• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фігурантам «справы БЕЛТА» пачалі прад’яўляць абвінавачванні

    Журналістам, якіх абвінавачваюць у прычыненні фінансавых стратаў дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА, прапануюць кампенсаваць гэтыя грошы. Аднак, нават калі журналісты і выплацяць прад'яўленыя ім сумы, гэта ніякім чынам не здымае з іх абвінавачвання, не вызваляе ад судовага разгляду.

    Абвінавачванні ўжо прад’явілі шасці асобам з рэдакцыі TUT.BY.

    Абвінавачванне прад’яўлена галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, аглядальніку БелаПАН Таццяне Каравянковай, карэспандэнту Deutsche Welle Паўлюку Быкоўскаму і галоўнаму рэдактару партала Realt.by Уладзіславу Кулецкаму.

    Вядома, што некаторыя фігуранты «справы БЕЛТА» пакуль не хочуць, каб іх імёны разгалошваліся.

    Галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына

    Галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына пасля допыту ў Следчым камітэце распавяла, што ёй прад’яўлена вялікая сума шкоды, якую трэба пагасіць. Таксама следчыя вярнулі рэчы, якія забралі пасля вобшука: нататнікі, тэлефонную кнігу.

    — Гэта было прад’яўленне абвінавачвання. Я не прызнала сваёй віны, на некаторыя пытанні адмовілася адказваць. Агулам сёння была хутчэй размова са следчым. І я яшчэ раз пераканалася, што следчыя ўсё разумеюць, і што да іх было даведзена, што трэба рабіць. Усім усё зразумела.

    Агульная сума, якую мне прапанавалі пагасіць, — больш за 12 тысяч рублёў.

    БелаПАН працуе ў ранейшым рэжыме.

    Сумы стратаў, нанесеных БЕЛТА, усім журналістам назвалі розныя. Кожны журналіст самастойна абірае тактыку паводзінаў. Напрыклад, Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што карэспандэнту Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі мусіць кампенсаваць БЕЛТА крыху больш за 4 000 рублёў.

    Паўлюк Быкоўскі кажа, што прызнае сваю віну і мае намер сплаціць гэтыя грошы.

    «Я адразу абіраў такі варыянт паводзінаў, гэта — мая тактыка. Натуральна, я нікога не схіляю да такіх рашэнняў», — патлумачыў вядомы журналіст і медыяэксперт.

    Заснавальнік і саўладальнік TUT.BY, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» і ТАА «Надзейныя праграмы» Юрый Зісер на сваёй старонцы ў Face­book падзяліўся думкамі наконт таго, што наўрадці справа супраць журналістаў скончыцца «кампенсацыяй стратаў БЕЛТА».

    Таксама вядомы бізнэсовец звяртае ўвагу, што гэтая справа прынесла вялікія страты дзяржаве ў сувязі з пагаршэннем інвестыцыйнага клімата.

    Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтвы Таццяна Каравянкова, журналіст «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі і рэдактар ​​інтэрнэт-сайта газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

    Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

    25 верасня рэдактар TUT.BY Дзмітрый Бобрык выступіў з заявай у сваім Face­book. Журналіст паведаміў, што з самага пачатку расследавання па «справе БЕЛТА» на яго аказваўся ціск, яму пагражалі раскрыццём дэталяў асабістага жыцця.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці