• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прымусовая падпіска ў школах: пакуль бацькі не заявяць адкрыта, праблема застанецца

    Усё часцей у Беларусі гучаць скаргі на тое, што школы абавязваюць за грошы бацькоў падпісацца на “Настаўніцкую газету”, “Вясёлку”, “Зорьку”, “Юный спасатель”. Днямі ліст з гэткай скаргай атрымала і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Паводле аўтаркі ліста, на бацькоўскіх сходах настаўнікі вельмі просяць здаць грошы, каб “падпісаць” школу на вышэйназваныя выданні.

    – Калі бацькі адмаўляюцца, настаўнікам даводзіцца закладаць уласныя грошы, каб не ісці на канфлікт з адміністрацыяй. У маі гэтага года, напрыклад, з кожнай сям’і на бацькоўскім сходзе прасілі па 15–20 тысяч беларускіх рублёў на падпіску.

    Некаторыя настаўнікі спасылаюцца на дакумент Міністэрства адукацыі, паводле якога кожная школа абавязаная падпісацца на пэўную колькасць асобнікаў пэўнага выдання. Ніякія адгаворкі на тое, што бацькі супраць альбо што дзецям не падабаецца выданне, не ўлічваюцца, – скардзіцца аўтарка ліста.

    Па тлумачэнні прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася да намесніка старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталя Прыгодзіча. 10 верасня ў чыноўніка, які курыруе ідэалагічную працу ў сталічных установах адукацыі, акурат выдаўся прыёмны дзень.

    Як і можна было прадказаць, чыноўнік катэгарычна адпрэчыў інфармацыю пра прымусовую падпіску. Віталь Прыгодзіч паведаміў, што, калі ў кагосьці ўзнікаюць падобныя скаргі, трэба найперш сабраць доказы, а потым звяртацца па разбіральніцтва.

    – Інфармацыя пра прымусовую падпіску з’яўляецца ў беларускіх СМІ даволі часта, што, безумоўна, сведчыць пра наяўнасць праблемы. Але ж ніхто ніколі не будзе збіраць доказы супраць школы, дзе вучацца твае ўласныя дзеці. Хоць, магчыма, адзін-два падобных прэцэдэнты маглі б падштурхнуць праблему да вырашэння. Пакуль жа гэтага не адбудзецца, юрыдычна паўплываць на праблему прымусовай падпіскі не ўяўляецца магчымым, – каментуе сітуацыю старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці