Першая цэль для ўзурпатараў. Тлумачым, для чаго грамадству незалежныя СМІ і чаму іх так не любяць аўтарытарныя рэжымы
З лета 2020 года супрацьстаянне беларускіх уладаў і незалежных СМІ зрабілася асабліва жорсткім. Для здушэння свабоды слова першыя адкрыта выкарыстоўваюць рэпрэсіі — толькі за кратамі цяпер знаходзяцца 32 супрацоўнікі незалежных медыя. А ёсць яшчэ і мноства іншых інструментаў ціску, якімі карыстаюцца ўлады: пагрозы, закрыццё выданняў і абмежаванне да іх доступу. Гэта прывяло да амаль поўнага знішчэння незалежнай журналістыкі ўнутры краіны і эвакуацыі таго, што ад яе засталося, за мяжу. Што гэта значыць для беларускага грамадства і для чаго наогул патрэбныя свабодныя СМІ? Разбіраецца Zerkalo.io ў новым праекце.
Кароткія ўводзіны: як наогул зразумець, дэмакратыя перад намі ці не
Большасць сучасных аўтарытарных і нават таталітарных рэжымаў «прыкідваюцца» дэмакратыямі, выкарыстоўваючы вонкавыя атрыбуты народаўладдзя. І ў Іране, і ў Беларусі, і ў Расіі, і нават у Паўночнай Карэі праходзяць выбары, існуюць розныя палітычныя партыі — фармальна ўсё гэта выглядае як дэмакратычны лад. Як правіла, у такіх краінах дэкларуецца, што крыніцай дзяржаўнай улады з’яўляецца народ (а гэта і ёсць ключавое адрозненне дэмакратыі). Нарэшце, дэмакратычная, рэспубліканская форма кіравання замацаваная ў іх канстытуцыях. У прыватнасці, нават у цяперашнім, неаднаразова змененым, і дапоўненым у перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі выглядзе, Канстытуцыя Беларусі:
-
пацвярджае прыхільнасць агульначалавечым каштоўнасцям;
-
абвяшчае Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай;
-
абвяшчае, што найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі;
-
сцвярджае, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту дзяржавы з’яўляецца народ.
Але неадпаведнасць фармальнага апісання сутнасці хутка становіцца відавочным — напрыклад, калі тысячы чалавек аказваюцца ў турмах праз свае палітычныя перакананні. Спрабуючы хоць неяк прымірыць рэальнасць з палажэннямі, апісанымі ў галоўных законах, палітычныя эліты вымушаныя прыдумляць супярэчлівыя ідэалагічныя канцэпцыі накшталт «суверэннай дэмакратыі». Згаджаючыся з тым, што дэмакратыя — гэта, увогуле, нядрэнна, ідэолагі некаторых дзяржаваў спрабуюць даказаць, што ўніверсальных дэмакратычных прынцыпаў, прыдатных для выкарыстання ва ўсіх краінах, не існуе. І захаванне некаторых з іх, напрыклад, правоў чалавека, для пабудовы дэмакратычнай дзяржавы ў асобна ўзятай краіне можа быць зусім не патрэбнае.
Тым часам па-сапраўднаму дэмакратычная дзяржава мае абавязковы набор атрыбутаў, без якіх дэмакратыя як сістэма наогул не здольная эфектыўна працаваць. Менавіта іх наяўнасць альбо адсутнасць дазваляе класіфікаваць дзяржавы як больш і менш дэмакратычныя ці зусім не дэмакратычныя. Сярод тых атрыбуаў, што згадваюцца часцей за ўсё, можна вылучыць наступныя:
-
свабодныя і сумленныя выбары;
-
падзел уладаў на не залежныя адна ад адной галіны;
-
паўнавартаснае мясцовае самакіраванне ў сукупнасці з развітай грамадзянскай супольнасцю;
-
свабодная рынкавая эканоміка;
-
свабодны доступ грамадзян да разнастайных крыніц інфармацыі, якія не кантралююцца нейкай адной палітычнай сілай.
З апошняга, не самага відавочнага, і пачнём.
Як недэмакратычныя рэжымы змагаюцца са свабоднымі мас-медыя
Журналісты недзяржаўных СМІ вельмі часта трапляюць пад удар рэжымаў, якія імкнуцца падоўжыць сваё знаходжанне ва ўладзе. Беларусы з гэтым вельмі добра знаёмыя. Ужо ў канцы 1994 года, неўзабаве пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, многія газеты краіны выйшлі з белымі плямамі на першых палосах. З дапамогай цэнзуры новыя ўлады перашкаджалі выхаду даклада дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі.
Каб ўтрымліваць уладу цяшам чвэрці стагоддзя, аўтарытарны беларускі рэжым увесь гэты час з зайздроснай упартасцю знішчаў свабодныя СМІ. З 1995 па 2019 год ім былі закрытыя радыёстанцыі «Радыё 101,2», «Авторадио», газеты «Свабода», «Навіны», «Имя», «Пагоня», «Наша Свабода», «День», «Белорусская деловая газета» і многія іншыя. Паралельна пераследу падвяргаліся асобныя супрацоўнікі гэтых і іншых альтэрнатыўных дзяржаўным крыніц інфармацыі.
Але нягледзячы на пастаянны прэсінг, беларускія свабодныя СМІ працягвалі існаваць у аўтарытарнай дзяржаве і выконваць сваю працу. Самы магутны ўдар па іх быў нанесены падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі ўлады ажыццявілі татальную зачыстку інфармацыйнага поля краіны. У гэты перыяд пад нож пайшлі амаль усе не залежныя ад дзяржавы беларускія СМІ, якія яшчэ заставаліся ў Беларусі, уключаючы самы наведвальны інфармацыйны партал краіны TUT.BY. Дзясяткі журналістаў былі пазбаўленыя волі, многія з іх пацярпелі ад рук супрацоўнікаў сілавых ведамстваў падчас выканання сваёй працы. У выніку цяпер практычна ўся свабодная беларуская журналістыка (за вельмі рэдкімі выключэннямі) працуе па-за Беларуссю.
Флагманам нацысцкай прэсы стала газета VB (Völkischer Beobachter, у перакладзе з нямецкай — «Народны аглядальнік»), афіцыйнае друкаванае выданне Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП). Яе былі абавязаныя выпісваць усе органы ўлады і супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый. Саюз газетна-часопісных выдаўцоў Германіі з грамадскай арганізацыі быў ператвораны нацыстамі ў ведамства, падпарадкаванае партыйнаму чыноўніку — райхсляйтару па справах прэсы. Дарэчы, беларускія ўлады не сталі так замарочвацца, а проста ліквідавалі няўрадавую Беларускую асацыяцыю журналістаў. Нарэшце, з 1935 года «журналістам» ў Германіі мог быць толькі нацыст, то-бок сябар кіраўнічай НСДАП.
Наяўнасць дакладных і незалежных ад дзяржавы крыніц інфармацыі неабходная толькі дэмакратычным краінам. Чым менш дэмакратычны рэжым, тым часцей і ахвотней ён выкарыстоўвае цэнзуру, прапаганду і дэзінфармацыю. А самі незалежныя СМІ для аўтарытарных рэжымаў увогуле небяспечныя, бо, паведамляючы праўдзівую інфармацыю, здольныя падарваць іх легітымнасьць, пабудаваную на скажэнні фактаў. Так, менавіта дзякуючы не залежным ад дзяржавы навінавым інтэрнэт-рэсурсам і іншым медыя, якія ў 2020 годзе засталіся ў Беларусі, беларусы даведваліся пра парушэнні ўладамі закона падчас перадвыбарчай кампаніі, пра фальсіфікацыі падчас падліку галасоў, пратэсты грамадзян і хвалю гвалту з боку рэжыму пасля гэтага.
Невыпадкова адным з першых дзеянняў, да якіх рэгулярна звяртаюцца многія сучасныя дыктатарскія рэжымы ў выпадку пратэстаў, становіцца частковая ці поўная блакіроўка інтэрнэту — самага эфектыўнага ў наш час сродку распаўсюджвання інфармацыі. Аўтарытарная і карумпаваная ўлада баіцца, што людзі даведаюцца праўду пра тое, што адбываецца — і імкнецца да таго, каб усе СМІ былі падкантрольныя ёй. Яскравая прыкмета аўтакратычнага рэжыму: усе ці пераважная большасць буйных СМІ ў краіне кантралююцца дзяржавай. І наадварот, чым больш дэмакратычным робіцца грамадства, тым больш разнастайным і складаным робіцца яе медыйны ландшафт.
Ці можна пабудаваць паспяховую дзяржаву без свабодных медыя?
Кароткі адказ — не.
Сувязь паміж свабодай СМІ ў дзяржаве і ўзроўнем дабрабыту яго грамадзян вельмі добра прасочваецца пры супастаўленні індэкса свабоды прэсы, які падлічваецца штогод арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў», і эканамічнымі паказчыкамі, такімі, як памер унутранага валавага прадукту на душу насельніцтва (паводле дадзеных Сусветнага банка). З аднаго боку, сярод краін з самай свабоднай прэсай бедных няма наогул. Вось спіс першага дзясятка дзяржаваў з самымі свабоднымі СМІ ў 2022 годзе:
1. Нарвегія (з індэксам 92,65 — знаходзіцца на шостым месцы ў свеце сярод дзяржаваў па ВУП на душу насельніцтва з 89 203 далярамі);
2. Данія (90,27 — дзясятае месца ў свеце, 67 803 даляры);
3. Швецыя (88,84 — 12‑е месца, 60 239 даляраў);
4. Эстонія (88,83 — 36‑е месца ў свеце і 1‑е на постсавецкай прасторы, 27 281 даляр);
5. Фінляндыя (88,42 — 15‑е месца, 53 983 даляры);
6. Ірландыя (88,3 — 4‑е месца, 99 152 даляры);
7. Партугалія (87,02 — 39‑е месца, 24 262 даляры);
8. Коста-Рыка (85,92 — 62‑е месца ў свеце, 12 509 даляраў);
9. Літва (84,14 — 41‑е месца ў свеце, 23 433 даляры і 2‑е на постсавецкай прасторы);
10. Ліхтэнштэйн (84,03 — 2‑е месца ў свеце, 169 049 даляраў).
З іншага боку, ні адна з краін з найменш свабоднымі СМІ не можа пахваліцца высокім узроўнем дабрабыту людзей. У рэйтынгу «Рэпарцёраў без межаў» за 2022 год ацэньваліся 180 дзяржаваў, і апошнімі з іх былі:
176. М’янма (25,03, 165‑е месца па ВУП на душу насельніцтва, 1187 даляраў);
177. Туркменістан (25,01, 83‑е месца, 7104 даляры);
178. Іран (23,22, дадзеныя па ВУП гэтай краіны вельмі адрозніваюцца праз велізарную розніцу паміж афіцыйным і рынкавым курсамі іранскага рыяла і знаходзяцца ў прамежку паміж 2757 і 23 034 далярамі на душу насельніцтва);
179. Эрытрэя (19,62, 184‑е месца, 643 даляры);
180. Паўночная Карэя (13,92, па ВУП на душу насельніцтва ёсць толькі дадзеныя ААН за 2020 год — 181‑е месца, 618 даляраў).
Для параўнання, Беларусь у 2022 годзе знаходзіцца ў рэйтынгу свабоды прэсы на 153‑м месцы з індэксам 39,62 — паміж Таджыкістанам і Азербайджанам, апярэджваючы на два радкі Расію. ВУП Беларусі на душу насельніцтва, паводле звестак Сусветнага банка, ацэньваецца ў 7304 даляры — 87‑е месца ў свеце і адно з апошніх у Еўропе.
Чаму СМІ называюць «чацвёртай уладай»?
Сродкі масавай інфармацыі, вядома, не галіна ўлады ў тым сэнсе, у якім імі традыцыйна лічацца тры іншыя: заканадаўчая, выканаўчая і судовая. Але менавіта свабодныя медыя ў грамадствах з ужо дзейнымі дэмакратычнымі інстытутамі дапамагаюць сістэме падзелу ўладаў і граюць ролю засцерагальнікаў, якія не дазваляюць дэмакратыі скаціцца да дыктатуры (што, вядома, не выключае такой магчымасці цалкам — калі грамадства не гатовае ўставаць на абарону свабодных СМІ, іх лёгка разграміць).
Асабліва вялікая роля медыя ў дзяржавах з гібрыднымі рэжымамі, якія спалучаюць у сабе аўтарытарныя і дэмакратычныя рысы. Наяўнасць свабоднага доступу да інфармацыі для грамадзян такіх краін не дазваляе дэмакратычнай трансфармацыі замерці на палове шляху. Так, наяўнасць не залежных ад дзяржавы СМІ адыграла велізарную ролю ў тым, што Украіна за прэзідэнтам Віктарам Януковічам не стала аўтарытарнай дзяржавай.
Наадварот, дрэйф гібрыдных рэжымаў у бок паўнавартаснага аўтарытарызму суправаджаецца прыгнётам незалежных СМІ з боку ўладаў — як, напрыклад, гэта адбываецца ў апошнія гады ў Турцыі і Расіі.
Пры гэтым не варта лічыць, што свабодныя медыя заўсёды мусяць быць апанентамі ўлады, якія замінаюць ёй працаваць. Ва ўмовах дзейнай дэмакратыі незалежныя СМІ забяспечваюць камунікацыю паміж дзяржавай і грамадствам, даюць магчымасць быць пачутымі ўсім. З аднаго боку, журналісты пераводзяць для грамадзян дзеянні і рашэнні ўлады на «чалавечую мову», з другога — забяспечваюць зваротную сувязь ад грамадства да ўлады. А гэта, у сваю чаргу, дапамагае чыноўнікам адэкватна ацэньваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні.
Чытаць яшчэ:
«Мы обязаны жить дальше, чтобы вернуть украденное время». Свой день рождения Марина Золотова проводит в СИЗО, публикуем отрывки ее писем
“Намінанты на сабе зазналі, што такое ціск улады”. Названыя лепшыя публікацыі ў рэгіянальных медыя па версіі Асацыяцыі выдаўцоў
«Усё кепска. Трасуцца рукі і ногі»,— бацька журналісткі Ксеніі Луцкінай пра стан яе здароўя за кратамі