• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Камісія: У публікацыі “Народнай волі” дапушчана парушэнне журналісцкай этыкі

    ПАСТАНОВА

    Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 29  жніўня 2016 года.

    Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Таццяны Рэвякі, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай разглядзела заяву сябра БАЖ Сяргея Вазняка.

    У заяве звяртаецца ўвага на інтэрв’ю з Уладзімірам Някляевым, надрукаванае ў “Народнай волі”. Заяўнік лічыць, што аўтарка інтэрв’ю і рэдакцыя груба парушылі Кодэкс журналісцкай этыкі, бо ў тэксце ўтрымліваецца беспадстаўнае сцвярджэнне, што палітык Андрэй Дзмітрыеў супрацоўнічае са спецслужбамі. Але ніякіх доказаў у тэксце няма.

    Заяўнік просіць Камісію высветліць, ці ёсць у аўтаркі Кацярыны Андрэевай і рэдакцыі доказы супрацоўніцтва Дзмітрыева са спецслужбамі? А таксама ці правяралі аўтарка і рэдакцыя наяўнасць у Някляева ці яшчэ каго такіх доказаў? І даць ацэнку матэрыялу з пункту гледжання прафесійнай этыкі.

    Камісія адзначае, што на самой справе, на сайце “Народнай волі” было апублікавана інтэрв’ю Кацярыны Андрэевай з Уладзімірам Някляевым “Унутрынацыянальны дыялог — гэта свабодныя выбары”. І ў ім на самой справе Уладзімір Някляеў, адказваючы на пытанні журналісткі, неаднаразова сцвярджае, што Андрэй Дзмітрыеў супрацоўнічае са спецслужбамі. На заўвагу журналісткі: “Вы заявілі тады аб супрацоўніцтве Дзмітрыева з беларускімі спецслужбамі. Як сцвярджаюць Дзмітрыеў і Караткевіч, ваша заява не адпавядае рэчаіснасці…” ніякіх доказаў прыведзена не было — толькі агульныя разважанні.

    Камісія не аспрэчвае права палітыка вольна выказваць свае меркаванні на любую тэму. Але ж яна і не павінна высвятляць наяўнасць ці адсутнасць у аўтара і рэдакцыі тых ці іншых аргументаў наконт гэтых меркаванняў. І, таксама, у яе кампетэнцыю не ўваходзіць высвятленне адносінаў паміж публічнымі асобамі. Камісія разглядае, у дадзеным выпадку, толькі канкрэтнае інтэрв’ю Кацярыны Андрэевай з Уладзімірам Някляевым на адпаведнасць Кодэксу журналісцкай этыкі БАЖ і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі.

    У гэтым кантэксце неабходна адзначыць, што Кацярына Андрэева відавочна імкнулася атрымаць ад вядомага палітыка доказы супрацы Андрэя Дзмітрыева са спецслужбамі, заўважаючы, што доказаў няма і, такім чынам,  даючы магчымасць прывесці іх.

    Іншая справа, што пры публікацыі інтэрв’ю пазіцыя Андрэя Дзмітрыева не прадстаўлена. Ёсць словы Някляева, які абвінавачвае, але няма словаў Дзмітрыева. Хаця Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ патрабуе: “Журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці. Асабліва дбайна павінна быць праверана інфармацыя, якая можа зняважыць чалавека ці прынізіць яго”.

    Камісія пастанаўляе:

    - Пры публікацыі ў “Народнай волі” інтэрв’ю “Унутрынацыянальны дыялог — гэта свабодныя выбары” дапушчана парушэнне Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ у частцы пошуку і атрымання інфармацыі — неадлюстраванне пазіцыі другога боку канфлікту.

    - Камісія адзначае таксама, што ў размове з рэдактарам “Народнай волі” сп. Іосіфам Сярэдзічам дасягнута дамоўленасць, згодна з якой рэдакцыя гатова ў любы момант даць слова па гэтаму пытанню Андрэю Дзмітрыеву.

    За пастанову прагаласавалі Анатоль Гуляеў, Валер Карбалевіч, Таццяна Рэвяка, Зміцер Падбярэзскі, Марына Загорская. Супраць — Сяргей Ваганаў

    Старшыня Камісіі Анатоль Гуляеў

    Сакратар Камісіі Таццяна Рэвяка

    Асабістае меркаванне Сяргея Ваганава адносна рашэння Камісіі па этыцы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці