• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Харэўскі: Мне вельмі хацелася б, каб Мінск бачылі горадам мастакоў

    Лектар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры і культуролаг Сяргей Харэўскі выдаў ілюстраванае даследаванне «Мінск у мастацтве. Вобразы горада розных эпох», у якім аналізуе творы мастакоў, прысвечаныя сталічным краявідам. Студэнтка 2 курсу ЕГУ Ангеліна Браніцкая ўзяла інтэрв’ю ў аўтара кнігі.

    — Як вам прыйшла ідэя напісаць гэтую кнігу? Мінск быў горадам вашага юнацтва. Гэтая любоў да горада і яго мясцінаў у вас засталася з таго часу?

    — Мала таго, што я сам нарадзіўся ў Мінску, там нарадзіліся і мае бацькі. А некалькі пакаленняў маіх продкаў былі парафіянамі колішняга касцёла бэрнардынак, дзе цяпер праваслаўны Духаў сабор і аж да самага майго нараджэння, да канца 1960‑х, расьцілі хмель для легендарнага піўзавода, што цяпер завецца «Аліварыя».

    А ідэя прыйшла падчас працы над кнігаю «Сто твораў ХХ стагоддзя», яшчэ напрыканцы 1990‑х. Я тады зьвярнуў увагу, што існуе вялікая легенда мастакоўскага Віцебска, але ў ў Мінску, насамрэч, мастацкае жыццё было нашмат багацейшым. Нагадаю – менавіта ў сталіцы прайшлі школьныя гады Фэрдынанда Рушчыца. Тут перапляліся лёсы мінскага гімназіста Міхася Кікоіна і хлопца са Смілавічаў Хаіма Суціна. Разам яны хадзілі тут у мастацкую студыю Якава Кругера, а потым разам, праз Вільню, з’ехалі ў Парыж. Дарэчы, Кікоін увёз з сабою з Мінска і нявесту — Розу Бунімовіч.

    Творцаў, вядомых мастакоў і архітэктараў, чый лёс непасрэдна звязаны з Мінскам — мноства. Сярод іх Леў Альпяровіч і Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Абрам Бразер і Меер Аксельрод, Язэп Дразовіч і Раман Семашкевіч… Тут скрыжаваліся пакручастыя жыццёвыя шляхі такіх славутых мастакоў, як гадаванца Пражскае і Венскае акадэміяў мастацтваў славака Аскара Марыкса,  вучня Шагала і Малевіча — фіна Алексантэры Ахола-Вало, якія прысьвяцілі  сталіцы Беларусі нямала сваіх твораў… І, урэшце, Мінск стаўся галоўным мастацкім цэнтарм Беларусі па вайне, а некаторыя мастакі, жывучы тут, здабылі сабе еўрапейскую славу.

    Прэзентацыя новай кнігі пройдзе 19 снежня ў 18:30 у зале Францыска Скарыны ЕГУ

    А любоў мая да роднага гораду натуральная, безаглядная, без рацыянальных тлумачэнняў. Як і любоў да сваёй сям’і, зямлі, мовы. Я ўсё гэта люблю, бо яно ўсё МАЁ! І нішто мне не заменіць, ніводзін горад свету, Мінска, як нішто ўжо не заменіць майго паходжання, майго дзяцінства, майго першага кахання.

    — Чаму вы абралі менавіта гэтых 14 асобаў? Што для вас было важна пры адборы твораў і творцаў?

    — Сёння мы маем вялікую шматаблічную і шматвобразную традыцыю Мінска ў мастацтве. За апошнія паўтары стагоддзі ў сталіцы Беларусі нарадзіліся, жылі і працавалі тысячы мастакоў. Можна стварыць цэлую энцыклапедыю гісторыі мастацкага жыцця Мінску. Але я ня ставіў сабе такое мэты.

    Я меў на мэце не распавесці пра ўсё-усё, а паказаць эвалюцыю мастацкага мыслення ад ілюстратыўнага падыходу да стварэння і трансфармацыі вобразаў горада, што становяцца ўсю больш разнастайнымі. Таму я адбіраў перасналіі мастакоў, чые творы, на маю думку, стылістычна адметныя для кожнай эпохі і ў чыёй творчасці пошук вобразу Мінска быў паслядоўным, або роля іх асобаў, як напрыклад, Фэрыднанда Рушчыца ці Якава Кругера, у гэтым канктэсце была істотнаю.

    Я імкнуўся пазначыць важныя акалічнасці, падзеі і імёны творцаў, дзякуючы якім Мінск прайшоў у эпоху Найноўшага часу эвалюцыю ад аб’екта вонкавых рэфлексіяў, да ўсё больш глыбокага разумення яго мастакамі. Творцы самі пачалі ствараць гэты горад, надаючы ягоным вобразам ўсё больш сэнсоўнасці і сімвалічнасці.

    Мастакоў, насамрэч, магло быць і больш, але ніяк ня менш. Бадай, у наступным выданні я ўлічу і крытычныя заўвагі, і выпраўлю некаторыя свае высновы і дадам яшчэ некалькі творцаў. Такія тэксты могуць пісацца бясконца, усё жыццё.

    Я пісаў гэтую кнігу больш за пяць гадоў. Два гады яшчэ пайшло на падрыхтоўку да выдання і амаль год на рэдактуру і друк.

    За гэты час ж былі створаны новыя творы, прысвечаныя Мінску і былі адкрытыя невядомыя раней, старасвецкія! Але часам варта ставіць кропку і выдаваць кнігі, каб дзяліцца ўжо тымі, думкамі, што ўжо ёсць. Каб натхняць іншых.

    — Што робіць вашу кнігу адметнай ад астатніх? 

    — Па сутнасці гэта — першая такая кніга, прысвечаная мастацкім вобразам Мінска ў гістарычнай перспектыве. Гісторыі розных этапаў мастацкага жыцця ў Мінску прысвечаныя кнігі і артыкулы Леаніда Дробава, Таісы Карповіч, Барыса Крэпака, Надзеі Вусавай, Вольгі Архіпавай. Дзякуючы іх працы былі вернутыя ў наш культурны ўжытак адкрылі многія імёны і творы. Але дагэтуль яшчэ ніхто не паказваў гісторыю менавіта мастакоўскіх вобразаў Мінска, ад пачатку, ад XVIII да нашых дзён, да ХХІ стагоддзя.

    Таму, натуральна, у кнізе ёсць багата цікавостак, для аматараў мастацтва. Мне пашчасціла добра ведаць многіх з тых мастакоў, пра якіх я напісаў, чые творы аздобілі гэтую кнігу. З некаторымі сябрую й дасёння. Таму шмат чаго я пісаў непасрэдна з іх словаў! І ад іх атрымаў здымкі твораў. Ужо гэта робіць частку тэкстаў унікальнымі.

    — Як вы думаеце, ці можна сказаць, што Мінск — гэта горад, які не ідзе на кантакт адразу і яго трэба шукаць самастойна? У чым праблема Мінску?

    — Я так не думаю. Мінск ідзе на кантакт адразу, варта толькі выйсці на Прывакзальную плошчу і ўбачыць ягоныя славутыя вежы. Паглядзіце, напрыклад, на мінскую графіку Анатоля Тычыны ці Сямёна Геруса, на карціны Таццяны Разінай «Вечаровы Мінск» ці Зоі Літвінавай «Мой Мінск».  Не трэба доўга шукаць, мастакі ўжо багата чаго знайшлі.

    Іншая рэч, што некаторыя нашыя людзі, камплексуючы, спрабуюць увесь час параўноўваць і шукаць у нашай сталіцы ці то кавалачкі Вільні, Кіева ці то Берліна ці яшчэ чаго… Але Мінск — гэта Мінск! Ад выпадковых чужых людзей я чуў шматкроць дыфірамбы ў адрас нашае сталіцы.  Гэта ўнікальны горад, што імкліва вырас за ХХ стагоддзе ў 20 разоў. Такімі тэмпамі і ў такім масштабе ня вырас ніводзін горад, ніводная сталіца ў Эўропе!

    Вось і трэба яго такім прымаць. З плаўнымі выгінамі светлае Сьвіслачы, з ружанцам цудоўных паркаў, з непаўторнымі архітэктурнымі ансамблямі плошчаў і праспектаў. Няма праблемы Мінска! Ёсць праблема ў саміх беларусах, што ніяк не могуць запаважаць і палюбіць, нарэшце, саміх сябе, сваю краіну, сваю мову.

    Літоўцы, напрыклад,  дамагліся ўключэння архітэктуры міжваеннага Коўна ў папярэдні ьпіс ЮНЭСКА, але ў Мінску падобнай архітэктуры нашмат больш і куды больш велічнай! Але беларусы гэтага ня заўважаюць, і ўсё займаюцца безсэсоўнымі параўнаннямі…

    — Можаце вы сказаць, што ваш твор з’яўляецца (ці можа стаць у будучыні) «будаўнічым матэрыялам» для ідэнтычнасці мінчукоў?

    — Магу. Натуральна, не толькі мая кніга. Але і яна, спадзяюся, кагосьці натхніць на працяг. Мне вельмі хацелася б, каб Мінск бачылі горадам мастакоў. Горадам Валенція Ваньковіча і Фэрдынанда Рушчыца, Язэпа Драздовіча і Міхася Філіповіча, Уладзіслава Страмінскага і Сафіі Федаровіч, Хаіма Суціна і Мішэля Кікоіна і сотняў іншых выдатных творцаў. Каб ім стаялі помнікі, каб іх творы і іх лёсы былі вядомы ўсім зь дзяцінства, каб нас атачалі плякаты, білборды і муралы з іх карцінамі, каб пра іх іх паказвалі перадачы і здымалі кіно, пісалі вершы.

    Разам з натуральным, мягкім і пяшчотным, нашым краявідам, са стражытнымі курганамі, у якіх паснулі сотні гадоў нашае гісторыі і дынамічным маладым горадам, што бяз страха глядзціь у сваю будучыню, калясальная мастацкая спадчына можа стаць падстваю нашае новае ідэнтычнасці! Няхай і мая кніга стане часткаю падмурку нашае, іншае, будучыні.

    — Як на вашую думку, ці магчыма нам адшукаць сябе праз Мінск? Ці гэтае месца-месца без памяці?

    — Гэта магчыма! І менавіта праз сябе, індывідуальна. Але ўжо не шукаць трэба а знаходзіць! Вы ж ходзіце ў лес па грыбы, а не дзеля пашуковага шпацыру, дзеля пошукаў? Ёсць мэта – сабраць грыбы – пайшлі сабралі грыбы.

    Так і з Мінскам. У беларускай сталіцы можна вымысліць сабе любую ролю. І вымсліць Мінск такім, якім хочаш, каб ён быў. Як у творах Адам Глобуса, ці маладой мастачкі Надзеі Леановіч. Гэта з Рымам ці Стамбулам ужо нічога не паробіш, не пазбавішся цяжару грамаднымх наратываў і стэрэатыпаў. А памяць, гэта ня тое, што ў альбомах ці шуфлядах, у камені ці ў мурах, а тое, што ў нашых душах і ў нашых галовах. Тое, чаму нас навчучалі ў дзяцінстве і і тое, што мы ведаем з сямейных гісторыяў.

    Калі сабраць усе сямейныя гісторыі Мінска хоць бы за апошнія 80 гадоў, то… гэта і была бы рэальная памяць! Ну, і вырасла, нарэшце ўжо два пакаленні менчукоў, якія жыва і жвава цікавяцца сапраўднай спрадвечнай гісторыяй нашага горада, што ўсё расце і расце на нашых вачах, поіцца з розных крыніцаў, збіраецца з розных кветак… Гадоў 40 таму мы ня ведалі і паловы тае гісторыі Мінска, што ведаем зараз. І ведаць яе не маглі! Бо нямала было прыкладзена высілкаў камуністычнымі ўладамі, каб шмат чаго знішчыць, шмат што зарыць назаўжды.

    Але праўда ўсё адно прпрастае скрозь асфальт і бэтон. Горкая праўда пра Курапаты і лёс тутэйшай яўрэйскай Атлантыды. Але і невераемна прыгожая праўда пра мастакоў і паэтаў Мінска.

    — Як нам сёння не згубіцца ў Мінску «праспектаў» і знайсці свае карані?

    — Болей чытаць! Ёсць ужо цэлая бібліятэка выдатных тэкстаў пра Мінск. І, натуральна, вывучаць гэты горад па творах мастацтва, старасвецкага і сучаснага. Так, шмат чаго было знішчана, багата чаго не ацалела ў рэчаіснасці, але засталося менавіта ў мастацтве.

    — У мінчукоў павінна быць добрая памяць ці фантазія?

    — Памяць без фантазіі — што усё адно што ветразь без ветру! Каб рухацца наперад, асэнсоўваць веды, і карыстацца імі, трэба быць саўдзельнікам, сутворцам. Ці, прынамсі, актыўным карыстальнікам таго, што ўжо стварылі мастакі і паэты — набываць кнігі і чытаць іх удумліва, спяваць у голас, глядзець і асэнсоўваць творы мастацтва, запамінаць іх і шаваць шчыра тых, хто іх стварыў. Для каго? Для нас.

    — Вы ставілі перад сабой пэўныя задачы і мэты  гэтым творам? Ці можаце вы сказаць, што яны былі дасягнуты?

    — Пра гэта ўсё, пра мэты і задачы, я напісаў у сваёй кнізе, прадмову да якое, дарэчы, напісаў мой калега, пісьменнік і мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч, адзін з нашых выкладчыкаў. Пастаўленыя перад сабою задачы, збольшага, выканаў.

    Што да мэты, да таго, што дасягнута, то мы гэта спраўдзім праз пэўны час, калі кніга, нарэшце, дойдзе да чытачоў і яны яе прачытаюць!

    Чытайце яшчэ:

    «Агулам было каля ста гадзін сырога матэрыялу». Як здымалі дакфільм «Радзіма», што прэтэндуе на Еўраоскар

    Акцыю па падтрымцы зняволеных беларускіх журналістаў правялі ў Канадзе

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці