Раскрыццё інфармацыі аб актывах: дзе беларускім журналістам шукаць інфармацыю і на што звярнуць увагу
У гэтым дапаможніку GIJN сабраў мноства рэсурсаў аб тым, дзе можна знайсці інфармацыю аб актывах і на што варта звярнуць увагу. Таксама ў матэрыял дададзеныя прыклады таго, як журналісты-расследавальнікі выкрывалі актывы беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў.
Раскрыццё дзяржаўнымі службоўцамі інфармацыі аб іх даходах і маёмасці можа быць вельмі каштоўнай крыніцай дадзеных для журналістаў-расследавальнікаў. Звесткі аб крыніцах гэтых даходаў могуць адыграць важную ролю ў выкрыванні карупцыйных схемаў.
Афіцыйныя дакументы часта з’яўляюцца адпраўной кропкай для класічных матэрыялаў у стылі «сачыце за грашыма». Аднак у заканадаўствах аб раскрыцці інфармацыі ёсць шчыліны, таму адкрытыя справаздачы не заўсёды паказваюць усю праўду.
Чыноўнікі часам не расказваюць усё, што павінны. Афіцыйная справаздачнасць паказвае іх рэальныя фінансы і іх крыніцы. Аднак больш руплівае расследаванне можа выявіць канфлікт інтарэсаў. Таму неабходная руплівая праверка фактаў.
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.
На каго распаўсюджваюцца законы аб раскрыцці інфармацыі аб актывах?
Законы аб раскрыцці інфармацыі звычайна патрабуюць ад пэўных дзяржаўных службовых асоб падаваць справаздачу аб сваіх фінансавых і дзелавых інтарэсах.
Людзей, якія абавязаныя гэта рабіць, называюць «палітычна актыўнымі асобамі» (па-англійску PEP).
Згодна з дапаможнікам ад групы па распрацоўванню фінансавых мер па барацьбе з адмываннем грошай (FATF), PEP – гэта «асоба, якой даверана або была даверана важная функцыя». Гэта можа быць кіраўнік урада, сябра праўлення дзяржаўных установаў, напрыклад, цэнтральнага банку або вярхоўнага суду, або нават чалец сям’і высокапастаўленай асобы. Да палітычна актыўных таксама адносяць судзяў і чальцоў парламента. Паколькі такія асобы займаюць высокія пасады, то ў іх ёсць большая рызыка быць замешанымі ў адмыванні грошай, хабарніцтве або карупцыі.
Але пасады, якія адносяцца да PEP, могуць адрознівацца ў залежнасці ад краіны. Таму журналістам трэба абавязкова разбірацца ў юрыдычных вызначэннях кожнай юрысдыкцыі, пра якую яны пішуць.
Сайт «OpenSanctions» мае бясплатны спіс PEP з магчымасцю пошуку, які рэгулярна аднаўляецца. Гэта база дадзеных уключае больш за 190 000 палітыкаў, 28 000 блізкіх да іх людзей, 120 чалавек, звязаных з тэрарызмам, і нават пяць чалавек, якія ўваходзяць у спіс «шпіёнаў».
Яшчэ адной крыніцай дадзеных з’яўляюцца профілі палітычна актыўных асобаў з Вікідадзеных, дзе аднаўляецца інфармацыя, калі людзі пачынаюць займаць вядомыя пасады па ўсім свеце. А таксама спіс расійскіх мільярдэраў Forbes 2023 (на рускай мове).
PEPChecker таксама прапануе спіс з больш чым 1 000 000 палітыкаў з больш чым 240 краін і тэрыторый. Тут карыстальнікі могуць шукаць бясплатна, аднак толькі абмежаваную колькасць разоў. Як і OpenSanctions, сайт таксама ўключае санкцыі з розных афіцыйных спісаў. У PEPChecker пошук ажыццяўляецца па прозвішчы.
Якую інфармацыю трэба раскрываць?
Існуе міжнародны кансенсус, што краіны павінны патрабаваць раскрыцця інфармацыі аб актывах.
Згодна са справаздачай Сусветнага банку за 2017 год, больш чым у 160 краінах дзейнічалі сістэмы раскрыцця фінансавай інфармацыі. Аднак банк спыніў весці такую статыстыку, і цяпер поўнага спісу не існуе.
Нацыянальнае заканадаўства розных краін значна адрозніваецца паміж сабой у частцы таго, якую менавіта інфармацыю неабходна раскрываць і як часта. Акрамя заканадаўства важна ведаць, ці кантралюецца раскрыццё інфармацыі і ці выконваецца наогул. Такім чынам, пачаць варта з вывучэння нюансаў нацыянальнага заканадаўства аб раскрыцці інфармацыі.
Напрыклад, у Вялікабрытаніі дэкларацыі палітыкаў уключаюць: даходы ад занятасці і заробкі; атрыманыя падарункі, ільготы; зямля і маёмасць ва ўласнасці; чальцы сям’і, якія былі наняты і аплачваюцца за кошт дэпутацкіх выдаткаў; пакеты акцый кампаній.
У Грузіі неабходна раскрываць інфармацыю аб нерухомай маёмасці, транспартных сродках, даходах і фінансавым стане чалавека ў банках і крэдытных установах унутры краіны і за яе межамі.
Аднак заканадаўства аб раскрыцці інфармацыі вельмі рэдка ахоплівае ўсё і ёсць шмат розных недасканаласцяў.
Напрыклад, згодна з параўнальным аглядам дзевяці краін, які зрабіла Кіраўніцтва Паўднёва-Усходняй Еўропы па развіццю і цэласнасці, палітыкам не трэба дэклараваць падарункі ад блізкіх сваякоў. У Вугоршчыне не трэба дэклараваць пазыкі ад фізічных асобаў. У Паўночнай Македоніі дэкларацыі аб актывах выдаляюцца адразу пасля таго, як палітык пакідае сваю пасаду.
Класічныя спосабы, каб пазбегнуць залішняй увагі, — гэта перадача актываў іншым асобам ці пакупка на іх імя. І паколькі заканадаўства аб раскрыцці інфармацыі мае шмат хітрыкаў, існуе багата магчымасцяў для журналістаў, каб паказаць недасканаласць прававой сістэмы.
Звярніце ўвагу: раскрыццё інфармацыі аб ўнёсках у фірмы звычайна апрацоўваецца па-іншаму і знаходзіцца ў іншых базах дадзеных. Але такія ахвяраванні, відавочна, маюць вялікае значэнне пры разглядзе дзеянняў і сувязяў палітыкаў.
Дзе знайсці нацыянальныя базы дадзеных аб актывах
Першапачаткова варта пачаць пошук на нацыянальным узроўні, каб высветліць, ці існуюць рэжымы раскрыцця інфармацыі аб актывах і дзе знайсці такія базы дадзеных. Некамерцыйныя арганізацыі могуць дапамагчы ў пошуку рэсурсаў. Знайсці нацыянальныя базы дадзеных аб актывах на дзяржаўных сайтах можа быць непроста.
Уводзіць у пошук на дзяржаўных сайтах «раскрыццё інфармацыі аб актывах» не заўсёды дае плён. Але калі вы шукаеце ў Google «раскрыццё інфармацыі аб актывах [уводзіце імя палітычнай асобы і краіну]», то могуць з’явіцца карысныя вынікі, нават калі гэта артыкул з нацыянальнай газеты са спасылкай на тое, дзе можна знайсці базу дадзеных аб актывах гэтай краіны.
Тым не менш, нават калі законы аб «раскрыцці інфармацыі» былі прынятыя, справаздачы і дэкларацыі не заўсёды знаходзяцца ў публічным доступе. Каб атрымаць доступ, можа спатрэбіцца падаць амысловы запыт згодна з законам аб свабодзе інфармацыі.
У Шры-Ланцы мясцовае аддзяленне Transparency International (TI-SL) аспрэчвала палажэнні аб прыватнасці, якія дазвалялі прадстаўнікам грамадскасці бачыць дэкларацыі аб маёмасці дэпутата (за асобную плату), але забаранялі распаўсюджванне гэтай інфармацыі. Пасля прыняцця новых законаў аб праве на інфармацыю (RTI) у 2017 годзе і працяглага працэсу абскарджвання прэм’ер-міністру было загадана апублікаваць дэкларацыю аб маёмасці, а дзесяць чальцоў парламента пасля падалі свае дэкларацыі аб маёмасці ў TI-SL для публічнага раскрыцця.
Санкцыйныя спісы таксама могуць быць карысным інструментам для выяўлення больш падрабязнай інфармацыі аб сувязях паміж кампаніямі і прыватнымі асобамі. Напрыклад, ЗША накладваюць санкцыі не толькі на пэўную юрыдычную асобу, але і на ўсе кампаніі, якія кантралююцца імі ці належаць ім. Хоць актывы звычайна і не трапляюць у санкцыйныя спісы, але веданне складаных узаемазвязаных інтарэсаў дазваляе журналістам лепш зразумець, дзе могуць знаходзіцца актывы.
Існуе шмат крыніц такой інфармацыі, у тым ліку сайт OpenSanctions, публікацыі офісу ЕЗ, спіс санкцый на сайце Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША, праект «Вайна і санкцыі». Савет бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый таксама публікуе спіс асоб і іншых арганізацый і груп, якія падпадаюць пад санкцыі.
Журналісты і прыватныя кампаніі ствараюць базы дадзеных
Журналісты часам пашыраюць афіцыйныя справаздачы аб маёмасці, размяшчаюць іх у інтэрнэце, дадаючы да іх інфармацыю, часам з удзелам грамадскасці. Аднак гэтая задача апынулася даволі складанай, і цяпер такі занятак не вельмі актуальны.
Сербскае згуртаванне журналістаў KRIK, якое таксама з’яўляецца сябрам GIJN і займаецца расследаваннем злачынстваў і карупцыі, пачало публікаваць базу дадзеных са спісам маёмасці сербскіх палітыкаў у снежні 2016 года. Як яны гэта рабілі, апісана ў артыкуле, апублікаваным GIJN. Выданне дапаўняла афіцыйную інфармацыю, у тым ліку ацэнкамі эксперта па нерухомасці.
Рэпарцёры Цэнтра расследаванняў у Сараеве (CIN) сабралі больш за 2 100 дакументаў пра 120 палітыкаў Босніі і Герцагавіны. Сюды ўваходзяць дэкларацыі аб маёмасці, зямельныя дакументы, статутныя дакументы кампаній, якія належаць палітыкам, абвінаваўчыя акты і пастановы супраць іх і іншыя афіцыйныя дакументы.
У Аргентыне грамадзянам было прапанавана паглядзець анлайн-базу дадзеных, якая спрашчала дэкларацыі маёмасці 800 найбуйнейшых дзяржаўных чыноўнікаў, хоць цяпер база дадзеных выглядае ўжо неактуальнай.
Зусім нядаўна Tortoise Media і Sky News стварылі першую базу дадзеных брытанскіх палітыкаў – Westminster Accounts. Сэрвіс з магчымасцю пошуку паказвае другасную занятасць, падарункі і іншыя ахвяраванні брытанскім палітыкам. Раней, зыходзячы з брытанскага заканадаўства аб раскрыцці інфармацыі, каб праглядзець інфармацыю аб брытанскім парламентарыі, трэба было шукаць па розных базах дадзеных. Гэта азначала, што крыніцы фінансаў палітыкаў не заўсёды былі лёгкадаступныя для грамадскага кантролю.
Прыватныя крыніцы інфармацыі аб палітычных дзеячах таксама існуюць, але ў асноўным імі карыстаюцца фінансавыя ўстановы. У карпаратыўным свеце даследаванне фінансаў ажыццяўляецца з мэтай перасцярогі і ў некаторых выпадках нават патрабуецца законам. Прыватныя следчыя маюць доступ да пэўных матэрыялаў, недаступных журналістам: гэта крэдытныя справаздачы і рэгістрацыйныя дадзеныя транспартных сродкаў. Аднак доступ да такіх базаў дадзеных каштуе даволі высока.
Крэатыўнасць пры пошуку актываў і праверка фактаў
Вывучэнне дакладнасці дэкларацый аб актывах з’яўляецца відавочнай адпраўной кропкай для любога расследавання.
Пачаць варта з таго, каб звярнуць увагу на інфармацыю, якую можна праверыць, напрыклад, заяўлены кошт нерухомасці або акцый. Таксама прагляд маёмасці чальцоў сям’і хоць і з’яўляецца спрэчным, аднак апраўданым заняткам. Пакупкі, зробленыя на чужое імя, з’яўляюцца класічным спосабам хавання актываў.
Дадзеныя аб нерухомасці могуць быць асабліва каштоўнымі. Яны могуць паказваць цэны продажу і афіцыйную ацэнку маёмасці (глядзіце дапаможнік GIJN па маёмасці). Таксама варта шукаць дакументы аб рамонтных працах на маёмасці, напрыклад, дазволы на будаўніцтва. Для атрымання дадатковай інфармацыі варта вывучыць розныя дакументы ў адкрытым доступе.
Важным выпрабаваннем для журналіста з’яўляецца тое, што актывы могуць быць схаваныя за мяжой. Асабліва, калі гаворка ідзе пра нерухомасць, але тут зноў жа можна паглядзець публічныя базы дадзеных.
Істотны момант, на які варта звярнуць увагу – гэта калі дэклараваны даход і актывы не супадаюць з бачнымі прыкметамі марнатраўнага ладу жыцця.
Выкарыстанне сацыяльных сетак для адсочвання паездак, пакупак і нават такіх аксэсуараў, як гадзіннікі, могуць даць падказкі. Варта глядзець на, напрыклад, здымкі з адпачынку, якія паказваюць раней невядомыя транспартныя сродкі, нерухомасць, яхты, самалёты, творы мастацтва, гадзіннікі ці нават каней (глядзіці дапожнікі GIJN па адсочванню самалётаў і караблёў).
Пошукі дакументаў судовых справаў, асабліва шлюбаразводных, могуць быць яшчэ адным эфектыўным спосабам пошуку інфармацыі аб актывах. Акрамя таго, могуць быць карысныя і іншыя дзяржаўныя базы дадзеных, напрыклад, спісы асоб, якія атрымліваюць сельскагаспадарчыя субсідыі.
Веданне таго, дзе працаваў чалавек да таго, як яго прызначылі на дзяржаўную пасаду, можа патлумачыць кантэкст і даць падказкі. Высветліце, ці з’яўляўся ён уладальнікам або саўладальнікам якога-небудзь бізнесу. Гэтая задача можа быць асабліва складанай, калі ёсць зарэгістраваныя кампаніі або падстаўныя кампаніі (глядзіце дапаможнік GIJN па даследванню карпарацый і іх уладальнікаў).
Раскрыццё актываў у Беларусі
Зніклыя 1,5 млрд долараў пасля паставак венесуэльскай нафты
Раскрыццё дзяржаўнымі службовымі асобамі інфармацыі аб даходах і актывах у Беларусі не з’яўляецца абавязковым, акрамя таго, большая частка статыстыкі пасля ўвядзення санкцый супраць афіцыйнага Мінска засакрэчана. У гэтых умовах беларускія расследавальнікі звяртаюцца да іншых, часта нестандартных інструментаў, якія дазваляюць атрымаць інфармацыю ва ўмовах яе абмежаванай даступнасці.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) (журналіст Аляксандр Ярашэвіч і некалькі рэдактараў) сумесна з калегамі з Венесуэлы і OCCRP у красавіку 2023 года правёў расследаванне «Нафтавая таямніца. Як Лукашэнка застаўся вінаваты Венесуэле амаль паўтара мільярда даляраў».
Нагодай для праверкі сталі атрыманыя дакументы ад крыніцы ў беларускіх дзяржорганах, у якіх ідзе гаворка пра вялізныя запазычанасці за пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010–2012 гадах.
Гэтую інфармацыю пацвердзілі крыніцы, якія працавалі ў той час у беларускім і венесуэльскім урадах, а таксама венесуэльскія дакументы пра праекты беларускіх уладаў у іх краіне.
Расследавальнікі доўга палявалі за былым міністрам нафты і горназдабыўной прамысловасці Венесуэлы Рафаэлем Рамірэсам. Аляксандр Ярашэвіч хацеў атрымаць ад былога чыноўніка пацверджанне інфармацыі. Каментар узялі ўжо пасля публікацыі расследавання: былы венесуэльскі чыноўнік пацвердзіў усе знаходкі, даў падрабязнае тлумачэнне сітуацыі.
Бізнес-імперыя «правай рукі Лукашэнкі», яго палюбоўніцы і сына
БРЦ падрыхтаваў некалькі расследаванняў пра бізнес-імперыю найбліжэйшага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана, які апякуе дзяржпраекты афіцыйнага Мінска ў Афрыцы. Першае расследаванне паказала, што кампаніі Шэймана былі задзейнічаныя ў пастаўках санкцыйнай прадукцыі ў Расію, у рээкспарце рознай прадукцыі з Еўропы.
Яно ж прыцягнула ўвагу журналістаў-расследавальнікаў да нейкай Ганны Пушкаровай, якая, як паведамілі інсайдэры, была палюбоўніцай Шэймана. Новае расследаванне, праведзенае ў ліпені 2022 года, паказала, што Шэйман стварыў «імперыю з некалькіх кампаній, якія ён у тым ліку запісаў на сваю палюбоўніцу».
Журналіст Аляксей Гуліцкі абапіраўся на інфармацыю, атрыманую ад людзей, якія ведаюць Віктара Шэймана, якія маюць з ім дзелавы кантакт, былых чыноўнікаў і бізнесменаў, а таксама на базы пералётаў і пашпартную базу, прадстаўленыя «Кіберпартызанамі», супольнасцю беларускіх хакераў, якія займаюцца ўзломамі баз і сайтаў дзяржструктур (баз няма ў публічным доступе, небходна звяртацца да «Кіберпартызанаў»).
У кастрычніку 2021 года расследавальнікі высветлілі таксама, хто з беларускіх бізнесменаў атрымаў магчымасць зарабіць на пошуку карысных выкапняў у Зімбабвэ. Сляды прывялі да сына Віктара Шэймана Сяргея.
У 2017 годзе Сяргей Шэйман і бізнесмен Аляксандр Зінгман зарэгістравалі на Сейшэлах кампанію Midlands Goldfields Foundation, яе інтарэсы ў Зімбабвэ прадстаўляла брытанская кампанія з аналагічнай назвай. Як стала вядома OCCRP, у 2018 годзе Midlands Goldfields атрымала магчымасць распрацоўваць там радовішчы золата ў рамках сумеснага беларуска-зімбабвійскага прадпрыемства (30% была доля ўрада Зімбабвэ, беларуская дзяржава ў выніку прадстаўленая не была).
Асновай расследавання ў кастрычніку 2021 года стаў масіўны зліў дакументаў пра афшорныя кампаніі Pandora Papers, дадзеныя, атрыманыя OCCRP. Вялікую ролю адыграла праца журналістаў, у прыватнасці Аляксея Карпекі. З дакументамі дапамаглі калегі з Афрыкі.
«Справа артапедаў» як нагода расчысціць рынак для сяброўкі сям’і сына Лукашэнкі
У 2022 годзе ў Беларусі былі затрыманыя 35 урачоў-артапедаў, якія займаліся эндапратэзаваннем суставаў. Па звестках улад, затрыманыя медыкі атрымлівалі хабары за лабіяванне пратэзаў пэўных замежных вытворцаў. Пасля кампенсацыі стратаў у кратным памеры іх усіх адпусцілі. «Справа артапедаў» стала адным з фактараў, якія фактычна спынілі аперацыі на суставах у краіне.
Журналісты БЦР у траўні 2022 года разбіраліся, каму была выгодная гэтая справа. Былыя лекары, якія з’ехалі з Беларусі пасля рэпрэсій, распавялі, што гэта можа быць клініка «Мерсі», параілі звярнуць увагу на яе ўладальнікаў.
Лекараў клінікі «справа артапедаў» не закранула, кошты там прыкметна вышэй, чым у дзяржаўных установах аховы здароўя, яна адзіная рабіла аперацыі без паўзаў.
Сярод уладальнікаў «Мерсі» была Людміла Неронская. Расследаванне ў ліпені 2022 года паказала, што яна сяброўка Лілі Лукашэнка, жонкі сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара.
У расследаванні важнае месца займалі дадзеныя з дзяржрэестра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, таксама дапамагалі «Кіберпартызаны». У прыватнасці, яны перадалі базу пералётаў. Расследавальнікі таксама спрабавалі атрымаць каментары ад непасрэдных удзельнікаў справы.
Багацце за кошт сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам
Асабісты трэнер Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын змог пабудаваць бізнес-імперыю, дзякуючы сяброўству з ім. Журналіст Аляксандр Ярашэвіч адзначыў, што штуршком для расследавання пра даходы бізнесмена ў студзені 2022 года стаў узлом яго скрыні электроннай пошты «Кіберпартызанамі».
Там знайшліся асабістыя лісты да Лукашэнкі, у якіх Сяргей Цяцерын прасіў яго пра садзейнічанне ў бізнес-пачынаннях: бясплатная арэнда памяшкання, магчымасці ў рэалізацыі ідэі.
Расследавальнікі таксама размаўлялі з людзьмі, якія фігуравалі ў матэрыялах, яны ўсё адмаўлялі.
Статыстыка, якая стала асновай расследаванняў пра абыход санкцый беларускімі ўладамі
Пасля ўвядзення санкцый улады Беларусі паступова засакрэцілі статыстыку: спачатку па нафтапрадуктах і калійных угнаеннях – самых уразлівых галінах беларускай эканомікі, якія пацярпелі ад санкцый, – а потым і ўсю статыстыку знешняга гандлю.
Аднак у якасці эфектыўнага інструменту для беларускіх расследавальнікаў застаецца так званая «люстраная статыстыка».
Дадзеныя пра пастаўкі, напрыклад, працягвае публікаваць Еўрасаюз. Дзякуючы нестыкоўкам у статыстычных дадзеных, атрымалася правесці некалькі гучных расследаванняў. Усе яны прывялі да таго, што магчымасці далейшага абыходу санкцый былі закрытыя.
-
Пастаўкі нафтапрадуктаў у Еўропу (расследаванне студзеня 2022 года). Беларускія ўлады скарысталіся тым, што еўрапейскія ўлады забаранілі пастаўкі пазіцыі пад нумарам 2710 (бензін, дызпаліва), але не забаранілі нумар 2707 (алівы). Расследавальнікі ўбачылі анамальны рост паставак пазіцыі №2707 (толькі ў Эстоніі за год іх стала ў тры разы больш).
Гэтая інфармацыя была пацверджаная ў інсайдэраў, акрамя таго, калегі ў Эстоніі звязаліся з кампаніяй, дзе пацвердзілі пастаўкі. Пасля выхаду расследавання з’явілася рэакцыя прэм’ера Эстоніі, а пасля і забарона на пастаўкі з Беларусі пазіцыі №2707 спачатку на ўзроўні краіны, а пасля і Еўразвяза ў цэлым.
-
Пастаўкі драўніны і паліўных гранул (пялет) і фанеры ў Еўропу (расследаванні снежня 2022 года и красавіка 2023-га).
Статыстыка паставак у ЕЗ паказала, што пасля ўвядзення санкцый на беларускую дрэваапрацоўку пастаўкі з краіны ўпалі, затое рэзка выраслі з Казахстана і Кыргызстана. Краін, дзе лясоў не так і шмат.
Расследавальнікі таксама працавалі над матэрыялам пад прыкрыццём, пад выглядам кліентаў тэлефанавалі ў фірмы, якія падазраваліся ва ўдзеле ў схеме.
Кампаніямі, якія былі гатовыя заняцца арганізацыяй паставак, у Літве занялося Дзяржаўнае ўпраўленне па абароне правоў спажыўцоў. Дзевяць крымінальных справаў былі перададзеныя ў літоўскую пракуратуру. Акрамя таго, літоўская мытня ўзмацніла кантроль на мяжы і на пачатку гэтага года заявіла, што гэтая схема паставак праз Літву спыненая. Праверкі праводзяць і ў Польшчы.
-
Пастаўкі карбаміду з «Гродна-Азоту», які знаходзіцца пад санкцыямі (расследаванне лютага 2023 года).
Асновай для расследавання сталі дакументы калегаў з «Рабочага руху». У іх паведамлялася, што ёсць «кампаніі-пракладкі», праз якія «Гродна-Азот» пастаўляе карбамід у Еўропу. Пасля расследавання ў Літве была ўзбуджаная крымінальная справа, у гэтых арганізацыях праводзіліся ператрусы, вагоны з карбамідам арыштоўваліся.
Карысныя рэсурсы
-
OpenCorporates з’яўляецца асноўнай базай дадзеных аб карпаратыўнай уласнасці.
-
OpenScreening — сумесная праца паміж OpenSanctions, Linkurious і Open Ownership, якая дазваляе даследаваць мільёны адкрытых запісаў дадзеных, каб дапамагчы выявіць схаваныя зносіны паміж бенефіцыярамі, палітыкамі, аб’ектамі санкцый і кампаніямі.
-
База дадзеных Offshore Leaks, створаная Міжнародным кансорцыўмам журналістаў-расследавальнікаў (ICIJ), цяпер уключае больш за 810 000 запісаў аб афшорных кампаніях, фондах і трастах з расследаванняў Pandora Papers, Paradise Papers, Bahamas Leaks, Panama Papers і Offshore Leaks. Тут можна азнаёміцца з трыма матэрыяламі пра спосабы выкарыстання баз дадзеных: як шукаць па месцазнаходжанні, па сетках і метададзеных і па кампаніях. Напрыклад, з дапамогай базы дадзеных было выяўлена, што былы прэм’ер-міністр Чэхіі выкарыстоўвае афшорныя кампаніі для пакупкі нерухомасці.
-
Aleph — гэта глабальны архіў дадзеных, які адсочвае грошы. Ён створаны OCCRP.
Іншыя інструменты беларускіх расследавальнікаў:
-
Доступ да баз OCCRP.
-
Базы «Кіберпартызанаў» (базы пералётаў, пашпартныя, крымінальных спраў).
-
Крыніцы, якія гатовыя дзяліцца інфармацыяй па палітычных прычынах дзеля змены ўлады ў краіне.
І, нарэшце, традыцыйная журналістыка таксама дае добрыя вынікі, у тым ліку размовы з сябрамі, калегамі і крытыкамі палітычнай асобы могуць аказацца вельмі плённымі.
Чытайце яшчэ:
Мининформ заблокировал сайт Plan B
Беларусы самі будуць шукаць Паўла Брэля. Журналіст знік без вестак у Рабцы-Здруі
На дачку журналіста Змітра Лупача заведзена крымінальная справа. Яна ў СІЗА пад вартай