Мова варожасці ў кантэксце свабоды слова. Як не атрымаць савецкую прэсу эпохі «застою»
У Мінску адбыўся круглы стол «Мова варожасці ў кантэксце свабоды слова». Удзельнікі дыскутавалі аб межах свабоды слова і інструментах самарэгулявання, якія дазваляюць прафесійнай супольнасці абапірацца на стандарты прафесіі, а не на абмежавальныя рамкі.
У пачатку сустрэчы кіраўнік ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец адзначыў, што рэаліі цяперашняга свету — міграцыйны крызіс, гібрыдныя вайны, узброеныя канфлікты — актуалізавалі тэму выкарыстання мовы варожасці.
Аднак, калі мы гаворым пра свабоду слова, у нас ёсць сур’ёзны фундамент для гэтага. Рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, заўвагі агульнага парадку Камітэта ААН па правах чалавека, экспертныя заключэнні. Калі ж мы гаворым пра мову варожасці, паняцце расплываецца. Выкарыстоўваюць тэрміны «мяккі мова варожасці», «жорсткая мова варожасці». А ў беларускім заканадаўстве сам тэрмін «варожасць» увогуле фігуруе ў складзе крымінальнага злачынства. Таму ёсць некаторыя праблемы.
Каардынатар праграмы лабіравання і адвакатавання «Genderdoc‑m» Анжаліка Фралова (Малдова) у сваім выступе нагадала пра тое, што глабальныя канфлікты паміж людзьмі пачынаюцца з вербальнай артыкуляцыі нянавісці, як гэта было, напрыклад, у нацысцкай Германіі.
Анжаліка Фралова падзялілася вопытам Малдовы ў сферы ўрэгулявання канфліктаў, выкліканых гучнымі заявамі вядомых людзей.
У Малдове дзейнічаюць Закон «Аб свабодзе выказвання меркавання», Закон «Аб забеспячэнні роўнасці». На гэтыя законы абапіраюцца людзі, калі абараняюць у судзе свае правы аб абароне гонару і годнасці.
Напрыклад, быў прэцэдэнт, калі суд абавязаў бізнэсоўца і палітыка Фёдара Геліча публічна папрасіць прабачэньня ў ЛГБТ-грамадзян Рэспублікі Малдова за свае заклікі да гвалту, дыскрымінацыі і фізічнага зьнішчэння гомасэксуалаў, якія ён зрабіў у эфіры аднаго прыватнага тэлеканала ў студзені 2012 года.
Анжаліка Фралова падкрэсліла, што актывісты імкнуцца прыцягваць да адказнасці за распальванне варожасці і нянавісці, перш за ўсё, публічных, вядомых людзей, таму што менавіта яны ўплываюць на грамадскую думку. Кампенсацыя, якую звычайна патрабуюць у судзе пазоўнікі, — адзін са спосабаў паўплываць на людзей, каб яны сачылі за сваімі выказваннямі ў далейшым.
«Калі трэба плаціць са сваёй кішэні, гэта спыняе некаторых людзей», — кажа Анжаліка Фралова.
Дарэчы, актывісты грамадзянскай супольнасці нават падавалі ў суд на прэзідэнта за ўжыванне мяккай мовы варожасці.
У Малдове СМІ адказныя за змест каментароў, якія карыстальнікі пакідаюць на сайтах. Адзін з малдаўскіх парталаў быў прызнаны вінаватым у распаўсюдзе нянавісці, бо не мадэраваў каментары.
Разам з тым няма спецыяльнага органа, які адсочвае выкананне гэтых абавязацельстваў. Рэгулюецца праз рэакцыі грамадзянскай супольнасці. Дарэчы, арганізацыя «Genderdoc‑m» праводзіць бясплатныя трэнінгі, дзе распавядаюць, што такое свабода слова і дзе можа хавацца мова варожасці.
Кэці Морыс, кіраўнік Праграмы па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Article’19 распавяла аб падыходах у медыйным рэгуляванні.
Гэта можа быць заканадаўчае рэгуляванне, сумеснае рэгуляванне і самарэгуляванне.
Самарэгуляванне найбольш падыходзіць для прэсы, бо прадугледжвае мінімальны абмежавальны падыход і звязана з прасоўваннем этычных стандартаў.
Медыя існуюць, каб служыць людзям, якія іх чытаюць. І задачы медыйнага самарэгулявання заключаюцца ў тым, каб падтрымліваць журналісцкую этыку і стандарты журналісцкай дзейнасці; ускладаць адказнасць за прафесіяналізм на паасобных журналістаў; ускладаць адказнасць перад грамадствам на СМІ; забяспечваць абарону для членаў журналісцкай прафесійнай супольнасці; памяншаць ўмяшанне дзяржавы ў працу СМІ.
Вызначаюць 5 асноўных заданняў для органа па самарэгуляванні:
- Адвакатаванне свабоды СМІ і свабоды выказвання меркавання;
- Прасоўванне цэхавага кодэкса этыкі ў журналісцкай супольнасці;
- Правядзенне кампаній за адказнае выкарыстанне інфармацыі ў грамадстве;
- Судовыя цяжбы і медыяцыя скаргаў;
- Маніторынг і падрыхтоўка справаздач пра медыйныя трэнды.
Кэці Морыс адзначыла, што для Беларусі самарэгуляванне важнае, таму што яно скарачае магчымасці ўладаў для цэнзуры і абмежаванняў. Для беларускай супольнасці гэта найбольш прымальна.
З іншага боку орган самарэгулявання павінен быць і органам абароны для работнікаў медыя, асабліва калі гаворка ідзе пра спробы абмежаваць свабоду выказвання.
«Гэтая сістэма звычайна пачынаецца з распрацоўкі кодэксаў этыкі, стварэння саветаў па рэгуляванні медыя, інстытута амбудсмена. І гэта не карны орган. Ён абараняе журналістаў і прасоўвае стандарты журналістыкі. Калі сістэма самарэгулявання існуе, яна з’яўляецца эфектыўным інструментам і дае нейкую абарону ад судовых цяжбаў», — адзначыла прадстаўніца Article’19.
Што да Беларусі, то спробы распрацаваць нейкія нормы, вызначыць што такое мова варожасці, прадпрымаюць прадстаўнікі праваабарончай супольнасці.
Так, ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» рабіла маніторынг мовы варожасці ў медыя. І яго вынікамі самі прадстаўнікі медыя былі не вельмі задаволеныя. Паколькі няма аднагалоснага меркавання, што канкрэтна можна аднесці да мовы варожасці (напрыклад, выкарыстанне слова «цыганы»). І, заўважым, у несвабодных умовах працы медыя дадатковыя абмежаванні наўрад ці могуць кагосьці радаваць.
Аднак пазітыўны факт, што ў прафесійнай супольнасці падымаюцца дыскусіі аб тым, што ёсць нормай і дзе межы дазволенасці.
Кіраўнік ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» Алег Ражкоў адзначыў, што ў час даследавання пра мову варожасці ў беларускіх медыя былі зафіксаваныя выпадкі, калі камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў разглядала матэрыялы з элементамі мовы варожасці.
Таксама Андрусь Клікуноў, які шмат гадоў займаецца пытаннямі фрыланс-журналістыкі, і быў адным з тых, хто пачынаў працу ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць», адзначыў, што ў 2013 годзе група ў Facebook «Журналісты за талерантнасць» налічвала 5 чалавек. Зараз у ёй каля 800 чалавек.
«І там ужо нават не патрабуецца мадэрацыя. Журналісты самі абмяркоўваюць хвалюючыя іх пытанні «, — кажа Клікуноў.
Старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец нагадаў, што ў арганізацыі ёсць дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі. Пад гэтым дакументам, у якім гаворыцца, што журналіст абавязаны не дапускаць дыскрымінацыі, ставяць свой подпіс ўсе сябры БАЖ. Таксама ёсць Кодэкс журналісцкай этыкі, які служыць рэкамендацыяй ў працы журналістаў. Дзейнічае і Камісія па этыцы, у якую заўсёды можна звярнуцца, каб атрымаць экспертную ацэнку ў выпадку ўзнікнення спрэчнай сітуацыі.
Аднак наша грамадства, і журналісцкая супольнасць у прыватнасці, расколатае.
«Мы можам казаць пра ўздзеянне толькі на тую частку, якую аб’ядноўвае БАЖ. Таксама нагадаю, што цяперашнія этычныя кодэксы ствараліся ва ўмовах традыцыйных медыя. Складана сказаць, як медыяландшафт будзе выглядаць праз некалькі гадоў. Таму складана казаць пра яго рэгулявання», — заўважае Бастунец.
«Мяне «напружвае» не толькі тэрмін мовы варожасці. Але і тое, што пад гэта спрабуюць падвесці і потым выкарыстоўваць у розных сацыялагічных замерах. Пад вызначэнне мовы варожасці часта трапляюць паняцці, якія не маюць ніякага дачынення да гэтага, — падкрэслівае Андрэй Бастунец. — Я чую, як трэнеры распавядаюць журналістам, як трэба пісаць. І ў выніку атрымліваецца абсалютна выхалашчаная нататка, напісаная канцылярскай мовай. Нельга размываць паняцце «мова варожасці» і ўключаць у яго ўсё запар. Трэба быць вельмі акуратным і разумець, што ёсць мноства жанраў журналістыкі, якія патрабуюць розных падыходаў. І, агучваючы свае рэкамендацыі, варта быць акуратным. У адваротным выпадку можна атрымаць медыя горш, чым савецкая прэса ў эпоху «застою».
Можна сказаць, што ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся з тым, што талерантнасць расце не з рамак забароны. І пытанне перш за ўсё не ў лексіцы, а ў дыскурсе, які ствараецца. Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Ганна Бараноўская адзначыла, што варта дзейнічаць асцярожна. Таму што можна дайсці да крыміналізацыі мовы варожасці, і тым самым даць у рукі ўладаў інструмент для кантролю і пакарання.
Фота Таццяны Ткачовай