Камісія па этыцы: У матэрыяле на сайце “Хартыя’97” дапушчаны грубыя парушэнні прафесійнай этыкі
Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” разглядзела зварот грамадзянаў Мікіты Нагліна і Тамары Балакінай адносна артыкула “«Тихари» на акции в Минске требовали от Лебедько сотрудничать с властями” на сайце “Хартыя’97”.
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 12 лістапада 2015 года.
Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Змітра Падбярэзскага і Таццяны Рэвяка разглядзела скаргу грамадзянаў Мікіты Нагліна і Тамары Балакінай. Адсутныя на пасяджэнні сябры камісіі Сяргей Ваганаў, Андрэй Пачобут і Марына Загорская выказалі сваю згоду з пастановай камісіі.
У скарзе заяўнікі звяртаюць увагу на публікацыі інфармацыйных рэсурсаў “Тэрыторыя правоў” і “Хартыя 97”, у якіх, на іх думку, былі абражаныя іх гонар і годнасць. Яны ў публікацыях абвінавачваюцца ў правакацыях супраць апазіцыйных палітыкаў і супрацоўніцтве са спецслужбамі.
Камісія адзначае, што ў яе кампетэнцыю не ўваходзіць высвятленне пытання – з’яўляюцца дадзеныя грамадзяне супрацоўнікамі спецслужбаў ці не. Таму Камісія разглядае толькі апублікаваныя матэрыялы на адпаведнасць Кодэксу журналісцкай этыкі і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі ГА “БАЖ”.
Камісія канстатуе, што на памянёных інфармацыйных рэсурсах былі надрукаваныя матэрыялы (на “Тэрыторыі правоў” 24 верасня апублікаваны тэкст, які 28 верасня выдалены, аднак пазней лёг у аснову публікацыі на “Хартыі’97” “«Тихари» на акции в Минске требовали от Лебедько сотрудничать с властями”).
Пазней на старонцы “Тэрыторыі правоў” у Фэйсбуку з’явілася абвяржэнне: “24 верасня на нашай старонцы з’явілася інфармацыя, якая абразіла двух удзельнікаў пікета, што напярэдадні праводзілі апазіцыйныя палітыкі. Гэтыя людзі — Мікіта Наглін і Тамара Балакіна, якім мы прыносім прабачэнні. Выбачаемся таксама перад праваабаронцамі, на якіх кінулі цень недаверу з‑за сваёй памылкі”.
Згодна з апублікаваным “Хартыя’97” матэрыялам, які размешчаны на сайце да сённяшняга дня і прабачэння за які не было, «…относительная либерализация заставляет спецслужбы активизировать их для работы на массовых мероприятиях. Имитируя участников, они разжигают конфликты и горячие дискуссии, — говорится в сообщении. — Вчера, во время собрания избирателей на площади Свободы, уже после мероприятия к Анатолию Лебедько подошла женщина и завела разговор на тему тактики оппозиции. Она говорила, что оппозиция должна быть более радикальной, а затем спрашивала, не стоит ли сотрудничать с властями. Провоцировала, одним словом, на дискуссию. Позже присоединился белорусскоязычный участник митинга и также горячо высказывался”.
У тэксце прымяняльна да заяўнікаў былі выкарыстаны тэрміны “тихари” і “сексоты”.
Ніжэй было апублікавана фота, на якім твары Мікіты Нагліна і Тамары Балакінай спецыяльна пазначаныя.
Камісія адзначае, што ніякіх аргументаў на карысць сцвярджэння аб супрацоўніцтве Нагліна і Балакінай са спецыяльнымі службамі не прыведзена. Прабачэнняў заяўнікам прынесена не было.
Кодэкс журналісцкай этыкі ў раздзеле “Прынцыпы пошуку і атрымання інфармацыі” патрабуе: “Паважаючы права грамадства на аб’ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць дакладныя звесткі, а таксама спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне. Навіны павінны грунтавацца на фактах і дадзеных, дакладнасць якіх можа быць праверана. Журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці. Асабліва дбайна павінна быць праверана інфармацыя, якая можа зняважыць чалавека ці прынізіць яго”.
У дадзеным выпадку не прыведзена “фактаў і дадзеных, дакладнасць якіх можа быць праверана”, не выкладзены ўвесь “спектр поглядаў”, не было спробы “…атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці”. Адсутнасць усяго гэтага з’яўляецца грубым парушэннем прафесійнай этыкі.
Камісія адзначае таксама, што Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі патрабуе “… імкнуцца да максімальнай дакладнасці інфармацыі, глыбіні і праўдзівасці аргументаў падчас выказвання сваіх поглядаў, пазіцый і меркаванняў. Прызнаваць адкрыта і сумленна ўласныя памылкі”.
Камісія пастанаўляе:
Пры публікацыі матэрыялу “«Тихари» на акции в Минске требовали от Лебедько сотрудничать с властями” на сайце “Хартыя’97” дапушчаны грубыя парушэнні прафесійнай этыкі журналістаў.
Камісія таксама нагадвае калегам пра неабходнасць аргументаваць свае сцвярджэнні, асабліва калі яны могуць зняважыць герояў публікацыі.
Старшыня камісіі Анатоль Гуляеў
Сакратар камісіі Таццяна Рэвяка