Прафесар Пол Іганскі: Парады журналістам і рэдактарам — не спроба абмежаваць свабоду рэдакцый
У снежні праваабарончай ініцыятыве журналістаў J4t ("Журналісты за талерантнасць") споўнілася дзесяць гадоў. За час дзейнасці ініцыятывы многія беларускія рэдактары і журналісты зразумелі, што такое «мова варожасці», якія наступствы могуць быць, калі ў тэкстах медыя з’яўляюцца некарэктныя выказванні, што такое праявы стыгматызацыі, дыскрымінацыі і нецярпімасці.
Рэйтынгі J4t на тэму мовы варожасці заўсёды выклікаюць шмат спрэчак у прафесійным асяродку, але вынік ёсць: некаторыя медыя зкарэктавалі рэдакцыйную палітыку. Зрэшты, гэта і патрабаванне часу, і запыт аўдыторыі, якія немагчыма ігнараваць.
Падчас сустрэчы з нагоды дзесяцігоддзя J4t эксперты расказвалі пра свой досвед працы з тэмамі гвалту, пераследу, дыскрымінацыі.
Рэдактар з Канады Роберт Мілкавіч (ён жа пастаянны лектар школ талерантасці J4t) распавёў пра паняцці булінгу і кібербулінгу. Ад хуліганскіх дзеянняў булінг і кібербулінг адрозніваюцца тым, што яны адбываюцца шматразова, сістэматычна. Ёсць псіхалагічны, фізічны булінг, а таксама ўскосны — плёткі, выключэнне з калектыўных узаемаадносінаў, агрэсія ў стасунках і г. д.
Тэхналогіі дазваляюць некага цкаваць праз інтэрнэт, і агрэсар застанецца ананімным.
Паводле Роберта Мілкавіча, ахвяры булінгу — гэта звычайна ўразлівыя, душэўныя людзі, якія блізка да сэрца прымаюць знявагі. Ён прывёў прыклады, як з‑за цкавання дзецьмі іх аднагодкі ішлі на самагубства. Гэтыя прыклады моцна ўражваюць.
У такіх сітуацыях трэба быць пільнымі бацькам і настаўнікам. Журналісты расказвалі пра свой прафесійны досвед, калі дзіця неабароненае, бо самі бацькі альбо настаўнікі ёсць прычынай булінгу.
Сутыкаюцца з цкаваннем і дарослыя. Вось цытата з дакументаў Нацыянальнага саюза журналістаў Вялікабрытаніі:
“Булінг можа быць ахарактаразаваны настойлівымі агрэсіўнымі, абразлівымі, запалохвальнымі ці зневажальнымі паводзінамі, якія могуць засмуціць асобу, на якую яны скіраваныя, даць адчуванні запалоханасці, прыніжанасці або ўразлівасці. Ён можа ўключаць у сябе пастаянную крытыку кампетэнтнага супрацоўніка, крык на супрацоўнікаў, публічнае альбо асабістае прыніжэнне асобы, неабгрунтаваныя патрабаванні па працы або ўстаноўка кагосьці на няўдачу”.
Здаецца мне, шмат хто назіраў такія адносіны нават у калектывах дарослых людзей.
Цікавым спікерам на сустрэчы стаў Джым Мэрыт, кіраўнік Дэпартамента роўнасці шлюбных адносінаў з Інстытута глабальнай справядлівасці (Global Justice Institute), MCC, Фларыда, ЗША. Тэма яго выступу — роўнасць і недыскрымінацыя ЛГБТ-людзей у рэлігійных супольнасцях.
Джым больш за трыццаць гадоў быў пастарам. Яго турбавала, што прыхільнікі біблейскіх ідэй, якія быццам бы выступаюць за міласэрнасць і гуманізм, насамрэч неталерантныя да ЛГБТ-людзей. Джым прывёў некаторыя факты з Бібліі, якія большасць інтэрпрэтуе так, што праз багаслоўскія выказванні, у тым ліку і ў СМІ, пашыраюцца стыгмы і стэрэатыпы.
Гэта парадаксальна, але рэлігійныя істытуты розных канфесій распальваюць варожасць да асобных груп грамадства. Чаму некаторыя людзі, якія адрозніваюцца ад іншых, дыскрымінуюцца нават у царкве? Цяпер Джым займаецца праваабарончай дзейнасцю.
Цікава, што ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі розных канфесій, і некаторыя не знайшлі паразумення з пазіціяй Джыма Мэрыта.
І яшчэ важная навіна. Падчас сустрэчы быў прэзентаваны Даведнік па карэктным асвятленні злачынстваў на глебе варожасці ў СМІ. Яго падрыхтаваў прафесар Пол Іганскі (факультэт права, Ланкасцерскі ўніверсітэт, Вялікабрытанія). Гэта — вынік сумеснай працы з J4t.
Цяпер даведнік існуе на англійскай і беларускай мовах. Пол Іганскі плануе перавесці яго на шмат моў, каб журналісты розных краін карысталіся ім у сваёй працы. Мэта стварэння такого даведніка — не прыносіць публікацыямі яшчэ большай шкоды ахвярам злачынстваў. На думку аўтара, даведнік будзе карысны для журналістаў і рэдактараў.
Пол Іганскі падкрэсліў, што гэта — не абмежаванне журналісцкай свабоды, рэдакцыйнай незалежнасці. Але падчас асвятлення падзей варта ўзважана падбіраць словы, выбіраць фокус паведамлення, быць адказным і чулым.
Прафесар расказаў, што даследаваў прычыны злачынстаў на глебе варожасці, сустракаўся ў турмах з агрэсарамі, размаўляў з імі і зразумеў, што большасць ганарацца сваімі дзеяннямі, гэтыя людзі нават збіраюць узгадкі ў СМІ пра сябе. Таму, напрыклад, у даведніку рэкамендавана не надаваць шмат увагі асобам злачынцаў, больш акцэнтавацца на пакаранні, больш пісаць пра падтрымку ахвяр злачынстваў, а не пра статыстыку і падрабязнасці жахаў. Трэба ўважліва падбіраць словы для такіх тэкстаў, а таксама ілюстрацыі.
Дзесяць прынцыпаў асвятлення ў СМІ злачынстваў на глебе варожасці можна знайсці па спасылцы:
https://www.lancaster.ac.uk/law/people/paul-iganski
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі планавалі, як будзе развівацца беларуская праваабарончая ініцыятыва J4t надалей. Прапановаў было шмат: гэта і сертыфікаты талерантнасці, і карысныя летнікі, і тэмы для новых школ.
Была агучаная цікавая прапанова: даць магчымасць выпускнікам школ талерантнасці праводзіць заняткі для моладзі. Галоўнае ж — журналісцкая салідарнасць у такіх тэмах, хваля цікаўнасці да іх.
Тут, як прыклад, можна прывесці серыю публікацый Алега Ражкова пра забойства Міхаіла Пішчэўскага. Тэмай зацікавіліся многія СМІ, міжнародная супольнасць, што дазволіла выкрыць і пакараць злачынцу. Што праўда, справа была перакваліфікаваная ў забойства па неасцярожнасці, суд пакараў злачынцу Дзмітрыя Лукашэвіча да трох гадоў пазбаўлення волі і выплаты кампенсацый сваякам забітага. Пры гэтым суд так і не прызнаў у дзеяннях Лукашэвіча варожасці на глебе гамафобіі, чаго дамагалася адвакат.
Для сябе я зрабіла выснову, што пасля заняткаў у школах талерантнасці вяртаешся іншым чалавекам, з новымі поглядамі. І гэта не проста словы.