Пад’ём а 5‑й раніцы, бетонная клетка. Адзін дзень з жыцця зняволенага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага
10 снежня 2022 года кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Цяпер ён адбывае 10-гадовае пакаранне ў горацкай папраўчай калоніі №9. Пра ўмовы адной з самых жорсткіх зонаў Беларусі — у публікацыі Свабоды.
-
Трэцяга cакавіка 2023 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Марына Запасьнік асудзіла праваабаронцаў «Вясны» на вялікія тэрміны зьняволеньня. Нобэлеўскі ляўрэат, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі атрымаў 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
-
2 траўня праваабаронцу перавялі зь СІЗА‑1 у папраўчую калонію № 9, што ў Горках.
-
У пачатку лістапада стала вядома, што Алеся зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Да праваабаронцы працяглы час не пускаюць адваката.
Папраўчая калёнія № 9 знаходзіцца за горадам. Яе пабудавалі ў 1957 годзе на базе цагельні. Доўгі час там працавалі асуджаныя. У сярэдзіне 1970‑х цэхі перапрафілявалі пад апрацоўку мэталу. Таксама ў калёніі ёсьць дрэваапрацоўка, швальны і хлебабулачны цэх.
У калёніі 13 карпусоў, разьлічаных на 1500 сядзельцаў. Зона цалкам запоўненая. Часьцей за ўсё адбываць пакараньне сюды накіроўваюць раней суджаных.
Раней у гэтай калёніі адбывалі пакараньне палітвязьні Мікалай Дзядок, Зьміцер Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, Міхаіл Жамчужны. Парфянкоў загінуў ва Ўкраіне, Дашкевіч і Дзядок зноў ў калёніях. Але засталіся іх успаміны.
«Найгоршая сярод зонаў строгага рэжыму»
Праз горацкую калёнію двойчы прайшоў журналіст Мікалай Дзядок — ён сядзеў там ў 2015 і 2022 гадах. Яшчэ на судзе ў лістападзе 2021 году Мікалай паведаміў, што сілавікі пагражалі: «Маўляў, у калёніі ў Горках я буду забіты крымінальнікамі, і гэта сьпішуць на праблемы з сэрцам».
Падчас першага тэрміну, у 2015 годзе, Мікалай быў змушаны пайсьці на крайнюю меру — парэзаў сабе рукі і жывот. Амаль ўвесь час ён знаходзіўся або ў ШЫЗА, або ў ПКТ.
«Зона ў Горках паводле ўмоваў утрыманьня найгоршая сярод зонаў строгага рэжыму… Гэта сапраўдная „прэс-зона“ для палітычных. Нездарма туда звозілі ў свой час Зьмітра Дашкевіча, Васіля Парфянкова, ды і мяне.
Зь першых хвілінаў у калёніі трапляеш у вір „апэратыўнай распрацоўкі“. Цябе атачаюць стукачамі, інфарматарамі, якія дакладваюць аб кожным тваім кроку апэратыўнікам. Людзі, зь якімі ты кантактуеш і п’еш гарбату, адпраўляюцца у ШЫЗА, каб ні ў кога не было ахвоты з табой гутарыць і сябраваць…
Асноўнае адрозьненьне — тое, што там, у Горках, уся сыстэма, дзе ня толькі пабіцьцё, ня толькі ШЫЗА, але цэлы комплекс працуе супраць непакорнага зэка. Комплекс, адпрацаваны гадамі. Там усё пастаўлена на канвэер», — успамінаў Мікалай Дзядок пра 2015 год.
Падчас другога тэрміну, у 2022 годзе, сытуацыя ў ВК № 9, паводле палітвязьня, яшчэ пагоршала. Ён змог перадаць на волю, што «такога, як зараз зь ім, у гэтай калоніі ніколі не адбывалася», — без усялякіх падстаў яго сталі зьмяшчаць у ШЫЗА. Адміністрацыя сабрала столькі «парушэньняў» на Дзядка, што яго перавялі ў горадзенскую крытую турму.
«Пакой для мыцьця і пакой для пабіцьця»
Зьміцер Дашкевіч ў сваёй кнізе «Чарвяк» (узнагароджанай прэміяй за турэмную літаратуру імя Аляхновіча) піша:
«Лазьня ж у „Горках“ выконвае дзьве функцыі: пакой для мыцьця, дзе зручна раз на тыдзень адшараваць гразь; і пакой для пабіцьця, дзе яшчэ зручней біць біялягічную адзінку пад назваю „зэк“: па-першае, ніхто ня чуе, а па-другое, хутка змываецца кроў са сьцен і падлогі — толькі пару тазікаў вады і трэба».
Апісвае ў «Чарвяку» Дашкевіч і прамзону.
«Горкаўскія цэхі здабычы каляровых мэталаў (у асноўным медзі й алюмінію) зь сьпісаных кабэляў умяшчаюць сотню-другую мурзатых твараў. Перад пачаткам працы да цэху пад’яжджае МАЗ і вывальвае пад „лакалку“ гару кабэляў, на якую зэкі тут жа кідаюцца з усіх бакоў, і яна пераўтвараецца ў жывы арганізм: адзін цягне кабэль, другі — зэка за нагу, трэці з чацьвёртым чысьцяць лычы адзін аднаму — ідзе грамадзянская вайна, у якой кожны імкнецца заваяваць паболей здабычы.
Пасьля пабітыя ваякі цягнуць трафэі ў цэхі і — усе ў мазуце, саляры і шчэ якой гадасьці — пачынаюць іх драць, здабываючы для радзімы каляровы мэтал… Пячорныя людзі каменнага веку, хоць у руках у іх прылады мэталёвыя, усё дзяруць, дзяруць, дзяруць: норма ж 60 кг!»
ПКТ: пад’ём а 5‑й раніцы, бэтонная клетка
Зараз ў Горацкай калёніі сядзяць прынамсі 10 палітвязьняў: Алесь Бяляцкі, Руслан Акостка, Павал Аўчароў, Дзяніс Барсукоў, Віктар Барушка, Вадзім Гурман, Дзяніс Дзікун, Вячаслаў Маляйчук, Сяргей Раманаў, Андрэй Юркоў.
У асобным будынку з сваёй аховай знаходзяцца ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) і ШЫЗА (штрафны ізалятар), дзе палітвязьні частыя наведнікі.
У пачатку лістапада зьявілася інфармацыя, што нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі пакараны ўвязьненьнем у ПКТ.
«Калі чалавек знаходзіцца ў ПКТ ці ў ШЫЗА, на працу яго ня водзяць. Асуджаны ўвесь дзень знаходзіцца ў маленькай камэры. Памяшканьне вельмі халоднае, бо вакол бэтон. Сьцены і падлога бэтонныя, ёсьць маленькі бэтонны зэдлік. Нары адшпільваюцца толькі на ноч. Ляжаць на іх нельга. Тым, хто пакараны ПКТ, на ноч даюць матрас, падушку, коўдру, раніцай забіраюць. У ШЫЗА наагул ні матрац, ні бялізна „не паложаны“: чалавек вымушаны спаць на голых дошках. Рабіць у ПКТ і ШЫЗА няма чаго, у камэры халодна, таму чалавек вымушаны ўвесь час рухацца, хадзіць», — пра ўмовы ўтрыманьня там Свабодзе расказаў на ўмовах ананімнасьці былы вязень.
Вось як выглядае звычайны расклад вязьняў калёніі ў Горках.
-
А 5‑й раніцы — пад’ём для тых, хто зьмешчаны ў ПКТ і ШЫЗА (для зьняволеных, якіх трымаюць у атрадах, — а 6‑й).
-
У 5.10 пачынаюцца гігіенічныя працэдуры: прыносяць станкі для галеньня, умываньне, чыстка зубоў.
-
Прыкладна ў 5.30–6.00 прыносяць сьняданак. Звычайна гэта каша і гарбата. Часьцей за ўсё каша зь сечкі, зрэдку можа быць рыс ці прасяная каша. Два разы на тыдзень даюць яйка.
-
А 8‑й раніцы праверка. Гэта ператрус у камэры, агляд рэчаў, вобшук самога зьняволенага. Падчас праверкі ў камэру выліваюць вядро хлёркі, якую пасьля сыходу канваіраў трэба прыбраць.
-
11.00 — абед. Суп, другая страва (звычайна каша ці макарона з тушонкай), кампот ці кісель. Раз на тыдзень можа быць катлета.
-
16.00 — вячэра. Зноў жа ў асноўным каша. Раз на тыдзень могуць быць рыбныя хрыбетнікі.
-
А 20‑й — зноў праверка, якую называюць шмонам.
-
А 21‑й — адбой. На ноч выдаюць матрас, падушку і коўдру.
«Ніякія правілы не выконваюцца»
Што да прагулак, у ПКТ могуць зрэдку выводзіць у маленькі прагулачны дворык. Ён вельмі падобны да камэры: бэтонныя сьцены, але замест столі сетка, затым краты і калючы дрот, празь якія бачна неба.
Паводле правілаў, зацьверджаных Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў, з атраду ў ПКТ можна з сабой узяць мыла, зубную шчотку і пасту, маленькі ручнік. Дазволеная «атаварка» раз на месяц у турэмнай краме на 1 базавую велічыню (37 рублёў). Можна пісаць лісты і атрымліваць лісты ад сваякоў.
Раз на тыдзень у ПКТ прыходзіць бібліятэкар, можна памяняць кнігі.
Таксама раз на тыдзень водзяць на склад асабістых рэчаў (так званую «кешарку», дзе можна ўзяць зьменную бялізну, гарбату, печыва (ежу нельга).
Былы асуджаны, які нядаўна выйшаў на свабоду з горацкай калёніі, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе пра некаторыя асаблівасьці ўтрыманьня зьняволеных у ПКТ, якім не адзін раз быў пакараны.
«Ніякія правілы ў дачыненьні палітычных ніколі не выконваюцца. Я лічыўся звычайным крымінальнікам, таму мне было лягчэй. Палітычных амаль не выводзілі на прагулкі. Рабіць „атаварку“ ім таксама не дазвалялі.
Года паўтара таму я трапляў у адну камэру з палітычным, іншыя асуджаныя таксама. Мы іх падкормлівалі, паілі кавай, гарбатай, бо ў камэры быў кіпяцільнік, дзяліліся, прабачце, туалетнай паперай. Так, ім нібыта дазвалялі пісаць лісты. Але ніколі на маёй памяці ім нічога не прыходзіла. Кніжкі ў камэры былі, бібліятэкар прыносіў.
Аднак потым хадзілі чуткі, што палітычных зьмяшчаюць выключна ў адзіночкі. Як іх там трымаюць, я ня ведаю, але мяркую, што наагул нічога не дазваляюць», — расказаў былы зьняволены, які адбываў пакараньне паводле крымінальнага (не палітычнага) артыкулу.
Апошні ліст ад Алеся Бяляцкага прыйшоў 18 кастрычніка. Пра калёнію і ўмовы ўтрыманьня ён нічога ня піша — інакш ліст не прапусьціла б цэнзура.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
-
Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
-
У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
-
Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
-
У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
-
У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
-
З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
-
У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
-
У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
-
4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
-
У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
-
21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
-
За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
-
Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
-
Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
-
14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
-
Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
-
Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
-
7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру.
Чытайце яшчэ:
«Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы
Ізноў ператрус у Змітра Лупача. Гэтым разам у вясковай хаце
Уручаны прэміі беларускай праваабарончай супольнасці-2023. Сярод лаўрэатаў — Алег Агееў і Аляксандр Манцэвіч