• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы будзем не супольнасьцю траўмаваных інвалідаў, а нармальнымі жывымі людзьмі». Размова з дызайнэрам Ветрам Мэханічным

    Мастак, графік, дызайнэр Анатоль Лазар, вядомы пад творчым псэўданімам Wiecier Mechaniczny, стаў пераможцам прэміі Міхала Анемпадыстава — за вокладку кнігі «НЕрасстраляныя».

    «Тое, што вы ўбачылі пасьля друку, — гэта ўжо трэці эскіз»

    Кніга «НЕрасстраляныя» прысьвечаная 18 беларускім літаратарам, забітым у 1937 годзе. Сярод герояў кнігі Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі, Міхась Чарот, Мойшэ Кульбак, Міхась Зарэцкі. Некаторыя матэрыялы публікуюцца ўпершыню.

    Анатоль Лазар

    — Такія драматычныя, трагічныя лёсы герояў гэтай кнігі. Цяжка было працаваць над праектам? Што натхніла на канчатковы варыянт?

    — Са зьместам гэтай кнігі я быў выдатна знаёмы, бо рыхтаваў афармленьне для вёрсткі, шаблёны старонак, падбіраў шрыфты, выяўленчы стыль для старонак. Таксама празь мяне прайшлі ўсе фотаматэрыялы — кніга дакумэнтальная, там вельмі багата старых фотак. Я іх усе разьбіраў, рэтушаваў, даводзіў да належнай якасьці.

    Але праца непасрэдна над вокладкай была няпростая. Тое, што вы ўбачылі пасьля друку, — гэта ўжо трэці эскіз. Пасьля першага эскізу мы з укладальнікамі правялі своеасаблівую «мастацкую раду» — і яе адхілілі. Вырашылі, што гэта ня тое, атрымалася занадта трагічна.

    Другі эскіз мы таксама адхілілі разам зь Сяргеем Будкіным, аўтарам усяго праекту «НЕрасстраляных» (бо кніга — толькі частка праекту, там ёсьць і відэалекцыі, і яшчэ шмат чаго).

    Сяргей падаў такую ідэю: «Давай рабіць так, каб не было нейкага абсалютнага трагізму, каб было зразумела, што мы іх памятаем, гаворым пра іх не таму, што іх расстралялі, а таму, што яны былі жывымі людзьмі, таму, што была іхная творчасьць. Ня сам факт іх сьмерці натхняе нас для гэтага праекту, а менавіта тое, што яны жывыя людзі».

    Але разам з тым гэта падзея зусім ня радасная, таму цяжкавата ішла работа. І зьявіўся трэці варыянт, дастаткова рэзкі, графічна амаль што чорна-белы — імёны паэтаў праступаюць на дрэве. Яго мы і абралі. Я, шчыра кажучы, не спадзяваўся на прэмію і на тое, што гэта моцная работа. Але што яе могуць заўважыць, адзначыць — бязь сьціпласьці скажу, што разьлічваў. Мне падаецца, атрымалася ўрэшце тое, што трэба.

    «Для мяне чым складаней задача — тым прыемней працаваць»

    — У вас было вельмі шмат самых розных праектаў. Былі трагічныя, былі вясёлыя, прышпільныя. Над якімі лягчэй працаваць: над пазытыўнымі, сьмешнымі — ці трагічнымі, як апошні? Якія былі самыя запамінальныя?

    — З прафэсійнага пункту гледжаньня прасьцей за ўсё маляваць на тэмы мастацкай літаратуры. Раман, да прыкладу, мае выразны сюжэт, адзіную лінію падзей, пэрсанажаў, атмасфэру — і трэба пераказаць гэтую гісторыю нейкімі выяўленчымі сродкамі. Літаральна — плякат зрабіць для гэтага мастацкага твору.

    Нашмат цяжэй працаваць са зборнікамі вершаў, калі там няма адзінай сюжэтнай гісторыі, няма пэрсанажаў, адзінай атмасфэры, геаграфіі. Дакумэнтальная кніга кшталту «НЕрасстраляных» — таксама няпростая праца.

    Тут ня трэба расстрэлы маляваць, ня трэба маляваць сьмерць — трэба нешта іншае шукаць. І гэтыя пошукі, безумоўна, больш складаныя.

    Ну, а што да праектаў, якія прайшлі празь мяне — з прафэсійнага, творчага пункту гледжаньня мяне прываблівае рабіць тое, што ўжо рабілася ня раз іншымі мастакамі, на іншых мовах, дзе ёсьць іншы бэкграўнд.

    Да прыкладу, я аздабляў беларускае выданьне кнігі «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі ў перакладзе Аляксея Знаткевіча. Столькі вокладак самымі рознымі мастакамі і дызайнэрамі сьвету было намалявана! Але для мяне гэта быў выклік — зрабіць нешта новае і ня горшае для беларускамоўнага выданьня гэтай кнігі.

    Вокладка кнігі Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»

    Вельмі цікава працаваць з хрэстаматыйнымі творамі. Я працаваў над кнігамі Івана Мележа «Людзі на балоце», Васіля Быкава «Знак бяды». Здаецца, гэта ня новыя творы. А зрабіць іх зусім па-новаму, каб выглядала сучасна, прывабна, каб прыцягнуць новую аўдыторыю — таксама вельмі цікавая задача. Для мяне чым складанейшая задача — тым прыемней працаваць.

    Вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак бяды»

    «„Тузін гітоў“ — цалкам валянтэрскі праект, які не прыносіў даходу. Усё трымалася на ідэях і на людзях»

    — Спадар Анатоль, у вас такі прыгожы псэўданім: «Вецер Мэханічны». Што гэта азначае? Што навеяла, які вецер надзьмуў?

    — Нічога не навеяла. Была патрэба мець нейкі псэўданім. Гэта атрымалася выпадкова. І гэта праўда было вельмі даўно: гадоў 20 таму. Прыйшло ў галаву, спадабалася па рытміцы.

    — У вас былі вельмі розныя праекты: дызайнэрская студыя «Адліга», вельмі гучны «Тузін гітоў», якому днямі споўнілася 19 гадоў і які грымеў некалі на ўсю Беларусь, быў вельмі заўважны. Чыя гэта была ідэя, як вы туды трапілі?

    — Гэта праект Сяргея Будкіна. Больш за 20 гадоў таму мы дарваліся да інтэрнэту і правяралі: а што ж там можна зрабіць? Тады Сяргей заўважыў маё нешта невялічкае, зьвязаўся і сказаў, што ў яго ёсьць ідэя зрабіць гіт-парад. Ён думаў, што ў мяне ўжо былі праграмісцкія кампэтэнцыі, а я тады ня вельмі прасунуты быў. Меў толькі базавыя кампэтэнцыі.

    Але мне быў цікавы гэты праект менавіта як як мэнэджмэнт-праект. І я кажу тады: давай рабіць ня проста гіт-парад, а створым музычны партал з навінамі, з архівам кампазыцый, песень. Атрымалася досыць хутка рэалізаваць праект, ён хутка рос і праз 7 гадоў стаў самым буйным музычным праектам у інтэрнэце. З уласнымі навінамі, прэміямі, раздачай «сланоў», «цукерачак». Выпускалі дыскі, якія сталі самымі прадаванымі сярод беларускіх дыскаў.

    Анатоль Лазар

    Штосьці вырасла ў супольныя грамадзка значныя праекты, канцэрты, «перазагрузкі». Адзін з праектаў быў з удзелам сьпевакоў, якія маюць беларускія карані (Алена Сьвірыдава, да прыкладу). Іншы праект быў з замежнымі артыстамі, якія сьпявалі па-беларуску: «Воплі Відаплясава», «Здоб шы здуб», «Смысловые галюцинации». Тады, напэўна, быў росквіт «Тузіна». Гэта быў цалкам валянтэрскі праект, які не прыносіў даходу. Усё трымалася на ідэях і на людзях.

    «Я спрабаваў растлумачыць сілавікам, што такое сатыра, але нічога не атрымалася»

    — У адрозьненьне ад многіх калег, якія вымушаныя былі даўно зьехаць зь Беларусі, вы трымаліся да апошняга — зьехалі зусім нядаўна. Хоць першы «званочак» быў яшчэ ў студзені 2021 году, калі «наехалі» на кнігавыдаўцоў — вас затрымлівала фінансавая міліцыя. Што стала апошнім званочкам — арышт на 15 сутак у верасьні 2022-га? Дарэчы, што вам тады інкрымінавалі?

    — І першы раз, і другі раз — канечне, усё было з маёй творчасьцю зьвязана, з праектамі, малюнкамі, футболкамі, якія некалі выпускалі. Не хачу расказваць пра першае затрыманьне, засталіся людзі ў Беларусі, так ці інакш зьвязаныя са мной ці з агульнымі праектамі.

    А другі раз у верасьні 2022 году мне «прышылі» хуліганку. Мяне зь вёскі, дзе я жыў, даставілі ў Менскае РУУС, каб я там «пахуліганіў». Быў асуджаны па адміністрацыўцы на 15 сутак.

    Але сілавікі цікавіліся ня толькі тым, што я сёньня, учора маляваў, але і тым, што я 10 гадоў таму маляваў! «А што ты меў пад гэтым на ўвазе? А што ты думаў? А што хацеў сказаць?» Я быў у шоку. Я ў прынцыпе не люблю абмяркоўваць сваю творчасьць і вось такія пытаньні: «А што ты меў на ўвазе?».

    Тое, што я меў на ўвазе, я намаляваў і паказаў. А вы самі вырашайце, што аўтар хацеў выказаць. На жаль, а можа, на шчасьце, у мяне няма нейкіх падставаў для крымінальных спраў. Я не перакрываў праспэкты, не перашкаджаў руху. Усё круціцца толькі вакол таго, што я намаляваў, вакол маёй творчасьці.

    Дызайн Анатоля Лазара

    — Уяўляеце, як вы адукавалі сілавікоў, якія вамі займаліся? Колькі ўсяго ім давялося дасьледаваць з вашай творчасьці!

    — Не адукаваў. Я спрабаваў растлумачыць сілавікам, што такое сатыра, але нічога не атрымалася, толькі раззлаваў іх. Я, у прынцыпе, дасьведчаны мэнэджар, кіраваў фірмамі, праектамі і магу сябе настроіць на адэкватную для суразмоўцы манеру размовы. Напэўна, трэба трымацца прасьцей у дадзенай сытуацыі, не чытаць ім лекцыі, не ўспрымаць іх няграматнымі, трэба падстройвацца. Я і ўмею падстройвацца. Але, блін, калі я ім кажу, што гэта сатыра…

    Ну як патлумачыць? Вось у мяне на футболцы малюнак: зомбі па Менску гулялі. Ну паўсюль жа гулялі: па Нью-Ёрку, па Аўстраліі гулялі, ёсьць процьма фільмаў, мастацкіх праектаў. А ў Беларусі нічога не было. Мне хацелася, каб яны і ў нас былі. Гэта ж сатыра! А яны не разумеюць! На жаль, вось так.

    Але апошнім затрыманьнем яны прымусілі мяне яшчэ больш баяцца. Гэта зусім няправільна, калі ты не жывеш, не працуеш, не ствараеш, а знаходзісься ў стане вострага трывожнага чаканьня. І я выехаў да сяброў, каб трохі перавесьці дух, а потым будзе відаць, што далей.

    «За кратамі высачэнная канцэнтрацыя вельмі клясных, цудоўных людзей»

    — Раскажыце пра апошнюю адседку ў верасьні. Кажуць, што на Акрэсьціна кожны другі, калі ня кожны першы, — палітычны.

    — Так, палітычных вельмі многа. Я не магу статыстыку прывесьці, але вельмі многа. Ёсьць чыста палітычныя камэры з рэжымам павышанай жорсткасьці. Есьць камэры 50 на 50. Але сярод палітычных — усе «хуліганы», адміністратыўкі не выклікаюць ніякага даверу.

    Мне няма з чым параўноўваць, але тое, што я чуў — на Акрэсьціна нічога не зьмянілася: людзі ў перанаселеных камэрах, без матрасаў, без пасьцельнай бялізны. Можа, нават стала горш: няма ніякіх перадач, няма зубных шчотак, не заўсёды ёсьць туалетная папера. То бок абсалютная ізаляцыя.

    Але гэта ня страшна. Там столькі харошых людзей, там такая падтрымка! Я б сказаў, што гэта нават рамантычна. Усе прыгоды за межамі гэтага месца адбываюцца — у ГУБАЗіКу, у РУУСе. А на Акрэсьціна шмат цікавых людзей, новых знаёмстваў. Гэта ня цяжка, больш перажываеш за сваіх блізкіх, якія не заўсёды могуць цябе знайсьці, даведацца, дзе ты, спрабуюць перадачы ўсунуць, а ім там дураць галовы: прыходзьце заўтра, хоць яны ведаюць, што заўтра таксама ня прымуць. Вось гэта балюча. А там, за кратамі, усё «чотка». Высачэнная канцэнтрацыя вельмі клясных, цудоўных людзей.

    — Ну ладна сілавікі, ГУБАЗіК, ахоўнікі на Акрэсьціна. Але вось судзьдзя, які адправіў вас на суткі, — ён жа разумеў, што вы не хуліганілі насамрэч? І вашы сукамэрнікі не хуліганілі. На вашу думку, яны разумеюць, што робяць? Як яны з гэтым будуць жыць?

    — Яны ўсё выдатна разумеюць. Пару год таму такога самавольства яшчэ не было. Нават некаму ўдавалася разваліць справу, калі былі нейкія відавочныя фальсыфікацыі ў пратаколе! Цяпер гэтага няма. Ніякай розьніцы няма, пагадзіўся ты і падпісаў пратакол ці пярэчыш і адмаўляесься падпісваць. Гэта ніяк не ўплывае на рашэньне судзьдзі.

    Вы думаеце, яны будуць перажываць? Ды ня будуць яны перажываць! Калі скажуць: «Давайце вернемся да нейкага поля законнага» — яны вернуцца. А калі ім кажуць, што «зараз не да законаў», яны так і робяць — не па закону. Ім нармальна. Гэта сыстэма! Людзі ў гэтай сыстэме.

    «Пачаў заўважаць, як мала засталося сяброў, якіх я магу паклікаць у госьці»

    — Вы адносна нядаўна пакінулі Беларусь. Кажуць, што многія людзі ў дэпрэсіі, у іх няма настрою, усе заціхарыліся, сядзяць па сваіх хатах, баяцца пост напісаць, што там атмасфэра страху. Вось гэта адчуваецца?

    — Адчуваецца. Кожны здатны нечым накруціць сябе. Я сацыяльна даволі закрыты чалавек, апошнія гады дэ-факта правёў у вёсцы, і колькасьць кантактаў людзкіх і сацыяльных у мяне невялікая. Два разы на тыдзень паход у краму, і ўсё. Тым больш што і дом у мяне там на водшыбе. Днямі можна ня бачыць нікога.

    Але я пачаў заўважаць, як мала засталося сяброў, якіх я магу паклікаць у госьці. А ў мяне там так клясна, і паначаваць, і вогнішча папаліць! І гэта для мяне вельмі балюча.

    Я адну працу зрабіў: ноч, прыпынак Малінаўка, на прыпынку сядзіць самотны астранаўт з заплечнікам і торбачкай, дзе батон і кефір. А на прыпынку шыльда: «Да Варшавы столькі, да Батумі столькі, да сонца столькі». Такая трагічная сытуацыя. Ня толькі страх. А адсутнасьць сяброў. Яны нібыта ёсьць, зь імі можна закантачыць праз мэсэнджар, але яны ня могуць да мяне прыехаць, калі я захачу іх паклікаць. А пасьля затрыманьня апасеньні былі вялікія.

    «Дрэвы ж няхутка растуць, яны пачакаюць. Не мяне, дык дзяцей, унукаў»

    — Мяркуючы па пастах у фэйсбуку, вы любіце прыроду, у вас ёсьць лецішча ці нават «аптэкарскі» сад. Цяжка было зьяжджаць маральна, пакінуць усё гэта?

    — Я сам чалавек вясковы,18 год у вёсцы пражыў, тады былі вельмі цяжкія часы, вялікая гаспадарка, некалькі кароў, конь. Я прывык працаваць, зь зямлёй вазіцца, у мяне заўсёды быў сантымэнт да вясковага жыцьця. Калі ты сам кантралюеш вось гэтую прастору, калі ад цябе ў вялікай ступені залежыць: пасадзіў, вырасьціў, выкапаў, зьеў.

    Я заўсёды марыў, што калісьці на пэнсіі вярнуся і буду дажываць на вёсцы. Не памідорчыкі вырошчваць і спаборнічаць з суседзямі, у каго тыя памідоры лепшыя вырастуць. У мяне там вялікі сад, і перад самым ад’ездам я пасадзіў там яшчэ 7 дрэў. Я ўжо і вакол пачаў засаджваць — у мяне там парк. Але ўсё гэта было ўрыўкамі.

    А гады тры таму ў мяне істотна пагоршылася здароўе, была тэрміновая апэрацыя, дактары казалі, што мог бы і не пасьпець. І я тады задумаўся: ці варта штосьці адкладаць на потым? І вось гэта было такім рашучым штуршком — перабрацца ў вёску ўжо трывала.

    Фота беларускага і ўкраінскага нацыянальных сьцягоў на ЛЭП. За вывешваньне іх шасьці менчукам пагражае турмаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

    За акцыю салідарнасьці з Украінай на шасьцёх менчукоў завялі крымінальную справу. ФОТА

    Жыцьцё ў вёсцы мне падабаецца, я лячыў сябе там. У горад вылазіў вельмі-вельмі рэдка. Мне падабаецца зямля, падабаецца прастора, падабаецца свабода — у пляне вясковая свабода. А пасьля — ковід, палітычныя падзеі, і нагодаў вяртацца зь вёскі я ня бачыў. Але штуршком стала здароўе, якое істотна пагоршала: што я да сваёй мары — вазіцца з садам — магу і не дажыць. У вёсцы ўдалося наладзіць працу. Думаў, што буду на вёсцы даўжэй, але мушу тут крыху палячыць нэрвы і пакатацца па сябрах.

    Я ня буду прагназаваць, калі я ў сваім садзіку пагуляю. Але ж дрэвы няхутка растуць. Сябры сьмяяліся, што я засадзіў усё грэцкімі арэхамі. Яблыкі ж цяжка захоўваць, пасьля іх вывозіць тачкамі, думаць, куды прыстроіць. Сябры пытаюцца: калі ўжо прыяжджаць на ўраджай тых арэхаў? Я кажу, што праз год 20 ужо можна будзе прыяжджаць.

    Я такім рамкамі мераю: раблю штосьці сёньня, а вынік будзе праз год 15–20. Дрэвы ж няхутка растуць, яны пачакаюць. Не мяне, дык дзяцей, унукаў.

    «Празь нейкі час мы будзем не супольнасьцю траўмаваных інвалідаў, а нармальнымі жывымі людзьмі, здольнымі працаваць»

    — А якія пляны на бліжэйшую будучыню? Што зьбіраецеся рабіць у Польшчы?

    — Вялікая перавага маёй працы — працаваць я магу дзе заўгодна: у вёсцы, у горадзе, па гэты бок мяжы ці па той, розьніцы няма. Натуральна, могуць рвацца нейкія гаспадарчыя сувязі, зьвязаныя з рахункамі і гэтак далей. Але гэта ўсё вырашальна. А сама творчасьць, па сутнасьці, — яна нікуды не падзенецца. Была б толькі магчымасьць гэтым займацца. Маральная магчымасьць засяродзіцца на гэтым і жаданьне. Тым больш, што ў Варшаве я сустрэўся з сваім даўнім партнэрам па «Адлізе» і мы нават за кавай абмяркоўвалі: «А давай мы тут „Адлігу“ рэанімуем? Некалі ж была такая слаўная студыя дызайну». Таксама варыянт. Таму плянаў многа. І ўсё гэта зьвязана з тым, чым я прывык займацца і люблю рабіць. Дызайн, культурніцкія праекты, графіка.

    Я зараз разумею, наколькі вялікая дыстанцыя нармальнага культурнага жыцьця ў той жа Варшаве, у Польшчы і ў Беларусі — мы адвыклі за некалькі год ад канцэртаў, ад масавых мерапрыемстваў.

    Днямі я быў на «Бардаўскай восені» ў Беластоку, там слухаў музычны праект «Купалаўцаў» — вершы пад музыку. Я ўжо гады тры на падобных мерапрыемствах ня быў. Гэта пры тым, што калі быў «Тузін гітоў», штотыдзень канцэрты былі, і я ва ўсё гэта акунаўся. А апошнія два-тры гады — так ціхенька жыў у сваёй вёсцы! Аказваецца, колькі мы губляем!

    Ня трэба губляць час свайго жыцьця на вось гэтае чаканьне, трэба жыць напоўніцу штодня.

    Разумею, што будуць праблемы, і гэта не турпуцёўка. Але трэба засяроджвацца не на цяжкім і дрэнным, а на магчымасьцях і на тым добрым, што яны могуць даць. Ня трэба чакаць, што праз год, праз два добра будзе жыць. Трэба добра жыць ужо сёньня. Галаву настройваць сваю. Трэба быць пазытыўным і кожнаму дню радавацца. Калі кветку нюхаеш ці каву п’еш на праспэкце — трэба радавацца гэтаму. Жыць клясна. Менш сябе накручвай! Працуй, рабі штосьці, што ўмееш рабіць, што ты любіш. Жыві штодня.

    І ад гэтага будзе самая вялікая карысьць: мы будзем празь нейкі час не супольнасьцю траўмаваных інвалідаў, а нармальнымі жывымі людзьмі, здольнымі працаваць, ствараць, запальваць іншых. Я настройваюся на такое. Канечне, гэта няпроста, але стараюся.

    Анатоль Лазар нарадзіўся ў вёсцы Станькава. Працаваў стругальшчыкам на заводзе ў Дзяржынску. У 1994 годзе пераехаў у Менск, вучыўся ў «наргасе». Зрабіў кар’еру ад прадаўца газэт у электрычках да начальніка аддзелу маркетынгу буйной міжнароднай кампаніі і кіраўніка фірмы. Атрымаў адукацыю ў Брытанскім каралеўскім чартэрным інстытуце маркетынгу, працаваў у Кіеве і Маскве.

    Сузаснавальнік і выдавец музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў». Быў кіраўніком студыі рэклямы і дызайну «Адліга».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці