• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крычаўскія бажаўцы падтрымалі пісьменніка-ветэрана

    Крычаўскія сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сабралі грашовыя сродкі і паштовым пераводам даслалі іх пісьменніку, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Феліксу Уладзіміравічу Шкірманкову, які патрапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.

    Па словах старшыні Крычаўскай суполкі ГА “БАЖ” Сяргея Няроўнага, днямі на імя пісьменніка-ветэрана было накіравана два паштовыя пераводы: першы на суму ў 20 рублёў даслаў заснавальнік газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў, а праз пару дзен ад імя ўсіх крычаўскіх бажаўцаў яшчэ 50 рублёў накіраваў сам Сяргей Няроўны.

    “Мы хацелі хоць нейкім чынам крыху падтрымаць Фелікса Уладіміравіча, яму гэтыя грошы не будуць лішнімі ў складанай сітуацыі”, — адзначыў Сяргей Няроўны.

    Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў не адзін год плённа супрацоўнічаў з крычаўскай незалежнай газетай “Вольны горад”, рэгулярна размяшчаў на яе старонках свае апавяданні і вершы.

    Нагадаем, што напрыканцы мінулага года пісьменнік-ветэран Фелікс Шкірманкоў на ўласным аўтамабілі патрапіў у дарожна-транспартнае здарэнне. 9 лістапада 2016 года Фелікс Уладзіміравіч на аўтамабілі ехаў у бальніцу, каб наведаць там смяротна хворую жонку, і збіў жанчыну-веласіпедыстку. Жанчына атрымала цяжкае цялеснае пашкоджанне — закрыты пералом левай плечавай косткі.

    15 сакавіка суд Слаўгарадскага раёна пакараў Фелікса Шкірманкова 1,5 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год. Шкірманкова пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць год і абавязалі выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь (690 рублёў). Да таго ж ветэран аплоціць усе судовыя выдаткі, выдаткі, звязаныя з правядзеннем экспертыз, і выплаціць на карысць пацярпелай у ДТЗ жанчыны матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 5 000 рублёў.

    Калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда 4 траўня разгледзела апеляцыю Фелікса Шкірманкова на рашэнне суда Слаўгарадскага раёна ад 15 сакавіка 2017 года. Ветэрану зменшылі пакаранне на паўгода пазбаўлення волі, адмяніўшы абвінавачванне па ч. 3 арт. 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

    Па гэтаму артыкулу суд Слаўгарадскага раёна прызнаў Фелікса Шкірманкова вінаватым “у заведамым астаўленні ў небяспецы, здзейсненым асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпеўшага ў небяспечныя для жыцця альбо здароўя абставіны”.

    Калегія Магілёўскага абласнога суда таксама адмяніла штраф у памеры 30 базавых велічынь, накладзены на ветэрана згодна рашэння суда Слаўгарадскага раёна па ч.3 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса.

    Разам з тым калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда пакінула ў сіле прысуд суда Слаўгарадскага раёна і вырашыла прызнаць Фелікса Шкірманкова вінаватым па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, – у парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, кіруючай транспартным сродкам, якое прывяло па неасцярожнасці да прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання. Згодна гэтага артыкула ветэран пакараны годам пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год.

    Таксама калегія вырашыла адмовіць Феліксу Шкірманкову ў задавальненні скаргі з просьбай знізіць памер выплаты матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелай Валянціне Жукавай. Ветэран па-ранейшаму абавязаны выплаціць пацярпелай жанчыне грошы ў памеры 5 000 рублёў.

    Сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны разам з аднапартыйцамі Фелікса Уладзіміравіча з Партыі БНФ маральна падтрымлівалі пісьменніка-ветэрана падчас судовага разбіральніцтва ў Слаўгарадзе і Магілёве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці