Прастытуцыя і галоснасць: карыкатура ў беларускіх СМІ ў часы Перабудовы
У СССР карыкатура была адным з папулярных мастацкіх жанраў, які дазваляў інфармаваць грамадзян пра акутальныя праблемы. Праўда, мастакі з Беларусі, у адрозненні ад сваіх калег з балтыйскіх рэспублік і Масквы, былі кансерватыўнымі. А падчас Перабудовы беларускія карыкатурысты ўслед за маскоўскімі пачалі "знаходзіць" для творчасці тэмы прастытуцыі, наркаманіі і нават "галоснасці", якая яшчэ не была свабодай слова, але туды імкнулася.
Сябра Саюзу дызайнераў Беларусі Павел Дарохін піша пра карыкатуры ў беларускіх СМІ.
Карыкатура ў СССР, у адрозненні ад краін Захаду, выконвала службовую ролю ў прапагандысцкай машыне, мела шмат абмежаванняў і рэагавала толькі на рэкамендаваныя “зверху” тэмы. Разам з тым часопіс “Вожык” быў уплывовым выданнем, органам ажно КПБ, ды і раздзелы карыкатуры мелі шматлікія газеты і часопісы — ад рэспубліканскіх да раённых ці завадскіх газет.
Некаторыя вольнасці з тэматыкай былі ў Маскве або ў балтыйскіх рэспубліках, беларуская ж карыкатура заставалася кансерватыўнай, сцвярджаючы статус будучай “Вандэі”. Але ў час Перабудовы і тут сітуацыя пачала імкліва змяняцца. Натуральна, спярша ўсе тыя новаўводзіны такім жа чынам даводзіліся з цэнтру, але карыкатурысты былі, відаць, радыя новым магчымасцям. Першыя пару гадоў асаблівых зменаў амаль і не было, хутчэй вяртанне да кароткачасовага андропаўскага кіравання — антыалкагольная кампанія, улюбёная тэма усіх генерацый савецкіх карыкатурыстаў, у першыя гарбачоўскія гады набыла асаблівую актуальнасць, працоўны кантроль, дысцыпліна, астатняе ж — як і ў папярэднія застойныя часы. Бюракраты, лайдакі, несуны, бракаробы, знешняя палітыка са звыклымі антыгероямі, моладзевыя субкультуры, мода, спорт і крыху побытавага гумару.
Першыя новаўвядзенні закраналі хутчэй прыватнае жыццё. Пасля выхаду ў 1986 г. ў Маскве публікацыі Я. Додалева высветлілася, што ў СССР ёсць прастытуцыя. Неўзабаве, знайшлі і ў Беларусі. Да таго ж тэма прастытуцыі дазваляла раней амаль цалкам забароненую эратычную карыкатуру. Да прастытуцыі хутка далучылася наркаманія, якая раней лічылася з’явай выключна капіталістычнага свету, а потым і СНІД.
Што да карыкатуры на знешнепалітычную тэматыку, то ва ўмовах новых узаемаадносінаў з ЗША, звыклыя карыкатуры пра злых капіталістаў амаль зніклі. Наадварот, у карыкатурах 1990–1991 гг. краіны Захаду паказаныя, як “нармальныя”, у параўнанні з жабрацкім СССР.
У 1987 годзе ў беларускай карыкатуры з’яўляецца слова “галоснасць”, якое пакуль яшчэ не “свабода слова”, але месяц за месяцам забароненыя тэмы знікаюць.
Пакрысе карыкатурысты пачынаюць звяртаць увагу на праблемы захавання культурнай спадчыны, роднай мовы. Адкрыццё Курапатаў, вядомы лістападаўскі мітынг 1988 года, яго брутальны разгон далі мастакам падставу да адкрытага выказвання па беларускім нацыянальным пытанні.
Л. Бартлаў і А. Бранцаў смяюцца з міліцыянта, які бачыць палітычных нефармалаў больш небяспечнымі, чым сапраўдныя крымінальнікі, іншы міліцыянт на малюнку Н. Лезінай спыняе хуткую “за недазволеную сімволіку”.
Якая іронія, 30 год прайшло, а сімволіка дагэтуль “недазволеная”.
Ячшэ адным пытаннем, актуальным для многіх рэспублік СССР і амаль паўсюль звязаным з пытаннем нацыянальным (“Цэнтру ўсё роўна, чым мы тут дыхаем і чым харчуемся”), было пытанне экалагічнае. Гэта і звычайнае прамысловае забруджванне (пра што час ад часу сарамліва ўзгадвалі і ў папярэднія часы), і модная тады тэма празмернага выкарыстання азотных угнаенняў — нітратаў, і, вядома, Чарнобыль. Канечне, над уласна катастрофай ніхто не смяяўся, але кпілі з радыёфобіі і татальнага распаўсюджання дазіметраў.
І раней не бліскучая, эканоміка СССР у гэты час зрабілася сапраўдным карысным выкапнем для карыкатурыстаў, тым больш, што ўсе ранейшыя табу на выяву чэргаў і талонаў былі знятыя. Тут жа з’явілася нешта зусім новае, невядомае з часоў НЭПу — прыватнае прадпрымальніцтва, вядомае тады як кааператыўны рух.
Кааператараў высмейвалі за высокія кошты і агульнае нахабства, але хутка звыкліся ды пераключыліся на праблему рэкету ды іншага арганізаванага злачынства. З іншых навінак таго часу — інфляцыя, канверсія, працоўная міграцыя, а напрыканцы СССР усё гэта зліваецца проста ў карціны жабрацтва ды голаду.
Натуральна, карыкатура была не толькі палітычнай, праз побытавыя замалёўкі можна ўбачыць шматлікія змены прыватнага жыцця, ад моднага адзення да кампутараў. З’яўляюцца і нішавыя выданні, на вузкую тэматыку, якія таксама карыстаюцца карыкатурай — напрыклад, самвыдатаўскія рок-часопісы кшталту магілёўскага “Окорока”.
Новым для беларускай карыкатуры быў жанр “чорнага гумару”, у якім, як і ў “філасофскай карыкатуры” ўвогуле, бадай што лепшым майстрам быў А. Гурскі.
Перабудова задумвалася як абнаўленне камуністычнай улады без закранання яе асноваў, адпаведна, трэба было разабрацца са складаным уласным мінулым, з тымі перыядамі, калі нешта са святой камуністычнай ідэяй пайшло не так. Гэтая роля пасавала двум буйным прамежкам часу — кіраванню Сталіна, крытыку якога ўжо распачалі пры Хрушчове, але да канца справу не давялі, і гадамі “застою” (менавіта тады гэтая дэфініцыя ўзнікае ў публіцыстыцы), што папярэднічалі сучаснасці і на якія лёгка было спісаць усе існуючыя праблемы. Карыкатурны вобраз маразматыка Брэжнева быў зручнай мэтай для карыкатурыстаў. Так, на малюнку А.Каршакевіча Леанід Ільіч выстаўлены папярэднікам металістаў.
Так была парушана шматгадовая традыцыя не маляваць, нават і ў кампліментарным духу, кіраўнікоў. Праўда, для “знешняга рынку” пазітыўныя карыкатуры на Гарбачова з’явіліся ў 1987‑м годзе (маляваў маскоўскі карыкатурыст Златкоўскі), але закранаць першую асобу асмеліліся толькі ў 1990—1991 годзе. У “Вожыку” гэта рабілі больш лагодна, у антрапаморфнай форме, абыгрываючы імя “Міша” і маларэалістычны лозунг “кожнаму па кватэры да 2000 года”.
Мастак незалежнага “Чарнобыльскага вожыка” быў больш катэгарычны — Гарбачоў, у якім пасля Вільні і новых падаткаў дэмакратычнае грамадства канчаткова расчаравалася, прадстаўлены жабраком, а Перабудова – небаракай-мутантам. Пасля путчу атрымалі і партакраты, што яго падтрымалі, але хутка на іх забыліся. У 1991 годзе высмейвалася ўся камуністычная ідэялогія ажно ад Маркса. Тады можна было пабачыць малюнкі, кшталту “антысавецкага шампанскага” (для параўнання, у 2009 годзе ў Маскве назва шашлычнай “Антысавецкая” каштавала ёй шыльды). Новы год “Вожык” сустрэў карыкатурай з лідарамі трох новых дзяржаў — Ельцыным, Краўчуком і Шушкевічам. Першыя асобы зрабіліся персанажамі карыкатур, як тое прынята ў еўрапейскіх краінах, але, як высветлілася пазней, у некаторых з новаствораных дзяржаў — ненадоўга.
У 1989–1990 годзе з’яўляецца новая «ежа» для карыкатуры — выбары, спярша ў ВС СССР, а потым і ў рэспубліканскі.
“Вожык” звычайна высмейвае папулізм кандыдатаў у цэлым, ды розныя хітрыя паліттэхналогіі, як балатаванне ад грамадскіх арганізацый або подкуп насельніцтва кілбасой. З’яўляюцца партыі і рухі з выразна рознымі палітычнымі пазіцыямі. Трэба сказаць, што, напрыклад, да БНФ галоўны сатырычны часопіс ставіўся хутчэй лагодна, хоць мог і крытыкаваць за залішні, як тады здавалася, радыкалізм, а вось розныя кансерватыўныя плыні — неасталіністы, фанаты Ніны Андрэевай, рускія нацыяналісты ды іншыя – выстаўляліся пячорнымі людзьмі. Але ж шматлікія новаствораныя іх газеты, як, напрыклад, газета “Айчына”, ужо адыгрываліся на нацыянальных беларускіх арганізацыях, выстаўляючы іх спадкаемцамі Троцкага.
Распад СССР розныя СМІ інтэрпрэтавалі ў карыкатурах па-рознаму. Карыкатуры ў “Вожыку” выяўляюць некаторую разгубленасць, якая спалучае лёгкі сум з адчуваннем непазбежнасці працэсу. Але на малюнках С. Харэўскага ў “Свабодзе”, яшчэ за год да рэальнага распаду, Беларусь выстаўляецца ці то птушкай, якая застаецца сядзець на вулкане СССР, у той час як птушкі-краіны Балтыі ўжо адляцелі, ці то партыйным функцыянерам, які марудзіць з шапачным разборам, таму яму, замест нацыянальнага адзення, застаецца савецкая будзёнаўка. Хто з надзеяй, хто збянтэжана, а хто і з роспаччу, карыкатурысты, людзі самых розных перакананняў, сустракалі беларускую незалежнасць.
У артыкуле выкарыстаныя карыкатуры з часопіса “Вожык”, газет “Свабода”, “Айчына”, “Чарнобыльскі вожык” са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, сайта vytoki.net