Спадчына польска-бальшавіцкай вайны ў польскіх выданнях Заходняй Беларусі
У 1920-1930-я гады сітуацыя на Усходзе Другой Рэчы Паспалітай была неспакойнай. Масква імкнулася згуляць на нацыянальных супярэчнасцях і памылках польскіх уладаў у Заходніх Беларусі і Украіне. Сітуацыя ўскладнялася дзейнасцю на гэтых тэрыторыях падпольных, забароненых бальшавіцкіх арганізацый. Акрамя гэтага, сярод жыхароў Віленскага, Навагрудскага, Палескага ваяводстваў было нямала тых, хто супрацоўнічаў з бальшавікамі ў 1919-1920 гадах. Гэтыя людзі ўяўлялі небяспеку для дзейнай улады. Пра ўсё гэта актыўна пісалі польскія газеты, якія выходзілі ў Заходняй Беларусі ў міжваенныя гады.
Барацьба супраць КПЗБ
Найбольш небяспечнай у разуменні польскай адміністрацыі была дзейнасць створанай у кастрычніку 1923 года Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая з’яўлялася часткай Кампартыі Польшчы. У 1925 годзе была створана масавая легальная палітычная арганізацыя Беларуская сялянска-работніцкая грамада, у якой важную адыгрывалі КПЗБоўцы. Пасля ліквідацыі Грамады КПЗБ, у адпаведнасці з інструкцыямі Камінтэрна, спрабавала стварыць народны фронт, а па сутнасці – сродкамі агітацыі і прапаганды падрыхтаваць насельніцтва да “вызвалення”, якое прыйдзе у Усходу.
Польскія ўлады жорстка змагаліся супраць камуністаў. У студзені 1937 года газета “Віленскі кур’ер” інфармавала чытачоў пра суд над КПЗБоўцамі ў Лідзе. 12 чалавек абвінавачвалі ў бальшавіцкай прапагандзе і агітацыі за страйку. Паводле выдання, супраць адных былі моцныя доказы, а вось іншых абвінавачвалі толькі на падставе сведчанняў “канфідэнтаў” (тайных супрацоўнікаў паліцыі – І.М.).
Праз некалькі дзён выданне публікавала вытрымкі з выступлення адвакатаў абвінавачаных. Уражвае тое, што довады абаронцаў даваліся без рэдакцыйных каментароў і амаль без скарачэння. Аднак пераканаць польскіх суддзяў не ўдалося, і тыя прысудзілі некалькіх чалавек да 8 гадоў, аднаго – да 6 гадоў, двух – да 5 і двух – да 2 гадоў турэмнага зняволення. Яшчэ чатырох абвінавачаных апраўдалі і вызвалілі проста ў судовай зале. У тым жа нумары газета інфармавала, што за камуністычную дзейнасць з Вільні, Ашмян і Свянцян ў лагер у Бярозе Картузскай было накіравана каля дзесяці чалавек. На жаль, выданне не інфармавала пра абставіны гэтай справы.
У кастрычніку 1938 года польскія газеты ў Заходняй Беларусі пісалі пра судовы працэс над дзеячамі Акружнога камітэта КПЗБ з Пінска.
“На лаве асуджаных сядзяць Максім Максімчук, Уладзіслаў Лазоўскі, Васіль Бараноўскі, Пётр Літвінчук, Максім Ёвіч, Захар Баранаў і іншыя. У пачатку 1937 года пінская паліцыя выйшла на след акружнога камітэта КПЗБ у Пінску. Усіх адзначаных вышэй асоб абвінавацілі ў тым, што яны ўваходзілі ў яго склад. Разам з імі быў затрыманы нейкі Гаўрылюк, якога праз некалькі дзён вызвалілі. Арыштаваныя прыйшлі да высновы, што той быў канфідэнтам паліцыі. У адной з камер пінскай турмы адбылося “паседжанне” членаў Акружнога камітэта, на якім Гаўрылюка прысудзілі да смерці. Пра гэта даведаўся крымінальны злачынца і паведаміў пракурору. З‑за адсутнасці доказаў некалькіх абвінавачаных адпусцілі. Хутка пасля гэтага цела Гаўрылюка было знойдзена са слядамі гвалтоўнай смерці. У выніку ўсіх членаў Акружнога камітэта арыштавалі. Суд прысудзіў Максіма Максімчука і Уладзіслава Лазоўскага да смяротнага пакарання праз павешанне. Пятра Літвінюка і Максіма Ёвіча асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Іншыя атрымалі па 10 год турмы”, – адзначалася ў адным з выданняў.
Трагічнасць сітуацыі дадавала тое, што ў той жа самы час у СССР таксама пачаліся рэпрэсіі супраць камуністаў з Заходняй Беларусі. “Бацька народаў” Сталін не давяраў гэтым замежным “жаўнерам рэвалюцыі” і вырашыў іх знішчыць. Яшчэ ў 1936 годзе быў беспадстаўна абвінавачаны кіраўнік КПЗБ Іосіф Лагіновіч (псеўданім – Павел Корчык). Бальшавіку прыгадалі ўдзел у Слуцкім збройным чыне ў 1920 годзе і іншыя “злачынствы”. Урэшце КПЗБовец скончыў свае дні ў турме ў Мінску ў 1940 годзе. І такіх, як ён, было шмат.
Пошук агентаў “надзвычайкі”
Не менш актуальнай для польскіх міжваенных выданняў у Заходняй Беларусі была тэма “пошуку вайсковых злачынцаў” перыяду польска-бальшавіцкай вайны. У снежні 1931 года “Віленскі кур’ер” інфармаваў чытачоў, што ў Івянцы быў арыштаваны нейкі Баранскі. Яго абвінавачвалі ў тым, што ў 1920 годзе ён быў бальшавіцкім камендантам мястэчка. “Ёсць сведчані, што гэты чалавек у якасці камісара рабаваў мясцовае цывільнае насельніцтва. У той час савецкія чэкісты па яго загадзе расстралялі сем польскіх грамадзян і жаўнераў”, – падкрэслівалася ў выданні.
У красавіку 1929 года газета “Навагрудскае жыццё” пісала пра гучнае забойства.
“Ахвярай злачынства стаў малады паліцэйскі. Выканаўца забойства – крывавы кат “надзвычайкі”. […] Івану Апанасевічу 30 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцые Малая Калпеніца Сталовіцкай гміны Баранавіцкага павета. У 1916 годзе паехаў у Ленінград (так у артыкуле – І.М.), дзе працаваў на фабрыцы. Пасля перавароту ўсупіў у камуністычную партыю і стаў членам Надзвычайнай камісіі (НЧ). Працаваў пад кіраўніцтвам Бокага (Глеб Бокі – старшыня Петраградскай НК, адзін з ініцыятараў чырвонага тэрору ў Петраградзе – І.М.). Пазней быў накіраваны на Кранштадскі фронт. Пасля вайны працаваў у “Палітпрасвеце” у Маскве. […] У 1928 годзе Апанасевіч атрымаў прызначэнне на начальніка сакрэтнага аддзела шыфраў Гандлёвага прадстаўніцтва СССР у Берліне з заробкам у 170 долараў у месяц. Галоўнай яго задачай была сачэнне за супрацоўнікамі Гандлёвага прадстаўніцтва. Аднак Апанасевіч “раскрыўся” і быў выдалены з працы. Скампраметаваны, ён вымушаны быў вяртацца ў Маскву і жадаў, як сам прызнаецца, рэабілітавацца. 30 сакавіка ён прыехаў у Баранавічы, адкуль скіраваўся ў вёску Малая Калпеніца, дзе жылі яго сваякі. Падчас побыту ў вёсцы Апанасевіч пачаў агітаваць сялян, аднак ніхто на яго заклікі не адрэагаваў. Тады ён вырашыў здзейсніць тэракт”, – падкрэслівалася ў газеце.
Урэшце чэкіст зайшоў у пастарунак паліцыі, дастаў рэвальвер і пачаў страляць. Пастарункавы Фелікс Жэлазкоўскі быў забіты на месцы, яшчэ адзін паліцэйскі атрымаў цяжкія раненні. Апанасевіча затрымалі. Што з ім стала далей – на жаль, невядома. Аднак інцыдэнт быў гучным, бо нават шэраг берлінскіх газет выйшлі з загалоўкамі “Чыноўнік савецкай гандлёвай місіі з Берліна забівае польскіх паліцэйскіх”.
У маі 1935 года адна з тагачасных польскіх газет інфармавала, што на Навагрудчыне было знойдзена невядомае пахаванне людзей, у якім, відавочна, спачывалі ахвяры часоў вайны 1920 года. “Мясцовыя жыхары расказваюць, што гэта маглі быць праваслаўныя святары з мясцовай царквы, якіх арыштавалі супрацоўнікі НК, катавалі, а пазней расстралялі”, – падкрэслівалася ў газеце.
У жніўні 1939 года “Віленскі кур’ер” інфармаваў чытачоў, што ля баранавіцкай магілы невядомага жаўнера адбылося ўручэнне жыхарцы Баранавіч Вікторыі Каўрыга ордэна “Віртуці Мілітары”, якім быў узнагароджаны яе сын Мячыслаў Каўрыга. Хлопца яшчэ ў 1919 годзе расстралялі бальшавікі за ўдзел у баях супраць Чырвонай Арміі.
“Ва ўрачыстасцях з нагоды ўручэння ўзнагароды ўзяла ўдзел рота ганаровай варты, прадстаўнікі ўладаў і шматлікія жыхары мястэчка. Пасля прамовы, агучанай бурмістрам Баранавічаў, інжынерам Вольнікам, палкоўнік Эплер (Адам Эплер, камандзір 83 палка палескіх стралкоў з Кобрына, будучы герой абароны гэтага палескага горада ад немцаў у верасні 1939 года – І.М.) уручыў спадарыні Каўрыга ордэн”.
Цікава, як склаўся лёс гэтай жанчыны? Хутчэй за ўсё, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР ёю “зацікавіліся” савецкія спецяльныя органы і дарабілі тое, што ім не ўдалося зрабіць за 20 год да гэтага, калі сям’я Каўрыга была ў руках чэкістаў.