• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літаратура з турмы. Андрэй Аляксандраў: «Краты — толькі хэштэг»

    15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні, Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар абвесьцяць ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Гэта партрэты літаратараў, якія працягваюць творчасьць за кратамі.

    Журналіст, мэдыямэнэджар, паэт

    Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца. Дзяцінства прайшло ў Паставах, куды бацьку перавялі па службе. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».

    Калі на неба глядзіш праз краты,
    ня бачыш кратаў, а бачыш неба.
    Учорашні хлеб пахне цьвільлю і стратай,
    А заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.

    У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Потым вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.

    Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацыяў Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19. Але вярнуўся ў Беларусь.

    Ты кажаш: неба — падман аптычны.
    Але падман — гэта краты, вер мне!
    Бо краты — толькі хэштэг, як звычка,
    А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.

     

    У 2015–2018 гадах быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у тым жа агенцтве мэдыякансультантам на дамове.

    Ды справы няма да хэштэгаў небу,
    пра трэнды неба зусім ня ў курсе,
    яно пад нагамі ня чуе глебы,
    ня лічыць стагодзьдзяў і хлебных лустаў.

    Захапляецца футболам (любімы клюб «Лівэрпуль»), літаратурай, піша вершы.

    І неба цягне аблокаў вату
    над часам — адзінае, што жыве.
    І неба таксама ня бачыць кратаў,
    Калі ўглядаецца ў неба ўва мне.

    Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 году і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Навучаньне ці іншае рыхтаваньне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне і іншае забесьпячэньне такой дзейнасьці»). Падставай для абвінавачаньня зьявілася тое, што, паводле Міністэрства ўнутраных спраў, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году аплаціў 250 штрафаў.

    Праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава палітвязьнем.

    У гэтай празрыстасьці бачна, як дыхае горад,
    сьцішана ў золата ўзьняўшы мільёны вачэй.
    Вочы чакаюць на знак, на Збавіцеля подых.
    Вочы спрабуюць забыцца, што будзе далей.

    Бачна наскрозь, нам нібы адкачалі паветра
    ды запалілі сьвятло: усё бачна, глядзі!
    Хто той Збавіцель?
    Ён — ты, які проста паверыў,
    што у празрыстасьці горада
    ты не адзін.

    30 чэрвеня 2021 году Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Трымаюць яго ў СІЗА № 1 Менску («Валадарцы»).

    Тут лета. І пекла. Жыцьцё ў адпачынку.
    Навіны прыходзяць хутчэй за лісты.
    Любоў у лістах, у навінах — навінкі.
    Зрываюцца пляны. Зрывае балты.

    Кіно пра вайну. Батальёны на маршы.
    Ляціць самалёт. Камісар кліча ў бой.
    Тут пекла і так — але вораг наш страшны.
    Палонных ня браць! Мы ваюем з сабой.

    Сядай, калі ласка. Сядзі. Будзь як дома.
    Такая сьпякота! Сядзі, пачакай.
    Адпусьціць вайна і пякельная стома —
    І шляхам адвечным пацягнемся ў рай.

    Сябры зьняволенага журналіста і паэта, якім ён дасылае лісты з‑за кратаў, адзначаюць ягоны нязьменны аптымізм і сілу думкі, шчодра прыпраўленую гумарам.

    «Я хацеў напісаць табе вершык, каб патрапіць хоць у нейкі шорт-ліст; каб у вершыку сьцяг быў ды вершнік, але гэта цяпер — экстрэмізм. Экстрэмізм жа ня ўхваляць на пошце — і шорт-ліст не сагрэе душу; то ня ў вершыку я, а ў прозе „Будзе добра ўсё!“ — так напішу».

    Калега Кастусь Лашкевіч, які жыў і вучыўся ў Лёндане ў той самы час, што і Андрэй Аляксандраў, кажа, што бліскучая адукацыя, узгадаваны інтэлект, прыроджаны талент лідэра і зайздросная працаздольнасьць гарантавалі яму пасьпяховае жыцьцё ў вольным сьвеце. Але, скарыстаўшыся дзеля самаўдасканаленьня ўсімі ягонымі магчымасьцямі, ён і ня думаў заставацца за мяжой.

    Сябры кажуць, што ўсе пляны Аляксандраў зьвязваў толькі зь Беларусьсю, дапамагаў беларускім незалежным мэдыя выжыць у нярынкавых умовах таталітарызму.

    Верасень выракам веры
    кроіць кастрычнік з кастроў.
    Шоўк шамаціць сярод цемры
    жоўтай паперай лістоў.

    Неба зваляная коўдра
    сьніць калыханку дажджу.
    Скончыцца сьвет. Будзе новы.
    Сьпі.
    Я цябе разбуджу.

    За кратамі ў зьняволеных ёсьць шмат часу на роздум і самааналіз учынкаў. Ці цьвеліць душу спадара Андрэя сумнеў у слушнасьці зробленага выбару? Ці не шкадуе ён пра змарнаваныя надзеі і пляны? Вершы, дасланыя сябрам, сьцьвярджаюць адназначны адказ на гэтыя пытаньні.

    Зноў дваццаты. І зноў грамадзянская,
    І чырвоныя зноў на кані.
    Мыем рукі. Трымаем дыстанцыю.
    І трымаем свой порах сухім.

    Чысьцім чаты. Маўчым толькі стогнамі.
    Крыж на памяць, як шнар, на далонь.
    Дваццаць першы. На конях чырвоныя.
    Гэтым разам драўляны іх конь.

    Белы сьцяг прыхаваем, ня выкінем,
    Не здаёмся — ірвем на бінты.
    Набрыняюць крыві нашай чырваньню,
    Прыдадуцца — у дваццаць другім.

    Мыем рукі. Трымаем дыстанцыю,
    Нас кароны ня ўводзяць у зман,
    Бо мы бачылі: на грамадзянскую
    Нам хапае ужо грамадзян.

    Пра прэмію імя Аляхновіча

    Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».

    У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя

    • 2013: Ігар Аліневіч

    • 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп

    • 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка

    • 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык

    • 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін

    15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні

    15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33‑і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня.

    Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і з калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

    Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 году ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.

    Саліл Трыпаці, старшыня Камітэту «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:

    «Пісьменьнікі павінны мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не павінны трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія цярпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны павінны заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкавальнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом зь пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клюбаў аднагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці