Маніторынг: “Асвятленне прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў беларускіх медыя». Фінальная справаздача
Маніторынг: “Асвятленне прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў беларускіх медыя”
Выніковы даклад
(25 траўня — 20 жніўня 2020 г.)
Даклад падсумоўвае вынікі маніторынгу асвятлення прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў беларускіх медыя.
1. Уводзіны
2. Падсумаванне
3. Асноўныя вынікі
Прэтэндэнты, кандыдаты і асаблівасці асвятлення кампаніі
3.1 Дзяржаўныя медыя
3.2 Прамы доступ
3.3 Выбаршчыкі, недзяржаўныя медыя і іх пазіцыянаванне
3.4 Недзяржаўныя медыя
4. Медыйныя ацэнкі кампаніі
5. Высновы
1. Уводзіны
Базуючыся на якасным і колькасным аналізе[1] публікацый выбарчай тэматыкі ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ[2], маніторынг меў на мэце спрыяць прафесійнаму і аб’ектыўнаму асвятленню выбарчай кампаніі. А таксама звярнуць увагу калег на тое, што поўнае і неперадузятае інфармаванне выбаршчыкаў пра электаральны працэс, праграмы кандыдатаў, меркаванні іх прыхільнікаў і апанентаў — прафесійны абавязак журналістаў і медыя.
2. Падсумаванне
● Мінулая кампанія вылучалася надзвычай высокай актыўнасцю выбаршчыкаў, што выявілася ўжо на этапе збору подпісаў на карысць некаторых апанентаў дзеючага Прэзідэнта.
● На гэтую актыўнасць улады адрэагавалі шматлікімі затрыманнямі і арыштамі сябраў ініцыятыўных груп, грамадскіх актывістаў і апазіцыйных палітыкаў. Нарэшце, быў арыштаваны і самы папулярны прэтэндэнт на пасаду Прэзідэнта Віктар Бабарыка, а таксама яго сын Эдуард — кіраўнік ініцыятыўнай групы. Крымінальная справа была заведзеная і ў дачыненні яшчэ аднаго прэтэндэнта Валерыя Цапкалы.
● Дзяржаўныя медыя, у сваю чаргу, імкнуліся мінімізаваць увагу да выбарчай кампаніі, а таксама дыскрэдытаваць яе галоўных актараў, а менавіта, — апанентаў дзеючага Прэзідэнта і іх шматлікіх прыхільнікаў.
● Навінавыя праграмы беларускага ТБ і радыё толькі зрэдчас анансавалі сюжэты, прысвечаныя гэтай тэматыцы. А самымі важнымі і топавымі былі сюжэты, звязаныя з паездкамі дзеючага Прэзідэнта па краіне, яго сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемстваў і прадстаўнікамі сілавых структур, выступы перад рэгіянальнымі адміністрацыямі і г. д. І толькі ў заключны перыяд кампаніі, калі пачалося датэрміновае галасаванне, тэма выбараў сталася дамінантнай.
● Агульны фон асвятлення кампаніі складалі поспехі краіны, дасягнутыя дзякуючы таленту дзеючага Прэзідэнта і беларускага народа.
● Акрамя дэманстрацыі поспехаў у эканоміцы, сацыяльнай сферы, медыцыне і культуры асвятленне кампаніі абапіралася і на некаторыя іншыя прапагандысцкія пасылы. А менавіта: апаненты дзеючага Прэзідэнта — дэструктыўная сіла, у краіне ідзе добра арганізаваная кампанія па дыскрэдытацыі ўлады, Беларусь апынулася перад пагрозай страты дзяржаўнага суверэнітэту.
● Даволі частымі былі і канспіралагічныя алюзіі. Апаненты рэжыму трактаваліся як змоўшчыкі і марыянеткі, дзеяннямі якіх кіруюць “лялькаводы” з Усходу і Захаду праз папулярныя ў краіне блогі і стрымы. Выбаршчыкаў застрашвалі замежным умяшальніцтвам і падзелам краіны, што мусяць адбыцца, калі да ўлады прыйдуць апаненты рэжыму.
● Зарэгістраваныя кандыдаты атрымалі права доступу да дзяржаўных медыя. Дзеючы Прэзідэнт (і адначасова кандыдат), аднак, адмовіўся ад запісу медыязваротаў да выбаршчыкаў, а таксама ад удзелу ў дэбатах. Разам з тым на пачатку датэрміновага галасавання ён выступіў з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, якое фактычна і было яго перадвыбарчай праграмай.
● Што да зваротаў іншых кандыдатаў, то яны трансляваліся ў нярэйтынгавы час. А іх прыхільнікі і апаненты не мелі магчымасці абмеркаваць іх змест па дзяржаўным тэлебачанні ці радыё.
● Выступы кандыдатаў не анансаваліся. Іх прозвішчы ў праграмах перадач не падаваліся. Інфармацыя пра чарговасць і час выступу кожнага з іх адсутнічала. Праграмы перадач адно пазначалі: “Выступления кандидатов в Президенты Республики Беларусь”.
● Адрозна ад дзяржаўных недзяржаўныя медыя акцэнтавалі ўвагу на непасрэдных удзельніках кампаніі, развіцці і дынаміцы выбарчага працэсу, актыўнасці выбаршчыкаў. У цэнтры іх увагі былі таксама асобы ўсіх кандыдатаў і іх палітычныя пазіцыі.
● Важнымі тэмамі былі таксама грамадскія ініцыятывы, звязаныя з назіраннем і падлікам галасоў, а таксама затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый і незалежных журналістаў.
● Паслявыбарчыя ацэнкі кампаніі ў дзяржаўных і недзяржаўных медыя розніліся супрацьлеглым чынам. А тое, як названыя медыя асвятлялі саму кампанію, галасаванне і іх вынікі, масавыя пратэсты выбаршчыкаў, абураных непразрыстай працэдурай падліку галасоў і іх фальсіфікацыямі, выявіла глыбокі раскол у медыйнай супольнасці краіны.
Надалей будуць выкладзеныя канкрэтныя факты і колькасныя паказчыкі, на падставе якіх можна меркаваць пра асаблівасці і тэндэнцыі асвятлення прэзідэнцкай кампаніі.
3. Асноўныя вынікі
Няма сумневу, што некаторыя важныя факты і падзеі паспрыялі цікавасці да сёлетняй кампаніі. А менавіта, гаворка пра з’яўленне прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта, якія не належаць да традыцыйнай апазіцыі, імклівы рост папулярнасці некаторых з іх, нечаканая палітызацыя значнай часткі гарадскога насельніцтва, якое раней не брала ўдзел у палітыцы, змены ў сродках і спосабах атрымання інфармацыі, нарэшце, драматычныя падзеі, звязаныя з арыштамі сябраў ініцыятыўных груп, узбуджэнне крымінальных спраў супраць двух найбольш папулярных альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, арышт самага папулярнага з іх — сп. Бабарыкі, а таксама некаторых вядомых блогераў, грамадскіх актывістаў і палітыкаў.
Прэтэндэнты, кандыдаты і асаблівасці асвятлення кампаніі
3.1 Дзяржаўныя медыя
Варта адзначыць, што, калі падчас папярэдніх кампаній галоўнай медыйнай персонай была старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, то падчас гэтай аўтарам найбольш яркіх выказванняў быў кіраўнік краіны сп. Лукашэнка.
Вось адно з такіх выказванняў, якое перадае танальнасць жорсткага супрацьстаяння ўлады некаторым яе апанентам: “Представители ряда инициативных групп злоупотребляют правом на проведение пикетов для раскачивания ситуации и дестабилизации общественно-политической обстановки, потом они сформируют команды и группы боевиков, которые, не исключено, захотят организовать побоище на площади” (“Панорама”, “Беларусь 1”, 09.06.2020).
І ў адным з выпускаў навінавай праграмы “Панорама” Прэзідэнт фактычна заяўляў пра ўжыванне сілы ў выпадку актыўных і масавых пратэстаў: “В нужное время в нужном месте мы приведём всех в чувство! Переворота в стране не будет, Майдана тем более!” (“Панорама”, “Беларусь 1”, 10.06.2020).
Час ад часу дзяржаўныя медыя акцэнтавалі ўвагу на тым, што некаторыя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду дзейнічаюць паводле ўказанняў замежных цэнтраў. Напрыканцы перыяду збору подпісаў, калі адзін з прэтэндэнтаў ужо быў за кратамі, інфармацыйнае агенцтва БелТА цытавала дзеючага Прэзідэнта: «Маски сорваны с определенных не только кукол, которые у нас здесь были, но и кукловодов, которые сидят за пределами Беларуси”. https://www.belta.by/president/view/net-bolshej-tsennosti-chem-suverennaja-i-nezavisimaja-belarus-lukashenko-niko
Варта адзначыць і агульны эмацыйны тон выказванняў, які часам выглядаў на апакаліптычны. “Нынешнее лето — важный экзамен для власти… На кону — мир, суверенитет, будущее”, — казаў на пачатку аднаго з выпускаў праграмы “Контуры” яе вядоўца (“Контуры”, АНТ, 07.06.2020).
Парадаксальна, але нягледзячы на даволі высокую эмацыйную напружанасць кампаніі, увага да выбарчай тэматыкі спецыяльна не падкрэслівалася: анонсы ў выпусках навін на радыё і ТБ, як правіла, адсутнічалі. Друкаваныя выданні не мелі адпаведных рубрык, матэрыялы публікаваліся спарадычна. Што да падзей выбарчай кампаніі, то гаворка пра іх даволі часта ішла ў кантэксце выказванняў Прэзідэнта альбо ўскосна.
Вылучым некаторыя характэрныя асаблівасці асвятлення кампаніі, якія добра бачныя на дыяграмах маніторынгу:
Увага на “галоўнага” прэтэндэнта. Абагульняючыя дыяграмы суб’ектаў выбарчага працэсу паказваюць, што сп. Лукашэнка, Прэзідэнт і адначасова прэтэндэнт на новы тэрмін, займаў цэнтральнае месца ва ўсіх дзяржаўных медыя. Да прыкладу, вечаровыя навінавыя тэлевізійныя праграмы “Наши новости” (25.05. — 08.08.2020) і “Панорама” (25.05. — 08.08.2020) сумарна прысвяцілі яму па 75 % эфірнага часу параўнальна з іншымі суб’ектамі кампаніі. А ранішняя праграма “Радыёфакт” (25.05. — 08.08.2020) — 73 %.
У іншых дзяржаўных медыя, як электронных так і друкаваных, назіралася аналагічная карціна. А калі лічбы “прысутнасці” былі меншыя, то тое тычылася рэгіянальных СМІ.
Ігнараванне і дыскрэдытацыя апанентаў. З адзначанай вышэй тэндэнцыяй рэзка кантрастуе прэзентацыя іншых кандыдатаў. У шэрагу дзяржаўных медыя яны толькі ўзгадваліся, г. зн., падчас публікацыі ці агучвання інфармацыі датычна рэгістрацыі кандыдатаў. Напрыклад, аднолькавыя лічбы “прысутнасці” (0,019 %) апанентаў дзеючага Прэзідэнта на дыяграме газеты “Могилёвская правда” азначаюць, што іхныя прозвішчы адно называліся ў інфармацыі ЦВК.
А ў тых дзяржаўных медыя, дзе прэтэндэнты былі прысутныя, іх партрэтавалі ў адмоўным ці надзвычай адмоўным святле. (На дыяграмах дзяржаўных СМІ гэта слупкі чырвонага колеру.)
З такімі ацэнкамі апанентаў кантрастуюць характарыстыкі галоўнага прэтэндэнта, якія былі альбо надзвычай станоўчыя, проста станоўчыя, альбо нейтральныя. (Слупкі зялёнага ці белага колеру адпаведна.)
Непрыярытэтнасць тэмы. Парадоксам можа выглядаць тое, што дзяржаўныя медыя мінімізавалі тэму выбараў, прынамсі, што тычыцца большай часткі кампаніі. Аднак гэта сапраўды так. І ў гэтым ёсць пэўны сэнс, а менавіта — тэма зрабілася прыярытэтнай толькі тады, калі распачалося датэрміновае галасаванне (амаль за тыдзень да дня асноўнага галасавання). У гэты перыяд дзяржаўныя медыя імкнуліся не толькі мабілізаваць выбаршчыкаў узяць удзел у датэрміновым галасаванні, але і прыхавана альбо адкрыта агітавалі за дзеючага Прэзідэнта, які на пачатку перыяду датэрміновага галасавання выступіў са зваротам да народа і парламента.
Вось прыклады такой агітацыі. Вядоўца навінавай праграмы “Панорама”: “Поддержать своего кандидата досрочно можно по 8 августа включительно. Необходимо лишь предъявить документ, удостоверяющий личность. Сегодня на участках оживлённо, и причина тому в том числе и прозвучавшее накануне послание президента, которое имеет огромный резонанс”(“Панорама”, “Беларусь 1”, 05.08.2020).
І яшчэ адно выказванне, пабудаванае паводле той жа прапагандысцкай мадэлі: “Уже третий день белорусы продолжают активно выражать свою гражданскую позицию и приходят на избирательные участки, чтобы отдать голос за своего кандидата. Что сплачивает всех — переживание за будущее страны. Свежо в памяти и прозвучавшее послание президента народу и парламенту, искренние слова всколыхнули сердца белорусов” (“Панорама”, “Беларусь 1”, 06.08.2020).
За кошт падобных матэрыялаў час і плошча, адведзеныя выбарчай тэматыцы ў дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ, істотна павялічыліся.
Толькі адно параўнанне. Калі падчас папярэдняга перыяду кампаніі (05.07. — 02.08.2020) тэма выбараў у навінавай праграме “Радыёфакт” Першага нацыянальнага канала займала 3.38 % часу параўнальна з іншымі тэмамі, то ў апошні тыдзень яе доля ўжо сягала 30 %.
3.2 Прамы доступ
Выступы і медыядэбаты кандыдатаў — найбольш істотная частка агітацыйнай кампаніі. Абавязак забяспечыць прамы доступ Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) усклала на дзяржаўныя медыя.
Параўнальна з прэзідэнцкай кампаніяй 2015 г. рэйтынгавасць выступаў кандыдатаў, аднак, пагоршылася. Калі ў 2015 г. тэлезвароты пачыналіся ўвечары з 19.30 (у 2010 г. з 19.00), то сёлета — з 17.00. Няма сумневу, што значная частка працоўнага насельніцтва не мела магчымасці пазнаёміцца з імі ў вызначаны час.
Разам з тым дзяржаўныя друкаваныя і электронныя медыя папярэдне адмыслова не анансавалі тэле- і радыёзвароты кандыдатаў. Праграмы перадач не друкавалі іх прозвішчаў. А інфармацыя пра чарговасць і канкрэтны час пачатку выступаў кожнага канкрэтнага кандыдата адсутнічала.
У нярэйтынгавы час канал “Беларусь 1” трансляваў і тэледэбаты (ад 17.00).
Фармальна дзяржаўныя медыя забяспечылі роўны доступ кандыдатам. Аднак праз пагаршэнне рэйтынгавасці відэа‑, аўдыязваротаў і тэледэбатаў спрычыніліся да змяншэння да іх увагі з боку выбаршчыкаў.
На сайце Белтэлерадыёкампаніі запісы гэтых зваротаў не дубляваліся. Пошук па запыце “Выступления кандидатов в президенты” прыводзіць да відэазваротаў кандыдатаў-спойлераў кампаніі 2015 г. (https://www.tvr.by/videogallery/informatsionno-analiticheskie/vystupleniya-kandidatov-v-prezidenty/).
Што да зместу выступаў кандыдатаў-апанентаў, то стаўленне да іх з боку дзяржаўных журналістаў і медыя агучыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі сп. Эйсмант: “Предвыборные речи некоторых кандидатов просто пропитаны неправдой, что мы не раз демонстрировали в наших программах” (“Понятная политика плюс”, “Беларусь 1”, 29.07.2020). Зразумела, што ў тыя тэлевізійныя праграмы, якія меў на ўвазе старшыня, кандыдатаў не запрашалі. Адпаведна, яны не мелі і магчымасці адказаць.
Прысутнасць жа альтэрнатыўных кандыдатаў у дзяржаўных медыя па-за межамі прамога доступу была не проста мінімальная, а мізэрная, што і дэманструюць “замеры” іх прысутнасці ў дзяржаўных медыя, пададзеныя вышэй.
Як ужо адзначалася, дзеючы Прэзідэнт адмовіўся ад выступаў па радыё і на тэлебачанні ў вызначаныя ЦВК дні і ў межах адведзенага ім часу. Але на пачатку перыяду датэрміновага галасавання ён звярнуўся са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Няма сумневу, што гэта была яго перадвыбарчая праграма. Бо выступ паўтараў шэраг раней агучаных ім тэзаў. А канцоўка Паслання адсылала да ранейшых заяў датычна сілавога варыянту захавання ўлады: “И помните, у нас есть милиция, и армия, и спецслужбы. Это дети тех, кого вы хотите запрячь в телегу и погонять кнутом. Они — люди в погонах — вам этого сделать не позволят! (…) Вы опоздали ровно на четверть века. Мы сегодня крепко держим в руках будущее. Будущее нашей независимой Беларуси. Страну мы вам не отдадим”. (https://www.sb.by/articles/prezident-nezavisimost-stoit-dorogo-no-ona-stoit-togo-chtoby-ee-sokhranit-i-peredat-budushchim-pokol.html)
Пасланне транслявалася наўпрост удзень і ў запісу ўвечары ў самы рэйтынгавы час практычна па ўсіх тэлевізійных каналах і на дзяржаўным радыё. Сумарны эфірны час выступу прэтэндэнта склаў прыкладна 24 гадзіны.
Для параўнання: паводле вызначанай ЦВК працэдуры, кожны кандыдат меў права на два паўгадзінныя звароты да выбаршчыкаў па ТБ і два паўгадзінныя выступы на радыё ў нярэйтынгавы час.
3.3 Выбаршчыкі, недзяржаўныя медыя і іх пазіцыянаванне
Цягам усёй выбарчай кампаніі ў дзяржаўных медыя выразнай была тэндэнцыя крыміналізацыі апанентаў рэжыму, а менавіта, гаворка пра выбаршчыкаў-прыхільнікаў некаторых альтэрнатыўных кандыдатаў. Да прыкладу, праграма “Главный эфир” (“Беларусь 1”, 31.05.2020), інтэрв’ю з першым намеснікам міністра ўнутраных спраў краіны, сп. Г. Казакевічам: «…В последнее время стали поступать угрозы в отношении председателей избирательных комиссий, которые проводили выборы в парламент. Т. е. сами комиссии еще не сформированы на нынешние выборы, а угрозы людям и членам их семей уже поступают».
Двума тыднямі пазней праграма “Наши новости. Субботний выпуск”, (АНТ, 13.06.2020) паведаміла пра пагрозы жонцы аднаго з міліцыянтаў, які ўдзельнічаў у затрыманні кіраўніка ініцыятыўнай групы сп-ні Ціханоўскай. Міністр унутраных спраў сп. Караеў казаў: “Другое дело, что супруге пошли угрозы, что она супруга милиционера этого. Ну мы их, естественно, установим”.
“Есть и другие примеры. Уголовщина, не иначе”, — пракаментавала словы міністра журналістка.
Маючы надзвычай негатыўную рэпутацыю, выбаршчыкі, якія падтрымлівалі альтэрнатыўных кандыдатаў, у дзяржаўных медыя цалкам адсутнічалі. Увогуле ж ніхто з апанентаў не меў у іх голасу. Названыя медыя адно агучвалі пазіцыю “за Лукашэнку”.
Асабліва шмат такіх выказванняў было ў заключны перыяд кампаніі падчас датэрміновага галасавання. Галасы гэтых выбаршчыкаў (суб’ект “Электарат”) адлюстраваныя на дыяграмах. Пераважна зялёны колер азначае, што дзяржаўныя медыя рэпрэзентавалі такіх выбаршчыкаў у станоўчым святле. Раз-пораз пазітыўныя выказванні “пацвярджаліся” дадзенымі сацыялагічных апытанняў, праведзеных невядомымі ці малавядомымі праўладнымі цэнтрамі.
Бадай упершыню за ўсю гісторыю правядзення выбарчых кампаній у краіне дзяржаўныя СМІ пачалі казаць пра пагрозу стабільнасці грамадству з боку недзяржаўных медыя, якія, на іх думку, выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі для каардынацыі пратэстных дзеянняў. У прыватнасці, гаворка ішла пра Telegram каналы, а таксама Радыё “Свабода”.
У тыднёвай праграме “Клуб редакторов” (“Беларусь 1”) кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі сп. Эйсмант адзначыў: “Калі ўважліва паглядзець гэтыя дзівосныя стрымы Радыё “Свабода” з усіх гэтых пікетаў, якія ператвараліся ў масавыя мерапрыемствы, што пацверджана загалоўкамі ў незалежных СМІ, канешне, там абсалютна праглядаецца тэхналогія. «Чаго вы прыйшлі?» — «Я незадаволены». «За каго будзеце галасаваць?» — «Я буду галасаваць супраць». «А хто пераможа?» — «Пераможам, бадай што, не мы». «А што вы будзеце рабіць 9 жніўня?..» https://www.svaboda.org/a/30692928.html
Крыху пазней у падрыхтоўцы канфлікту былі абвінавачаныя і беларускія недзяржаўныя медыя. Падчас перадачы “Клуб редакторов” старшыня Белтэлерадыёкампаніі сп. Эйсмант цвердзіў: “Часть СМИ, довольно популярных, откровенно стала на антигосударственные рельсы…”. А галоўны рэдактар “Беларусь сегодня” сп. Жук удакладніў: “Они переворот готовят”.
“Негосударственные СМИ ведут войну против другого мнения”, — падсумавала праграма выказванні сп. Жука. Цікавая дэталь: калі гаворка заходзіла пра недзяржаўныя медыя і незалежных журналістаў, то на заднім плане інтэр’ера студыі раз-пораз з’яўляліся баявыя патроны з пяром альбо граната (“Клуб редакторов”, “Беларусь 1”, 24.07.2020).
3.4 Недзяржаўныя медыя
Нагадаю, што аб’ектамі маніторынгу былі зарэгістраваныя недзяржаўныя медыя, а менавіта — інтэрнэт-газета www.naviny.by і друкаваныя выданні “Народная воля” і “Комсомольская правда” в Беларуси”.
Апошнія канцэнтравалі сваю ўвагу на галоўных дзеючых асобах выбарчага працэсу: кандыдатах, іх штабах, ЦВК і апазіцыі. Яны дастаткова шырока асвятлялі сустрэчы з выбаршчыкамі. Перадусім гаворка пра самую папулярную кандыдатку сп-ню Ціханоўскую, якую дзяржаўныя медыя альбо ігнаравалі, альбо партрэтавалі негатыўна.
А на пачатку кампаніі вялікі блок інфармацыі тычыўся арыштаванага прэтэндэнта сп. Бабарыкі, кіраўніка штаба сп-ні Ціханоўскай, яе мужа Сяргея Ціханоўскага, зняволеных блогераў і актывістаў. А таксама затрыманняў журналістаў.
Матэрыялы інтэрнэт-газеты www.naviny.by, датычная кампаніі, уваходзілі ў топ самых важных. І публікаваліся ў адпаведнай рубрыцы. Кампанія асвятлялася як у інфармацыйным, так і аналітычным ключы. Інтэрнэт-выданне ладзіла таксама дэбаты некаторых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.
Матэрыялы газеты былі збалансаваныя, што бачна з ацэнак суб’ектаў і ўвагі, якая размяркоўвалася паміж імі. А кола ўдзельнікаў выбарчай кампаніі было шырэйшым чым у дзяржаўных СМІ. Фокус увагі пры гэтым быў скіраваны на прэтэндэнтаў, але прапорцыі яе размеркавання былі іншыя параўнальна з дзяржаўнымі медыя.
Газета “Народная воля” сканцэнтравала сваю ўвагу на альтэрнатыўных прэтэндэнтах, якіх ацэньвала пераважна нейтральна альбо нейтральна і пазітыўна, калі гаворка ішла пра Ціханоўскую ці Бабарыку. Нейтральна і крытычна ставілася яна да дзеючага Прэзідэнта, ЦВК і ўладаў.
“Комсомольская правда” ў дачыненні да прэтэндэнтаў найчасцей займала нейтральную пазіцыю і, гэтак жа сама як і “Народная воля”, у шэрагу выпадкаў крытычна ставілася да ЦВК і ўладаў.
Адрозна ад дзяржаўных медыя названыя выданні імкнуліся пазбягаць ананімнасці актараў кампаніі, а таксама падавалі афіцыйныя назвы грамадскіх арганізацый, рухаў і палітычных партый.
Ацэнкі кампаніі
Дзяржаўныя медыя ацанілі прамінулую кампанію ў традыцыйным ключы. Г. зн., перадусім адзначылі святочны характар дня галасавання.
“Понимаете, это праздник”, — цытавала БелТА словы сп. Лукашэнкі. (https://www.belta.by/president/view/lukashenko-vybory-proshli-kak-prazdnik-no-te-kto-zahotel-ego-isportit-zasvetilis-esche-jarche-402288–2020/ ) А кіраўнік аднаго з гарвыканкамаў Магілёўскай вобласьці выказаўся так: “На самом деле это праздник… для нашего города и вообще для нашей страны” (“Навіны Рэгіёна”, ТРК “Магілёў”, “Беларусь 4”, 09.08 2020).
І ўжо ўвечары асноўнага дня галасавання дзяржаўнае тэлебачанне паведамляла пра перамогу дзеючага Прэзідэнта. Праграма “Наши новости”, АНТ (09.08.2020): “Лидирует Лукашенко”. І ў тым жа фрагменце інфармацыі адзначалася, што на закрытых (вайсковых) участках за яго прагаласавала 93,71% выбаршчыкаў.
На наступны дзень дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі заяву місіі назіральнікаў ад краін СНД пра тое, што выбары адбыліся, былі канкурэнтныя і адкрытыя. БелТА цытавала старшыню названай місіі сп. С. Лебедзева: «Миссия СНГ не обнаружила фактов, ставивших под сомнение легитимность выборов Президента Беларуси. (…) Миссия Содружества приходит к выводам, что выборы 9 августа проведены в соответствии с Конституцией и Избирательным кодексом Беларуси. Они были открытыми, конкурентными и обеспечили свободное волеизъявление граждан Беларуси». (https://www.belta.by/politics/view/missija-sng-ne-obnaruzhila-faktov-stavivshih-pod-somnenie-ligitimnost-vyborov-prezidenta-belarusi-402256–2020/).
А таксама ўсе дзяржаўныя медыя публікавалі віншаванні афіцыйных асобаў адрасаваныя Лукашэнку з нагоды ягонай перамогі на выбарах.
Сімптаматычна, што напярэдадні дня галасавання недзяржаўнае інтэрнэт-выданне naviny. by размясціла відэа, у якім распавядалася пра механізмы фальсіфікацыі выбараў у краіне (https://naviny.by/node/416163). І ўжо цягам дня, гэтак жа сама, як і ў наступныя пасля галасавання, пачалі з’яўляцца паведамленні пра выдаленні незалежных назіральнікаў з выбарчых участкаў, іх затрыманні, несумленны падлік галасоў, падробленыя пратаколы ды іншыя парушэнні.
А ў тых выпадках, калі падлік галасоў вёўся сумленна і выбаршчыкі змаглі пазнаёміцца з пратаколамі выбарчых камісій, сталася відавочна, што большасць прагаласавала супраць дзеючага Прэзідэнта.
Газета “Комсомольская правда” в Белоруссии”(14. 08.2020) пісала: “Рассказал «Комсомолке» Георгий. – Примерно в 22.50 вышел милиционер и сказал, что заведет одного представителя сфотографировать протокол. На участке № 8 за Тихановскую проголосовали 1869 человек, за Лукашенко – всего 705…”.
І яшчэ цытата з таго ж матэрыялу пад назвай “На некоторых участках в Минске Тихановская в несколько раз обошла Лукашенко”: “С большим перевесом Тихановская победила и на участке № 11 в поселке Лесной под Минском — более чем в пять раз. За Лукашенко тут проголосовали всего 178 избирателей, за Тихановскую — 947.
Ну а рекорд, судя по всему, был поставлен на участке № 27 в деревне Копище рядом с микрорайоном Новая Боровая: Тихановская набрала в 15 раз больше голосов, чем Лукашенко! Согласно вывешенному протоколу, за действующего президента — 83 избирателя, а за Тихановскую — 1248” (https://www.kp.by/daily/217167/4267621/).
‘Пра фальсіфікацыі і тое, як яны адбываліся, пісалі і іншыя недзяржаўныя газеты. “Народная воля”: “З самых розных рэгіёнаў сцякаецца інфармацыя пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання на шостых па ліку прэзідэнцкіх выбарах. У сеціве з’явіліся нават аўдыязапісы з выразным галасавым гучаннем мясцовых вертыкальшчыкаў наконт таго, што трэба перапісаць пратаколы на карысць А. Лукашэнкі” (В. Карбалевіч, “Народ пераможа”, 14.08.2020).
Асаблівасцю дня галасавання падчас гэтай кампаніі было тое, што да самага закрыцця выбарчых участкаў на вуліцах стаялі чэргі выбаршчыкаў. І шмат хто з іх заставаўся чакаць выніковых пратаколаў. Электрызаванасці сітуацыі дадаваў і той факт, што ўжо апоўдні з’явіліся перабоі ў працы інтэрнэту. Сайты недзяржаўных выданняў, якія актыўна асвятлялі выбарчую кампанію, час ад часу рабіліся недаступнымі.
І пасля закрыцця ўчасткаў выбаршчыкі пачалі стыхійна і масава збірацца на вуліцах беларускіх гарадоў.
Высновы
Дзяржаўныя медыя працавалі на карысць толькі аднаго прэтэндэнта — сп. Лукашэнкі. Нягледзячы на магчымасць прамых відэа- і аўдыязваротаў, апаненты дзеючага Прэзідэнта заставаліся ў ценю.
Названыя медыя не былі пляцоўкай для выказвання і абмеркавання альтэрнатыўных ці крытычных поглядаў адносна цяперашняга стану рэчаў у краіне, перспектываў яе развіцця і будучыні.
З ацэнак дзяржаўнымі СМІ шматгадовай дзейнасці Прэзідэнта Лукашэнкі вынікала, што яму няма альтэрнатывы. І ягонае непераабранне будзе найгоршым сцэнаром, з якога будуць вынікаць хаос, вайна, падзел краіны і страта незалежнасці.
Ад пачатку выбарчай кампаніі было відавочна, што дзеючы Прэзідэнт гатовы да сілавога варыянту ўтрымання ўлады.
Недзяржаўныя медыя асвятлялі выбарчую кампанію ў пераважна інфармацыйным ключы, выразна пазначалі пазіцыі розных кандыдатаў, ставіліся да іх нейтральна ці крытычна, а таксама агучвалі меркаванні розных удзельнікаў выбарчага працэсу. Важнай часткай асвятлення кампаніі былі таксама аналітычныя матэрыялы і меркаванні экспертаў і палітолагаў.
Ва ўсіх папярэдніх кампаніях (як прэзідэнцкіх, так і парламенцкіх) уплыў дзяржаўных СМІ на электаральны працэс быў вырашальны. Аднак падчас сёлетняй кампаніі яны, відавочна, страцілі частку свайго ўплыву, пра што сведчыла колькасць наведванняў і каментароў да выкладзеных у YouTube медыйных прадуктаў, якія належаць дзяржаўным тэлеканалам. Гаворка фактычна пра новы баланс даверу/недаверу да гэтых медыя.
Яшчэ адна прычына пераарыентацыі ўвагі выбаршчыкаў — прысутнасць у медыйнай прасторы краіны альтэрнатыўных крыніц інфармацыі са значна больш актуальным і дынамічным, чым у дзяржаўных электронных медыя, кантэнтам. Цягам усёй кампаніі гэтыя крыніцы былі лёгка даступныя праз мабільны інтэрнэт.
Ацэнкі выбарчай кампаніі, а таксама тое, як дзяржаўныя медыя асвятлялі саму кампанію, яе вынікі, масавыя пратэсты, замоўчваючы пры гэтым шматлікія затрыманні, брутальнае збіццё і катаванні мірных пратэстоўцаў, — падставы казаць пра сур’ёзны крызіс афіцыйнай журналістыкі.
Выбарчая кампанія таксама выявіла, што ў грамадстве сфармавалася рэальная патрэба ў гарызантальнай і нецэнзураванай камунікацыі. Шматлікія затрыманні журналістаў недзяржаўных медыя з’яўляюцца спробай разбурыць такую камунікацыю.
[1] Якасны аналіз абапіраўся на Кодэкс журналісцкай этыкі (прыняты ў 2006 годзе на з’ездзе ГА “БАЖ”); Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста; Освещение выборов в СМИ (Беларусь). Редакция 2016 г.; Международные стандарты освещения выборов в СМИ (Юридические и этические стандарты, рекомендации СМИ и отдельным журналистам).
А колькасны — на падлік часу (плошчы), адведзеных выбарчаму працэсу і яго галоўным дзеючым асобам. Дадаткам да гэтага Бюлетэню з’яўляюцца абагульняючыя графікі, з якіх можна счытаць інфармацыю датычна колькасных паказчыкаў маніторынгу і манеры рэпрэзентацыі розных суб’ектаў выбарчай кампаніі.
[2] Гэта навінавая праграма “Панорама” (“Беларусь 1”), праграма “Наши новости” (АНТ), штотыднёвая праграма “Главный эфир” (“Беларусь 1”), штотыднёвая праграма “Контуры” (АНТ), праграма ”Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё), праграма “Навіны-рэгіён” (ТРК “Магілёў”); інтэрнэт-рэсурсы www.naviny.by і www.belta.by; друкаваныя СМІ: “Беларусь сегодня”, “Народная воля”,”Звязда”, “Комсомольская правда” в Беларуси”, “Мінская праўда”, “Могилёвская правда”.
Больш ілюстрацый і метадалогія — у далучаных файлах.