• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аўтар 21 тысячы артыкулаў у Вікіпедыі судзіўся з БРСМ-актывісткай. Што з імі пасля гэтага стала

    26-гадовы Антон Дзеручэнка — з пакалення беларусаў, народжаных пры Лукашэнку, якія ніколі не бачылі іншага часу і ладу. Але Антон — прыклад упартасці ў барацьбе за беларускую мару, піша «Наша Ніва».

    Антон Дзеручэнка родам са Светлагорска — 70-тысячнага прамысловага горада ў Гомельскай вобласці. Па адукацыі ён настаўнік гісторыі, працаваў у школе.

    У яго было два хобі — «Вікіпедыя» і падарожжы па Беларусі. Ëн іх злучыў у адно: падарожнічаў па Беларусі і здымаў, здымаў, здымаў для «Вікіпедыі».

    «Калі загугліць назву беларускай вёскі, дзе няма архітэктурных славутасцяў, але будзе фота, то 90 працэнтаў, што яно маё», — кажа Антон. 

    Вандруючы на ровары, ён нарабіў амаль тры тысячы фота з краявідамі, паселішчамі, помнікамі — архітэктуры і не толькі.

    «Беларусь неймаверна прыгожая»

    Беларусь неймаверна прыгожая, а беларусы адкрытыя і шчырыя людзі — вось галоўнае, што Антон вынес са сваіх вандровак. У вёсках заўсёды вітаюцца з незнаёмцам, а калі ты падарожнічаеш на ровары, прапануюць вады і пад’есці.

    У той жа час, кажа Антон, шмат дзе ў Беларусі пануе занядбанне і заняпад. Вёскі, дзе амаль не засталося людзей, закінутыя хаты, дабітыя калгасы, разбітыя дарогі — ён гэта бачыў на свае вочы.

    «У Капыльскім раёне ў вёсцы Вялікія Прусы быў у закінутым музеі. У раённай улады няма грошай яго ўтрымліваць, таму мясцовыя жыхары, каб ён не знік, па чарзе даглядаюць яго», — расказвае Антон.

    На Гродзеншчыне ёсць вёска Жыжма, а за 15 кіламетраў ад яе ў Літве існуе іншая з назваю Жыжмы, расказвае ён. 

    «У літоўскіх Жыжмах, як і ў беларускай, брукаваныя дарогі, дыхтоўныя дамы з ліштваю і адкосамі. Літоўскія Жыжмы ўключаныя ў склад Дзевянішскага рэгіянальнага парку. Гэта фактычна як вялікі музей пад адкрытым небам. У беларускай жа такога і блізка няма. Адно што брукаванку яшчэ не закаталі ў асфальт», — кажа ён.

    Антон Дзеручэнка аб’ехаў тысячы вёсак. Але, як гісторыку, яму цікавыя таксама і гарады, у тым ліку ягоны Светлагорск, збудаваны ў другой палове ХХ стагоддзя, і ў цэлым савецкі перыяд беларускай гісторыі. 

    «Мы ведаем рамантызм, Рэнесанс, Асветніцтва, але не ведаем савецкага перыяду, не ставімся да савецкай архітэктурнай спадчыны як да нечага адметнага. Але гэты перыяд быў, сышоў і ўжо не вернецца. Мы гэтага пакуль не разумеем», — адзначае вікіпедыст.

    Антон хацеў бы заняцца вывучэннем індустрыялізацыі ў ХХ стагоддзі, вынікам якой стаў і яго родны Светлагорск.

    «І напісаў пра беларусаў Сібіры»

    Антон Дзеручэнка — адзін з самых актыўных аўтараў беларускай «Вікіпедыі». Ён папаўняе рэсурс беларускімі тэкстамі з 2017 года. У яго даробку больш за 21 тысячу артыкулаў. «Вікіпедыю» Антон лічыць выдатным сродкам папулярызацыі беларускасці. 

    «Я не магу пісаць кнігі, часопісы, але магу напісаць артыкул для «Вікіпедыі», куды кожны можа зайсці і яго прачытаць», — тлумачыць Антон.

    Антону падабаецца пошукавая праца. Ëн чытае, збірае інфармацыю, а пасля пераказвае яе карыстальнікам «Вікіпедыі».

    Так, адным з найбольш удалых сваіх тэкстаў ён лічыць артыкул, прысвечаны беларусам Сібіры. Над гэтым адносна невялікім допісам Антон працаваў тыдзень. 

    Яго ўразіла, што, аказваецца, у Сібіры дзейнічалі беларускамоўныя школы і захаваліся цэлыя паселішчы, закладзеныя беларусамі.

    «І калі я пішу пра беларусаў Сібіры, і калі пішу пра Чакскую вайну, і пра выгнанне яўрэяў з Іспаніі, спачатку даводзіцца чытаць тэксты ў арыгінале. Потым пачынаеш пісаць артыкул і бачыш, што не хапае яшчэ аднаго, і так можаш напісаць 15 артыкулаў, пакуль скончыш загалоўны тэкст па тэме», — расказвае Антон.

    Антон піша ў «Вікіпедыі» пра ўсё тое, з чым яго сутыкае жыццё.

    Калі ён быў у Кіеве, яго здзівіла, што ў інтэрнэце амаль няма беларускай інфармацыі пра сталіцу Украіны, хоць беларусаў там тады жыло нямала.

    «У Кіеве дагэтуль існуе беларускамоўны гутарковы клуб, — расказвае Антон. — У ім збіраюцца, каб пагутарыць па-беларуску. Наведвалі яго і хлопцы, якія цяпер ваююць у палку Каліноўскага».

    Так тады ў Кіеве Антон стаў пісаць у «Вікіпедыю» пра тапаніміку горада. 

    «Падабаецца перадражніваць прапаганду»

    Антон Дзеручэнка займаўся «Вікі», але не думаў пра блогерства, пакуль аднойчы не расказаў сябрам пра гісторыю пабудовы Мінскага аўтазавода. І пра іншае гаворка зайшла з імі: як аўтарка арнаменту на цяперашнім дзяржаўным сцягу Матрона Маркевіч з 1944 года да смерці — 15 гадоў — жыла ў зямлянцы.

    «Прыяцелі глядзелі на мяне шакаваныя, а мне падавалася, што гэта ж агульнавядомая інфармацыя, як двойчы два чатыры, бо гэта школьныя веды. Сябры ж казалі, што пра тое ніхто не ведае», — згадвае Антон.

    Так яму прыйшла думка пачаць рабіць тыктокі.

    Блогерства ў тыктоку Дзеручэнка пачаў з роліка пра МАЗ. Тое відэа за дзень набрала некалькі тысяч праглядаў.

    «Гэта нармальна для чалавека — цікавіцца тым, што вакол. Цяжка толькі адшукаць кірунак інтарэсаў», — кажа Антон.

    На старонцы Дзеручэнкі ў тыктоку пад назваю «anta­hon» больш за 60 ролікаў, якія агулам назбіралі 57 тысяч праглядаў. Тэмы разнастайныя. Ёсць ролік, прысвечаны гопніцтву. Адзін з апошніх расказвае пра наезд Вольгі Бондаравай на міністра адукацыі Іванца.

    Антон кажа, што яму падабаецца перадражніваць прапаганду.

    Калі выклаў ролік пра бел-чырвона-белы сцяг, то адразу набеглі боты. На іх заклікі запісаў відэа і пра чырвона-зялёны сцяг. Пасыпаліся абвінавачванні, што ён няправільна падаў яго гісторыю. Але відэа было настолькі ўдалым, што ў ботаў не было чым падмацаваць свае прэтэнзіі, расказвае ён.

    Дзеручэнка перакананы, што задача ботаў і прапагандыстаў — не дазволіць беларусу сфармаваць уласную карціну свету. Таму ад іх пастаянна гучыць, што «праўды нідзе няма», «праўды не даведаемся», «усе брэшуць».

    «Любую актыўнасць, скіраваную на нацыянальнае, што можа аб’яднаць беларусаў, яны намагаюцца знішчыць. Раз’яднаць, каб лепей было кіраваць», — даводзіць суразмоўца.

    «18-гадовым я задумаўся»

    Цяперашні час Антон Дзеручэнка лічыць найжахлівейшым у найноўшай беларускай гісторыі. На яго погляд, цяперашнія падзеі будуць стаяць у адным шэрагу са сталінскімі рэпрэсіямі ці Лівонскай вайной.

    «Падчас Лівонскай войны людзей выразалі цэлымі гарадамі. Падчас сталінскіх рэпрэсій высылалі, расстрэльвалі. Цяпер тыя ж турмы, антыбеларуская прапаганда.

    Змяніліся формы тэрору, але змест захаваўся. Калі мы перажывём цяперашнія пакуты, то ў падручніках гісторыі напішуць, што 20‑я гады ХХІ стагоддзя былі жахлівыя», — кажа Антон.

    Антон Дзеручэнка нарадзіўся, калі Лукашэнка ўжо быў пры ўладзе. «18-гадовым я задумаўся, чаму так доўга Лукашэнка пануе», — кажа ён.

    «Людзі з майго асяроддзя былі ўпэўненыя, што «дзед заседзеўся». Ён усім абрыд», — кажа Антон.

    Ëн быў удзельнікам Маршу 16 жніўня — найвялікшай акцыі пратэсту 2020 года. Яна сабрала некалькі соцень тысяч дэманстрантаў. Антон стаяў у тым месцы, дзе быў вялізны бел-чырвона-белы сцяг. З вышыні хлопец бачыў грамаду людзей, краю якой не мог разгледзець.

    «Мне падавалася, што ўсё будзе файна. Чорная паласа нарэшце скончылася, і пачынаецца белая», — згадвае Антон.

    Пакрыўдзіў актывістку

    Пад крыміналку Дзеручэнка трапіў за «абразу» Ілоны Іларыёнавай, праўладнай актывісткі, якая цяпер засядае ў Маладзёжным парламенце. Справа была распачатая па 189 артыкуле Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме, у публічным выступленні, у тым ліку распаўсюджанае ў інтэрнэце). 

    «Я напісаў: «Ганьба, з‑за такіх, як ВЫ, у нашай краіны няма будучыні», — згадвае Антон. — Гэта было на пачатку чэрвеня. Актывісты БРСМ на пікеце збіралі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі. Яны накінуліся на журналістаў. Я паглядзеў відэа і выказаў сваё меркаванне».

    Як кажа Дзеручэнка, справай супраць яго займалася невядомая тады яму міліцэйская структура ГУБАЗіК.

    У пастанове Першамайскага суда Мінска гаворыцца, што Дзеручэнка не прызнаў віны і настойваў на адсутнасці намераў зняважыць Іларыёнаву. Ён пракаментаваў відэаролік з ёй, бо яго абурыла яе выказванне. Пазней, зразумеўшы, што паступіў няправільна, спрабаваў выдаліць свой допіс, але профіль ужо быў закрыты.

    На відэа дзяўчына, падобная да Іларыёнавай, казала аб тых, хто піша «дурнаватыя каментары» пра ўдзельнікаў пікета, што яны «поўныя…», але, схамянуўшыся, перадумала характарызаваць апанентаў. У судзе Іларыёнава наракала, што на яе акаўнт пачалі паступаць знявагі ды пагрозы, таму яна вымушаная была закрыць яго.

    Па словах Дзеручэнкі, Іларыёнава ў чэрвені 2020 года была студэнткай Універсітэта культуры і БРСМ-актывісткай. Удзельнічала ў мерапрыемствах з Лукашэнкам і нават фатаграфавалася з ім.

    Дзеручэнка кажа, што ініцыятарам крымінальнага пераследу была менавіта Іларыёнава. Яна, як мяркуе Дзеручэнка, напісала заяву на яго ў міліцыю. Разгляд справы спачатку прызначылі на 7 жніўня, але адклалі на кастрычнік. Антона ў выніку аштрафавалі на 100 базавых велічынь (2700 рублёў) і абавязалі сплаціць Іларыёнавай 2 тысячы рублёў кампенсацыі.

    Пакуль трывалі пратэсты, у Дзеручэнкі было спадзяванне, што абвінаваўчы прысуд не паспее набыць моц, бо рэжым Лукашэнкі падзе. Выйшла іначай.

    Цікава, што Дзеручэнка сябраваў з цяперашнім спікерам Маладзёжнага парламента Мікітам Рачылоўскім. Пасля выбараў 2020 года дарогі іх разышліся.

    «З ім сядзелі за адной партай, а цяпер ён перадачы вядзе з Азаронкам і выступае за чысткі на гістарычных факультэтах», — адзначае суразмоўца.

    «Калі пачалася вайна, беларусы былі ў паніцы»

    Думкі аб эміграцыі ў Дзеручэнкі зʼявіліся восенню 2020 года, але ён не хацеў зʼязджаць і настроіўся трымацца да апошняга. Думаў, што больш карысным будзе ў Беларусі. Ëн працягваў працаваць у школе.

    «Мінулы навучальны год быў жахам», — кажа ён. Ідэалагізацыя ўзмацнялася з кожным месяцам. 

    Дзеручэнка настаўнічаў у Мінскай вобласці. Калі пачалася вайна, мясцовыя жыхары адмаўляліся ў гэта верыць, кажа ён. «Ніхто не разумеў, навошта Беларусь увязалася ў гэта. Баяліся, што ўкраінцы пачнуць страляць у адказ. Над хатамі кожныя паўгадзіны лёталі расійскія самалёты», — успамінае Антон Дзеручэнка.

    «Мы пачалі згадваць, дзе знаходзяцца бамбасховішчы ды што трэба рабіць, калі чалавек апынецца пад заваламі. Рэгулярна прыходзілі паведамленні на электронную пошты школы, што яна замініраваная. З яе выводзілі дзяцей, а потым перасталі звяртаць увагу на такія пагрозы», — расказвае настаўнік.

    Тое, што перажываюць цяпер беларусы, — добрая вакцына ад усталявання ў будучыні дыктатарскага рэжыму ды ідэалогіі накшталт «русского мира», лічыць Антон. На яго погляд, прышчэпка працуе ўжо цяпер.

    Рэжымы, як у Беларусі, існавалі і ў Чэхіі, Польшчы, Румыніі ды іншых краінах, якія знаходзіліся ў залежнасці ад Савецкага Саюза, кажа Антон. Пасля іх падзення настальгіі па таталітарным мінулым ні ў кога не было, не будзе і ў нас, мяркуе ён.

    На яго погляд, прыхільнікі лукашызму, як толькі рэжым знікне, зменяць свае погляды, бо яны цяпер «зашмат глядзяць асвятляльны апарат, які называецца тэлевізарам». Прапаганда лукашыстаў нікчэмная, лічыць Антон.

    «Прыклад таму — фільм пра расійскую вайну ва Украіне, на прэмʼеру якога прыйшла толькі Бондарава. Гэта пры цане на білет 50 капеек, — даводзіць ён. — І тут жа іншая гісторыя. Дзяўчына з Кобрына накіравалася ў Польшчу, каб паглядзець у кінатэатры фільм «Барбі». Гэтыя два прыклады паказваюць, што сабою ўяўляюць беларусы сёння».

    «Палякі разумеюць, у якім цяжкім стане апынуліся беларусы»

    30 снежня 2022 года Антону патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі зайсці ў любы РАУС нібыта для разбіральніцтва па дарожна-транспартным здарэнні. Рызыкаваць хлопец не стаў. На наступны дзень ён пакінуў радзіму і навагоддзе сустрэў у Латвіі на паркоўцы.

    Пазней ён даведаўся, што ГУБАЗіК зацікавіўся ім пасля допыту затрыманага адміністратара канала пра архітэктуру. У яго тэлефоне сілавікі звярнулі ўвагу на Антонаў профіль з «Пагоняю» ў сацыяльнай сетцы.

    «Пра тое мне пасля расказаў сам знаёмы, якому таксама давялося выехаць з Беларусі», — расказвае Антон.

    Першы месяц на чужыне Антон жыў у хостале для бяздомных. У Польшчы ён мае дадатковую абарону і яму выплачваецца 750 злотых (400 рублёў. — «НН») дзяржаўнай дапамогі.

    Сябры падказалі Антону звярнуцца да беларускіх арганізацый і землякоў па падтрымку. 

    Збіраецца паступаць ва ўніверсітэт на падрыхтоўчы курс. Нідзе ў Польшчы ён не адчуваў негатыву ад таго, што ён з Беларусі.

    «Палякі разумеюць, у якім цяжкім стане апынуліся беларусы, — падсумоўвае Антон Дзеручэнка. — Яны разумеюць, што не існуе ўніверсальнага спосабу, каб Беларусь вызвалілася».

    А што Ілона Іларыёнава? Цяпер 24-гадовая выпускніца Універсітэта культуры Іларыёнава — ні многа ні мала ўжо намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінскага гарвыканкама. Упраўленне ўзначальвае былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Галоўная задача «ідэолагаў», нагадаем, — забеспячэнне патрэбных вынікаў выбараў і недапушчэнне пратэстаў.

    У цяперашняй радаслоўнай Іларыёнавай значыцца і тое, што яна памочніца дэпутата Палаты прадстаўнікоў, камуніста Сяргея Клішэвіча. Дзяўчына застаецца ў Маладзёжным парламенце, дзе ўзначальвае камісію інфармацыйнай палітыкі, тэхналогій і сувязяў з грамадскасцю. Яшчэ і вучыцца ў Акадэміі кіравання.

    А Антон працягвае здымаць відэа для тыктока, а таксама пісаць у «Вікіпедыю». Вандруе на ровары па Польшчы, як некалі па Беларусі. Ëн верыць, што яго праца дасць плён. Падтрымаць яго можна тут.

     

    Чытайце яшчэ: 

    Страчаныя супольнасці. У Вільні абмяркоўваюць галоўны выклік для журналістыкі рэгіёна

    Телеграм‑бот «Глаз бога» и «Магнит». Как милиционеры пробивают телефонные номера, почты и адреса беларусов

    Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці