• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Лукашэнку люблю ўсім сваім сэрцам». Хто такая Віталіна Петрусевіч, якая стала тварам прапагандысцкіх фільмаў магілёўскага тэлебачання

    23-гадовая прапагандыстка ў праграме «Всё по делу» зневажае землякоў, схопленых за іншадумства, а па-за эфірам прымярае вясельныя сукенкі. У юнацтве яна збіралася змагацца з няроўнасцю, а цяпер фраза «працуе АМАП» ласкае яе слых. 

    Прапаганда «найлепшая школа», а Лукашэнка «сапраўдны мужык»

    У тэлерадыёкампаніі «Магілёў» Віталіна Петрусевіч з 2022 года займае пасаду рэдактара. Яна называе сябе «дзяржаўнай журналісткай», а прапаганда для яе «найлепшая школа». Дзяўчына хваліцца, што дасягнула цяперашняй сваёй мэты, бо апазіцыянеры назвалі яе прапагандысткай.

    «Раўняюся на ПятрашкуЛебедзевуАзаронка, чытаю «Карані» Мукавозчыка», — пералічвае сваіх куміраў Петрусевіч.

    Яна захоплена расказвае пра сустрэчы з Лукашэнкам, якому ўдзячная за тое, што яе «дзяцінства прайшло пад мірным небам», а таксама за ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

    Лукашэнку 23-гадовая прапагандыстка называе «самым сапраўдным мужыком», якога яна «любіць усім сваім сэрцам» і «лепшага лідара ў свеце няма».

    «Не хачу цяпер ні пра каго думаць, акрамя як пра Аляксандра Рыгоравіча», — кажа яна.

    У манеры сваіх куміраў з ужываннем іхняга ж набору абразаў учорашняя выпускніца БДУ расказвае ў праграме «Всё по делу» пра землякоў, якія наважыліся не згаджацца з рэжымам Лукашэнкі і трапілі ў няволю.

    Разам са зняважлівымі выказваннямі запамінаецца ўхмылка вядучай.

    Партнёр Петрусевіч па праграме — Сяргей Пеклін — на пяць гадоў старэйшы і больш дасведчаны. Аднак найбольш адыёзныя выпускі дастаюцца менавіта Петрусевіч. Яе начальства лічыць, што дзяўчына ў прапагандысцкім фільме больш прыцягальная для гледача.

    Фільмы да праграмы зацвярджаюць ідэолагі з аблвыканкама і адмыслоўцы з КДБ.

    Роля вядоўцаў — «выразна, расстаўляючы акцэнты» прачытаць тэксты. Фільмы мантуюцца з фрагментаў аператыўных здымак сілавікоў. Зняволеныя на камеру агаворваюць сябе, а Петрусевіч каментуе іх «прызнанні».

    «Супрацоўнічаў з апазіцыянерамі, рабіў экстрэмісцкія даследаванні»

    У Магілёве Петрусевіч «праславіў» фільм аб зняволеным сацыёлагу, выкладчыку ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юрыі Бубнове.

    Калі была апублікаваная стужка, навукоўца ўтрымлівалі ў СІЗА і судом ён не быў прызнаны вінаватым ні ў чым.

    Аднак Петрусевіч з ухмылкай чытала: «у 2021 годзе падтрымліваў адносіны з прыхільнікамі радыкальных мер па змене ўлады».

    Толькі праз тры месяцы пасля выхаду фільма Бубнову прысудзілі два гады зняволення.

    «Твор» сілавікоў выклікаў шквал негатыўных эмоцыяў да Петрусевіч. Яна пра тое ведала і вымушаная была апраўдвацца.

    «Заслужаны — выкладчык ВНУ — гадоў 25 атрымліваў ад дзяржавы зарплату, прэміі і пры гэтым супрацоўнічаў з апазіцыянерамі, рабіў для іх экстрэмісцкія сацдаследаванні. У прыватнасці, цікавіўся ў сваіх студэнтаў, ці гатовы яны ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, збіванні, галадоўках…», — даводзіла прапагандыстка ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня».

    Нядаўні фільм аб «выкрыцці ў Магілёве ячэйкі экстрэмістаў» магілёўцы назвалі найбруднейшым з часоў гвалту 2020 года.

    У ім Петрусевіч з той жа ўхмылкай смакавала затрыманне былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова.

    «Твар гэтага барцуна мы пакажам крыху пазней, а пакуль няхай паляжыць…», — казала Петрусевіч пра Аляксея, які ляжаў на падлозе са скутымі за спінаю рукамі.

    Пра фразу прапагандысткі «няхай паляжыць» з агідаю выказваюцца нават блізкія да ўлады людзі.

    Паводле іх слоў, «дзеўка перастаралася ў самалюбаванні».

    «Ледзьве не да самаахвяравання…»

    Па выхадзе фільма з кадрамі затрымання Бацюкова Петрусевіч трапіла ў праграму Азаронка. З ёй ён гутарыў у кампаніі з Яўгенам Пуставым. Сваіх старэйшых калег прапагандыстка запэўнівала, што каментары «прапускае міма сябе». 

    Яна перакананая, што не варта задумвацца аб тым, што скажуць пра яе прыхільнасць да ўлады, а калі зʼявіцца сумнеў, то ёй не месца ў дзяржаўнай журналістыцы.

    Паводле яе, на першым плане павінна быць дзяржаўная палітыка, выразны патрыятызм і адданасць, ледзьве не да самаахвяравання.

    Усё, што выходзіць за межы — здрада, а яна здрадніцай быць не хоча.

    Ёй «было б добра, каб людзі каяліся за свае праступкі», а фраза «працуе АМАП» — ласкавыя для яе словы. Яны спадабаліся Азаронку.

    У гутарцы з Пуставым дзяўчына кажа, што абмінае маладзёжныя тусоўкі. Аддае перавагу працы і адпачынку на вёсцы ў бабулі. Вяжа кручком і ходзіць на рыбалку.

    Замуж не збіраецца. На пытанне Пуставога, колькі б хацела мець дзяцей, пагадзілася з ім, што траіх. Ён пахваліў каляжанку, што тая падтрымлівае наказ Лукашэнкі.

    Бракавала бацькоўскай увагі

    Віталіна Петрусевіч з Касцюковічаў — райцэнтра на паўднёвым усходзе Магілёўшчыны, які лукашэнкаўцы спрабуюць не адзін год ажывіць. Касцюкоўшчына — радзіма міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Паводле слоў мясцовых, міліцыянт «гаспадар раёну».

    Будучая прапагандыстка нарадзілася ў 2000 годзе ў сям’і супрацоўніка Касцюковіцкага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Петрусевіча і журналісткі мясцовай раёнкі Ірыны Петрусевіч, у дзявоцтве Багданавай. Маці з вёскі Канічы Касцюковіцкага раёна.

    Жыхары райцэнтра Ірыну Петрусевіч характарызуюць, як дзейную, прабіўную асобу.

    Са штатнай журналісткі яна даслужылася да галоўнай рэдактаркі дзяржаўнага выдання, а калі дачцэ было 18, стала намесніцай старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалогіі.

    У 2020-ым маці Віталіны прызначылі кіраваць адным з асноўных ідэалагічных рупараў вобласці — інфармацыйным агенцтвам «Магілёўскія ведамасці».

    Бацька прапагандысткі не з Магілёўшчыны. Яго родныя мясціны на Гомельшчыне. На «чужыну» ў прымакі ён перабраўся па жаніцьбе.

    За дваццаць гадоў Уладзімір Петрусевіч даслужыўся да падпалкоўніка ўнутранай службы. Пабываў кіраўніком раённага аддзела надзвычайных сітуацый, дэпутатам райсавета.

    У 2019-ым, калі жонка працавала ў райвыканкаме, заняў пасаду старшыні райсавета. Былому пажарніку праца ў райсавеце не падабалася.

    Праз 8 месяцаў, як Ірына Петрусевіч стала галоўнай рэдактаркай «Магілёўскіх ведамасцей», у абласным цэнтры знайшлося месца «ў сферы ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацый Магілёва» і для Уладзіміра Петрусевіча.

    Віталіна — адзіная іх дачка. Яна не мела патрэбы ні ў чым, але наракала, што ёй бракавала бацькоўскай увагі, бо яны былі пастаянна занятыя.

    Будучая прапагандыстка ў Касцюковічах скончыла гімназію. Вучылася добра. Станавілася пераможцай этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

    Дзяўчына са школьных гадоў вылучалася грамадскай актыўнасцю.

    Акурат у часы яе вучобы пачалі папулярызаваць ідэі ўстойлівага развіцця. Фінансаваліся праекты з бюджэту «несяброўскіх», як па цяперашнім часе, еўрапейскіх арганізацый. У гэту справу быў уцягнуты і Касцюковіцкі раён.

    У 15 гадоў Віталіна ездзіла ў дыскусійны лагер «Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай!». Туды ж прыязджалі дзеці з Латвіі і Украіны.

    У 2017 годзе Беларусь далучылася да павесткі дасягнення мэт устойлівага развіцця. Першым нацыянальным каардынатарам Лукашэнка прызначыў тагачасную намесніцу старшыні Савета Рэспублікі Марʼяну Шчоткіну.

    Касцюковіцкую гімназію зрабілі пляцоўкай для ажыццяўлення праектаў па ўстойлівым развіцці. Гэта быў час «лібералізацыі».

    Паводле праваабаронцаў, касцюковіцкая раённая газета, галоўным рэдактарам якой была маці Віталіны, агітавала за адзін з праектаў ЕС/ПРААН з бюджэтам 18 тысяч даляраў. Дзяржаўнае выданне шмат пісала пра фестываль Цэнтра падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця.

    2017 год стаў для Віталіны Петрусевіч «зорным». Яна пабывала на сустрэчы з Лукашэнкам і з ім нават пагутарыла пад камеры дзяржаўных СМІ.

    У той жа год будучую прапагандыстку прызначылі старшынёй маладзёжнага парламента Касцюковіч. Яна шмат удзельнічала ў конкурсах, прывозіла адтуль мноства дыпломаў, пра яе пісала дзяржаўная прэса.

    «Барацьбіт за правы і інклюзію»

    Па сканчэнні гімназіі Віталіна Петрусевіч паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Вучылася яна на эканамічным факультэце платна, каб атрымаць свабодны дыплом і не трапіць пад размеркаванне. Бацькі дзяўчыны ведалі, што гэта такое.

    У 2019-ым яна становіцца маладзёжным паслом Ідэяў устойлівага развіцця. Сферу сваіх інтарэсаў яна бачыла ў «змяншэнні няроўнасці».

    Дзяўчыну нават назвалі «будучым барацьбітом за правы і інклюзію». 

    Студэнтка Петрусевіч выступала за «ўключэнне ўсіх пластоў мясцовай супольнасці ў змены якасці свайго жыцця». Заяўляла аб намерах стварыць моладзевую грамадскую арганізацыю для рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця.

    Была Петрусевіч і прадстаўніцай Беларусі ў моладзевай палаце пры парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. Была ў камісіі па сацыяльнай палітыцы, гуманітарных пытаннях, спорту і турызму.

    Віталіну яе мінскія знаёмыя характарызуюць, як гаваркую, амбітную, даволі цынічную асобу, якая ведала каму, што і як казаць. Старанілася студэнцкіх тусовак.

    Яна пазбягала гутарак аб праблемах студэнцкага жыцця, а пратэсты 2020 года яе напалохалі. Будучая прапагандыстка разгублена назірала за ўдзелам студэнтаў у маршах.

    Пытанне Азаронка, як яна ставіцца да падзей трохгадовай даўніны, паставіла яе ў тупік. Сфармуляваць сходу думку ёй не ўдалося.

    Размахваючы рукамі, прапагандыстка выціснула з сябе, што пратэстоўцы сваімі «дзеяннямі дыскрэдытавалі краіну».

    Знаёмых з Мінска не здзівіла, што Петрусевіч, не здолеўшы зачапіцца ў сталіцы, аказалася на рэгіянальным тэлебачанні і здымаецца ў прапагандысцкіх роліках.

    «Яе фільмы не толькі гідкія, але бяздарныя і непераканаўчыя», — адзначаюць яны.

    Паводле іх меркавання, ухмылка Віталіны прафесійная, як у танцораў. Перад тым, як выпусціць у эфір, яе падвучылі на прафесійных курсах, лічаць яе знаёмыя.

    «Ёй усё роўна, што чытаць, але, як і мянты, яна ўстаўляе словы з нелітаратурнай мовы і капіюе іх інтанацыі. Для яе гэта і ёсць журналістыка», — падсумоўваюць суразмоўцы.

    Старанна гуляе па правілах

    Паводле самой Петрусевіч, яна з дзяцінства хацела стаць тэлевядоўцай. У 2022 годзе, калі пісала дыпломную, даведалася, што на рэгіянальнае тэлебачанне патрабуецца рэдактар, патэлефанавала, прайшла сумоўе і аказалася ў штаце. Цяпер стараецца стаць добрай журналісткай.

    На фотках, апублікаваных Віталінай у сацыяльных сетках, яна не падобная на прапагандыстку, слых якой ласкае фраза «працуе АМАП».

    У інтаграме на відэанарэзках апублікаваныя кадры, дзе яна гутарыць з сілавікамі.

    Здымкамі са зняволенымі Петрусевіч не пахвалілася.

    Затое апублікавала відэа, дзе яна вытанцоўвае і падпявае расійскаму спеваку, які выступае за вайну ва Украіне, Грыгорыю Лепсу. Прапагандыстка захоплена робіць сэлфі і выцягвае «я — счастливый, как никто».

    Выкладзеныя фота, на якіх прапагандыстка з кветкамі ды на прыродзе. Знятыя і вясковыя краявіды. 

    Віталіна Петрусевіч не згадвае сваёй актыўнасці ў гімназіі і ўніверсітэце, бо разумее: тое, што тады было дазволена, цяпер крамола.

    Таму ж Азаронку яна з неахвотаю прызналася, што бывала за мяжой, у Германіі і Літве. І тут жа адзначыла, што хацела б паболей паездзіць па Беларусі ды «колькі яшчэ месцаў добрых ёсць у Расіі».

    Ейная паказушная ўдзячнасць «сапраўднаму мужыку» Лукашэнку нагадвае гісторыю праўладнага гісторыка, адданага лукашэнкаўца Ігара Марзалюка. Фота з ім ёсць у яе інстаграме. 

    Марзалюк, як і Віталіна, з глыбінкі Магілёўшчыны — толькі з Краснаполля. Ва ўводзінах да адной са сваіх манаграфіяў яму давялося «каяцца ў грахах сваёй маладосці», каб трапіць ва ўладу.

    Петрусевіч жа хоча, каб «людзі каяліся».

    Тое, што казаў Марзалюк маладзейшым, цяпер цягне на «экстрэмізм». На нарадах з Лукашэнкам у вачах Марзалюка страх за сваю будучыню. Ён ведае, што з ім будзе, калі раптам апынецца ў няміласці Лукашэнкі.

    Гэтага страху пакуль не заўважна на твары маладой прапагандысткі Віталіны Петрусевіч. Яна жыве тым, што гісторыя для яе спынілася і наперадзе толькі паспяховая кар’ера.

    Аднак дзяўчына не можа не бачыць, што трапіла ў асяроддзе, дзе адно аднаго баіцца. Дзе пануе даносніцтва, а іначай там не выжыць. Пакуль яна ўпісваецца ў актуальныя патрабаванні і старанна гуляе па правілах.

    Чытайце яшчэ:

    Шмат відэапраектаў, новыя сайты і інтэрнэт-кнігарня. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў другой палове 2023-га

    2024 год — год Цмока. Як цмока ўяўлялі продкі беларусаў?

    Паўлюк Быкоўскі: Правайдэры атрымалі загад і выканалі яго кожны па-свойму

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці