарожжы па Беларусі чытайце тут.
Ад удзельнікаў паходаў патрабуецца:
— Гатовасць прайсці маршрут цалкам;
— Адпаведная сезону турыстычная экіпіроўка;
— Неабходны ў паходзе рыштунак — ад нажа і запалак да спальніка і намёта;
— Уменне быць часткай каманды;
— Нататнік і дыктафон (нагадаем, ГА «БАЖ» не проста збірае ля вогнішча добрых людзей, але і дае інфармацыйныя нагоды для публікацый).
Харчаванне і праезд — за кошт удзельнікаў паходу.
Падрабязнасці будуць!
Далучыцца да суполкі «Рэпартаж з заплечнікам» у Facebook можна ТУТ.