«Гумарны, адчайны, адданы сябрам і журналістыцы». Памяці Генадзя Кеснера
Два гады таму, 2 снежня 2021 года, пайшоў з жыцця вядомы беларускі журналіст Генадзь Кеснер. Яму было 50 гадоў, але каранавірусная інфекцыя на фоне лячэння ад анкалагічнага захворвання не пакінула Генадзю шанцаў. Сёння БАЖ прапануе ўспомніць нашага сябра і калегу, бо сапраўдных людзей трэба памятаць заўжды.
У ВНУ быў актывістам студэнцкага саюза
Генадзь Кеснер скончыў сярэднюю школу № 90 Мінска са срэбраным медалём. Было гэта ў 1988 годзе. Пасля школы паступіў у Мінскі інстытут замежных моў.
У 1990 годзе пра Генадзя Кеснера, мабыць, упершыню ў яго юнацкім жыцці напісалі ў СМІ. Вялікі артыкул у папулярным тады часопісе «Собеседник» быў прысвечаны незвычайнай для тых часоў сітуацыі: студэнты Інстытута замежных моў аб’ядналіся з прагрэсіўнымі выкладчыкамі і зрынулі рэктара, бо ні тых, ні іншых не задавальнялі метады яго кіраўніцтва. І хоць сістэма СССР яшчэ працавала, партыя руліла, але ўтаймаваць актывістаў студэнцкага саюза, куды ўваходзіў Генадзь, так і не атрымалася. Моладзь дабілася перамен — і рэктар падаў у адстаўку.
Па слядах той неверагоднай гісторыі Зміцер Быкаў у артыкуле «Жэрміналь» («Собеседник» № 18, травень 1990 года) напісаў: «Уладзімір Безкаравайны, Генадзь Кеснер, Вольга Таўстушка, Юлія Рэпкіна, Ірына Паяскова, Вольга Калацкая, Вадзім Лапшын і, канешне, Андрэй Чарнуха з жонкай Анжэлай. Прабачце, каго не назваў. Гэтыя людзі нам усім падалі ўрок такту, арганізаванасці і бесстароннасці. Ім міністр за гэта падзякаваў — падзякуем і мы».
У журналістыку трапіў выпадкова
У 1992‑м Генадзь апынуўся на міжнародным штогадовым мерапрыемстве ў Гамбургу, на якое сабраліся прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятыў, творчай інтэлігенцыі, журналісты. Кеснер у якасці перакладчыка з нямецкай мовы прадстаўляў Беларускі дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля».
У беларускую дэлегацыю ўваходзілі ў тым ліку галоўная рэдактарка радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» Жанна Літвіна і яе намесніца Таццяна Мельнічук.
У каментары для J4T спадарыня Таццяна згадвала: «Увечары на пасядзелкі да нас прыходзіць маладзенькі перакладчык Гена. І ніколькі не саромеючыся і не стаючы ўбаку, Гена пачынае казаць, як паважае «Беларускую маладзёжную», і не так па-прыхільніцку, а па-сяброўску. Сядае з намі, нейкі там аналіз дае некаторых працоўных момантаў. Ён адразу ўпісаўся ў нашую бяседу і вячэру як роўны чалавек.
Мы сядзелі амаль усю ноч і рагаталі. А Генка за ўвесь гэты час не паўтарыўся з ніводным анекдотам. Ён іх ведаў безліч і ўмеў прамаўляць выразна, з тварамі.
Раніцай, калі сустрэліся, то ўсе людзі з «Беларускай маладзёжнай» сказалі: «Трэба браць, наш хлопец».
У выніку Генадзя запрасілі на радыёстанцыю рабіць міжнародныя навіны. Кеснер прыняў прапанову.
Кожны дзень ён прачынаўся ў 3.40 раніцы, наладжваў кароткахвалевы радыёпрымач на рэдакцыю «Дойчэ Вэле», хутка запісваў ад рукі навіны па-нямецку, потым першым транспартам ехаў у Дом радыё, там перакладаў навіны на беларускую мову, рыхтаваў іх для вядоўцы, а сам ляцеў на заняткі ў інстытут.
З цягам часу Кеснера пачалі адпраўляць на прэс-канферэнцыі, рэпартажы. Вось так усё і пачалося.
Меламан і непасрэдны ўдзельнік праекта «Народны альбом»
Генадзь вельмі любіў музыку, і ў яго былі дужа разнастайныя густы, з аднолькавым задавальненнем мог слухаць і ABBA, і Scorpions, і Metallica.
А яшчэ любіў спяваць сам. Напрыклад, Генадзь быў непасрэдным удзельнікам стварэння беларускага музычнага праекта «Народны альбом», выдадзенага ў 1997 годзе.
У 5‑ці песнях (з 27-мі) Кеснер быў на бэк-вакале.
Трэба дадаць, што аўтарамі і выканаўцамі песень былі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў і іншыя.
Заўсёды быў у руху і гушчы падзей
Генадзь Кеснер як першапраходца беларускай незалежнай журналістыцы, у ліку першых спазнаў пераслед і наступствы прафесійнай дзейнасці. На акцыях і мітынгах, дзе ён прысутнічаў у якасці журналіста, яго затрымлівалі, кідалі ў аўтазакі, адвозілі на допыты.
Калега Кеснера па «Новым Часе» Сяргей Пульша дзяліўся ўспамінамі:
«Мы з ім шмат працавалі на акцыях, дзе былі і затрыманні, і разгоны.
Калі нешта непрыемнае здаралася, Генадзь казаў: «Сціскаем зубы, працуем далей».
Я ніколі яго не бачыў у дэпрэсняку або стане разгубленасці. Адкуль гэта ў ім? Гэта, можна сказаць, ад Бога».
У верасні 2002-га амаль каля самага дома на яго напалі невядомыя і моцна збілі. Генадзь атрымаў сур’ёзную траўму галавы. Падчас нападу каштоўных рэчаў не скралі. Таму можна здагадацца, што гэта была помста за прафесійную дзейнасць. Кеснер тады з’яўляўся карэспандэнтам радыёстанцыі «Радыё Рацыя».
Генадзь заўсёды быў у руху і гушчы падзей. Але падзеі часам знаходзілі яго самі. 11 красавіка 2011 года падчас тэракта ў мінскім метро Кеснер апынуўся ў адным з тых злашчасных цягнікоў, якія ў адзін момант прыбылі на станцыю «Кастрычніцкая».
Генадзь ехаў у сярэднім вагоне і не выходзіў, таму не пацярпеў, як іншыя. Але тая жудасная карціна, напэўна, засталася ў памяці на ўсё жыццё. «Дзверы адчыніліся, людзі пачалі выходзіць з вагона, пасля чаго пачуўся выбух. Потым — дым, агонь, пыл, свет згас. Першыя людзі, якія выйшлі, прыселі на кукішкі», — распавядаў Кеснер.
Рабіў сінхронныя пераклады канцлера Германіі Ангелы Меркель
Дэбютаваў на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Калі тую зачынілі ўлады, разам з калегамі ствараў легендарную радыёстанцыю «101,2», якой таксама забаранілі выходзіць у эфір. Генадзь Кеснер так прыгадваў яе апошнія дні існавання:
«Было 30 жніўня 1996 года. Дзень нараджэння нашага кіраўніка Жанны Літвіной. Мы рыхтаваліся павіншаваць, была ўжо другая палова дня. Раптам з факса вылазіць нейкае дзіўнае і малазразумелае паведамленне, што па чынніку перашкод, якія перадатчык на частаце 101,2 Мгц стварае міліцэйскім хвалям, эксплуатацыю трэба спыніць з 1 верасня 1996 года. Вось такі «падаруначак» атрымала Жанна Літвіна.
У апошні дзень вяшчання, 31 жніўня, кожную гадзіну Юрась Бушлякоў сваім непаўторным мяккім барытонам зачытваў зварот да нашых слухачоў, у якім мы тлумачылі сітуацыю і абяцалі вярнуцца. Не атрымалася. Закрыццё «Радыё 101,2» стала для мяне адным з самых вялікіх расчараванняў і сапраўдным горам у маім жыцці. Пасля апошніх пазыўных мы не маглі стрымаць слёз, а дома плакала мая маці, у якой 31 жніўня Дзень нараджэння».
Потым была праца на «Радыё Рацыя». Апроч асноўнага занятку доўгі час супрацоўнічаў з DW, рабіў сінхронныя пераклады, у тым ліку колішняга канцлера Германіі Ангелы Меркель.
Газета «Новы Час» стала апошнім месцам працы таленавітага журналіста Генадзя Кеснера. Пазваў яго туды колішні галоўны рэдактар выдання Аляксей Кароль. Менавіта тут выйшла апошняе, незавершанае інтэрв’ю Генадзя. Ён адказваў на пытанні галоўнай рэдактаркі Аксаны Колб, выкройваючы час паміж працэдурамі. Як згадвае спадарыня Колб, казаць у гэты час Генадзь ужо не мог, бо ў яго горле стаяла трубка для дыхання.
Але нягледзячы на цяжкі стан свайго здароўя, Кеснер не адмовіўся ад пасведчання «Новага Часу» нават тады, калі пачаліся пераследы журналістаў і рэдакцый. Як успамінала Аксана Колб, пасля папярэджання Генпракуратуры, яна прапанавала цяжка хвораму журналісту звольніцца, каб не давялося зведаць на сабе рэпрэсій: «І вось што мне напісаў Гена: «Аксана, я не пацук, які бяжыць з «Тытаніка». Лёша калісьці запрасіў мяне. Як я магу здрадзіць яму, табе? Ад роднага, шчаслівага, каханага не адмаўляюцца»».
Чытайце яшчэ:
Крызіс даверу ці крызіс аўдыторыі? Гарачая спрэчка наконт «паразы ў інфармацыйнай вайне»
«Са сваёй сям’ёй і ўсміхаецца». З палона вызвалена дачка ізраільскага журналіста, чыя гісторыя разышлася па свеце
Ізгой, які знайшоў сябе ў прапагандзе. Гісторыя прапагандыста Андрэя Мукавозчыка