Ларыса Шчыракова: я веру ў місію журналіста
Перш чым стаць журналісткай, Ларыса Шчыракова працавала настаўніцай у школе, узначальвала грамадскую арганізацыю “Талака”. 8 гадоў таму яна ўзяла ў рукі відэакамеру, каб атрымаць новыя ўражанні і засвоіць прафесію аператара. Паступова Ларыса ўцягнулася ў журналістыку, без якой не ўяўляе свайго цяперашняга жыцця.
Ларыса Шчыракова ў свой час спрычынілася да адраджэння легендарнай гомельскай “Талакі”. Падчас яе старшынства былі адноўленыя некаторыя накірункі дзейнасці адной з найстарэйшых беларускіх арганізацый краіны. Талакоўцы пачалі зноў надаваць вялікую ўвагу рэканструкцыі старажытных абрадаў, вучыліся спяваць традыцыйныя спевы. “Пры Ларысе Шчыраковай “Талака” была вельмі цікавым месцам для тусоўкі. Вакол арганізацыі збіраліся файныя людзі”, — кажуць удзельнікі “Талакі”. Як і належыць чалавеку з дэмакратычнымі поглядамі, Ларыса Шчыракова перадала лейцы кіравання арганізацыяй малодшаму пакаленню. І да сёння “Талака” з’яўляецца адной з найбольш жывых грамадскіх арганізацый у гомельскім рэгіёне.
Яшчэ адзін этап у біяграфіі Ларысы Шчыраковай — праца над дакументальным фільмам пра міністра апекі БНР Палуту Бадунову. Гераіня публікацыі не толькі працавала над сцэнаром разам з Валерыем Мазынскім, але і выканала галоўную ролю ў фільме. “Я бачу пэўнае падабенства з характарам Палуты Бадуновай і сваім лёсам. Палута была эмансіпаванай жанчынай, станаўленне яе палітычнай кар’еры адбывалася ў вельмі неспрыяльных умовах”, — казала Ларыса Шчыракова ў адным з даўніх інтэрв’ю.
“У мяне ў дыпломе аб вышэйшай адукацыі пазначана, што я з’яўляюся настаўніцай гісторыі і англійскай мовы. Я і адпрацавала ў свой час настаўніцай. Мне гэтая праца збольшага падабалася, але ў нейкі момант я адчула, што трэба штосьці мяняць у жыцці. Мне не хапала ў педагогіцы самарэалізацыі”, — дзеліцца развагамі пра матывацыю пераходу ў журналістыку Ларыса.
“Яшчэ адной з прычын майго расчаравання ў педагогіцы – тое, што вынік працы бачны праз вялікі прамежак часу. А вось у журналістыцы самы кайф — гэта тое, што можаш, дзякуючы сваім матэрыялам, вельмі аператыўна бачыць вынікі. Гэта дадае натхнення і сіл. Безумоўна, не адразу ўсе праблемы пасля публікацыі вырашаюцца, але, прынамсі, людзі выказваюцца, ім робіцца лягчэй. Бываюць жа выпадкі, калі героям матэрыялаў нічога не застаецца акрамя як звярнуцца да журналіста, — кажа Ларыса.
Падчас сваёй працы журналістам Ларыса Шчыракова неаднойчы пераконвалася ў важнасці прафесіі.
— Наша работа вельмі-вельмі карысная для людзей. Для мяне заўжды было важна дапамагаць канкрэтнаму чалавеку, кантраляваць уладу. Калі мы кажам пра місію журналіста, то інфармаванне як накірунак дзейнасці для мяне — гэта трэцяя справа. Дапамога і грамадскі кантроль ўладаў — першасныя.
Гераіня публікацыі — якраз той прадстаўнік нашай прафесіі, які верыць у місію журналіста. Падчас нашай размовы, якая адбывалася пасля чарговага суда з прадказальным штрафам за працу без акрэдытацыі, з вуснаў Ларысы шматкроць зрываюцца фразы пра высокае прызначэнне журналіста. На маё пытанне пра веру ў высакароднасць прафесіі суразмоўца лаканічна і пераканана адказвае: “Так”.
“Нездарма прэсу называюць чацвёртай уладай. У дэмакратычным грамадстве гэта лепш бачна. У нашым – хоць не так відавочна, але гэта вельмі эфектыўны і моцны інструмент у абароне грамадзян, у вырашэнні іх праблемаў, кантраляванні ўладаў і супрацьстаянні чыноўніцкаму бязмежжу”, — перакананая Ларыса.
Яна і яе гомельскі калега Кастусь Жукоўскі з’яўляюцца рэкардсменамі ў фрылансерскай супольнасці па колькасці штрафаў за дзейнасць без акрэдытацыі. Праўда, апошнім часам улады сталі хітрэйшымі ў плане пераследу журналістаў. Цяпер буйныя штрафы даюць фармальна не за супрацу з замежнымі СМІ, а за незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі. Нягледзячы на тое, што “прадукцыю СМІ” вырабляюць юрыдычныя асобы, улады “творчым чынам” перанеслі адказнасць на плечы фізічных асобаў.
— Не магу сказаць, што штрафы і суды мяне “ўганяюць у дэпрэсняк”, з‑за чаго я хаджу, перажываю і гэтак далей. Такога няма. Больш за тое – я перакананая, што мая дзейнасць вельмі карысная. Напрыклад, мяне аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за сюжэт пра канцэнтрацыю чаднага газу ў адным з шматпавярховых дамоў у пасёлку Бальшавік. Гэты матэрыял меў дастаткова вялікі рэзананс, бо аналагічная сітуацыя прывяла да смерці некалькі чалавек у Барысаве. Пасля выхаду сюжэта на адным з абласных рэсурсаў у той жа дзень прыехалі прадстаўнікі пяці службаў. За два дні ўсе непаладкі, на якія скардзіліся людзі, былі ліквідаваныя. Праблема ўцечкі газу была вырашаная адразу, хоць да гэтага некалькі месяцаў жыхары няшчаснага дома няўдала спрабавалі дагрукацца да чыноўнікаў. На прыкладзе гэтай гісторыі мы бачым канкрэтны вынік працы журналіста і чарговае пацвярджэнне тэзіса пра чацвёртую ўладу.
Пасля матэрыяла Ларысы Шчыраковай пра канцэнтрацыю газу ў кватэрах шматкватэрнага дома ў пасёлку Бальшавік улада дзейнічала даволі прадказальна. Участковыя міліцыянты склалі пратакол на журналістку, узяўшы за аснову адміністрацыйнай справы тлумачэнні жыхароў будынка. Зрэшты, гэта не адзіны непрыемны момант, на які звяртае ўвагу журналістка. Людзі, праблема якіх вырашылася дзякуючы СМІ, не знайшлі магчымасці нават проста выказаць слова падтрымкі.
“У такіх выпадках хочацца сказаць грамадству: людзі павінныя быць салідарнымі, не павінныя сведчыць супраць журналістаў, якія ім дапамагаюць вырашаць праблемы. Бо мы, журналісты, перадусім працуем на карысць звычайнага чалавека. Кожны чалавек можа сказаць міліцыянтам: “Я не памятаю, як выглядала гэтая жанчына. Я проста не памятаю”. Я не заклікаю хлусіць, але ў дадзеным выпадку можна трошкі схітрыць. Тады, глядзіш, і сістэма рэпрэсій пачне трошкі буксаваць”, — звяртаецца Ларыса да герояў сваіх матэрыялаў.
Чаму спецслужбы чапляюцца да Ларысы Шчыраковай і Кастуся Жукоўскага?
Ларыса Шчыракова:
— У мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытанне. Але мне падаецца, што ўлады не гатовыя да шырокамаштабнай карніцкай акцыі ў дачыненні да журналістаў. Таму і б’юць кропкава, паказальна. Канешне, гэта робіцца — тактычных меркаванняў. Калі б ім даць волю, яны б усіх незалежных журналістаў даўно “прыціснулі да пазногця”. Ім карціць паказаць супольнасці фрылансераў, што кожнага з іх можна зламаць, прэсінгаваць, бо мы безабаронныя і ўразлівыя. У нашым выпадку гэта выбар “ахвярных казлоў”. Акрамя гэтага, Гомель заўжды вылучаўся асаблівай рэпрэсіўнасцю і жорсткасцю адносна журналістаў. Таму я лічу, што наш пераслед — гэта такі месыдж усім фрылансерам, каб яны не надта актыўнічалі.
Ларыса Шчыракова перакананая, што ініцыятарам ціску на незалежных журналістаў з’яўляюцца супрацоўнікі КДБ. “Калі сыходзіць з гэтага меркавання, то, магчыма, што пераслед звязаны з матывам асабістай непрыязні. Можа быць, мая персона камусьці ў органах вельмі ўжо не падабаецца”, — не выключае такой версіі Ларыса Шчыракова.
Яе затрымлівалі на масавых акцыях, яе судзілі за дзейнасць без акрэдытацыі, у яе дома праводзілі вобшук, на яе пісалі паклёпніцкія артыкулы на сумнеўных сайтах. Але гэтыя захады і правакацыі ўсё роўна не адбілі жадання працаваць з відэакамерай.
“Я не разглядаю цяпер варыянтаў сыходу з журналістыкі. Калі не дойдзе, вядома, да пагрозаў майму жыццю альбо да канкрэтных турэмных тэрмінаў. А так — “наше дело правое, мы победим”, — перакананая суразмоўца.
Ці ёсць падтрымка з боку блізкіх людзей?
— Бацька ў мяне прасунуты чалавек з дэмакратычнымі поглядамі. Ён чытае “Народную волю”, і гэтым усё сказана. А вось з маці не ўсё так проста. Чыста па-чалавечы яна мяне шкадуе, але што да маіх журналісцкіх праблем, тут яна мяне часта не разумее. Маўляў, ты ж бэсціш чыноўнікаў, парушаеш законы (нават калі яны бязглуздыя!). Яна ў мяне — тыповы беларус, які бачыць ва ўладзе нешта сакральнае, нават калі з ёй не згаджаецца. Людзі, якія прытрымліваюцца падобных меркаванняў, увогуле не разумеюць, як гэта можна супрацьстаяць сістэме, пісаць пра чыноўнікаў…
Я ж лічу, што грамадзянін абавязаны абараняць правы, выступаць супраць дыскрымінацыйных і састарэлых законаў.
Дарэчы, сама Ларыса Шчыракова лічыць беларускае заканадаўства ў сферы СМІ анахранічным, паколькі дагэтуль не прапісаны прававы статус журналістаў-фрылансераў. Ва ўсім свеце такая катэгорыя журналістаў стварае ільвіную долю інфармацыйнага кантэнту, здабывае эксклюзіў і ўжо даўно заняла сваю нішу на прафесійным рынку. А ў Беларусі міліцыянты і суддзі дагэтуль робяць круглыя вочы, калі чуюць слова “фрылансер”.
Цяпер Ларыса не бачыць сябе па-за журналістыкай. Калі б яна не стала працаваць у гэтай галіне, то стала б, напэўна, грамадскім дзеячом. “Думаю, я працавала б у якой-небудзь сацыяльнай арганізацыі, займалася б вырашэннем праблемаў тых ці іншых катэгорый людзей. Мне гэтая справа вельмі блізкая”, — падсумоўвае Ларыса Шчыракова. Між іншым, нягледзячы на вялікую загружанасць журналисцкай працай, гераіня публікацыі знаходзіць час і на грамадскую дзейнасць. Ларыса Шчыракова з’яўляецца сябрай РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і намесніцай старшыні гомельскай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.