«Ірына трымаецца ўпэўнена, ведае, што ёй няма за што апраўдвацца». Бацька Слаўнікавай пра суд над журналісткай
У Гомельскім абласным судзе працягваецца слуханне крымінальнай справы супраць журналісткі Ірыны Слаўнікавай. Яе абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем. Бацька журналісткі Аляксандр Слаўнікаў у каментары TVP распавёў, як прайшло чарговае пасяджэнне суда. Нагадаем, суд пачаўся 23 чэрвеня.
– Пасяджэнне праходзіць у Гомельскім абласным судзе. Чаму менавіта там і чаму справу разглядае не раённы суд?
– Так, пасяджэнне сапраўды праходзіць у Гомельскім абласным судзе. Чаму не ў Менску – мне невядома. Магчыма таму, што ў Гомельскай калоніі знаходзяцца сведкі, каб іх не вазіць далёка ў Менск. А чаму разглядаецца на абласным узроўні… Можа быць, палічылі, што, так бы мовіць, справа асаблівая, няпростая. Ужо як мінімум два вядомых прысуды па рэзанансных справах вынесеныя гэтым судом. Я акурат прысутнічаў 13 ліпеня на прысудзе Кацярыне Андрэевай напярэдадні пасяджэння па справе Іры. У гэтай жа зале пасяджэнняў абвясцілі прысуд Кацярыне, у пустой зале, не ўлічваючы супрацоўнікаў міліцыі і мужа Ігара. Будзённа, за 5 хвілін зачыталі прысуд і адправілі дзяўчыну на 8 гадоў у турму.
– Ці вядомыя якія-небудзь новыя падрабязнасці па справе дачкі?
– Справа працягвае слухацца за зачыненымі дзвярыма, грамадству ў залу суда ходу няма. Так што ніякіх падрабязнасцяў мы не ведаем. Падпіска аб неразгалошванні ўзятая не толькі ў адваката, але і мне сказалі падпісаць. Хоць, не думаю, што мне магла стаць вядомай нейкая крамола. Адвакат, пры гэтым, кажа, што ніякіх сакрэтаў і таямніц у справе, з‑за якіх варта было б зачыняць працэс, ён не выявіў.
– Як прайшоў трэці дзень пасяджэння?
– Паводле адваката, як і раней, Ірына трымаецца ўпэўнена, яна выдатна арыентуецца ў тым, што адбываецца ў пасяджэнні. Ведае, што ёй няма за што апраўдвацца, яна не вінаватая, і калі б гэта быў адкрыты працэс, ні ў каго не ўзнікла сумненняў у беспадстаўным абвінавачванні. З гэтай прычыны, яна лічыць, працэс зрабілі закрытым, іншых прычын не магло быць. Пасяджэнне праходзіла ўвесь дзень. Я, як і раней, быў за дзвярыма, у думках размаўляў з дачкой і падтрымліваў яе.
– Як выглядае ў Ірына, які ў яе настрой?
– Мая дачка, нават у гэтыя складаныя для яе часы, імкнецца выглядаць прыстойна і на суд заказвала свежае адзенне, каб хоць ненадоўга пазбавіцца ад турэмных пахаў. У тыя моманты, калі мы маглі бачыць адно аднаго, яна ўсміхалася і пасылала мне і маме паветраныя пацалункі. Яна імкнецца нас падбадзёрыць, разумеючы, як нам цяжка, таму ўсім выглядам паказвае, што ў яе ўсё ў парадку са здароўем і настроем. Аднак у лістах піша, што ёй усё парадкам надакучыла і яна вельмі чакае і спадзяецца на нашую хуткую сустрэчу.
– Калі прызначаны працяг працэсу?
– Пасяджэнне запланаванае на 21 ліпеня, пачатак аб 11‑й гадзіне. Чаму перанеслі пасяджэнне – невядома, магчыма з‑за загружанасці суддзяў, або для збору дадатковай інфармацыі, ці яшчэ для чаго, нам не паведамляюць. І наогул можа атрымацца так, што да абеду будзе пасяджэнне, а пасля зачытаюць прысуд. І тады нават блізкія сваякі не змогуць папрысутнічаць на абвяшчэнні прысуду і падтрымаць Ірыну ў гэты цяжкі момант яе жыцця.
– Ірына сустрэла юбілей 12 ліпеня ў турэмнай камеры. Як прайшоў яе Дзень нараджэння?
– Ірына напісала, што яе павіншавалі сукамерніцы і нават так атрымалася, што ў гэты дзень на абед падалі нядрэнную ежу. Мы, сваякі, у гэты дзень перадалі перадачу з «святочнай» ежай, на колькі гэта было магчыма паводле турэмных парадкаў. Ірына атрымала лісты, паштоўкі і тэлеграмы ад родных і сяброў, але ад многіх лісты не даходзяць. І таму Ірына ў гэты дзень усіх думках успомніла і паразмаўляла з кожным, хто павіншаваў яе. Яна дзякуе калегам па працы за віншаванні і цёплыя словы ў яе адрас з пажаданнем хутчэйшага вызвалення.
Чытайце яшчэ:
Как родным политзаключенных подготовиться к свиданию в месте лишения свободы
«Андрей за решеткой, а его стихи – на свободе». Способ не поддаться унынию от нашенивца Скурко
Колькі журналістаў выехала з Беларусі? Размаўляем з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім