• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці паўплываў Універсальны перыядычны агляд ААН на свабоду слова ў Беларусі?

    Юрысты ГА "БАЖ" падрыхтавалі ацэнку таго, як праца ў межах правабарончага механізму ААН — Універсальнага перыядычнага агляду — спрыяе свабодзе слова ў Беларусі.

    Універсальны перыядычны агляд (УПА) — гэта праваабарончы механізм, які быў створаны ААН  у 2006 годзе дзеля таго, каб кожная дзяржава-удзельніца Савета па правах чалавека праінфармавала астатніх дзяржаў-удзельніц пра зробленыя ёй паляпшэнні ў галіне правоў чалавека.

    Усе дзяржавы маюць магчымасць даваць рэкамендацыі той дзяржаве, якая робіць справаздачу.

    Беларусь будзе праходзіць ужо трэці цыкл справаздачнасці па УПА. Разгляд адбудзецца на 36‑й сесіі Савета па правах чалавека ААН з 4 па 15 траўня 2020 года ў Жэневе (Швейцарыя). Як наша краіна праходзіла другі цыкл можна паглядзець на сайце Савета ААН па правах чалавека.

    Кааліцыя праваабарончых арганізацый, у якую ўваходзіць і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”,  падрыхтавала і накіравала ў ААН альтэрнатыўны даклад пра выкананне Рэспублікай Беларусь абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека. Ён складаецца з 13-ці раздзелаў, адзін з якіх — «Свабода выказвання меркавання, свабода СМІ» — быў падрыхтаваны нашай арганізацыяй.

    Дадаткам да дакладу з’яўляецца табліца-матрыца з аналізам выканання рэкамендацый, якія Рэспубліка Беларусь атрымала ў межах другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду.

    З 13-ці рэкамендацый, якія тычыліся свабоды слова і былі адрасаваныя Беларусі падчас другога цыклу УПА, пяць рэкамендацый былі ёй падтрыманыя. У краіне ў 2016 годзе быў прыняты Міжведамасны план па іх выкананні. Тады ГА «БАЖ» і іншыя праваабарончыя арганізацыі падтрымалі сам факт яго зацвярджэння.

    Каб даць аб’ектыўную ацэнку дзеянням ураду па выкананні рэкамендацый па свабодзе слова, БАЖ распрацаваў адпаведны набор індыкатараў па кожнай рэкамендацыі. У 2018 годзе мы рабілі прамежкавую ацэнку працы дзяржаўных органаў у галіне свабоды выказвання.

    Выснова была несуцяшальная: “Распрацоўка Міжведамаснага плана, на жаль, не прывяла да якіх-небудзь значных наступстваў для сітуацыі са свабодай слова”.

    Цяпер, калі амаль скончыўся тэрмін выканання рэкамендацый УПА, атрыманах нашай дзяржавай у другім цыкле, па ацэнцы БАЖ, зробленай на падставе гэтых жа самых індыкатараў, з агульнага ліку рэкамендацый ніводная не была выканана поўнасцю, 5 былі выкананы часткова (у тым ліку дзве з непадтрыманых дзяржавай рэкамендацый).

    Ніжэй прыводзяцца рэкамендацыі ў сферы свабоды словы, якія былі прынятыя Рэспублікай Беларусь, адпаведныя індыкатары і ацэнка іх выканання.

    Рэкамендацыі, прынятыя Рэспублікай Беларусь у межах другога цыклу УПА

    Індыкатары выканання рэкамендацый, прадстаўленыя ўраду

    Ацэнка прагрэсу ў рэалізацыі рэкамендацый

    1

    Забяспечыць большыя гарантыі свабоды прэсы і свабоды выказвання меркаванняў, а таксама права на інфармацыю, якая адлюстроўвае розныя пункты гледжання

    У заканадаўства аб СМІ і аб доступе да інфармацыі ўнесены змены, накіраваныя на рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў аб свабодзе выказвання меркавання і праве на інфармацыю, у якіх улічаны рэкамендацыі Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

    Не выканана.

    Распрацаваны і прыняты дэмакратычны закон «Аб доступе да інфармацыі».

    Не выканана.

    Усе недзяржаўныя выданні, якія звярнуліся ў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст па распаўсюдзе СМІ па падпісцы «Белпошта», уключаны ў падпісныя каталогі.

    Выканана.
    Усе недзяржаўныя выданні, якія звярнуліся ў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст па распаўсюдзе СМІ па падпісцы «Белпошта», уключаны ў падпісныя каталогі

    Дзяржаўныя прадпрыемствы сістэмы «Белсаюздрук» прадаюць праз сваю рознічную сетку і па падпісцы недзяржаўныя выданні незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі.

    Выканана.
    Дзяржаўныя прадпрыемствы сістэмы «Белсаюздрук» прадаюць праз сваю рознічную сетку выданні незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі. Аднак меў месца выпадак канфіскацыі Міністэрствам інфармацыі з продажу праз сетку кіёскаў «Белсаюздрук» нумара газеты «Белгазета» з‑за публікацыі карыкатуры на палітычную тэму.

    Адсутнічаюць выпадкі неабгрунтаванай адмовы ў рэгістрацыі друкаваных СМІ.­

    Выканана.
    Адсутнічаюць выпадкі неабгрунтаванай адмовы ў рэгістрацыі друкаваных СМІ.

    Адменена рэгістрацыя распаўсюднікаў прадукцыі СМІ.

    Не выканана.

    Дзяржава не абмяжоўвае доступ да сайтаў, што распаўсюджваюць прадукцыю СМІ.

    Не выканана.
    Па рашэнні Міністэрства інфармацыі былі заблакаваныя два папулярныя навінавыя сайты — belpartisan.org у снежні 2017 года і charter97.org у студзені 2018 года.

    З Крымінальнага кодэкса выключаныя артыкулы, якія ўстанаўліваюць адказнасць за дыфамацыйныя злачынствы, у прыватнасці: 188 (Паклёп), 189 (Абраза), 367 (Паклёп супраць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), 3691 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), 391 (Абраза суддзі або народнага засядацеля).

    Не выканана.
    Дыфамацыйныя артыкулы Крымінальнага кодэкса працягваюць прымяняцца. З 19 ліпеня 2019 года з крымінальных артыкулаў 188 (Паклёп) і 189 (Абраза) выключана адна з падстаў прыцягнення да адказнасці — паўторнасць прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за паклёп і абразу (у выглядзе штрафу) на працягу года.

    Дзяржава ўступіла ў дыялог з прадстаўнікамі медыя, грамадзянскай супольнасці і інтэрнэт-бізнесу па пытаннях кіравання Інтэрнетам.

    Выканана.
    Дзяржава ўступіла ў дыялог з прадстаўнікамі медыя, грамадзянскай супольнасці і інтэрнэт-бізнесу па пытаннях кіравання Інтэрнетам.

    Унесены змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія адмяняюць неабходнасць абавязковай акрэдытацыі замежных журналістаў для ажыццяўлення дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

    Не выканана.

    Адсутнічаюць выпадкі неабгрунтаваных адмоваў у акрэдытацыі замежных журналістаў.

    Не выканана.
    У прыватнасці, у 2019 годзе было ў дзясяты раз адмоўлена ў акрэдытацыі журналісту «Радыё Рацыя» (Польшча) Віктару Парфёненку, а таксама журналісту таго ж СМІ Яўгену Скрабцу.

    Выключаны выпадкі прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

    Не выканана. Колькасць выпадкаў прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь рэзка ўзрасла (з 10 выпадкаў у 2016 годзе да 118 — у 2018 годзе). У 2019 годзе да канца мая мелі месца 38 штрафаў журналістаў. Ад  пачатку чэрвеня 2019 года выпадкі прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі, не фіксаваліся.

    2.

    У поўнай меры гарантаваць свабоду выказвання меркаванняў і ўстрымлівацца ад адвольных арыштаў журналістаў

    Адсутнічаюць выпадкі арыштаў журналістаў падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, а таксама ў якасці пакарання за сваю дзейнасць.

    Не выканана. Дзяржава дэманструе гатоўнасць затрымліваць журналістаў падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Колькасць затрыманняў залежыць ад пратэстнай актыўнасці ў грамадстве, якую асвятляюць журналісты. Найбольшага піку яна дасягнула ў 2017 годзе ў сувязі з выступамі супраць так званага «падатку на дармаедаў» (101 выпадак у параўнанні з 13 у 2016 годзе).

    Адсутнічаюць выпадкі адабрання, пашкоджання, канфіскацыі тэхнікі і абсталявання ў журналістаў.

    Не выканана. У 2018 годзе пачасціліся выпадкі ператрусаў, якія суправаджаліся адабраннем тэхнікі і абсталявання ў журналістаў і блогераў (па меншай меры 16 у параўнанні з 5 у 2017 годзе).

    3.

    Выконваць прынятыя абавязацельствы ў частцы забеспячэння гарантый свабоды асацыяцыі і свабоды выказвання меркаванняў

     

    Дзеянні дзяржаўных органаў у дачыненні да журналістаў і СМІ часта супярэчаць прынятым Рэспублікай Беларусь абавязацельствам у частцы забеспячэння гарантый свабоды выказвання меркаванняў.

    4.

    Заахвочваць і абараняць свабоду сродкаў масавай інфармацыі і права на свабоднае выказванне меркаванняў; прыняць меры да прывядзення заканадаўства і практыкі ў адпаведнасць з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; і справядліва расследаваць усе выпадкі нападу, пераследу і запалохвання ў мэтах прыцягнення да адказнасці вінаватых

    У заканадаўства аб СМІ ўнесены змены, накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі са свабодай слова, у тым ліку:

    1.1. Адменена адказнасць уладальнікаў сайтаў за каментары карыстальнікаў.

    1.2. Абмежаваны паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі па адвольным прыняцці рашэнняў аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў.

    Не выканана.

    Адсутнічаюць выпадкі «тэхнічнага» блакавання інтэрнэт-рэсурсаў падчас значных грамадска-палітычных падзей альбо ў перыяд абвастрэння эканамічнага крызісу.

     

    Выканана.
    Не адзначаліся выпадкі «тэхнічнага блакавання» (фактычнага блакавання па-за афіцыйнай працэдурай) інтэрнэт-рэсурсаў, звязанага з грамадска важнымі падзеямі.

    Праведзены поўныя і ўсебаковыя расследаванні гвалтоўных злачынстваў супраць журналістаў (у першую чаргу, выкраданне Дзмітрыя Завадскага, забойства Веранікі Чаркасавай), а вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.

    Не выканана.

    Расследаваныя выпадкі парушэння правоў журналістаў, у тым ліку супрацоўнікамі міліцыі, вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.

    Не выканана.

    5.

    Палепшыць агульную сітуацыю са свабодай сродкаў масавай інфармацыі

    Журналісты, праваабаронцы, эксперты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ацэньваюць сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі як лепшую, чым раней.

    Не выканана.
    Па выніках маніторынгу, які праводзіцца Беларускай асацыяцыяй журналістаў, у Беларусі працягваў узмацняцца ціск на незалежныя медыі і журналістаў. Сярод асноўных падзей і тэндэнцый 2018 года можна вылучыць:

    - змяненне заканадаўства ў сферы СМІ ў бок узмацнення жорсткасці дзяржаўнага кантролю;

    - крымінальны пераслед, звязаны са свабодай выказвання меркавання (справа “рэгнумаўцаў”; ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць блогера Пятрухіна; справа кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, спыненая ў сувязі з яго смерцю; «справа БелТА», якая скончылася асуджэннем галоўнага рэдактара папулярнага беларускага інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Марыны Золатавай);

    - пазасудовае блакаванне ў Беларусі папулярных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў;

    - узмацненне ціску на журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі);

    - выкарыстанне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання свабоды выказвання меркавання (у першую чаргу —  у сетцы Інтэрнэт).

    Месца Беларусі ў рэйтынгах па свабодзе слова ў параўнанні з папярэднім перыядам:

    - Свабода прэсы ў свеце, Free­dom House

    - Сусветны індэкс свабоды прэсы, «Рэпарцёры без межаў»,

    - IREX

    Пазіцыя Беларусі ў рэйтынгах па свабодзе слова ў параўнанні з папярэднім перыядам незначна палепшылася, аднак эксперты адзначаюць, што гэта збольшага звязана з пагаршэннем агульнай сітуацыі са свабодай слова ў свеце.

    - Free­dom in the World 2019 (Free­dom House): Беларусь застаецца несвабоднай краінай, але больш не ўваходзіць у групу краін з найгоршай сітуацыяй;

    - Сусветны індэкс свабоды прэсы («Рэпарцёры без межаў»): Беларусь перамясцілася са 155-га на 153‑е месца ў рэйтынгу з 180 краін);

    - Media Sus­tain­abil­i­ty Index (IREX): Беларусь па-ранейшаму застаецца ў групе краін з «няўстойлівай змяшанай сістэмай» (каэфіцыент нязначна палепшыўся з 1,23 у 2015 годзе да 1,46 у 2018 годзе).

    Колькасць фактаў неабгрунтаваных абмежаванняў свабоды СМІ з боку дзяржаўных органаў зменшылася.

    Не выканана.

    Дзяржава адмовілася ад дыскрымінацыйных мер прававога і эканамічнага характару ў дачыненні да недзяржаўных СМІ.

    Часткова выканана. Усе недзяржаўныя выданні, якія звярнуліся ў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст па распаўсюдзе СМІ па падпісцы «Белпошта», уключаны ў падпісныя каталогі. Дзяржаўныя прадпрыемствы сістэмы «Белсаюздрук» прадаюць праз сваю рознічную сетку выданні незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі. Такім чынам, дзяржава адмовілася ад шэрагу дыскрымінацыйных мер эканамічнага характару ў дачыненні да недзяржаўных СМІ. Аднак захоўваецца фінансаванне за кошт дзяржаўнага бюджэту дзяржаўных СМІ на пазаконкурснай аснове.

     

    З гэтай табліцы бачна, што за час праходжання другога цыклу УПА значнага паляпшэння ў сферы свабоды слова ў Беларусі не адбылося, хаця можна адзначыць, што дзяржава ўступіла ў дыялог з грамадзянскай супольнасцю і зрабіла некаторыя крокі па выкананні рэкамендацый.

    Можна адзначыць пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання ў Інтэрнэце, звязанае з узмацненнем кантролю дзяржавай.

    Відавочна, яшчэ трэба нямала зрабіць па выкананні міжнародных абавязацельстваў, якія гарантуюць свабоду слова. Таму ГА «БАЖ» рэкамендавала ў кааліцыйным дакладзе, каб у трэцім цыкле УПА іншыя дзяржавы параілі Беларусі наступнае:

    • прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства, якое рэгулюе свабоду выказвання меркаванняў у Інтэрнэце;

    •  распрацаваць і прыняць заканадаўства для забеспячэння эфектыўнага доступу да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў;

    •  адмовіцца ад дазвольнага парадку рэгістрацыі друкаваных і анлайн-медыя;

    •  прывесці панятак «акрэдытацыя» ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і адмяніць забарону на дзейнасць журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі, а таксама прадугледзець магчымасць абскардзіць адмову ў акрэдытацыі, у тым ліку ў суд;

    •  абмежаваць паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі па пазасудовым ўмяшанні ў дзейнасць СМІ, у тым ліку па блакаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў;

    •  дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя склады злачынстваў;

    •  цалкам адмовіцца ад практыкі адвольных затрыманняў журналістаў, у тым ліку падчас асвятлення імі масавых мерапрыемстваў;

    •  пры супрацьдзеянні злачынствам на глебе нянавісці не дапускаць адвольных абмежаванняў права на свабоднае выказванне меркавання і кіравацца прынцыпамі, выкладзенымі ў Рабатскім плане дзеянняў, у тым ліку перагледзець вызначэнне панятку «экстрэмізм», каб ліквідаваць магчымасці для яго празмерна шырокага тлумачэння.

    Спадзяемся, што ўлады прымуць рэкамендацыі наступнага цыклу Універсальнага перыядычнага агляду і пачнуць рэальна паляпшаць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці