Крымская зона. Як журналіст зрабіўся пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі
Мікалай Сямена — журналісцкая легенда Крыму. Налета ён адзначыць 70-годзьдзе, але вось ужо амаль тры гады яму нельга займацца справай, якой аддаваўся апошнія паўстагодзьдзя.
У красавіку 2016-га пракуратура Крыму распачала крымінальную справу супраць аўтара ўкраінскай газэты «День» і свабодаўскага праекту «Крым. Рэаліі» — ад моманту анэксіі гэта быў першы выпадак, калі супрацоўніку мас-мэдыя пагражаў рэальны тэрмін.
Тагачасная пракурор Крыму Натальля Паклонская абвінаваціла Мікалая Сямену ў закліках да «парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі», што нібыта вынікала зь ягоных матэрыялаў. У ягоным доме супрацоўнікі ФСБ учынілі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку.
22 верасьня 2017 году ў Сымфэропалі быў агучаны прысуд: два з паловай гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам тры гады і забаронай займацца публічнай дзейнасьцю на тры гады. Мікалай Сямена сьцьвярджае, што ўсяго толькі рэалізоўваў права на свабоднае выказваньне меркаваньня.
«У верасьні 2015 году я напісаў артыкул „Блякада — першы неабходны крок да вызваленьня Крыму“. Здаецца, ніхто не зьвярнуў асаблівай увагі. Але потым стала заўважна, што ФСБ пачало сачыць за журналістамі — і ў сацсетках, і рэальна. Я назваў гэта ўзорам непрафэсіяналізму. Навошта траціць рэсурсы? Купляй газэту, чытай, рабі высновы. Журналісты — не разьведчыкі, нас не вучылі кансьпірацыі, гэта лёгкая здабыча. Бо ім жа трэба адсправаздачыцца ў Маскву, колькі злавілі шпіёнаў, лазутчыкаў. Думаю, гэты артыкул стаў каталізатарам, і неўзабаве да мяне прыйшлі…»
Мікалай Сямена зьвяртае ўвагу: артыкул аб «Парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі» зьявіўся ў Крымінальным кодэксе Расеі задняй датай — толькі пасьля анэксіі Крыму.
«На судзе мы праводзілі некалькі ліній, — кажа былы падсудны. — Па-першае, ніякіх „заклікаў“ не было. Па-другое, нават каб яны і былі, Крым не належыць Расеі. Па-трэцяе, тэрытарыяльную цэласнасьць парушылі якраз расейскія ўлады — прэзыдэнт, Дзярждума, Савет Фэдэрацыі, Мінабароны, якія ўхвалілі незаконнае прырошчваньне сваёй тэрыторыі. Але нам было даведзена, што Канстытуцыя РФ мае найвышэйшую юрыдычную сілу, а там запісана, што Крым належыць Расеі. Вось і ўсё».
Зрэшты, адвакаты ўсё ж знайшлі супярэчнасьці, на якіх можна было згуляць. У Асноўным Законе Расейскай Фэдэрацыі чорным па белым запісана: калі нормы ўнутранага заканадаўства супярэчаць міжнароднаму праву, прыярытэт аддаецца апошняму. Асабліва з улікам таго, што «крымскі пункт» Канстытуцыі прымаўся пазьней за шматбаковыя дамоўленасьці, якія Масква падпісалася «безумоўна выконваць».
Менавіта на гэтай падставе падчас разгляду апэляцыі Вярхоўны суд «Рэспублікі Крым» часткова зьмякчыў пакараньне Мікалаю Сямену, скараціўшы тэрмін забароны на прафэсію да двух гадоў. Усё астатняе засталося ў сіле. Такім чынам, сёлета ў сьнежні, калі ня здарыцца якога форс-мажору, апальны журналіст зноў можа вярнуцца ў прафэсію.
Апытваюць суседзяў, як сябе паводзіць умоўна асуджаны
«Ад моманту прысуду я нідзе афіцыйна не публікаваўся. Ніякай актыўнасьці на маёй старонцы ў Facebook — пра мяне нешта пішуць, але ня больш за тое. Двойчы на месяц — першы і чацьвёрты панядзелак — хаджу да інспэктара, якога за мной замацавалі. На мне вісяць дзьве справы: адна па выпрабавальным тэрміне, другая па забароне. Даюць дзьве анкеты, раблю справаздачу: адміністрацыйных парушэньняў не было, забарону на публічную дзейнасьць не парушаў. Штоквартальна інспэкцыя прыходзіць з праверкай, апытваюць суседзяў, як сябе паводзіць умоўна асуджаны», — распавядае пра свой цяперашні побыт журналіст.
Мікалай Сямена нарадзіўся ў 1950 годзе ў Чарнігаўскай вобласьці на сумежжы зь Беларусьсю. Яшчэ школьнікам пачаў працаваць у мясцовай газэце. Адвучыўся на факультэце журналістыкі Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. Працуючы ў Запароскай вобласьці, скончыў аддзяленьне журналістыкі Вышэйшай партыйнай школы і пераехаў у Крым.
Кіраваў мясцовымі газэтамі ў Судаку і Сымфэропалі. На пачатку 1990‑х стаў уласным карэспандэнтам расейскай газэты «Известия», калектыў якой заявіў пра незалежнасьць ад партыйных інстанцый. Празь нейкі час карпункты пачалі скарачаць, і Сямена пачаў супрацоўнічаць спачатку з тыднёвікам «Зеркало недели», а пасьля з газэтай «День».
Займаўся ня толькі апэратыўнай інфармацыяй: у 2010 годзе была выдадзеная ягоная кніга «Мустафа Джэмілёў — чалавек, які перамог сталінізм». Цяпер і ён, і ягоны герой — асобы, якія раздражняюць прарасейскае кіраўніцтва Крыму.
У 2014 годзе Сямена стаў адным зь нямногіх незалежных журналістаў, хто прыняў рашэньне застацца на паўвостраве.
«Пачынаючы ад лютага 2014 году, гэта быў, бадай, самы напружаны пэрыяд за ўвесь час маёй працы, — лічыць журналіст. — Я даваў кожны тыдзень па два-тры матэрыялы ў газэту „День“ і штодня па тры-чатыры рэпартажы на „Крым. Рэаліі“. Яшчэ падчас сьледзтва, да суду, у Кіеве выдалі маю кнігу „Крымскі рэпартаж“ (хронікі акупацыі 2014–2016), у якую ўвайшлі 80% публікацый таго часу — пад 1000 старонак тэксту».
Дзярждэпартамэнт ЗША, кіроўныя структуры Эўразьвязу, МЗС Украіны і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі перасьлед Мікалая Сямены паводле прафэсійнай прыкметы і далейшую забарону на працу.
* * *
Палітзьняволеных грамадзян Украіны, якія адбываюць пакараньне паводле вэрдыктаў расейскіх судоў, прыкладна 100 чалавек — лічба вагаецца ад 90 да 120. Адзінага дзяржаўнага сьпісу няма, праваабаронцы дапускаюць выключэньні. Некалькі гадоў актывісты дамагаюцца прыняцьця закону аб статусе «закладнікаў, якія перасьледуюцца паводле палітычных матываў». Папярэдні прэзыдэнт Пятро Парашэнка абяцаньняў ня выканаў, ягоны наступнік Уладзімір Зяленскі запэўнівае, што паспрыяе пасьля абраньня новага складу Вярхоўнай Рады. Пакуль жа зь юрыдычнага гледзішча палітзьняволеныя нічым не адрозьніваюцца ад звычайных крымінальнікаў.
Чытаць матэрыял цалкам
«Пытают людей током и бросают в тюрьму за посты в соцсетях». История из Крыма