• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тэатральная менеджарка Вольга Кулікоўская: «На жаль, не магу сказаць, што існуе прафесійная салідарнасць»

    Вольга Кулікоўская прыйшла працаваць у Купалаўскі ў 2017 годзе і адразу стала кіраўніком аддзела піяру. Дакладней, стварала яго з нуля, акунаючыся з галавой у да гэтага невядомы ёй тэатральны свет. А ў 2020 годзе разам з большасцю трупы яна звольнілася. Сыходзіла тады, як і ўсе — у нікуды. Зрэшты, амаль адразу Вольга прапанавала купалаўцам працягваць. Так з’явіліся «Тутэйшыя», а потым і многія іншыя пастаноўкі ўжо незалежнай трупы.

    «Колькі спектакляў я зрабіла з купалаўцамі ў Польшчы? Хіба ўсе мае!» — смяецца Вольга. А я слухаю яе і думаю, што сённяшні тэатр, па ўсім, пачынаецца з таленавітага менеджара, і Воля — менавіта такі чалавек.

    Стагоддзе сезона ў Купалаўскім і казкі старых дрэў

    — Вось бачыце, мы нават сустракаемся каля тэатральнага інстытута, — усміхаецца Вольга. Шчырая, абаяльная. Размова з ёй ідзе лёгка і нязмушана — у зялёных дэкарацыях варшаўскіх Лазенак.

    — Люблю Варшаву за тое, што летам тут не спяшаюцца касіць газоны, восенню не збіраюць лісце і ашчаджаюць кожнае дрэўца.

    — Вашая першая адукацыя была ж нейкім чынам звязаная з лесам?

    — О, я вельмі ёй ганаруся! Я інжынер садова-паркавага будаўніцтва, скончыла лесагаспадарчы факультэт. Вось мы зараз у Лазенках, і яны маглі б быць маім дыпломным праектам — што пасадзіць, як разбіць сцяжынкі, якія зрабіць аб’екты рэкрэацыі. Дарэчы, адна з нагод, чаму я пайшла працаваць у Купалаўскі — гэта Аляксандраўскі сквер. Там растуць самыя старыя ў Мінску дрэвы. Яшчэ ў 2019 годзе там было 3 клёны і 2 таполі, якім больш за 130 гадоў. Яны цудам захаваліся пасля вайны.

    — Што адчуваеце, калі глядзіце на такую веліч?

    — Я заўжды думаю, колькі людзей бачылі гэтыя дрэвы, колькі акцёраў Купалаўскага праходзіла пад імі. Колькі гісторый засталося там.

    — А якую гісторыю яны будуць памятаць пра вас?

    — Мне заўсёды хацелася зрабіць у гэтым скверы нейкі дзвіж. І мы на стагоддзе сезона пачалі там ладзіць імпрэзы. Гэта было такое свята! Бо месца было даволі закрытае, і раптам яно пачало жыць.

    Пра Латушку, рэпетыцыі з нататнікамі і ўстаноўку на закрытасць

    — Памятаеце свае першыя месяцы ў Купалаўскім?

    — Да гэтага я ніколі не працавала ў тэатры. Спачатку прыходзіла на рэпетыцыі з нататнікам, бо трэба было разабрацца, як усё працуе. А ўсе не разумелі, хто я такая і што я на рэпетыцыях натую.

    — Складана было?

    — У Купалаўскім на той час была ўстаноўка на закрытасць. На тое, што мастацтва не трэба прадаваць — мастацтва трэба ствараць. Вельмі шмат часу пайшло, каб атрымаць дазвол рабіць фотаздымкі на рэпетыцыях, бо спектакль было нельга паказваць да прэм’еры, ніхто не мусіў ведаць, якая там сцэнаграфія, атмасфера.

    А я са свайго боку заўжды казала, што трэба дапамагаць людзям прыйсці ў тэатр. Расказваць ім, тлумачыць, даваць больш кантэксту. Каб людзі ішлі ў тэатр з лёгкасцю і цікавасцю.

    — Воля, а са спадаром Латушкам якія ў вас цяпер адносіны? Ён прыходзіць на спектаклі?

    — Калі «Купалаўцы» граюць у Варшаве — заўсёды. Сочыць за намі, мы гэта бачым па лайках у інстаграме.

    — Са свайго акаўнта лайкае?

    — Са свайго (смяецца).

    У Варшаве з’явіцца будынак незалежнага беларускага тэатра?

    — Давайце памарым. Ёсць надзея, што ў Варашве паўстане Купалаўскі тэатр?

    — Я сабе ўяўляю крыху іншую канструкцыю, якая мне падаецца больш жыццяздольнай. Яна не мусіць абмяжоўвацца толькі купалаўцамі. Хочацца аб’яднаць нашыя розныя тэатральныя ініцыятывы.

    Справа ў тым, што ў Польшчы я заснавала фонд INEXKULT, які займаецца рознымі культурнымі праектамі. Гэта не аформлены творчы калектыў, а хутчэй прадзюсарская ініцыятыва. У ёй моцная каманда з беларускіх і польскіх спецыялістаў у галіне менеджменту, выканальніцкіх мастацтваў, піяру і дызайну. Мы дапамагаем зрабіць пракат існуючым беларускім тэатральным праектам і працуем з уласнай прадукцыяй. У жніўні мы выпускаем дзве прэм’еры — «Плошчу Перамогі» ў пастаноўцы для «Купалаўцаў» Аляксандра Гарцуева і спектакль на польскай мове «Канец паўкабана» рэжысёра Юрыя Дзівакова.

    — То-бок, вяртаючыся да папярэдняга пытання, — не Купалаўскі тэатр, а цэлы тэатральны хаб?

    — На гэтым тыдні мы ўжо распачалі збор подпісаў пад петыцыяй за тое, каб нам далі ў Варшаве памяшканне для стварэння незалежнага беларускага тэатра.

    — Вось гэта навіна! Але ж сапраўды, толькі ў польскай сталіцы назбіраецца ўжо каля пяці беларускіх тэатральных ініцыятыў. Разнастайснасць, канкурэнцыя!

    — Беларускі незалежны тэатр жыве няпроста, але яскрава, ствараецца многа выбітных прадукцый. Падчас падрыхтоўкі да Інэкс-фэсту мы працавалі з Таццянай і Юрам Дзіваковымі, Палінай Дабравольскай, Светай Бень, з «Крыламі халопа», Цім-тэатрам. Я дэталёва паразглядала, што робіцца, і гэта фантастыка.

    На жаль, не магу сказаць, што існуе прафесійная салідарнасць. Бачу гэта наўпрост па сваім фэйсбуку, калі дасылаю запрашэнні на спектаклі. Думаю — ну проста адзначце, што вас гэта цікавіць. Пастаўце птушачку, каб пра нашую падзею даведалася і ваша аўдыторыя. Але часцей адзначаюць толькі свае спектаклі, а калі спектакль калег — не! Ды і сярод гледачоў дастаткова рэдка можна пабачыць акцёраў з другіх праектаў.

    Тэатральная спякота на Inex-fest: што, дзе і калі

    — Вы згадалі пра Inex-fest — беларускі тэатральны фестываль, які вы прыдумалі і, як мне падаецца, вельмі паспяхова цяпер праводзіце.

    — Было адчуванне, што трэба рабіць цяпер. І было складана, таму што лета для тэатра — гэта мёртвы сезон. Але ў нас атрымліваецца. Мы зрабілі абанементы на фестываль. Іх купілі няшмат, але тыя, хто набыў, нам тэлефануюць, цікавяцца — гэта для нас як адкладзены эфект. Мы разумеем, што гэтыя людзі застануцца нашымі гледачамі.

    У гэтым месяцы будзе ўвогуле тэатральная спякота. 17 жніўня ў нас прэм’ера Дзівакова, 19-га мы нарэшце пакажам у Варшаве «Гусі-людзі-лебедзі» , 25-га адарвемся на спектаклі-канцэрце ў Паліны Дабравольскай, і будзе яшчэ дзіцячы спектакль ад Таццяны Дзіваковай.

    Больш за тое, у Варшаве з 9 жніўня распачаўся яшчэ адзін фестываль беларускага тэатра. Яго ладзіць TR Warsza­wa, і там наўпрост кожны дзень выбітныя спектаклі ад Цім-тэатра і прэм’ера ад праекта Дыяфільмы live.

    — Ну і вельмі чакаем купалаўцаў з «Плошчай Перамогі». Альгерд Бахарэвіч прыедзе на спектакль?

    — Спадзяюся. Яму вельмі спадабаліся нашыя «Гусі-людзі-лебедзі», якія Аляксандр Гарцуеў ставіў па рамане «Сабакі Эўропы». Гэта быў класічны літаратурна-цэнтрычны падыход. Аляксандр Фёдаравіч вельмі вялікую ўвагу надаваў дыялогам, гэтыя ролі выконвалі суперакцёры. І Альгерд быў у захапленні ад таго, што так жыва паўсталі героі з яго кнігі.

    Самая вялікая тэатральная мара і пры чым тут бег і Татры

    — Наколькі вы сёння з купалаўцамі залежныя ад меркавання, ад густу публікі? Пасля «Камедыі Юдзіфі», напрыклад, можна было пачуць, як хтосьці захапляўся — маўляў, такімі нашых акцёраў мы яшчэ не бачылі. А хтосьці казаў, што гэта не яго тэатр, не яго п’еса.

    — Мы прайшлі столькі хваляў — надзеі, адчаю, падтрымкі і не падтрымкі. І вельмі шмат людзей, каму баліць за купалаўцаў. Яны прапануюць, крытыкуюць. І ўсё таму, што ім неабыякава. І гэта вельмі моцная рэч.

    Я вельмі шчаслівая, што ў калектыва ёсць такі праект. Хаця я б другі раз не пайшла на «Юдзіф». Для мяне гэта вельмі «шчыльны» спектакль. У ім зашмат гуку, зашмат колеру. А мне хочацца, каб тэатр мяне абняў і прытуліў. Так, як гэта было з «Шэптам».

    А самая вялікая і немагчымая мая мара — гэта яшчэ раз зайграць «Тутэйшых» з тым самым складам з верасня 2020 года.

    — Вольга, за кожным таленавітым праектам стаіць яго таленавіты арганізатар. Але авацыі заўсёды выканаўцам. Вам не крыўдна?

    — Не, гэта правільна. Калі ты менеджар і займаешся культурай, ніхто не павінен ведаць тваё імя: трэба ўмець адступаць назад і рабіць так, каб ведалі іншага.

    Трэба быць трывалым чалавекам, цярпець крытыку, умець працаваць і мець моцную ўнутраную матывацыю. Мая работа вымагае вялікай эмпатыі, таму што тэатр — гэта вельмі сацыяльна. Калі ты ў пэўны час чагосьці не пачуў, усё пачынае валіцца, і аб’ектыўнасць мала працуе. Але неабходна стаяць на зямлі: каб знаходзіць грошы і адстойваць інтарэсы свайго тэатра. І трэба верыць.

    — А калі сіл не застаецца?

    — Тады дапамагаюць горы і бег. Я жыву пад Татрамі ў невялічкім мястэчку. І як бы складана не было, я ведаю, што я паеду туды і стану новая. Мой дом знаходзіцца на вышыні 980 метраў. Там іншае паветра — заўжды халоднае. Там вельмі прыгожая прырода. У мяне побач горная рэчка. Я прачынаюся, адчыняю акно — і ўжо адбываецца двіж. Я чую гэтыя гукі, і да мяне прыходзяць новыя думкі.

    Чытайце яшчэ:

    Озираясь на три года назад. Репортерский взгляд на август-2020

    Іосіф Сярэдзіч: «Калі б у 1995‑м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі»

    Белсат TV праз спадарожнік будзе перадаваць сігнал у якасці HD

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці