Надзея Белахвосцік: 2020 год не быў для мяне сюрпрызам. Я бачыла беларускую талаку і раней
Галоўная рэдактарка Media IQ і журналістка з трыццацігадовым стажам Надзея Белахвосцік у падкасце «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?» распавяла гісторыю свайго журналісцкага шляху, узгадала адметныя матэрыялы і ацаніла, як змянілася сфера незалежных медыя пасля 2020 года, піша radiounet.fm.
Галоўнае:
Каманда праекту Media IQ займаецца маніторынгам журналісцкіх стандартаў, адсочвае прапаганду ў медыяпрасторы і развівае ў аўдыторыі крытычнае мысленне ды медыяграматнасць.
«Мы робім медыя пра медыя», — тлумачыць Надзея Белахвосцік.
Надзея пачынала працу ў адной з самых прагрэсіўных газет свайго часу «Вячэрні Мінск». Газета друкавалася на беларускай і рускай мовах і першая ў Беларусі выйшла ў каляровым варыянце.
У 2000 годзе Надзея Белахвосцік перайшла ў «Камсамольскую праўду». У той час у газеты быў шалёны тыраж і значная ўплывовасць, яе баяліся нават чыноўнікі.
«Камсамолка выхавала кадры для вельмі многіх рэдакцый», — узгадвае Надзея Белахвосцік.
Пасля працы ў «Камсамолке» быў досвед супрацы з папулярызатарамі навукі. Вынікам гэтага партнерства стала некалькі кніг і пападанне ў шорт-ліст уплывовай прэміі ў галіне асветы.
У чэрвені 2020 года Надзея Белахвосцік далучылася да «Прэс-клуба» і ўзначаліла Media IQ.
На сваім youtube канале «Прэс-клуб» прэзентаваў серыял Belarus Media Stories пра гісторыю незалежных беларускіх медыя.
Гэта спроба распавесці гісторыю незалежнасці Беларусі праз гісторыю медыя. Адчуваўся значны попыт на гэту тэму і неабходна было зафіксаваць трансфармацыю медыяпрасторы Беларусі не толькі для сталых чытачоў, але і для так званых «неафітаў», якія раней не спажывалі незалежны медыякантэнт.
Па ацэнке галоўнай рэдактаркі Media IQ да 2021 года, да знішчэння медыя ў Беларусі, незалежныя медыя мелі аўдыторыю каля 60%, і гэта шмат.
Але і зараз, нават ва ўмовах міграцыі, канкурэнтная барацьба ў беларускай медыяпрасторы захавалася.
Надзея Белахвосцік паспрабавала спрагназаваць, як будуць працаваць медыя, калі вернуцца ў Новую Беларусь. Незалежныя журналісты ўжо маюць вельмі разнапланавы досвед працы, значыць трансфармацыя пройдзе хутчэй, якасней і цікавей.
Поўную размову з Надзеяй Белахвосцік слухайце ніжэй.
Чытаць яшчэ:
«[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] на прасторы шырокай». Як цяпер бяспечна чытаць беларускіх класікаў
«Братская могила, в мешках хоронят детей. Плачешь и снимаешь». Как Мстислав Чернов и Евгений Малолетка документировали уничтожение Мариуполя
Дзяніс Дудзінскі: Прызвычаіцца можна нават да пастаяннай прысутнасці смерці