• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Польшчы знік беларускі журналіст. Што вядома праз два тыдні пошукаў

    Увечары 8 ліпеня ў польскім горадзе Рабка-Здруй абарваўся кантакт з беларускім журналістам Паўлам Брэлем. Як стала вядома «Белсату», Павел эміграваў у Польшчу праз рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. У выгнанні працягваў працаваць на карысць вольнай і дэмакратычнай Беларусі.

    Як распавялі сябры Паўла «Белсату», з мэтаю паправіць псіхічнае здароўе журналіст выправіўся ў адпачынак на Падгале, бо любіць горы. 6 ліпеня выехаў з Варшавы ў кірунку Букавіны-Татшаньскай. Пастаянна быў на сувязі з сябрамі праз тэлефон. У цягніку з Кракава Паўла абрабавалі – скралі грошы і дакументы. Журналіст планаваў выйсці з цягніка ў Пароніне, але, як стала вядома ягоным сябрам, выпадкова сышоў у Хабуўцы.

    6 ліпеня а 14:00 Павел засяліўся ў пансіянат у Рабцы-Здруі. Паколькі ў мужчыны скралі грошы, за ягоны побыт у пансіянаце заплаціў знаёмы праз інтэрнэт. На наступны дзень а 10:00 журналіст выселіўся. А 19:00 яго бачылі на лаўцы на вуліцы Закапяньскай у Рабцы-Здруі.

    Ноч на 8 ліпеня Павел правёў у шматмесным пакоі ў невядомым гостэле. Увечары 8 ліпеня наладаваў тэлефон на бензастанцыі Тапі каля вуліцы Закапяньскай у Рабцы-Здруі, гэта пацвердзіў персанал станцыі.

    Пазней Павел паведаміў знаёмым праз мэсэнджар, што шукае месца для начлегу. Пісаў, што думае над тым, каб спаць на блізкай будоўлі, потым, што знайшоў галлё, пад якім мог бы размясціцца. Таксама напісаў, што плануе падысці да моладзі, якая пад’ехала аўтамабілем з гучнаю музыкаю. Кантакт з Паўлам абарваўся 8 ліпеня каля 22:00.

    12 ліпеня пра знікненне Паўла Брэля паведамілі ў паліцыю ў Варшаве. Спрабавалі паведаміць 11 ліпеня, але тады дзяжурны не прыняў заявы, бо быў ужо позні вечар. Паліцыя запытала білінгі мабільнага тэлефону Паўла і такім чынам пацвердзіла, што апошні раз ён быў у сетцы каля 22:00 8 ліпеня. Блізкія Паўла сцвярджаюць, што варшаўская паліцыя пакуль не перадала гэтых звестак паліцыі ў Рабцы-Здруі.

    Да пошукаў Паўла далучылася горнаратавальная служба. Дзяжурны Падгалянскай групы ўвечары 21 ліпеня паведаміў, што паліцыя не паведаміла ім пра знікненне Паўла Брэля. У той жа час паліцыя перадала інфармацыю пра знікненне ў Татшаньскую горнаратавальную службу, якая 16 ліпеня вызначыла, што з 8 да 16 ліпеня беларускі журналіст не быў у Татрах.

    «На гэты момант пасля кансультацыі з дзяжурным паліцыі адсутнічаюць прыкметы, якія могуць указваць на тое, што чалавек, якога шукаюць, скіраваўся ў Татры», – сказаў «Белсату» дзяжурны Татшаньскай горнаратавальнай службы.

    Як выглядае Павел Брэль: хударлявы мужчына старэйшы за 30 гадоў. Даўгія валасы, акуляры ў прастакутнай аправе. Рост – 185–190 см. Найбольш імаверна, быў у шэрай футболцы. У момант знікнення быў у кепскім псіхічным стане.

    Раніцай у суботу 22 ліпеня ў Рабцы-Здруі сябры зніклага і беларускія валанцёры распачнуць самастойныя пошукі Паўла. Яны просяць тых, хто мог бачыць беларускага журналіста, звязацца праз наступныя кантакты:

    Telegram: LABALEKA

    Face­book: lawo­j­tulewicz

    Тэлефон: 733 782 880

    «Белсат» нагадвае, што перад выхадам у горы трэба паведаміць блізкім пра месца начлегу, планаваную трасу і час вяртання. У выпадку, калі мы падазраём знікненне чалавека ў гарах, трэба неадкладна паведаміць у горнаратавальную службу (GOPR) ці Татшаньскую горнаратавальную службу (TOPR) на нумар 601 100 300. Калі знікла асоба, месца перабывання ў гарах якой невядомае, трэба паведаміць у паліцыю паводле месца апошняга кантакту.

    Читайте еще: 

    На волю выйшаў праваабаронца Леанід Судаленка. Ён цалкам адбыў тэрмін

    Леанід Судаленка: «Маці думала, што я амаль тры гады быў за мяжой на заробках…»

    «Гэта ўзнагарода ўсёй беларускай незалежнай журналістыцы». Ганна Любакова атрымала міжнародную прэмію

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці