«Бяда ў Менску»,— кіраўнік Радыё Свабода напісаў пра Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка ў часопісе «American Purpose»
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабода Джэфры Гедмін напісаў артыкул пра Беларусь і беларускіх палітвязьняў, піша «Радыё Свабода».
«Бяда ў Менску. У оруэлаўскім сьвеце Аляксандра Лукашэнкі незалежная журналістыка — гэта экстрэмізм. А беларусам, якія спрабуюць зайсьці на сайт Радыё Свабода, пагражае да шасьці гадоў турмы», — напісаў у сваёй тыднёвай калёнцы для «American Purpose» выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабода Джэфры Гедмін.
Гедмін наведаў Менск летам 2009 году ў якасьці тагачаснага прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL). Ён адзначае, што з моманту масавых пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі адбылося каля сарака тысяч палітычна матываваных арыштаў. У краіне, тэрыторыяй меншай за амэрыканскі штат Канзас, з насельніцтвам як у маленькай Аўстрыі, цяпер больш за 1500 палітвязьняў:
«Я ў Празе, а ў маіх думках Беларусь. У гэтыя выходныя я пачынаю выконваць абавязкі прэзыдэнта/генэральнага дырэктара Радыё Свабода… Журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі ў чэрвені 2020 году перад сфальшаванымі выбарамі ў Беларусі тым летам. Яму прад’явілі абвінавачаньне: „Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках“. Так у Беларусі называюць дэманстрацыі. І за гэта Ігар атрымаў пятнаццаць гадоў. Ён месяцамі ня меў сувязі з навакольным сьветам. Калі жонка Ігара Дар’я публічна заклікала вызваліць мужа, што ў Беларусі лічыцца „садзейнічаньнем экстрэмісцкай дзейнасьці“, яе асудзілі на два гады.
Вэб-рэдактара Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году, калі ён ехаў на ровары каля свайго дому ў Менску. Яго прызналі вінаватым у «хуліганстве» і «ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі» (якую фінансуюць падаткаплатнікі ЗША і ў якой я буду працаваць бліжэйшыя некалькі месяцаў). Андрэй адбывае шэсьць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму», — напісаў Джэфры Гедмін.
Кіраўнік Радыё Свабода адзначыў, што ўвесь сьвет павінен ведаць, дзе знаходзіцца Беларусь:
«Няма падставаў для таго, каб гэтае месца лічылася такім нязнаным. Сьляды беларускага паходжаньня ёсьць у Гарысана Форда, Гвінэт Пэлтраў, Керка Дугласа, Лары Кінга, Скарлет Ёгансан, Уэйна Грэцкі, Джарэда Кушнэра і Лізы Кудраў. Ва ўсіх кутках Беларусі сёньня вядзецца нястомная і высакародная барацьба за свабоду», — заключыў Гедмін.
-
Журналіст Свабоды, палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, у сьнежні 2021-га Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ігар Лосік адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму, якая вядомая вельмі жорсткімі ўмовамі і дрэннай экалёгіяй.
-
Апошні ліст ад Ігара Лосіка бацькі атрымалі 20 лютага 2023 году — 3 месяцы ад яго няма вестак. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у сакавіку 2023 году Ігара зьмясьцілі ў ШЫЗА, а 15 сакавіка ў калёніі ён зноў рэзаў руку і шыю. Цяпер Ігар Лосік, імаверна, знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу.
-
Другога журналіста, Андрэя Кузьнечыка, затрымалі 25 лістапада 2021 году, калі ён ехаў на ровары каля свайго дому ў Менску. 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкула КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар’і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА‑3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.