• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гродзенкі сталі на калені перад Тускам? Гісторыя аднаго фота і двух фэйкаў

    Калі лідара польскай апазіцыі Дональда Туска ў снежні 2023 выбралі прэм’ер-міністрам Польшчы, ізноў выплыла фота з жанчынамі, што стаяць перад ім на каленях. Здымак зроблены ў Гродне ў 2005 годзе. «Наша Ніва» паспрабавала абвергнуць звязаны з ім фэйк расійскай прапаганды, але сама фактычна стварыла новы фэйк. Дык што гэта за фота? Разабрацца Hrodna.life дапамог сведка падзей.

    Пра які фэйкі ідзе гаворка

    З 2015 года ў інтэрнэце распаўсюджваюць фотаздымак, на якім перад Дональдам Тускам стаяць на каленях нібыта жыхары Кіева. У той час польскі палітык займаў пасаду старшыні Еўрапейскага Савета, а расійскія прапагандысты спрабавалі паказаць, быццам украінцы становяцца на калені перад «польскімі панамі».

    Насамрэч фота зроблена не ў Кіеве, а ў Гродне, і не ў 2015, а ў 2005 годзе. Адпаведна на каленях стаяць не кіеўляне, а гродзенцы. І вось тут «Наша Ніва» ў пэўным сэнсе стварыла новы фэйк. Бо людзі сапраўды стаялі на каленях, але зусім не перад Дональдам Тускам.

    Навошта людзі стаялі на каленях і адкуль на фота Туск

    Фота зроблена 1 жніўня 2005 года. Дональд Туск, тады віцэ-маршалак Сейма, прыехаў у Гродна, каб падтрымаць чальцоў Саюза палякаў Беларусі. Улады акурат адабралі ў іх галоўную сядзібу — будынак на скрыжыванні вуліц 17 Верасня і Дзяржынскага.

    «Людзі збіраліся некалькі дзён запар. Ад моманту, калі АМАП увайшоў і забралі Дом Польскі [сядзібу СПБ — Hrodna.life] ў канцы ліпеня. Гэта былі штодзённыя акцыі, людзі прыходзілі і патрабавалі вярнуць дом палякаў, — расказаў Hrodna.life адзін са сведкаў тых падзей. — Дзесьці па-абедзе людзі маліліся і Туск прыехаў, цэлы картэж прыехаў. Ён выйшаў і не мог зразумець, таму яму тлумачылі, што адбываецца».

    Паводле яго словаў, там прысутнічала некалькі дзясяткаў міліцыянтаў: у форме і ў цывільным. «Былі супрацоўнікі КДБ і АМАП таксама, наколькі я памятаю». Супрацоўнікі органаў папярэджвалі ўдзельнікаў пікета, што мерапрыемства несанкцыянаванае.

    Жанчыны стаялі на каленях яшчэ да прыезду Туска

    «Я была ў той дзень у гэтым месцы. Гэтыя жанчыны ўкленчылі не перад Тускам. Яны маліліся на каленях яшчэ з гадзіну да яго прыезду. І перад імі стаялі бусы з амапаўцамі, гатовымі іх разагнаць. І жанчынам было страшна. Туск прыехаў падчас малітвы і гэта значыла, што ў яго прысутнасці іх напэўна не разгоняць. Жанчыны апладзірвалі яго прыезду, але малітвы не спынілі. Тады быў працэс разбурэння Саюза Палякаў, жанчыны штодзень прыходзілі да будынка на вул 17 Верасня і атачалі яго, каб абараніць», — напісала ў каментарах у Telegram-канале Haradzien­s­ki карыстальніца I Ch.

    «Вы не адныя, Польшча заўсёды будзе з вамі. Калі вы вытрываеце, вы пераможаце», — сказаў Дональд Туск у час сустрэчы і размовы з удзельнікамі пікета.

    Атрымліваецца, стаянне на каленях жанчын з Саюза палякаў і прыезд Туска паміж сабой фактычна не звязаныя. Палітык проста прыехаў у час малітвы, прыйшоў побач і проста патрапіў на фота на фоне жанчын. Яны не станавіліся перад Тускам на калені адмыслова.

    Што тады адбывалася ў Саюзе палякаў Беларусі

    У 2005 годзе скончыўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага. Падчас VI з’езда СПБ у сакавіку 2005 года кіраўнічкай арганізацыі абралі Анжаліку Борыс. Такое рашэнне не спадабалася беларускім уладам. Яны не прызналі вынікі з’езда і заявілі, што на ім адбыліся парушэнні.

    У жніўні 2005 года ў Ваўкавыску арганізавалі новы з’езд і новыя выбары старшыні. У выніку СПБ узначаліў Юзаф Лучнік. Новыя вынікі выбараў улады Беларусі прызналі, але кіраўніцтва Польшчы заявіла, што будзе падтрымліваць толькі арганізацыю пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Так адзіны Саюз палякаў раздзяліўся на дзве часткі і гэты падзел існуе дагэтуль. У выніку будынак Саюза палякаў Беларусі ў Гродне дастаўся праўладанаму саюзу.

    Як адрэагавалі ў праўладным СПБ на прыезд Туска ў 2005

    Папярэдні кіраўнік СПБ Тадэвуш Кручкоўскі, які падтрымліваў праўладную частку Саюза, крытычна паставіўся да прыезда Дональда Туска ў Гродна. «Я лічу, што палітык такога ўзроўню, як Туск, павінен прыйсці не з прапагандысцкай кампаніяй, а для таго, каб вырашыць праблему», — сказаў Кручкоўскі.

    Сам Кручкоўскі не сустрэўся з Тускам, хоць і знаходзіўся ў будынку СПБ, які ахоўвала міліцыя.

    Чытайце яшчэ:

    Як дзве дзяржаўныя газеты ў трох артыкулах абвяргалі адзін «экстрэмісцкі» паблік

    Рэдактар глыбоцкай раёнкі заклікае чытачоў не быць «пастаўшчыкамі кантэнту» для тых, хто выехаў за мяжу

    Фотафейкі: праграмы і парады для праверкі выяў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці