• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каханне за кратамі: дзясяткі беларускіх сем’яў – у турмах «за палітыку»

    На сёння ў Беларусі прынамсі 1452 палітычныя вязні, і лік ужо больш як два гады штодня расце. За кратамі часта апынаюцца нават сем’ямі. Белсат налічылі больш за два дзясяткі такіх выпадкаў.  Мы распавядаем пра сем'і журналістаў. 

    Дар’я і Ігар Лосікі

    Журналіста радыё «Свабода» і адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года, яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі і масавымі пратэстамі ў Беларусі. З жонкаю Дар’яй ён пазнаёміўся ў 2009‑м праз ліставанне «УКантакце». Ажаніліся яшчэ студэнтамі, у сям’і гадуецца маленькая дачка Паўліна.

    Калі ў снежні 2020 года Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачанне, паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 КК – «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах», на знак пратэсту Ігар Лосік абвесціў галадаванне, якое пратрымаў 42 дні.

    Дарʼя на знак салідарнасці з мужам таксама галадала. 14 снежня 2021-га Ігара Лосіка засудзілі на 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022-га Ігара этапавалі ў Наваполацкую калонію № 1, неўзабаве КДБ залучыў Ігара ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. На маёмасць сямʼі Лосікаў (у тым ліку на піяніна, побытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.

    Увесь гэты час Дар’я змагалася за мужа, распавядала пра яго розным медыям, нават выклікала Лукашэнку на размову. Жанчыну затрымалі раніцаю 18 кастрычніка 2022 года. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў каля 8:00, Дар’я з 4‑гадоваю дачкою Паўлінай яшчэ спалі. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» увесну 2022-га.

    Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў

    Андрэй Аляксандраў – вядомы беларускі журналіст і медыяменеджар. Ірына Злобіна апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам – кветкі і вытворчасць сувеніраў. Яе затрымалі 12 студзеня 2021 года супрацоўнікі МУС нібыта за фінансаванне пратэставай дзейнасці, у прыватнасці за аплату штрафаў пратэстоўцам. Пазней Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне – здрада дзяржаве і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. 1 верасня 2022 года Ірына і Андрэй ажаніліся ў СІЗА № 1.

    Суд у «справе БелаПАНу» пачаўся 6 чэрвеня 2022 года і доўжыўся чатыры месяцы. У Менскім абласным судзе 6 кастрычніка агучылі выракі: Андрэя засудзілі на 14 гадоў калоніі, Ірыну – на 9 гадоў калоніі.

    Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка

    Аляксандр Лычаўка – краязнавец і журналіст з Менску. Сняжана Інанец – журналістка, раней супрацоўнічала з TUT.by, цяпер – з «Onlin­er». Яна аўтарка тэкстаў на краязнаўчую і культурніцкую тэматыку. Раніцаю 6 кастрычніка 2022 года мужа і жонку затрымалі, на наступны дзень у праўладным тэлеграм-канале выклалі «пакаянныя» відэа з імі. У роліку яны кажуць, што іх затрымалі за падпіску на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі Беларусі экстрэмісцкімі, а таксама за ўдзел у маршах пратэсту ў 2020 годзе.

    Паліна Палавінка і Дзмітрый Лукша

    Дзмітрый Лукша – журналіст, раней шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, быў вядоўцам праграмы «Зона X». Яго затрымалі пасля ператрусу ў кватэры ў Менску 11 сакавіка 2022 года. Дзмітрый быў пазаштатным карэспандэнтам казахскага тэлеканалу «Хабар 24», і падставаю для затрымання стаўся апошні сюжэт журналіста на канале. Ягоную жонку Паліну Палавінку затрымалі пазней – 2 чэрвеня 2022-га.

    Паводле версіі абвінавачання, Лукша з мэтаю дыскрэдытаваць краіну з дапамогай аператара вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчалі загадзя ілжывую інфармацыю. Спачатку Дзмітрыю інкрымінавалі арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу, пазней дадалі арт. 342 КК. 2 снежня яму вынеслі прысуд: 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Паліну прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК, ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК ды засудзілі на 2,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Чытаць цалкам…  

    Чытайце яшчэ: 

    «Не так цяжка было перажыць акупацыю без прадуктаў, як без інфармацыі». Размова пра вынікі года з дырэктаркай Lviv Media Forum

    Паўлюк Быкоўскі: «Дзяржаўныя СМІ стараюцца не заўважаць прысутнасць расійскіх ваенных у Беларусі»

    Офицер Минобороны, похититель Азаренка и заводчанин. Как силовики внедрялись в протестные инициативы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці