• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Грустный Коленька” і «экстрэмісты»: што чытаюць чыноўнікі, дыпламаты і сілавікі

    Многія беларускія міністэрствы — удзельнікі "экстрэмісцкіх фарміраванняў". А яшчэ яны любяць мемы пра Лукашэнку. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова проста зірнуць, на каго беларускія чыноўнікі, дыпламаты і сілавікі падпісаныя ў Твітары. 

    Пакуль «простых беларусаў» за падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, непажаданыя для ўладаў, адпраўляюць у калоніі, тыя, з чыёй маўклівай згоды (а часта — і актыўнай ухвалы) гэта адбываецца, спакойна падпісаныя на «экстрэмістаў». Гэй, ГУБАЗіК! Усе роўныя — але некаторыя раўнейшыя, і ў дачыненні да «сваіх» законы не дзейнічаюць? 

    Мемны Мінюст і МУС у экстрэмісцкіх фарміраваннях

    МЗС Беларусі сабрала ў падпісках некалькі вытворцаў экстрэмісцкага кантэнту: «Зеркало», TUT.by, DW. І нават з’яўляецца ўдзельнікам экстрэмісцкіх, на думку уладаў, фарміраванняў «Наша ніва» і БелаПАН.  

    У МУС сабраліся яшчэ больш заўзятыя бунтаўнікі. Афіцыйны акаўнт з «птушачкай» не саромеецца адначасова чытаць «СБ» і «Хартыю’97», «Зеркало», «Вясну», TUT.by. Яшчэ МУС далучыўся да анархісцкага «экстрэмісцкага фармавання» — «Рэвалюцыйнае дзеянне». Сярод чытаных ёсць і менш дзёрзкія «экстрэмісцкія фарміравання» — Еўрарадыё і БелаПАН. 

    Прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч не ўтрымаўся ад падпіскі на «Зеркало». А сам акаўнт СК раней упадабаў паведамленні экстрэмісцкага фарміравання «Радыё Свабода». Захаваўся нават лайк «тэрарысту» Антону Матольку, які каментуе запіс Еўрарадыё. Калі ў Твітары ставіш «сэрцайка», іншыя чытачы могуць гэта ўбачыць. Паводле абноўленых нядаўна беларускіх законаў выходзіць, што СК Беларусі распаўсюджвае экстрэмісцкі кантэнт. 

    З усіх «экстрэмісцкіх фармаванняў» Дзяржаўны памежны камітэт вырашыў далучыцца да Еўрарадыё. Яшчэ чытае «простых экстрэмістаў» Deutsche Welle, EX-PRESSBY і заблакаванае ў Беларусі «Польскае радыё». Афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі чытае Еўрарадыё, «Хартыю’97», «Беларускі партызан», БелаПАН, DW, «Радыё Свабода», «Зеркало», БелаПАН, TUT.BY. Тут падпісак гадоў на сем калоніі — паводле законаў, якія самі ж беларускія сілавікі праціснулі, а дэпутаты — прынялі. Толькі вось не спяшаюцца прымяраць іх дзеянне на сябе.

    Калі вам здавалася, што Мінюст — гэта абавязкова нешта сур’ёзнае, то не. Хтосьці ў гэтым міністэрстве сапраўды любіць мемы. Інакш як растлумачыць, што яго акаўнт падпісаны на блогераў «Саша 3%», «Грустный Коленька» і «Чай з малінавым варэннем»? Яшчэ Мінюст чытае «Беларускі партызан», «Зеркало», KYKY.ORG. У акаўнта няма «птушачкі», але ён посціць фотасправаздачы з афіцыйных мерапрыемстваў, і на яго падпісаныя іншыя беларускія ведамствы.

    Мінінфарм, які заблакаваў у Беларусі ўсё, да чаго дацягнуўся, падпісаны на «Зеркало», TUT.by, The Vil­lage. Не абышоў бокам і «экстрэмісцкія фармаванні» KYKY.ОRG, «Наша ніва» і «тэрарыста» Антона Матольку. 

    Нават сярод 25 падпісак Мінлясгаса знайшлося «Зеркало». Міністэрства энергетыкі, Міністэрства адукацыі і Мінбудархітэктуры таксама яго чытаюць.

    Мінпрам аддае перавагу Еўрарадыё, «Зеркалу» і «БелаПАН».

    Мінспорту і турызму — аматары не толькі беларускага вольнага слова, але і расійскага. Побач з падпіскамі на БелаПАН, «Хартыю’97», «Беларускі партызан», «Зеркало» і Tribuna.com — падпіскі на Навальнага, «Дождь» і Дудзя.

    Мінэканомікі чытае Еўрарадыё, «Беларускі партызан», TUT.by. Добры выбар!

    “Вы прасілі дошч — я даў вам дошч!” — лайк ад Мінабароны

    У Камітэта дзяржкантролю, які кашмарыць бізнес праверкамі, у Твітары ўсяго тры падпіскі. Вось яны: «Новы час», «Грустный Коленька», «Белсат».

    Мінабароны, як і Мінюст, любіць мемы і падпісаны на старонку «Блізкі космас». У яе апісанні — цытата Лукашэнкі: «Вы прасілі дошч — я даў вам дошч!» Таксама Мінабароны чытае «Зеркало», KYKY.ОRG, TUT.by, «Вясну», «БелаПАН», DW, «Радыё Свабода». 

    Міністэрства аховы здароўя Беларусі падпісана на «Хартыю’97», «Беларускі партызан», Еўрарадыё, «Зеркало», «Чай з малінавым варэннем», Антона Матольку, Tribuna.com, TUT.by, «Белсат», «Радыё Свабода», «БелаПАН» і » Вясну».

    Гэта далёка не ўсе ва ўладзе, хто цікавяцца экстрэмізмам. Дыпламаты і амбасады часта падпісаныя на беларускія незалежныя СМІ, абвешчаныя ўладамі «экстрэмісцкімі». Ну а адкуль яшчэ дазнавацца, што насамрэч адбываецца ў краіне? Напрыклад, амбасада Беларусі ў Расіі чытае Еўрарадыё, «Беларускі партызан», «Зеркало». Амбасадар Беларусі ў Японіі Валерый Калеснік падпісаны на Віктара Бабарыку

    Вылучыліся і прапагандысты, якія так непрымірыма «змагаюцца з экстрэмізмам», што не саромеюцца друкаваць на першай паласе свастыкі: «Мінская праўда» чытае «NЕХТА».

    Нічога «экстрэмісцкага» мы не знайшлі ў Генпракуратуры, Нацбанка, Белстата і МАРГа. А КДБ вырашыў наогул нікога не чытаць адкрыта. Разумна. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці