Бастунец: Працэс над “рэгнумаўцамі” выклікае сур’ёзную занепакоенасць з пункту гледжання свабоды слова і журналістыкі наогул
Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” каментуе першы дзень судовага працэсу над Дзмітрыем Алімкіным, Юрыем Паўлаўцом і Сяргеем Шыптэнкам.
— Гэты судовы працэс выклікае сур’ёзную занепакоенасць з пункту гледжання свабоды слова і з пункту гледжання наогул журналістыкі ў Беларусі, — лічыць Андрэй Бастунец.
— Мы нарэшце даведаліся, у чым палягае абвінавачанне фігурантам дадзенай справы. Даволі дзіўна для мяне выглядае, што пастаўлены знак роўнасці паміж журналісцкай працай і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая ажыццяўляецца без рэгістрацыі з карысных мэтаў, ды атрыманнем ганарараў за напісанне артыкулаў.
Такі падыход ставіць пад пытанне працу ўсіх журналістаў-фрылансераў, якія не працуюць у штаце таго ці іншага выдання.
Што ж тычыцца абвінавачанняў у распальванні нацыянальнай варожасці, то заўтра падсудныя выкажуць сваё меркаванне на гэты конт, сваё меркаванне патлумачаць эксперты.
Але я мяркую, што абраная рэакцыя беларускай дзяржавы на крытычныя выказванні ў публікацыях — найменш адэкватная з магчымых, — гаворыць Андрэй Бастунец.