• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржаўная прапаганда накінулася на партал Onliner

    Адразу некалькі прапагандысцкіх пляцовак цягам апошніх дзён пачалі атаку на недзяржаўны сайт Onliner.

    Што казалі Гайдукевіч і Азаронак?

    Спачатку адзін з найбуйнейшых праўладных тэлеграм-каналаў «Желтые сливы» напісаў, што «„Онлайнэр“, выпадкова ці не, паказаў сваю сутнасьць». Прэтэнзія заключалася ў тым, што на партале не было публікацый пра афіцыйнае сьвяткаваньне 17 верасьня, затое нататка пра пачатак «Актобэрфэсту» была зьмешчаная.

    «Змагар, які затаіўся, — горшы за любога з „каліноўцаў“», — напісаў пра «Онлайнэр» прапагандыст Рыгор Азаронак.

    Потым абмеркаваньне парталу перайшло на тэлеканал СТБ. Вядоўца перадачы «Па сутнасьці» задаўся пытаньнем: «Мы павінны ім прабачыць ці паступіць неяк інакш?»

    «Мы ў 2020 годзе падчысьцілі недзяржаўныя арганізацыі, СМІ, якія працавалі не на нас. Дык не давайце ім вырасьці зноў. Ня трэба расьціць нанава тое, што мы потым спэцслужбамі будзем зьнішчаць. Ня трэба гуляць у гэтую хвалёную заходнюю дэмакратыю, якой няма. Калі ў адносінах да нас вядзецца інфармацыйная вайна, нас наогул ніхто не пытаецца», — адказаў на гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

    Што такое «Онлайнэр»?

    Сайт onliner.by існуе з 2001 году. Яго заснавальнікам стаў бізнэсовец Віталь Шураўка. Першапачаткова гэта быў блог пра мабільную сувязь і тэлефоны.

    Яшчэ праз два гады там зьявіўся адмысловы каталёг з інфармацыяй пра мабільныя тэлефоны, цэны і прадаўцоў. Пазьней каталёг стаў запаўняцца і іншай прадукцыяй. Таксама ў 2003 годзе на сайце зьяўляецца форум.

    Пасля «Онлайнэр» пачынае жыцьцё як партал, які піша на шэраг тэмаў — аўтамабілі, здарэньні, нерухомасьць. Палітычныя тэмы выданьнем не ўздымаліся.

    Здараліся выпадкі, калі рэдактары «Онлайнэра» замалёўвалі бел-чырвона-белыя сьцягі ў аўтамабілі, які трапіў у аварыю. Іншы прыклад — замалёўваньне лягатыпу Tut.by. Рэдакцыя падкрэсьлівала, што яна па-за палітыкай.

    У 2014 годзе ўлады выключылі «Онлайнэр» з дамэннай зоны .by за «парушэньне гандлёвага заканадаўства». Празь некалькі тыдняў дамэн сайту вярнулі.

    Зь цягам часу на «Онлайнэры» пачалі зьяўляцца публікацыі на вострыя грамадзкія тэмы, а ў 2020 годзе яны асьвятлялі пратэсты супраць несправядлівага падліку галасоў на выбарах. Журналістаў парталу затрымлівалі, яны адбывалі пакараньне на сутках.

    У 2021 годзе «Онлайнэр» спачатку адключыў у сябе камэнтары. А потым выданьне пакінулі галоўны рэдактар Мікалай Казловіч і шэраг журналістаў, найперш тыя, хто пісаў на грамадзка-палітычныя тэмы.

    Цяпер «Онлайнэр» унікае палітычнай тэматыкі, ня піша пра палітвязьняў, не ўжывае ў навінах з Украіны слова «вайна». Паводле дадзеных сайту Sim­i­lar­web, месячная аўдыторыя «Онлайнэра» — 40 мільёнаў наведнікаў. Гэта найпапулярнейшы на сёньняшні дзень беларускі СМІ.

    Чытайце яшчэ: 

    «Мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў»: як станавілася на крылле медыя «Сойка»

    Як дапамагчы палітвязням, якія выходзяць на волю?

    Как Google оставляет беларусов в российском медиаполе

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці