Ірына Новік: Адчуваю сябе Калумбам! І гэта прыемна
Ніколі не позна пачынаць новае, гаворыць рэдактар спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік. Пяць год таму яна — інжынер з дваццацігадовым стажам — прыйшла ў журналістыку. А цяпер выступае на канферэнцыях ды расказвае пра паспяховыя праекты рэгіянальнага медыя.
Размова пра журналістыку, якая не спрынт, а марафон і вымагае найперш менеджменту, а не натхнення.
— З інжынераў у журналісты — нестандартны прафесійны шлях. Тым больш у дарослым жыцці. Як і чаму?
— Я была кніжным дзіцём, шмат чытала, але вучыцца пайшла ў машынабудаўнічы інстытут, бо прачытаць цалкам збор твораў нейкага пісьменніка я змагу і самастойна, а разабрацца самой з сапраматам ці выйшэйшай матэматыкай у мяне наўрадці хопіць унутранай матывацыі. І я нармальна пачувалася з тэхнічнай адукацыяй.
Калі з’явіліся дзеці, некаму трэба было сысці з інжынернай пасады, а мы мужам абодва інжынеры, бо было шмат камандзіровак. Так я перайшла ў выкладчыкі, да таго ж я з настаўніцкай сям’і і цяга да гэтай дзейнасці была заўсёды.
Я выкладала ў сістэме падвышэння кваліфікацыі для дарослых двадцаць гадоў.
Калі дзеці выраслі і я зрабіла ўсё, што была абавязаная, з’явіліся хуліганскія думкі, ці не паспрабаваць нешта новае. Пачала здымаць у сваё задавальненне і на той момант зусім не думала пра журналістыку.
Грамадская дзейнасць заўсёды была ў маім жыцці: нешта падтрымаць, недзе паваланцёрыць. І тут пачалося: зняла нешта на імпрэзе — дашлі фота нам, дык ужо і напішы. Умееш відэа? То здымі і змантуй для нас. Так я стала сваім чалавекам на сайце “Твой стыль”. Гэта быў перыяд, калі сайт яшчэ не пераўтварыўся ў медыя, але ўжо адыходзіў ад выключна студэнцкага праекта.
Паралельна з маім інжынерна-выкладчыцкім досведам назбіраўся досвед журналісцкі. І ён у пэўны момант стаў важкім, перацягнуў увагу на сябе. Калі паўстала ідэя зрабіць поўнавартасны гарадскі сайт, я на гэта падпісалася.
Спачатку працавала і там, і там. Я ніколі не сыходзіла кепска, не ляпала дзвярыма. Я ведала, што калі не складзецца тут, змагу вярнуцца. Да таго ж са мной працавалі дарослыя людзі, яны разумелі, што ў мяне ёць памкненні, свой “віхор у галаве”. Мы ў добрых стасунках цяпер, часам бачымся, яны мяне чытаюць.
— У якім узросце адбыліся гэтыя змены ў тваім жыцці?
— У 45 год. Пазней я абдумвала, чаму я сышла з той працы?
Кажуць, “война — дело молодых, лекарство против морщин”. Думаю, можа быць, гэта быў нейкі падсвядомы выбар у бок маладосці, зменаў, пошуку новага.
Гэта цяпер я так асэнсавана магу гаварыць. А тады гэта было рашэнне на “слабо”.
Заўжды позна нешта пачынаць. Заўжды ёсць той, хто зрабіў гэта раней: нехта пачаў чытаць у тры гады, нехта кіраваў палком у 17, нехта ў 25 атрымаў прэстыжную ўзнагароду. А з іншага боку, ніколі не позна, бо можна скарыць горы і ў семдзесят год.
— Не шкадуеш?
— Па-рознаму. Бывае, што не, а бывае і шкадую. Калі цяжка, калі нешта не атрымліваецца, калі не хапае кваліфікацыі. Я пачала з нуля і, зразумела, гэта цяжка, а цяжкасці ламаюць чалавека. Ну, нічога — папсіхую, парву паперкі, пагуляю ў лесе, боршч звару і адпускае.
— Дык усё ж журналістыка — справа маладых? Некаторыя рэдакцыі свядома набіраюць журналістаў узросту 20+.
— Я не ведаю, адкуль у меня было рамантычнае меркаванне, што журналістыка творчая праца. Але яно разбілася ўшчэнт. Журналістыка — гэта хутка, гэта ў многім стандартызавана, гэта ў многім форма, а не толькі змест.
Цяпер ёсць разуменне, што ў большай ступені журналістыка — гэта застацца па-за меркаваннем, даць выказацца іншым людзям, а не думаць пра тое, як трансляваць сваё асабістае меркаванне.
Гэта ўсё не пра ўзрост — гэта пра гатоўнасць быць адчувальным да сітуацыі. Можа быць, для маладых гэта прасцей. Калі ўвесь час быць адкрытым, гатовым злавіць момант, то не думаю, што ўзрост на нешта ўплывае. Да таго ж ёсць розныя стылі, жанры ў журналістыцы? Нехта будзе пісаць навіны, нехта рыхтаваць грунтоўныя лонгрыды. Знайсці сябе можна.
Адзінае, што на многіх трэнінгах, навучальных курсах я часта была самая старэйшая ў групе. Часам адчувала, што людзі не разумеюць, што я там раблю.
Але я цягам аднаго дня магу пачувацца ў розных узростах. І ў калектыве мы сабраліся, каб рабіць справу, а не мерацца ўзростам.
— Для цябе журналістыка рамяство ці місія?
— Для мяне ўсё ж праца. Я крыху скептычна стаўлюся да ідэі, што можна раздзяліць місію і рамяство. Бо калі ў місіянства кідаюцца людзі, якія не ўмеюць рабіць сваю працу правільна, гэта выклікае скепсіс. Гэта як з нажом на паравоз кідацца, гэта глупства. Мусяць быць прафесійнныя, рамесніцкія навыкі.
Безумоўна, журналістыка — голас эпохі. Я адчуваю і разумею, што тое, што я напішу будзе жыць нейкі час, нехта можа з гэтых радкоў скласці сваё меракаванне. Я адчуваю адказнасць за тое, што ёсць у інфармацыйным полі. Але думаць “я прыйшла, каб выказацца” — смешна. У журналістыцы важныя стандарты, гэта не творчасць у чыстым выглядзе.
Часам добра выкананая праца куды больш вартая, чым пазёрскі матэрыял. Добра напісаная навіна для мяне не меншы твор мастацтва, чым акварэль, напрыклад.
— Ці зкарэктавала нешта ў табе новая прафесія?
— Я імкнуся звяртаць увагу на тое, як змяняюся, глядзець на сябе крыху збоку. Спачатку, напрыклад, мне здавалася, што мае матэрыялы чытаюць не ўсе, ці чытаюць недастаткова ўважліва. Выклачык прывык да аўдыторыі, але да “палоннай аўдыторыі”: праверыць хто не прыйшоў, “н‑ку” паставіць, спытаць — пачуць адказ.
З чытачамі гэта не працуе. Чытач прыходзіць самастойна і нешта чытае ці ўвогуле сыходзіць адразу. Я назірала, як змяняецца мой тон, формы выказвання, бо трэба ўмець заваёўваць аўдыторыю.
Журналістыка не пра тое, каб выхаваць і навучыць, а пра тое, каб дагрукацца. Трэба вывучыць сваю аўдыторыю, паглядзець, што пішуць вашыя чытачы. “Сядай, два” — гэта просты адказ, але непрадуктыўны.
Прафесія журналіста мяне моцна паскорыла. Выкладчык працуе з пэўнай тэмай, але размерана капае ўвесь час у адным месцы. Журналіст жа сёння піша пра гарадскую моду, заўтра пра сацыяльную праблему ці робіць агляд кавярняў. Журналіст гарадскога медыя мусіць хутка заходзіць у тэму, хутка шукаць экспертаў, сведкаў, адсейваць другаснае.
Думаю, калі б не было выкладчыцкага навыка працы з інфармацыяй, я б так хутка не асвоілася. Але разам з тым гэты ж навык мяне і тармазіў, бо была звычка глыбока даследаваць тэму, што не заўсёды ў журналістыцы і патрэбна.
З іншага боку я люблю глыбокія матэрыялы, таму і спецыялізуюся на спецпраектах, дзе можна шмат што знайсці, паказаць розныя бакі тэмы. Я абажаю свае спецпректы, бо такога ў Гродне ніхто не робіць: ніхто не робіць лонгрыды на “Цільдзе”, не стварае гульні, інтэрактыўныя мапы. Я пачуваюся Калумбам, і гэта прыемна.
Я стала жыць у навіновай плыні. Бывае цяжка, бо праца не мае фіналу. Званок празвінеў, урок скончыўся і ты — вольная. А навіны ніколі не сканчваюцца.
Пакуль я не навучылася ставіць кропку ў працы. З гэтым тэмпам цяжэй, канешне.
— Але ж і сапраўды немагчыма зачыніць дзверы рэдакцыі ды вечарам ці ў выходныя не маніторыць навіны.
— Думаю, гэта пытанне даверу да каманды. У нашай рэдакцыі цяпер ідзе фармаванне каманды. Мы ўсе пачыналі як валанцёры-энтузіясты. Для нас было нармальна працаваць ноччу, усё кінуць і бегчы ставіць навіны. Але адчуваю, што так жыць увесь час не атрымаецца.
Сёлета першы раз за пяць год я нармальна з’ездзіла ў адпачынак на мора. Руслан Кулевіч і Аляксей Шота таксама з’язджалі на некалькі дзён. І ўсё было нармальна, наведвальнасць не упала. Мусіць быць дакладны менеджмент, гэта адказнасць і давер.
Мы прывыклі працаваць на пажары, гэта добры навык, але не варта ім злоўжываць. У нашым калектыве ўжо вымалёўваюцца спецыялізацыі, зоны адказнасці. Усё расце як з пратаплазмы нейкай — цікава назіраць за тым, як з нічога нараджаецца нешта з акрэсленымі абрысамі.
— Ты згадала, што мусіла змяніць дзейнасць, калі былі малыя дзеці. Ці ёсць цяпер нейкі ўплыў прафесіі на асабістае жыццё?
— Цяпер у нас іншы выклік, і ён заключаецца ў тым, што дзеці дарослыя. Але яны дзеці. Ім не патрэбная ранейшая ўвага, не патрэбная мама, якая гатуе абед і засяроджаная на клопаце.
— Апрані шапку!
— Так! (смяецца). Цяпер патрэбна быць сябрам, калегаю. Я доўга перажывала, што не паспяваю прыгатаваць абед ці папрасавць бялізну. На што аднойчы дачка сказала: “Мы — чатыры дарослых чалавекі. Кожны можа ці прыгатаваць сам, ці паесці ў кавярні”. Калі дзеці просяць паклапаціцца пра іх, гэта ўжо мой падарунак, а не абавязак. Цікава назіраць такое ў сваім жыцці.
Так атрымалася, што мы ўсе маем дачыненне да медыя. Старэйшыя дачка вучылася на факультэце “медыя і камунікацыі”, малодшая вучылася на дызайне, а цяпер працуе ў медыя. Нам ёсць пра што пагаварыць.
Толькі муж застаўся інжынерам, але мы смяемся, што ён быў першым журналістам сярод нас, бо ў школе з сябрам выпускаў рукапісную газету “Неправда”.
— Погляд і падыход на медыя твой і дачок адрозніваецца?
— Канешне! Старэйшая любіць вялікія акадэмічныя тэксты. Гаворыць, што цяпер аддае перавагу тэкстам, а не здымачкам, як раней. Піша глыбокія лонгрыды, бо яна спецыяліст у галіне мастацтваў.
Я зарыентаваная на навіны, мяне цікавяць тэхнічныя штукі, каб нешта ўбудаваць у рэсурс, каб нешта рухалася, ехала. А малодшая — дызайнерка. Сама вядзе свае сеткі, блогі па-беларуску. Яна любіць афармленне, візуальны складнік. Калі я прашу парады, заўсёды пытаецца, што для мяне важна, на што трэба рабіць акцэнт.
І гэта таксама выклік. Цяжка правесці мяжу, дзе я рэдактар, а дзе мама? Дзе я дасведчаны прыяцель, а дзе неафіт, які пераймае досвед калегі, бо старэйшая дачка ў тэме каля дзесяці год.
Мне часам было балюча праводзіць гэтую мяжу і я недзе па-мамску апантана кідалася, а трэба было б прытармазіць.
Мяне вельмі падтрымлівае муж. Калі я пачала здымаць з дрона, ён асвоіў гэты верталёцік лепш за мяне і на здымкі цяпер ездзім разам.
— Прафесія журналіста ў Беларусі дае магчымасць рэалізавацца, пачувацца шчаслівым?
— Для мяне важны дыяпазон, які гэтая прафесія дазваляе адчуць: ад страхаў, перажыванняў да радасці, знаходак. Мне важная дынаміка, а не стабільнасць. Журналістыка дазваляе адчуць гэтую дынаміку, пагойдацца на эмацыйных арэлях, шмат чаго пабачыць, сустрэць розных людзей.
Людзі ходзяць у тэатр, каб перажыць моцныя пачуцці, драму, але не ў сваім жыцці. Журналістыка — той самы выпадак. Журналістыка акурат для тых, хто не баіцца эмацыйных дыяпазонаў.
З узростам пачынаеш разумець, што не заробіш усіх грошай і гэта нармальна. Я ведаю, што ў Гродна і сысці на іншае месца няма куды. Але я разумею, што з часам шмат хто з журналістаў пачынае рэалізоўвацца як мастацкі пісьменнік. Прыкладаў шмат: Горват, Бартосік, Сцяпан, Казакова… Для такіх аўтараў журналістыка — магчымасць перажыць шмат жыццяў, каб мець матэрыял для выказванняў. Думаю, гэта таксама ў мяне наперадзе.
— Што цябе натхняе?
— Як інжынер я не люблю словы пра натхненне. Бздуры ўсё гэта ваша натхненне, скажу па сакрэце (смяецца). Мяне натхняюць дэдлайны і ўсё новенькае. Мяне натхняюць падарожжы, рух. Цяпер я шмат працую седзячы, як гэта не дзіўна, таму радуюся магчымасці некуды паехаць, пайсці.
— А што раздражняе?
— Тое самае! Дэдлайны. Што трэба ўвесь час некуды ехаць, што на выходныя немагчыма застацца дома. Што ўсё вакол мяняецца. Звычайна, што радуе, тое ж і бальней за ўсё б’е.
— На што не хапае часу?
— На сябе. Я заўважыла, што цяпер няма асабістай прасторы. Раней быў хэндмэйд, маляванне. Яно некуды сышло з майго жыцця. І я не ўяўляю, як цяпер заняцца бісерным ткацтвам ці вышыванкай. Гэта проста адвалілася. Апошні раз я малявала ў мінулым годзе.
Гэта размова пра дысціпліну, пра тое, што трэба выбудаваць асабісты менеджмент, а не кідацца грудзямі закрываць кожную дзірку. Думаю, гэта было б на карысць усёй рэдакцыі, каб мы пасля не казалі, што я аддаў вам усё, а вы гэта не цэніце.
Праца мусіць быць працай, а не штодзённым ахвяраваннем. Думаю, гэтых ахвяр ніхто і не просіць.
Я не ведаю ўсіх адказаў і не магу іх ведаць. Я таксама іх шукаю.