• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці забароняць у Беларусі YouTube ды Instagram? Эксперты Быкоўскі і Дарашэвіч пра імпартазамяшчэнне сацсетак

    Чым для беларускай аўдыторыі і медыяў стане «імпартазамяшчэнне» сацсетак, якое цяпер адбываецца ў Расіі? Ці пойдзе беларуская цэнзура па шляху Кітая і РФ, забараняючы YouTube ды Instagram? Пра гэта, а таксама пра свежыя трэнды спажывання сацсетак беларусамі, расказалі эксперты Паўлюк Быкоўскі і Міхаіл Дарашэвіч.

    Улады Расіі разгледзелі праекты расійскіх аналагаў Insta­gram і Tik­TokНекаторыя праекты маюць на мэце прыход у Беларусь.
    Гэтак, адзін з расійскіх праектаў Looky ад ТАА «Мотивационные решения» мяркуе стаць рускай інстой. У пашпарце праекта гаворыцца, што мэта распрацоўшчыкаў сацсеткі Looky — «вяртанне ў звыклы асяродак актыўнай аўдыторыі Insta­gram і Face­book», а таксама выхад на міжнародны рынак «палепшанай версіі» Insta­gram, у першую чаргу ў Беларусь, Казахстан, Аб’яднаныя Арарбскія Эміраты», піша РБК.  

    З пачаткам вайны Расіі супраць Украіны ўлады РФ забаранілі жыхарам краіны доступ да глабальных прадуктаў кампаніі Meta — Фэйсбук і Insta­gram — з прычыны «экстрэмізму». Цяпер урад Расіі плануе замясціць «імпартныя» сацсеткі айчыннымі платформамі.

    Міхаіл Дарашэвіч: «Я не веру ў стварэнне працаздольных версій сусветных гігантаў за такі кароткі перыяд часу»

    Беларускі эксперт Міхаіл Дарашэвіч аптымістычна прагназуе правал  «імпартазамяшчэння» сацсетак.

    — Міхаіл, як вам наогул ідэя замяніць Insta­gram на рускі аналаг?

    — Я адчуваю апытмізм, калі чытаю нешта пра ідэі «імпартазамяшчэння» сацсетак расійскімі праектамі. Увесну 2022 года улады РФ паспрабавалі рускі прадукт Rutube вывесці на замену YouTube. Гэта прывяло да таго, што Rutube зламаўся і некалькі месяцаў быў па-за доступам. Прычым Rutube быў даволі папулярнай пляцоўкай, якую выводзілі не з нуля.

    А тут размова ідзе пра нулявыя прадукты. 

    Я не веру ў стварэнне працаздольных сацсетак — версій сусветных гігантаў — за такі кароткі перыяд часу. Заяўляецца, што «імпартазамяшчэнне» сацсетак мусіць адбыцца ў 2024 годзе. 

    — Дэфіцыт часу на распрацоўку — ці гэта адзіная праблема для «імпартазамяшчэння» сацсетак? 

    — З ідэяй «імпартазамяшчэння сацсетак» ёсць праблемы, якія ўзнікаюць на кожным этапе яе рэалізацыі. Стварыць прадукт, яго падтрымліваць, збіраць і заховаць дадзеныя — на кожным з гэтых этапаў могуць узнікнуць праблемы. Таму ступень імавернасці, што «імпартазамяшчэнне сацсетак» не адбудзецца ніколі, даволі вялікая. 

    Кампаніі, што ўдзельнічаюць у тэндары, немагчыма параўноўваць з той жа Meta ці з расійскімі альбо беларускімі IT-гігантамі. Гэта нейкія свежыя фаварыты, у якіх на сёння няма неабходнай колькасці распрацоўшчыкаў. Гэта кампаніі, якім прапануецца за нядужа вялікія, шчыра кажучы, бюджэты развіцца да ўзроўню глабальных кампаній. Што пераўтварае першапачатковую задачу ў задачу «патраціць грошы».

    Яшчэ адна праблема — гэта захаванне дадзеных: фота, відэа. Для гэтага мусіш мець агромністыя серверы. Наколькі мы ведаем, нават кампанія Яндэкс цяпер мае з гэтым праблемы. Раней кампанія захоўвала дадзеныя, акрамя РФ, у дата-цэнтрах у Фінляндыі. Гэта Яндэкс выкарыстоўваў як аргумент пра незалежнасць ад расійскай ўлады. А цяпер гэтыя дата-цэнтры пераехалі з Фінляндыі назад у Расію.

    Акрамя таго, у дачыненні РФ існуюць санкцыі, і павелічэнне колькасці сервераў для дадзеных такога тыпу — гэта задача не на адзін дзень, плюс яна даволі складаная тэхнічна.

    Таму я адчуваю аптымізм наконт рэалізацыі ідэі «імпартазамяшчэння» сацсетак.

    — Як аўдыторыя адрэагавала на забарону сацсетак у Расіі?

    — З гэтым звязаны іншы момант — ён, хутчэй, негатыўны. У РФ зафіксаванае падзенне аўдыторыі сацсетак Meta на ўзроўні каля 80%. Людзі перайшлі на прадукты ВК і Тэлеграм.

    Такім чынам, у РФ ужо адбылася замена Insta­gram на Тэлеграм. За аўдыторыяй туды пачынаюць рухацца расійскія рэкламадаўцы. Гэта больш трывожны трэнд: Тэлеграм яшчэ не сацсетка, але ўжо і не проста месенджар. І міфічнае знаходжанне Тэлеграма недзе ў юрысдыкцыі Дубая становіцца яшчэ больш шытым белымі ніткамі. 

    — А вы асабіста верыце ў незалежнасць Тэлеграма ад уладаў РФ?

    — Давер да Тэлеграма мусіць быць падарваны ўжо грунтуючыся на тым, якая вялікая колькасць беларускіх карыстальнікаў Тэлеграма сутыкнулася з рэпрэсіямі. 

    Таксама мы памятаем, як пэўны час Тэлеграм у РФ меў праблемы. А цяпер месенджар паказвае буйны рост. Я не веру, што ў такой кантраляванай краіне, як РФ, гэта стала вынікам нейкага шанцавання.

    — Яшчэ адна расійская сацсетка, якая пад кантролем уладаў РФ — гэта «ВКонтакте». Што адбываецца там?

    — Яшчэ адна рэч, якая мяне сур’ёзна непакоіць, гэта пашырэнне аўтарызацыі праз ВК. То бок карыстальнік можа заходзіць на іншыя сервісы праз акаўнт у «ВКонтакте». 

    ВК можа пачаць выконваць функцыю, падобную да функцыі сацыяльных рэйтынгаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэтыя сацыяльныя рэйтынгі даволі рэпрэсіўныя: вашыя сацыяльныя магчымасці і паводзіны будуць абумоўленыя гэтымі рэйтынгамі. Калі вы не лаяльныя дзяржаве, то вы не можаце атрымаць крэдыт альбо не можаце прэтэндаваць на нейкую пасаду. 

    Калі такі даволі небяспечны трэнд на аўтарызацыю праз падкантрольную ўладам сацсетку пачне развівацца ў Беларусі — гэта будзе кепска. На шчасце, для беларускай аўдыторыі значэнне сацсетак ВК і «Одноклассники» падае.

    — Дарэчы, якія тэндэнцыі цяпер у беларускай аўдыторыі адносна сацсетак?

    — Паводле дадзеных за кастрычнік, для аўдыторыі ў краіне сярод крыніц інфармацыі лідарам выступае Insta­gram, які абагнаў ВК. Другая цікавая рэч — Tik­Tok падабраўся да трэцяй пазіцыі рэйтынгу. Яшчэ паўгода — і ён можа апярэдзіць ВК, асабліва сярод маладой аўдыторыі.

    Старэйшыя людзі большае значэнне надаюць Фэйсбуку. Паміж мужчынскай і жаночай аўдыторыяй розніца каля 20% у выкарыстанні Insta­gram: жанчыны больш лістаюць інсту. Супрацьлеглая сітуацыя з выкарстаннем YouTube як крыніцы інфармацыі: мужчыны яго глядзяць часцей за жанчын. Што да Тэлеграм і Вайбер, то апошні губляе свае пазіцыі адносна першага. Але аўдыторыя гэтага месенджара меншая за сацыяльныя сеткі, YouTube і сайты навін.  

     

    Паўлюк Быкоўскі: «Калі беларускія ўлады закукляцца на расійскіх сацсетках, яны згубяць рубільнік»

    — Які ў вас прагноз наконт рэалізацыі ідэі «імпартазамяшчэння» сацсетак?

    — У гісторыі Беларусі ўжо быў перыяд, калі шмат хто хацеў зрабіць айчынныя сацыяльныя сеткі. Але гэтыя праекты не сталі паспяховымі. Чаму? Нават калі яны былі зробленыя тэхнічна дасканалымі, туды не прыйшло многа людзей. Людзі ідуць у сацсеткі для камунікацыі. Чаму трэба думаць, што людзі прыдуць у новаствораныя сацсеткі і стануць імі карыстацца? Невядома. 

    У Расіі ўжо некалькі разоў спрабавалі зрабіць аналаг Insta­gram, але не спрацавала. Аднак некаторыя сеткі выстрэльваюць і робяцца паспяховымі, напрыклад, ВК і «Одноклассники», якія былі аналагамі іншых сацыяльных сетак, таго ж Фэйсбука. 

    Калі ставіцца дзяржаўная задача зрабіць нешта такое, то паўстае пытанне драўлянасці выканаўцаў. Мне не трапляліся на вочы паспяховыя прыклады сэрвісаў, аналагаў папулярных, якія зрабілі б за дзяржаўныя грошы.

    — Якія ў іх чаканні ад «імпартазамяшчэння» сацсетак, а што атрымліваецца ў рэчаіснасці?

    — Яны хочуць кантраляваць: каб кантэнт быў зроблены імі, на іх пляцоўках, для распаўсюду іх меркаванняў. Што пры гэтым хоча аўдыторыя, яны не задумваюцца. Жаданне кантролю сацыяльных асяродкаў выклікаюць перакананні, што там нібыта робяцца рэвалюцыі. Але калі гэты кантроль уводзіцца, сацыяльныя сеткі пачынаюць засыхаць. 

    Паглядзім, што цяпер робіцца ў тым жа Фэйсбуку ці Тэлеграме. Схлынула колькасць людзей, якія рэгулярна карысталіся, і павялічылася колькасць людзей, якія ставяць фоткі коцікаў-сабачак, нечага нейтральнага. Людзі перасталі лайкаць, каментаваць, расшарваць. Калі ўлады ўмешваюцца ў працэс, не толькі ў працэс камунікацыі, караючы за падабайкі, але і ствараючы свае каналы камунікацыі, то мы ведаем, чым гэта заканчваецца.

    Няма ніводнага папулярнага праўладнага блогера. Я сутыкаўся з тым, што праўладны блогер мае нуль падпісчыкаў, але многа праглядаў. З чым гэта можа быць звязана? З тым, што былі рэсурсы на рэкламу яго прадукцыі. З камунікацыямі ўсё нашмат складаней, чым проста галачка насупраць задачы «стварыць кантэнт».

    — Які ўплыў на беларускую медыясферу можа мець імавернае з’яўленне новых сацсетак у РФ?

    — Што новага можа з’явіцца для беларускіх медыя і аўдыторыі? Ёсць шанец, што людзі захочуць размаўляць у новых сацсетках, і гэта ім можа спадабацца. Бо сацыяльныя сеткі найперш для міжасабовай камунікацыі. 

    Што новага тут можа быць для медыя? Уявіце сабе, што будуць рабіць новую сацыяльную сетку, дзе будзе забароненая палітычныя рэклама. У ВК і «Одноклассниках» яна цяпер забароненая. З гледзішча дыстрыбуцыі кантэнту, калі там разумная стужка галоўнай старонкі, а яна, хутчэй за ўсё, будзе разумнай, і пры гэтым вашая аўдыторыя пазбягае каментавання, расшару і лайкаў палітычнага кантэнту — тады без рэкламы там няма чаго рабіць. Калі няма рэкламы кантэнту, то яго ніхто не ўбачыць.

    — Якія ёсць шанцы, што беларускія ўлады пойдуць па шляху РФ: забароняць Insta­gram і Фэйсбук, распрацуюць нейкія свае сацсеткі?

    — У расійскіх уладаў для гэтага ёсць нейкія магчымасці. Яны доўга выпрацоўвалі канцэпцыю рунэта — яна не спрацавала — але па выніку ў іх хоць бы ёсць свае сацсеткі. У іх ёсць некалькі праектаў, куды ўкладзеныя вялікія грошы, якія маглі б быць відэахосцінгамі на замену YouTube. Яны могуць закукліцца.

    А беларускім уладам няма на чым закуклівацца. Калі яны будуць закрывацца на расійскіх рэсурсах, то згубяць той кантроль, які маюць сёння. Напрыклад, сёння расійскія тэлеканалы ідуць у Беларусі, але не напрамкі — гэта гібрыдныя каналы, дзе беларускія ўлады сядзяць на рубільніку.

    Калі беларускія ўлады закукляцца на расійскіх сацсетках, то яны згубяць свой рубільнік.

    Акрамя таго, няма патрэбы забараняць прадукты Meta. Фэйсбук не ўспрымаецца як страшны вораг, бо там малая колькасць аўдыторыі. Цалкам па Расіі ахопы таксама невялікія, але для Масквы і Піцера Фэйсбук меў значэнне, таму у РФ яго забаранілі. 

    Для беларускіх уладаў мае значэнне забарона YouTube, але на гэта яны замахнуцца не могуць. На YouTube, акрамя медыякантэнту, людзей прыцягвае інфармацыя, якую туды не загоніш прымусам. Гэта экасістэма, дзе людзі самі выкладаюць відэа: як адрамантаваць машыну ці зрабіць выпечку, і глядзяць збольшага такі кантэнт. Калі там будзе толькі тое, за што заплаціў дзяржаўны бюджэт, то гэта будзе відэахостынг з некалькімі дзяржаўнымі блогерамі і прадукцыяй дзяржтелеканалаў.

    Што да Insta­gram, то гэта іншая гісторыя, яна таксама звязаная з тым, што патрэбна людзям. Людзі хочуць глядзець на прыгожыя фотаздымкі сваіх сяброў, па-першае, па-другое — медыяперсон. Таму, на маю думку, з’яўленне ў Беларусі новых сацсетак і забарона існуючых малаверагодныя.

    Чытайце яшчэ:

    Затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сын-падлетак у сацыяльным прытулку

    “Сохранение исторической памяти”: анализ белорусского законодательства и международных стандартов

    «А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты», – размова пра Нобелеўскую прэмію і справу, якая больш за працу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці