«Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука». «Радыё Свабода» пачала публікацыю новай кнігі пра вядомага рэдактара
Свабода пачынае публікацыю новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».
«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука (1961-2002), журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.
***
За пераездам пачыналася вуліца Шырокая. Зрабіўшы правы паварот, кіроўца паволі перасякаў шэрагі чыгуначных рэек. У сьвятле самотнага ліхтара яны паблісквалі, быццам халодныя лёзы. І само гэтае марознае лютаўскае цемрыва таіла ў сабе трывогу, на якую адгукалася боем сэрца. «Я гатовы», — звыкла сказаў сам сабе ўголас.
Няспынная гатовасьць сустрэць небясьпеку твар у твар жыла ў ім, колькі сябе памятаў. Чакай нечаканага. І сустрэнь зь яраснай зацятасьцю, амаль радасна. У вялікім і малым. Вясёлая ярасьць рабіла яго шмат дужэйшым за іншых і таму — пераможцам. Заўсёды і ў кожнай сытуацыі ён мусіў перамагчы.
Ён вяртаўся дахаты — з тлумнага гораду ў свае ціхія аднапавярховыя Калодзішчы. Калі праца ў рэдакцыі зацягвалася дапозна, вяртаўся адзін, жонка з сынам начавалі ў горадзе ў цешчы зь цесьцем, як гэтым разам.
Спыніўшыся перад плотам, ён абмацаў за пазухай пісталет. Выйшаў з машыны, азірнуўся. Быццам нідзе ні душы. Толькі з рота вырываецца жывая пара. І толькі ён, адзін на ўсёй гэтай вуліцы. Рэдактар галоўнай апазыцыйнай газэты СВАБОДА (так, прапіснымі, называла сябе сама газэта, каб ня браць важнае слова ў двукосьсе) Ігар Гермянчук.
Калодзішчы — прадмесьце сталіцы і самі — сталіца тутэйшых цыганоў. А яшчэ тут чыгуначны вузел, дзе на пад’езьдзе да Менску разыходзяцца шляхі пасажырскіх і таварных цягнікоў. А папраўдзе, дык звычайная вёска, дзе большасьць хат ня маюць ні ацяпленьня, ні цёплага клязэту. Нацепліць дом трэба самому. Пасьля можна запарыць кавы і закурыць.
Азарт штодзённае барацьбы не адпускае. Спакою няма. Ды ён і ня ведае, і ніколі ня ведаў, што такое спакой. Гэта азарт, які нараджаюць у ім асадка і чысты аркуш паперы (зусім як у героя ў рамане Ўладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», які Ігар прачытаў яшчэ ў студэнцтве). Дзёрзкія і трапныя выкрывальніцкія артыкулы з‑пад ягонага пяра чытаюць усе. Што праўда, мала каму вядома, хто аўтар, ён падпісваецца псэўданімамі. Але тэксты — заўсёды чытэльныя, рэдактар піша толькі такія. У кагосьці яны выклікаюць гнеў, а камусьці перадаецца ад іх гэты самы азарт, выкладзены на паперы прафэсійнай журналісцкай рукой.
Не запальваючы сьвятла, ён схаваў пісталет за кнігі, якіх на паліцах шмат, нібы ў бібліятэцы. «Песьня пра зубра», «Пан Тадэвуш», «Статут ВКЛ», «Францыск Скарына», «Збор помнікаў…». Гэтыя тамы для яго як абарончы замкавы мур — ад тых, хто гэтага ўсяго ня ведае й ня цэніць. Для яго гэта — праўдзівыя скарбы. Зь іх бярэцца ягоная энэргія пераможцы.
Адкуль у яго пісталет, натуральна ж, незарэгістраваны? У той час, калі за адзін патрон могуць пасадзіць як за крымінальнае злачынства?
Пісталет зьявіўся пасьля стрэлу ў вакно.
У краіну прыйшоў той самы люты 1997-га… Вуліцу ў Калодзішчах замятала. Каля дому рэдактара «Свабоды» можна было адчуць сябе нібы ў далёкай глухмені. Здавалася б, да кухні сучаснай гісторыі адсюль далёка. Але ў гэтым ціхім, на першы погляд, месцы быў варштат, дзе таксама рабілася гісторыя, калі ён вяртаўся сюды з рэдакцыі. Прынамсі, і тут аказваўся супраціў, каб гісторыя не пакацілася назад.
Аднойчы рэдактар зь сям’ёю вярнуўся ўвечары дахаты і пабачыў, што вакно працоўнага кабінэта прабітае куляй. Разгледзеліся. Сама куля паблісквала на падлозе. Міліцыя вызначыла: ад дробнакалібэрнай зброі. Суседзі нічога ня бачылі й ня чулі. Так напісалі газэты.
Прагучала даволі важка: вакно працоўнага кабінэта. Але ніякага кабінэта па-за рэдакцыяй у яго не было. Тут, дома, ён пісаў і правіў тэксты за невялікім абедным сталом, які стаяў у перадпакойчыку, злучаным з маленькай кухняй. Побач лядоўня. Назваць гэта кабінэтам? Сам ён так часам яго і называў, любіў пажартаваць.
«Акно працоўнага кабінэта» — будзе са словаў самога Ігара… Сказаць замежным агенцтвам, радыёстанцыям, што за кухонным сталом ён робіць «Свабоду» — несалідна. Ігар ня ведаў пыхі, але і цану сабе знаў. Прынамсі, прафэсіяналізм быў для яго крытэрам у кожнай справе, у журналістыцы найперш. Таму ўсё мусіла быць на найвышэйшым узроўні — у тым ліку ў ягоных інтэрвію.
Стрэл быў вышэй галавы (калі б чалавек сядзеў за сталом). Апроч таго, стралок напэўна ведаў, што рэдактара няма дома. Гэта было папярэджаньне. Але Ігар успрыняў яго як выклік.
На выклікі ён не ішоў — зрываўся. Толькі так можна было апярэдзіць і ўрэшце перамагчы. Натуральна, перамагчы не ў страляньні, а на газэтнай паласе — хвостка, ярка, забойча. Стрэл у вакно для рэдактара «Свабоды» быў сэнсацыяй.
«Знайшоўшы кулю (выстрал быў зроблены з дробнакалібэрнай зброі), я патэлефанаваў у міліцыю. Дзяжурная сьледчая група Менскага РАУС склала ўсе неабходныя паперы, забрала кулю і паабяцала праз пару тыдняў паведаміць аб выніках расьсьледаваньня.
Я перакананы, што гэта быў не выпадковы стрэл. Хто і за што вырашыў мяне такім чынам папярэдзіць — здагадацца няцяжка, паколькі нічым, акрамя журналістыкі, я не займаюся. Але мушу расчараваць тых, хто, магчыма, хоча запалохаць мяне падобнымі мэтадамі. Усё гэта бессэнсоўна».
Падпісана: Ігар Гермянчук.
Рэдкі выпадак, калі пад публікацыяй у «Свабодзе» стаяла ягонае прозьвішча. Рэдактар мусіць прысутнічаць не на паверхні, а ўнутры газэты, пад яе скурай, у крывацёку. Яму трэба быць і галавой «Свабоды», і яе душою.
Пазьней мы даведаемся, пра што папярэджвалі Герменчука і ў які шэраг пакладзецца гэтае здарэньне. А тады…
Яшчэ ня зьніклі сярод белага дня нязгодныя палітыкі, бясьсьледна растварыўшыся ў новай рэчаіснасьці. Кандыдатаў, што наважваліся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, яшчэ не саджалі ў турму. Яшчэ ня быў ануляваны Дзень Незалежнасьці беларусаў. Але паліцэйская дзяржава ўжо будавалася на ўсю хаду.
Вось што яшчэ было ў тым нумары «Свабоды» за 12 лютага ў нататцы пад загалоўкам: «Стрэл у Калодзішчах. Галоўнага рэдактара СВАБОДЫ папярэдзілі…»
«Куля прабіла дзьве шыбіны і прайшла акурат праз тое месца ў маім доме, дзе я звычайна сяджу вечарамі і працую. Натуральна, калі б у той момант я сядзеў там, то гэтыя радкі давялося б пісаць некаму з маіх калег. Але стрэл зроблены ў той час, калі ў доме нікога не было. Мы прыехалі з жонкай і сынам дахаты а дзявятай гадзіне вечара і, пабачыўшы дробнае шкло на стале, адразу зірнулі на вакно: шыбіны былі прабітыя навылёт».
Праз паўтара года ён скажа ў інтэрвію:
«Я думаю, што гэты стрэл быў зроблены ў папераджальных мэтах. З мэтаю запалохаць, паўплываць на мяне як на рэдактара, каб газэта стала больш ляяльнай да прэзыдэнта і яго палітыкі. Супрацоўнікі міліцыі, якіх я выклікаў, прыехалі, усё пабачылі і знайшлі кулю. Яны пацікавіліся ў мяне: „Хто гэта вас такім чынам папярэджвае?“ Я сказаў: „У мяне няма іншых ворагаў, апрача прэзыдэнта Лукашэнкі і ягоных людзей!“»
Злачынства засталося нераскрытым, дадасьць Гермянчук. Гутарыла зь ім Паліна Сьцепаненка для бюлетэня «Права на волю».
Гэта быў час пісталетаў.
Увосень 1993 году ад рукі кілера ў Горадні гіне абласны начальнік Дзьмітры Арцыменя. Панічныя настроі сярод начальства. Прэм’ер Кебіч дае каманду: выдаць пісталеты! І прыставіць ахову да ўсіх старшыняў аблвыканкамаў. Хто мог пра гэта паведаміць? Толькі «Свабода» Герменчука. І нечаканае супадзеньне — Арцыменя судзіўся са «Свабодай». І такое здарэньне раптам. Мараль першая: не судзіся са «Свабодай». Не пішы супраць начальства — другая.
Будуць дазволеныя газавыя пісталеты, чым скарысталіся тыя ж бізнэсоўцы, на вуліцы час рэкету. Газавы з выгляду не адрозьніваецца ад звычайнага.
Пасьля стрэлу ў вакно ў 1997‑м пісталет Герменчуку даў выдавец «Свабоды» Павал Жук, так гэта выглядае зь ягоных словаў. Ці трэба было тое рэдактару? Пытаньне. Ён не бізнэсовец, не рэкецір, ён робіць газэту і зброя ў яго ёсьць, але іншая. «Мая зброя — пяро», — мог іранічна сказаць Ігар, робячы глыток кавы перад тым, як зацягнуцца цыгарэтай. Тут гучала і праўда, і сьцёб з савецкага штампу «прыраўняць да штыха пяро».
Сам Жук успамінае тую гісторыю па-свойму:
«З Герменчуком у нас такіх цёрак, злобных разборак, што ты такі-сякі, у прынцыпе не было. Ён ледзь што, бег да мяне — што будзем рабіць? Нават калі ў яго стралялі некалі, я яго таксама з гэтай сытуацыі выцягнуў. Па тым часе я яго ўзброіў да зубоў. І прыставіў людзей, якія сачылі яшчэ тыдзень. Сядзелі, дзяжурылі…
…Першы раз стрэльнулі, калі дома нікога не было. Калі быў узброены, прыйшлі другі раз да яго. І калі сказалі: давай выходзь пагаварыць, то ён адказаў — калі ты думаеш, што ў цябе ёсьць „мялкашка“, то ў нас таксама нешта ёсьць. А там яшчэ хлопцы дзяжурылі нашы. Хай бы паспрабавалі руку падняць хаця б, ён ім: у нас ёсьць і наразное, і гладкае, і якое хочаш, так што будзь свабодзен… І пасьля гэтага адсталі. Ну, гэта гэбуха была, што скажаш. Папужаць хацелі проста».
Сяргей Грыц, фотакарэспандэнт, успамінае са словаў самога Герменчука — што адбылося, калі неўзабаве пасьля інцыдэнту з куляй да Ігара ўвечары прыйшлі незнаёмыя людзі: «„Адчыніце!“. А ён — „Я зараз адкрыю агонь!“ І там нейкія чувакі, якія, можа, хацелі яму па галаве настукаць — „Слухай, які яшчэ агонь?“ І пайшлі. І ён літаральна празь дзесяць хвілін расказваў у эфіры: вось нам кажуць, што літаральна пятнаццаць хвілін назад да рэдактара „Свабоды“ Герменчука ламіліся невядомыя ў ягоны дом у Калодзішчах».
Неспакойна было на вуліцы Шырокай.
Пра зброю быў і ўлюбёны анэкдот Герменчука. Дзед у садзе палівае кветкі машыннай алівай. На немае запытаньне ўнука важка тлумачыць: «Галоўнае, хлопча, каб зброя не заіржэла…»
Іншы анэкдот яму таксама падабаўся. Барадатыя партызаны затрымалі на ўзьлеску хлопчыка: «Немцы ў вёсцы ёсьць?» — «Якія немцы, вайна даўно скончылася…» — «Халера, а мы ўсё яшчэ цягнікі пад адхон пускаем…»
Любіў пасьмяяцца.
Працяг будзе