“Для медыярэсурсу ахвяруем сваім вольным часам”: у ЗША з’явіўся новы сайт для беларусаў Паўночнай Амерыкі
Пару тыдняў таму ў ЗША запрацаваў сайт для беларусаў Паўночнай Амерыкі. Сайт называецца “Беларус” і з’яўляецца пераемнікам аднайменнага папяровага часопіса, які заснавалі тут на пачатку 1950-х паваенныя мігранты з Беларусі. Пра журналісцкую “кухню” і пра тое, чаму сайт у Амерыцы стварыць лягчэй, чым у Беларусі, мы пагутарылі з намеснікам рэдактара, беларускім журналістам, які ўжо тры гады жыве і працуе за акіянам, Міхалам Чаропкам.
Рэгістрацыя – без праблем і дазволу ў райвыканкаме
— Новы сайт вырас з папяровага часопіса. Якім ён быў?
— Часопіс “Беларус” заснаваны беларусамі Амерыкі на пачатку 1950‑х. Сваёй галоўнай мэтай выданне бачыла данясенне да свету голаса беларусаў свету. І сёння мы таксама працуем для таго, каб беларусы былі пачутыя. Калі я кажу “часопіс”, то не маю на ўвазе глянцавае выданне. Гэта папяровая газета ў нашым звычайным разуменні. Яна выходзіла з рознай перыядычнасцю. Спачатку — штотыдзень, пасля — усё радзей.
Цяпер, калі я прыйшоў у гэтую справу, часопіс пачаў выходзіць раз на паўгода. Але сёлета папяровае выданне з розных прычын выпусціць не атрымалася. Паралельна вялася праца па стварэнні адмысловага сайта, бо прыйшлі новыя часы, і папяровыя газеты сталі менш актуальнымі. І ўсё ж друкаванае выданне раз на паўгода, мы, напэўна, пакінем як фізічны носьбіт для архіву і гісторыі. А сайт плануем развіваць. У будучым бачым яго як медыярэсурс не толькі з тэкстамі, але з падкастамі і відэа.
Такім чынам, “Беларус” працуе больш за 70 год. Мяняецца склад рэдакцыі, але місія газеты не змяняецца. Мы як расказвалі пра беларусаў у ЗША, у свеце і пра беларусаў Бацькаўшчыны, так і працягваем гэта рабіць. Розныя людзі, розныя рэдактары, але справа адна.
— Якія цяжкасці ўзнікаюць у працы?
— Асноўная праблема у тым, што ўсе мы ў ЗША працуем, каб зарабіць на жыццё. А для дзейнасці на сайце ахвяруем сваім вольным часам. Таму сайт распрацоўваўся даволі доўга — пяць месяцаў. Ды і цяпер, хоць мы запусціліся, распрацоўка працягваецца.
— Значыць, пакуль няма магчымасці зарабіць на сайце?
— Не. Жыць нам дазваляе асноўная праца. А дзейнасць для “Беларуса” дае нам сэнс жыцця. Людзі бачаць, што беларускае жыццё віруе і ў ЗША. Беларусы разам гуртуюцца і маюць медыя, дзе могуць выказаць свае думкі.
— Былі складанасці падчас рэгістрацыі?
— Зарэгістраваць сайт у Амерыцы нескладана. Мы ўсё рабілі на аснове папярэдняй дакументацыі як пераемнікі. Гэта дакладна не было праблемай. Тут не так, як у Беларусі: не трэба флэшак, крыптаключоў і дазволу ў райвыканкаме. Усё значна прасцей.
— Беларусы даўно жывуць у ЗША. Таму, напэўна, у вас ёсць нейкія медыяканкурэнты?
— Іншыя медыя час ад часу ўзнікалі — газеты, часопісы, бюлетэні. Але гэта з часам затухала. Цяпер асноўнае медыйнае жыццё эмігрантаў у ЗША — у Фэйсбуку.
Тут ёсць суполка “Беларусы ЗША. Разам лягчэй”. У суполцы — і навіны, і абвесткі, і анонсы. Тут людзі шукаюць патрэбныя рэчы, апісваюць свае прыгоды, просяць парады. З часам гэтую функцыю хацелі б выконваць мы. Старонку ведаюць, на яе заходзяць.
Але мы не можам кінуць нашага “Беларуса” і будзем развіваць яго. Хочацца, каб было беларускае слова. Мы ж — беларускамоўныя, а ў той фэйсбучнай суполцы мала беларускай мовы. Культурніцкую і моўную місію мы не можам адкінуць.
Рэдакцыя ў саборы? Звычайная справа
— Раскажыце пра каманду “Беларуса”.
— На сёння ў складзе рэдакцыі восем чалавек. Галоўны рэдактар — Ганна Сурмач. Яна займаецца “Беларусам” 20 год. Я — намеснік рэдактара. Ёсць журналісты, сярод якіх Алесь Пазняк — былы журналіст “Ганцавіцкага часу”, ёсць чалавек, які адказвае за фінансы. Фізічна знаходзімся ў Брукліне, але можам атрымліваць матэрыялы ад пазаштатнікаў — беларусаў з розных канцоў Паўночнай Амерыкі: Канады, Каліфорніі, Мексікі.
— Ці складана было набраць каманду беларускіх журналістаў у Брукліне?
— Збірала каманду Ганна Сурмач. Таму пытанне хутчэй да яе. Але я лічу, што складанасцей не было. На сустрэчах беларусаў Ганна бачыла, хто цікавіцца гэтай справай. Мы падыходзілі з пытаннямі. Яна заўважыла нашу цікавасць і запрасіла.
— А ці мае рэдакцыя памяшканне?
— Так, у Брукліне, у цэнтральным саборы аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пры саборы ёсць грамадска-культурны цэнтр, там мы і збіраемся.
Гэта звычайна для Амерыкі, калі на адным паверсе — царква, на другім — грамадска-культурны цэнтр, дзе можна камунікаваць, збірацца для сустрэч, абмеркаванняў. Тут усё беларускае жыццё віруе вакол гэтай царквы.
А будынак, дарэчы, выкупілі тыя самыя беларусы, што трапілі сюды пасля Другой сусветнай і заснавалі часопіс “Беларус”.
Тарашкевіца – традыцыя паваеннай міграцыі
— Хто вашы чытачы?
— Людзі ва ўзросце ад 25 да 52 год, якія прыехалі з Беларусі, жадаюць удзельнічаць у жыцці беларусаў, якія шукаюць навіны пра Беларусь, удзельнічаюць у мерапрыемствах.
— Як пра сайт даведваюцца людзі?
— Распрацоўваем стратэгію працы з сацсеткамі, даём спасылкі на старонцы ў Фэйсбуку. Асноўны паток наведнікаў якраз адтуль.
Сёлета ў верасні рыхтуецца 34-ты кангрэс беларусаў Амерыкі ў Нью-Джэрсі.
Абвестку мы апублікавалі на сайце, далі спасылку на абвестку ў суполцы ў Фэйсбуку “Беларусы ЗША. Разам лягчэй”, і асноўная аўдыторыя прыйшла адтуль. Праца з сацсеткамі, перадача праз іх інфармацыі будзе асноўным кірункам працы. Пакуль нашы сацсеткі – гэта Твітар і паралельна Фэйсбук.
— Чаму для сайта вы абралі тарашкевіцу?
— Гэта традыцыя паваеннай міграцыі. І нам здаецца, што менавіта тарашкевіца — сапраўдная беларуская мова. Наркамаўка брала запазычанні з рускай, а тарашкевіца — з заходнееўрапейскіх моў. Культурна і ментальна нам бліжэй класічны правапіс, а не зрусіфікаваная беларуская мова. Мы за захаванне сваёй спадчыны.
Чытайце яшчэ:
Ці кантралююць у Беларусі незалежныя медыі? Што за Камісія этыкі БАЖ
Каким было 9 августа 2020 года для будущей команды MOST
«Людзі, якія хацелі бачыць мяне за кратамі, вырашылі, што 2,5 года „хіміі“ для мяне замала». Рэдактарка «Новага часу» пра ад’езд зь Беларусі