«Былі перакананыя, што Кіеў здадзены і Украіны больш няма». Як працуе ва Украіне расійская прапаганда, размова з аналітыкам Атарам Даўжэнкам
Як працавала расійская прапаганда ва Украіне да вайны і як працуе сёння? Ці магчыма ёй супрацьстаяць і ці павінны гэта рабіць журналісты? Пра гэта БАЖ пагаварыў з кіраўніком украінскага Цэнтра маніторынгу і аналітыкі грамадскай арганізацыі "Детектор медіа" Атарам Даўжэнкам.
Прарасійскія медыя магчымасць уварвання адмаўлялі
— Ад якога часу расійская прапаганда сістэмна працуе ва Украіне?
— Яна працавала ва Украіне заўсёды. Але фармат прысутнасці змяняўся. У першыя паўтара дзесяцігоддзя існавання незалежнай Украіны гэта былі ўласна расійскія медыя або дачэрнія праекты з расійскім менеджментам і асобамі. Пасля Памаранчавай рэвалюцыі, а асабліва пасля Рэвалюцыі Годнасці, непасрэдная расійская медыйная прысутнасць рэзка скарацілася, затое крамлёўскія грошы пачалі ўкладаць у агентаў — «украінскія» медыя і арганізацыі, якія агучвалі тыя самыя прапагандысцкія меседжы, але не былі наўпрост звязаныя з Расіяй. Некаторыя з іх мелі сувязь з «украінскімі» палітыкамі, якія працавалі ў інтарэсах Расіі, некаторыя спрабавалі пазіцыянавацца як незалежныя, абараняючыся свабодай слова. Інтэнсіўная прапагандысцкая праца вялася і ў расійскіх сацыяльных сетках, якія былі папулярныя ва Украіне — «ВКонтакте» і «Одноклассниках».
Змагацца супраць гэтай прапаганды было складана: у заканадаўстве для гэтага не было легальных механізмаў, а сярод палітыкаў і грамадзянскай супольнасці было нямала адэптаў прынцыпу «супраць прапаганды трэба дзейнічаць не сілай, а праўдай». У 2014 годзе ва Украіне забаранілі вяшчанне ўласна расійскіх тэлеканалаў, у 2017 годзе заблакавалі расійскія сацсеткі, у 2021 годзе з дапамогай даволі рызыкоўнага механізма эканамічных санкцый пачалі блакаваць прарасійскія медыя з украінскай рэгістрацыяй. Гэты працэс амаль завяршыўся да пачатку поўнамаштабнага ўварвання, і расійская прапаганда засталася толькі ў сацсетках і месенджарах, якія даступныя ва Украіне. У медыя яе практычна няма.
— Як прапаганда змянілася пасля 24 лютага 2022 года?
— Пэўныя змены мы бачылі яшчэ перад 24 лютага, калі ля мяжы пачалі збірацца войскі. Прарасійскія медыя катэгарычна адмаўлялі магчымасць уварвання, у той жа час ва ўнісон з Крамлём ультыматыўна патрабавалі ад Украіны выконваць Мінскія пагадненні ў аднабаковым парадку. Узмацніліся размовы пра «знешняе кіраванне», што ЗША і NАТO Украіну ўцягваюць у вайну з Расіяй. Паўтаралі і хлусню пра «ўзмацненне абстрэлаў мірных жыхароў Данбаса», якая была адной з запасных падстаў для ўварвання, пачасціліся згадкі пра «нацызм». Больш падрабязна пра тагачасную рыторыку прарасійскіх медыя мы пісалі ў гэтым тэксце, які выйшаў за два дні да ўварвання.
У першыя дні вайны, пакуль расійскі наступ не спынілі, прарасійскія медыі паводзілі сябе як пераможцы. Іх рыторыка была ў стылі: «мы папярэджвалі, а вы не слухалі. Ну вось, цяпер дагуляліся, Расія пачала спецаперацыю. Трэба неадкладна дамаўляцца і выконваць усе яе патрабаванні. Мірныя жыхары не пацерпяць, мы наладзім адносіны, і ўсё будзе добра».
Украінскіх палітыкаў і медыйных асоб, якія ў першыя дні публічна падтрымалі ўварванне, мы адзначылі на «Дошцы ганьбы». Праз некалькі дзён большасць з іх змоўклі альбо змянілі рыторыку, бо стала зразумела, што Кіеў не возьмуць за тры дні і прыхільнікам Расіі можа стаць несалодка.
Некаторыя прарасійскія медыя сталі «патрыятычнымі», хоць большасць з іх гэта не выратавала ад закрыцця. Тэлеканал «Інтэр», які належыць сябру прарасійскай «Апазіцыйнай платформы — За жыццё» і займаўся прарасійскай прапагандай гадамі, дамовіўся з уладай і стаў часткай сумеснага тэлемарафона.
— А што наконт прапаганды ў сацсетках у першыя дні вайны?
— Яна спачатку была хаатычнай: людзей спрабавалі напалохаць, дэзарыентаваць, распавядалі, што Зяленскі ўцёк, што Украіны ўжо не існуе. Але за тыдзень-другі гэта ўпарадкавалася, фактчэкеры і асветнікі зрабілі сваю працу, людзі пачалі адрозніваць хлусню ад праўды і шукаць інфармацыю ў якасных крыніцах. Цяпер прапаганда дзейнічае надзвычай асцярожна і тонка, арганізуе асобныя дыверсіі, якія падтрымліваюцца на розных узроўнях — у расійскіх, міжнародных медыя, кампаніях у сацсетках. Большасць украінцаў у штодзённым медыяспажыванні з расійскай прапагандай не кантактуюць.
«Украінай кіруе захад», «Украінцы на фронце — голыя-босыя». Крыху пра наратывы
— Назавіце самыя распаўсюджаныя наратывы расійскай прапаганды?
Яшчэ некалькі гадоў таму мы склалі пералік, які ў значнай ступені застаецца актуальным. Вось наратывы, якія распаўсюджваюцца далей, магчыма, у некалькі змененым выглядзе:
-
«Украіна — недадзяржава, у яе няма суб’ектнасці, ёй цалкам кіруе Захад». Цяпер да гэтага дадалося, што NATO і ЗША вядуць вайну «да апошняга ўкраінца», і мэта ўсяго што здарылася — аслабіць Расію.
-
«Украіна — нацысцкая дзяржава, тут услаўляюць паслугачоў Гітлера, у войску поўна радыкальных нацыяналістаў». Гэты наратыў дагэтуль дзейнічае на людзей, якія і да 24 лютага мелі прарасійскія погляды, хоць такіх засталося мала.
-
«Восем гадоў бамбілі Данбас» — гэта комплексны наратыў, які мы падрабязна разбіралі. Расійскі напад на Украіну падаецца як справядлівае адплата за тое, што ўкраінская армія нібыта рабіла з «мірным Данбасам» ад 2014 года.
-
«Трэба дамаўляцца з Расіяй: Пуціна немагчыма перамагчы на полі бітвы, усё адно давядзецца чымсьці паступіцца, а адмова ад перамоваў — гэта капрыз заходніх гаспадароў Зяленскага».
-
«Улада нажываецца на вайне». Гэта наратыў на мяжы канспіралогіі: маўляў, вайну пачалі для ўзбагачэння, каб раскрасці бюджэт, забраць маёмасць алігархаў і падобнае.
-
«Украіна здала Херсоншчыну, Запарожжа» і да таго падобнае». Рускія сапраўды даволі лёгка захапілі гэтыя рэгіёны, і гэта дае падставы для канспіралогіі. Ёсць шмат мадыфікацый гэтага наратыву, накіраваных на жыхароў акупаваных тэрыторый — «Украіна вас кінула».
-
«Зяленскага хутка скінуць, да ўлады прыйдуць радыкалы, нацысты». У прынцыпе ёсць цэлая група наратываў, накіраваных на «расхістванне» адзінства ўкраінскай улады і грамадства. Напрыклад, прыдумкі пра канфлікт паміж прэзідэнтам і ваенным кіраўніцтвам.
З пачаткам вялікай вайны зʼявіўся шэраг новых наратываў, якія пастаянна змяняюцца. У прыватнасці, пра перасяленцаў з Украіны: нібыта яны — «людзі другога гатунку», не патрэбныя ў краінах і рэгіёнах, куды яны едуць.
Пра ўкраінскіх вайскоўцаў, якія «голыя-босыя на фронце», а ўлада раскрадае бюджэт і нічым іх не забяспечвае.
Пра валанцёраў, якія нажываюцца на ахвярах і крадуць гуманітарку.
Ёсць яшчэ не столькі наратывы, колькі «пужалкі» — ядзерная бомба, брудная бомба, іранскія дроны і, вядома ж, наступ з Беларусі. «Уступленне Беларусі ў вайну» і падрыхтоўку да наступу абвяшчаюць перыядычна, і расійская прапаганда гэтаму вельмі спрыяе.
Большасць тупых і бессэнсоўных наратываў, якія Расія накіроўвае на сваё грамадства, кшталту «дэсатанізацыі Украіны», «аднаго народа» да Украіны не даходзяць. А калі ўсё ж даходзяць, то ў форме мемаў і высмейвання.
Тупой прапагандзе людзі не вераць, але яна можа быць ювелірнай
— Наколькі моцна ўкраінскае грамадства сёння схільнае верыць прапагандзе? Ці можна адрозніць катэгорыі чытачоў/слухачоў, якія найбольш схільныя верыць?
— Зноў жа, гэта залежыць ад формы прапаганды. Да тупой простай прапаганды большасць украінцаў не ўразлівыя. Калі нам казаць «мы пераможам вас», «мы з вамі — адзін народ», «трэба лячыцца ад ўкраінства», альбо «расійскія танкі хутка будуць побач са Львовам», мы станем толькі больш згуртаванымі.
Але да танчэйшых, ювелірных форм прапаганды ўразлівыя практычна ўсе. Проста да розных людзей прапаганда падбірае розныя ключы. Напрыклад, чалавек можа быць суперпалітыкам, але зламацца ад тэзы, што «ад украінцаў хаваюць рэальныя маштабы страт і што на самай справе ўжо загінула сто тысяч нашых вайскоўцаў». Альбо пра тое, што «некаторыя раёны не абстрэльваюць, бо Зяленскі дамовіўся з рускімі».
— Праз якія каналы сёння даходзіць прапаганда?
— Галоўным каналам атрымання кантэнту і навін ва Украіне стаў Telegram, на другім месцы — Viber. Там расійская прапаганда і дэзінфармацыя больш за ўсё распаўсюджваецца. Ёсць яна таксама ў іншых сацсетках — Facebook, Twitter, у YouTube, які людзі цяпер глядзяць замест тэлебачання. Некаторыя шукаюць і спажываюць у інтэрнэце расійскія медыя, карыстаючыся VPN. І далёка не заўсёды гэта людзі, якія падтрымліваюць Расію. Часта чытачоў падахвочвае да гэтага цікаўнасць або жаданне палюбавацца так званым «выццём на балотах» — сваркамі і песімізмам рускіх з прычыны чарговых страт на фронце. Але калі расійскую прапаганду спажываеш, яна так ці інакш на цябе дзейнічае, проста ты можаш гэта не адразу адчуць.
Тое-сёе з расійскай прапаганды ў «адлюстраваным» выглядзе даносяць да ўкраінскай аўдыторыі нашыя ж медыя. Яны лічаць, што гэта важная інфармацыя — пра што хлусяць расійскія палітыкі і медыя.
Яшчэ адной важнай крыніцай і каналам уплыву на ўкраінцаў зʼяўляюцца заходнія медыя. Перыядычна якое-небудзь выданне публікуе калонку кшталту «хопіць узбройваць Украіну!», і ва Украіне пачынае распаўсюджвацца хваля песімізму, абурэння і расчаравання, быццам увесь Захад нам здрадзіў. Расійская прапаганда ўмела карыстаецца гэтым.
У вольным доступе ўкраінец практычна не мае шанцаў на прапаганду.
— Як чытачам/гледачам супрацьстаяць прапагандзе?
Гэта прагучыць недэмакратычна, але я з кожным днём пераконваюся: няма лепшага спосабу барацьбы з прапагандай, чым яе фізічнае блакаванне.
Украінская дзяржава зрабіла для гэтага ўсё, што магла, і нават больш — заблакаваныя нават прыднястроўскія сайты, не толькі расійскія. Калі спажыўцы кантэнту не будуць падпісвацца або зазіраць у расійскія і прарасійскія крыніцы (у тым ліку ў месенджарах і сацсетках, дзе яны дагэтуль даступныя), не будуць шукаць відэапраграмы Скабеевай або дзяліцца скрыншотамі з тэлеграм-каналаў расійскіх «ваенкораў», прапаганда будзе значна менш распаўсюджвацца і дзейнічаць на іх. У вольным доступе, без дадатковых намаганняў украінец амаль не мае шанцаў звярнуцца да расійскай прапаганды — прынамсі, відавочнай.
— А што рабіць чытачам і гледачам, якія сёння застаюцца на акупаваных тэрыторыях?
— Акупаваныя тэрыторыі — гэта асобная гісторыя, нашмат больш складаная, таму што шмат дзе няма наогул ніякіх медыя, акрамя прапагандысцкіх. Зноў жа лепш не спажываць іх наогул, чым насычацца хлуснёй. Мы ведаем ад жыхароў вызваленай часткі Харкаўшчыны, што яны ў месяцы інфармацыйнай ізаляцыі былі свята перакананыя, што Кіеў ужо здадзены і Украіны больш няма. Шмат дзе можна злавіць украінскае радыё — гэта лепшы варыянт.
— Ці можа якасная журналістыка супрацьстаяць прапагандзе? Калі — так, то як?
— Барацьба супраць прапаганды не зʼяўляецца функцыяй журналістыкі, і я б не хацеў, каб журналісты станавіліся контрпрапагандыстамі. Як па мне, якасная журналістыка мусіць выконваць свае асноўныя задачы — забяспечваць людзей фактамі, разуменнем сітуацыі, якаснымі рэфлексіямі. Правяраць інфармацыю, паведамляць праўду, знаходзіць сувязі паміж фактамі і падзеямі. І быць максімальна даступнай для людзей, якія хочуць гэта ўсё атрымаць. Прымусіць іх, на жаль, немагчыма — як у прыказцы пра каня, якога можна прывесці да вады, але нельга прымусіць піць.
Вераць, што ўкраінскую мову навязалі «бандэраўцы са Львова»
— Наколькі важнае ва ўмовах прапаганды значэнне ўкраінскай мовы? І ці бывае наогул расійская прапаганда па-ўкраінску?
— У цэлым ёсць тэндэнцыя, што Расія выбудоўвае сваю камунікацыю ва Украіне на рускай мове. Мяркую, расіяне не вельмі ўяўляюць, якое месца займае ва Украіне ўкраінская мова, і вераць ва ўласныя прапагандысцкія наратывы, што тут «усе гавораць па-руску, а ўкраінскую навязалі «бандэраўцы са Львова». Ці не лічаць аўдыторыю, для якой жаданай мовай кантэнту зʼяўляецца ўкраінская, важнай і прыярытэтнай для сябе. Але паколькі прапагандысцкім медыя даводзілася працаваць у прававым полі Украіны, дзе ёсць пэўныя патрабаванні да мовы, то многія тэлеканалы — у прыватнасці, каналы Медведчука — гаварылі на ўкраінскай. Канал «Інтэр» у апошнія гады вяшчаў на ўкраінскай і ўвесь гэты час прапагандаваў расійскую вакцыну ад каранавіруса, куплю газу ў «Газпрама», сяброўства з Крамлём і выкананне Мінскіх пагадненняў. То бок гэта было цалкам магчыма. Але цяпер такога няма, бо няма прарасійскіх медыя.
Што ж тычыцца прапаганды ў сацсетках, нейкіх яе больш тонкіх форм, то тут якраз часта выкарыстоўваецца ўкраінская — для маскіроўкі. Праўда, расіян падводзіць веданне ўкраінскай. Яны часта выкарыстоўваюць гугл-перакладчык або робяць памылкі, якіх ніколі не зрабіў бы ўкраінец. Шмат разоў расійскія дэзінфармацыйныя кампаніі выкрывалі праз памылкі ва ўкраінскай — напрыклад, яны не маглі без памылак сфальсіфікаваць указ прэзідэнта ці іншы афіцыйны дакумент.
— Цікава, як падае прапаганда навіну пра нядаўнюю здачу расіянамі Херсона?
— Для Украіны пакуль што наратываў не выкрышталізавалі, акрамя «пужалак» пра падрыў Кахоўскай ГЭС, ядзерны ўдар па правабярэжжы Херсоншчыны, а таксама пра тое, што з пазіцый на левым беразе руская артылерыя ператворыць правы бераг на пустку.
Але інфармацыйная сітуацыя вакол Херсона наогул вельмі няпростая. Тут незразумела, дзе заканчваецца расійская гульня, дзе пачынаецца наша ці яшчэ чыясьці.
— У Беларусі многія сочаць за навінамі з Украіны ў тэлеграм-канале УНІАН. Што скажаце пра яго? Можна давяраць? Бо канал часам выклікае пытанні па лексіцы і падачы. Сайт выглядае нашмат больш прыстойна. Мэта апраўдвае сродкі?
— УНІАН — гэта некалі паважанае інфармацыйнае агенцтва, якое трапіла ў рукі алігарху Ігару Каламойскому. З тых часоў рэсурс паступова дрэйфуе ў бок жаўцізны, а часам і маніпуляцый. Напрыклад, нядаўна незалежная медыйная рада канстатавала парушэнне стандартаў і этыкі ў матэрыялах УНІАН, дзе прагнозы развіцця вайны даюць экстрасэнсы, таролагі і таму падобныя псеўдаэксперты.
Словам, рэкамендую сачыць за адным украінскім інфармагенцтвам — «Укрінфарм». Яно дзяржаўнае, але пры гэтым зусім не прапагандысцкае, працуе паводле стандартаў, паведамляе толькі факты і не займаецца (контр)прапагандай.
Допіс у Тэлеграм-канале УНІАН
— Ці рабілі вы аналіз таго, як ва ўкраінскіх медыя падаецца інфармацыя пра Беларусь? Зноў жа, у тэлеграм-каналах вельмі шмат падаюць у ракурсе з «ха-ха» і лёгкім здзекам. Як вы ставіцеся да такіх падыходаў?
— Не, мы гэтага не аналізавалі. Мяркуем, што ва Украіне цяпер нямала незалежных беларускіх медыяэкспертаў і даследчыкаў, якія павінны былі б цікавіцца гэтай тэмай перш за ўсё.
Асабіста для мяне гэта даволі балючая тэма, бо я сімпатызую Беларусі, беларускай мове і культуры, і ў сваёй галаве аддзяляю гэта ўсё ад Лукашэнкі і ягонага рэжыму. Але я таксама не магу асуджаць людзей, якія пасля запускаў ракет з тэрыторыі Беларусі і ўварвання ва Украіну праз беларускую мяжу не хочуць разбірацца ў нюансах, а лічаць беларусаў разнавіднасцю рускіх і, такім чынам, ворагамі.
У цэлым украінскія медыя часам упадаюць у гэтую крайнасць — напрыклад, пішуць «беларусь» з маленькай літары, як «расію» або называюць Беларусь «біломосковією». Я да гэтага стаўлюся скептычна. Таксама ёсць пэўныя праявы агрэсіі або перавагі на адрас беларускай апазіцыі. І ўсё гэта ў значна большай канцэнтрацыі, чым у медыя, можна знайсці ў сацсетках.
Я б рэкамендаваў пакуль што гэтыя дыскусіі не падтрымліваць і не спрабаваць «высвятляць адносіны». Пакуль людзі на эмоцыях, гэта бесперспектыўна. Спадзяюся, што ўсё скончыцца настолькі добра, што будзе існаваць незалежная ад Расіі Беларусь са сваёй мовай, культурай, дэмакратыяй і без прычын варагаваць з Украінай.
«Абсолютно вырвано из контекста!» Пропагандист попытался объяснить, что Купала имел в виду в строке «Жыве Беларусь»
«Братская могила, в мешках хоронят детей. Плачешь и снимаешь». Как Мстислав Чернов и Евгений Малолетка документировали уничтожение Мариуполя
Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?