Андрэй Бастунец: «Попел Клааса грукае ў маё сэрца»
Больш бажнай персоны, чым Андрэй Бастунец, знайсці ў нашай краіне складана. І не толькі таму што Андрэй — кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Асабістая справа БАЖа
Андрэй Бастунец нарадзіўся ў Мінску ў 1966 г. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У журналістыцы з канца 1990‑х. Намеснік галоўнага рэдактара газеты “Фемида-NOVA” (1997 – 2000). Эксперт Цэнтра прававой абароны пры БАЖ (з 1998 г.), яго кіраўнік (з 2010 па 2015 гады). Аўтар і вядучы праграмы «Маю права» тэлеканала «Белсат» (Польшча) (2008 – 2011). Выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс, Літва) (2008 — 2013 года). З 2015 года — старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Аўтар вершаванага зборніка «Доказательства движения» (2016) і двух альбомаў уласных песень.
Жанаты. Мае сына.
Праз «слясарныя церні» — да зорак
— Асабіста ты калі зразумеў, што журналістыка гэта тваё?
— «Нармальныя героі заўсёды ідуць у абход», спявалі героі фільма «Айбаліт-66». Дарэчы, у 66‑м я і нарадзіўся. Скончыў звычайную чыжоўскую школу (Чыжоўка — мікрараён Мінска, які меў у тыя часы дрэнную славу) і марыў, начытаўшыся дэтэктываў, пра работу следчым. Настаўніца алгебры казала мне: “Правалішся на юрфак, што непазбежна, — пойдзеш у матэматыку”. На юрфак я сапраўды не паступіў. Не дабраў балаў. Але і ў матэматыку не падаўся. Пайшоў на МАЗ — слесарам-рамонтнікам. Год прапрацаваў там, і за гэты час рамантычная цяга да юрыспрудэнцыі моцна зменшылася.
Журналістыка цікавіла куды больш, а журналісты ўвогуле здаваліся тады жыхарамі неба. Але публікацый, неабходных для паступлення, не было. Прагматычна вырашыў, што пайду ў войска, там што-небудзь напішу — і пасля ўжо на журфак. І гэтак жа прагматычна падаў дакументы на юрфак, — каб выкарыстаць адпачынак, што даваўся абітурыентам для здачы экзаменаў. І нечакана паступіў, здаўшы ўсе экзамены на “выдатна”. Праўда, у Савецкую армію мяне ўсё адно забралі з першага ж курса. Дакладней, у памежныя войскі. Там і напісаў пару карэспандэнцый у акруговую газету. Ну, і пра мяне пісалі. Прычым у сувязі з ідэалагічна шкоднай літаратурай.
«… Проходя через контроль, иностранец заметно нервничал. Это вызвало подозрения у прапорщика Г. Шевченко. «Туристу» было предложено пройти в специальное помещение для более тщательного осмотра его вещей. Опытный контролер не ошибся. У гражданина одной из капиталистических стран была изъята искусно замаскированная партия идеологически вредной литературы.
Это всего лишь один из случаев проявления высокой бдительности пограничниками контрольно-пропускного пункта. Служебное мастерство отличает здесь офицера С. Колосова, сержанта К. Трубленкова, младшего сержанта А. Бастунца…. »
Дзеля дакладнасці трэба заўважыць, што салдаты тэрміновай службы не праводзілі дагляду грамадзян. Мы правяралі, ці не спрабуе вораг нелегальна пранікнуць у Савецкі Саюз пад вагонам або зверху яго (я служыў на чыгуначным КПП «Ленінакан» на армяна-турэцкай мяжы). Самая ж «адказная» частка даставалася афіцэрам і прапаршчыкам.
Згадваецца, як аднойчы ў нас здарылася надзвычайнае здарэнне: прыбыў спецсастаў «грамадзян капіталістычных краін», большасць з якіх — пажылыя амерыканцы. Гэта былі аматары Жуля Верна, якія «зафрахтавалі» цягнік для падарожжа па маршрутах, апісаных пісьменнікам. Натуральна, арыенціроўка на іх ужо была ў атрадзе і можна толькі ўявіць, што там рабілася. Амерыканцы! У нас! (Трэба сказаць, што пасажырскія цягнікі праз КПП Ленінакан хадзілі ўсяго пару разоў на тыдзень, і амерыканцаў тут, здаецца, не бывала). “Трэслі” ўсіх. Але адзін з пасажыраў прыцягнуў асаблівую ўвагу, і ім заняліся з вялікай дбайнасцю. Нават правяралі ўнутраную падшэўку валізак — проста разрэзалі нажом і вытрыбушылі ўсё. Але — марна. Што ж, выбачайце, едзьце далей, грамадзяне замежнікі, — па маршрутах Жуля Верна.
— Ты адслужыў, вярнуўся з публікацыямі ў СМІ … І тут Астапа панесла? ..)
— Ну, калі і панесла, то спачатку не туды. Калі зняў кірзачы, працягнуў вучобу на юрфаку. Потым працаваў юрыстам у камерцыйных арганізацыях. Займаўся, сярод іншага, аўтарскім правам і сумежнымі правамі. Нават ездзіў з «Песнярамі» ў Маскву кансультаваць іх пры заключэнні дамовы з буйной музычнай кампаніяй. Уяўляеш, падымаешся на тэлевежу «Астанкіна» ў ліфце разам з Аляксандрам Дзямешкам (ён ужо не граў у складзе) і Уладзіславам Місевічам — музыкамі легендарнага калектыву, а за сталом перамоў бачыш былога ўдарніка гурта «Аўтограф» Віктара Міхаліна, які быў знаёмы па фота з вокладкі запіленай іголкай прайгравальніка пласцінкі!
Праўда, нягледзячы на ўсю маю эйфарыю, заключэнню кантракта я толькі перашкодзіў. Высветлілася, што «Песнярам» прапанавалі адразу два кантракты — адзін на запіс альбома з кампаніяй гуказапісу, а другі — на яго «адпрацоўку» з канцэртным агенцтвам. Гэтыя кампаніі юрыдычна, апроч назвы, нічога не звязвала. На што я і звярнуў увагу. Тэарэтычна магло здарыцца, што ансамблю давялося б «за так» ездзіць па Расіі, незалежна ад таго, ці будзе альбом выпушчаны (бо ў другім кантракце пра дыск нават не згадвалася). Музыкі «Песняроў» (Уладзімір Мулявін тады адышоў ад актыўнай працы) падумалі і адмовіліся. Пасля чаго на некалькі гадоў сталі персонамі нон-грата на расійскім тэлебачанні. Але праз пару месяцаў здарыўся фінансавы крызіс 1998 года, і гуказапісвальная кампанія збанкрутавала. Каму крызіс, а я змог уздыхнуць з палёгкай.
Да гэтага часу я ўжо стаў друкавацца ў рэспубліканскай прэсе. Пры газеце «Знамя юности» на пачатку 1990‑х дзейнічаў літаратурны гурток «Светотень». У тыя часы газета выходзіла трохсоттысячным накладам. І ў ёй публікаваліся мае вершы, нават персанальная старонка была! Там, дарэчы, я сустрэў сваю будучую жонку, Сабіну Брыло. Адтуль разам з ёй трапіў у вядомую тады газету «Фемида», якую выдаваў Аляксандр Патупа, а рэдагавала Ірына Сакалова. Уласна, яны і вывелі мяне на арбіту журналістыкі.
Тады я сфармуляваў: «Добрых людзей менш, чым хацелася б, але больш, чым, здавалася б». Шкада, цяпер з намі няма ні Аляксандра Сяргеевіча, ні Ірыны Ісакаўны. Як няма і «Фемиды», якая зачынілася ў 2000‑м.
Ды што казаць! З таго часу зачынілася шмат газет. Неяк у пачатку гэтага стагоддзя мы сустракаліся з літоўскімі калегамі. Пачалі знаёміцца за «круглым сталом»: Таццяна Мельнічук, рэдактар закрытай газеты «Беларуская маладзёжная», Генадзь Суднік, рэдактар закрытага “Тыднёвіка Магілёўскага» (цяпер, на вялікі жаль, нябожчык), Аліна Суравец, рэдактар «Новой газеты Сморгони». Гэтая газета таксама зачынілася не сама па сабе…
Высветлілася, што ледзь не палова беларускіх удзельнікаў страціла свае медыя.
У 2000 годзе БАЖ праводзіў “Першы фестываль незалежнай прэсы”, і тады мы налічвалі каля 60-ці незалежных выданняў (якія асвятлялі сацыяльна-палітычныя пытанні з большай ці меншай ступенню незалежнасці ад дзяржавы). Усяго праз пару гадоў сабраліся ўжо на «Дзень закрытых газет».
Добра, калі сёння мы налічым палову ад тых незалежных СМІ, якія працавалі ў канцы 1990‑х — пачатку нулявых. Няма ўжо і многіх з тых, хто іх рабіў. Пётр Марцаў, Віктар Івашкевіч, Павал Шарамет, тыя ж Ірына Сакалова і Генадзь Суднік … можна пералічваць доўга.
Не магу не сказаць пра Генадзя Вітольдавіча Судніка. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, мы былі сябрамі. Зблізіліся, калі я абараняў яго і «Тыднёвік Магілёўскі» ў судзе па шматтысячным (ва ўмоўных адзінках) пазове аб абароне гонару і годнасці ад тагачаснага прарэктара Магілёўскага ўніверсітэта. Мы выйгралі гэтую справу, але касацыя адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі і вярнула справу на паўторны разгляд. Шанцаў на поспех пасля гэтага практычна не было, але мы змаглі зноў дамагчыся станоўчага выніку. Сумесныя баталіі нас і пасябравалі.
Гэта быў незвычайны чалавек, сапраўдны дэндзі, уявіць якога прасцей у Вялікабрытаніі, чым у Беларусі. Незадоўга да сваёй смерці, віншуючы мяне з нейкім святам, ён даслаў sms: «Усё будзе добра. Рыхтуйцеся».
Рыхтуемся…
«Бацькі былі б не супраць, калі б я стаў міністрам юстыцыі»
— Вось мае бацькі (праўда, цяпер толькі мама) заўсёды з вялікай занепакоенасцю ставіліся да майго ўдзелу ў недзяржаўнай журналістыцы. Як твае ўспрынялі грамадзянскую пазіцыю сына пры выбары СМІ і танальнасці публікацый у «Фемиде»?
— Бацькі былі б не супраць, калі б я стаў міністрам юстыцыі. Жартам ці сур’ёзна яны казалі пра гэта, калі я вучыўся на юрфаку. Але іх сын пайшоў у іншым кірунку.
Дарэчы, юрфак я мог і ўвогуле не скончыць. У 1990‑м у нас былі ваенныя зборы (а нягледзячы на тое, што я адслужыў, мне даводзілася падчас вучобы наведваць ваенную кафедру). Як цяпер разумею, вайскоўцы здзейснілі дзве памылкі: па-першае, зборы пачаліся ў пятніцу, а, па-другое, праводзіліся ў Мінску — у ваенным гарадку ва Уруччы. Некалькі студэнтаў мелі планы на суботу (пагуляць на вяселлі і нешта падобнае) і наладзілі маленькі бунт, спаслаўшыся на нейкія дробязі тыпу неўладкаванага клазета (гэта было яшчэ да таго, як нас завялі ў казарму).
Яны сыходзілі са збораў, чалавек пяць, а я глядзеў ім у спіну, вагаючыся: сысці з салідарнасці («зманліва зразумелага пачуцця таварыства») або застацца. Застаўся.
Раніцай у казарме загарлапанілі «Пад’ём!». Я ўстаў з благімі ўспамінамі і падумаў, што зараз прыйдзецца слухаць гэта цэлы месяц. Пайшоў, не прачнуўшыся да канца, па сцёртым паркеце міма дарожак. І тут да мяне падскочыў нейкі палкоўнік: «Тваю маць! Ты што, дарожкі не бачыш!». Калі па сутнасці пярэчыць няма чаго, застаецца толькі зачапіцца за форму выказвання. «Што вы дазваляеце сабе казаць пра маю маму!». Карацей, я развярнуўся і пайшоў. Адзін. Балазе, пераапрануцца ў форму мы яшчэ не паспелі.
Паказальна, што ніякіх наступстваў для «дэзерціраў» не было. Хіба што не атрымалі лейтэнанцкія пагоны. Дзевяносты год. Нават страшна падумаць, што было б цяпер. А тады я спакойна скончыў юрфак з «чырвоным дыпломам». На размеркаванні мяне запрашалі, дарэчы, у МУС, але я сышоў на вольны хлеб. Тады гэта было магчыма.
У выніку я так ні дня і не прапрацаваў на дзяржслужбе. І не думаю, што маіх бацькоў гэта асабліва засмучае. Гэтыя лініі разлому — прэзідэнцкая ўлада, «Крым наш», якія прайшлі па многіх сем’ях — нас не закранулі. І наўрад ці магло быць інакш з нашай фамільнай гісторыяй.
Майго дзеда арыштавалі ў той самы дзень, калі нарадзіўся мой бацька. Праз пару месяцаў дзеда расстралялі. Ён быў ляснічым. У дваццатыя гады, наслухаўшыся савецкай прапаганды, з групай сяброў перайшоў з Кажан-Гарадка, які знаходзіўся на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, на Гомельшчыну. Кажуць, што Рыгор Бастынец (так дзед запісаны ў метрыках) паспеў убачыць свайго сына. А вось сын бацьку — не. І не бачыў да гэтага часу. Нават на фотаздымку. У сям’і іх не захавалася, а КДБ адмаўляецца «выдаць» фотаздымак са справы, нягледзячы на пасмяротную рэабілітацыю дзеда.
“Попел Клааса грукае ў маё сэрца” і, думаю, шмат у чым вызначае маё жыццё.
Мая мама, Леакадзія, з Ашмянаў. Яе бацьку звалі Іосіф, а маму — Марыя (усміхаецца — аўт.). Рэпрэсіі і вайна іх не закранулі. Хіба што ўсе сваякі бабулі раз’ехаліся па свеце, нават да Аргентыны дабраліся. Потым бабулю знайшла яе сваячка з Англіі. Яе вывезлі на працу ў Германію, адкуль яна і перабралася на Туманны Альбіён. І былая бежанка праз дзесяцігоддзі некалькі разоў дасылала «гуманітарныя» пасылкі ў сям’ю, якая засталася ў краіне пераможцаў!
Трэба выкарыстоўваць усе літары алфавіту, а не толькі тыя, з якіх складваюцца словы «пракляты рэжым»
— Ты ні дня не быў на дзяржслужбе, але цяпер даводзіцца кантактаваць з яе прадстаўнікамі. Між тым, у асяродку незалежных журналістаў па-ранейшаму актуальнае пытанне, а ці варта ўвогуле ў чарговы раз спрабаваць наладзіць дыялог з уладамі і з нашымі апанентамі, і калі так, то ў якім фармаце?
— Гэта напрыканцы 1990‑х сур’ёзна абмяркоўвалі, ці можам мы размаўляць з прадстаўнікамі «нелегітымнага рэжыму», ці ў адной лодцы дэмакратычныя журналісты і палітыкі і да т. п. Зараз ніхто пра гэта ўжо, здаецца, і не ўзгадвае. Магчыма, таму, што апазіцыя сама разбеглася па розных лодках. А хутчэй таму, што ўсе кропкі ў гэтай дыскусіі даўно расстаўленыя.
У зносінах (у тым ліку з уладай) трэба задзейнічаць усе літары алфавіту, а не толькі тыя, з якіх складваюцца словы «пракляты рэжым».
Любоў да футбола — гэта назаўжды
— Ты прыстойны футбаліст і апантаны заўзятар?. Гэта любоў назаўжды?
— Наконт прыстойнага футбаліста — гэта, канешне, перабольшванне. Футболам я захварэў у дзяцінстве. І як было не захварэць, калі мінскае «Дынама» стала чэмпіёнам Савецкага Саюза і дабіралася да чвэрцьфіналаў усіх еўрапейскіх кубкаў! Я да гэтага часу памятаю, як у чэмпіёнскім сезоне абаронца Юры Курненін забіў хет-трык «Кайрату» ці, скажам, як вядомы спартовы аглядальнік «Знамя юности» (і смелы фельетаніст) Павел Якубовіч пісаў, што Гоцманаў чытае гульню не па складах, а абзацамі.
Я і сам гуляў у двары, ганяў да знямогі і пасля знямогі, нават зімой. Дарэчы, пару гадоў таму зноў катаў мяч па снезе, ды яшчэ ў самы Новы год. Мы пачалі гуляць дзесьці ў 23.45, а скончылі ўжо ў наступным годзе. Правакацыю арганізаваў Дзіма Наважылаў з БелаПАНа. І знайшліся ж “адмарозкі” ва ўсіх сэнсах слова — Андрэй Аляксандраў (з таго ж БелаПАНа), кінарэжысёр Алег Дашкевіч, “таварыш” Сяргей Вазняк, іншыя журналісты… Гулялі на стадыёне ў двары дома на Пуліхава, і нехта, адарваўшыся ад святочнага стала, крычаў з балкона: «Слава героям!». А мы адказвалі: «Героям слава!».
У апошні час выходжу на поле ўсё радзей, балазе, ёсць каму гуляць. І як гуляць! Каманда БАЖ — неаднаразовы пераможца Кубка Свабоды імя Карпенкі, Кубка імя Шырокага, турніраў пад эгідай Спартыўнага клуба Саюза журналістаў Літвы.
Памятаю, у адным з літоўскіх турніраў Сяргей Вазняк зламаў руку, А Дзіма Яненка парваў звязкі на калене — і гэта цягам 5 хвілін! Калі выходзілі на мяжы з мікрааўтобуса, нехта пажартаваў: «Параалімпійская зборная БАЖ».
«Рак движется вперед, но смотрит назад»
— Як развіваецца твая паэтычная дзейнасць?
— Я ўжо казаў, што прыйшоў у журналістыку з літаратурнага клуба «Светотень» пры «ЗЮ». Дарэчы, мае вершы друкаваліся не толькі ў «Знаменцы», але і ў такіх дзіўных газетах як «На страже» і «Медицинский вестник». Куфэрак проста адчыняўся — там працавалі былыя сябры літклуба — Алег Зайцаў і Алег Барадач. У «Медицинским вестнику» неяк апублікавалі мой верш, які пачынаўся так:
Рак движется вперёд, но смотрит назад:
он все ещё в прошлом или прошлое в нём.
Его широко раскрытые выпученные глаза
видят – не то что при лунном свете, но даже днём с огнём —
лишь то, что уже закончено (то есть, то, чего нет)…
Ну, рэфлексаваў я — рак па гараскопе. І ледзь не падвёў свайго таварыша — намесніка рэдактара.
Адзін з супрацоўнікаў газеты напісаў у Міністэрства аховы здароўя амаль што данос. Паглядзіце, маўляў, што публікуе такі-та! Ён піша пра развіццё рака ў краіне («рак рухаецца наперад») і намякае, што наша медыцына ў мінулым і бачыць толькі тое, што ўжо скончылася ці чаго ўвогуле няма! Супрацоўнік міністэрства, якому гэта ліст трапіў, быў у добрых стасунках з намеснікам рэдактара і па сакрэце паказаў гэты эпісталярны опус яму…
Пасля 2004 года дзяржава стварыла гета для незалежных СМІ
Стаўленне ўладаў да свабоднай прэсы не застаецца нязменным. Я яшчэ памятаю часы, калі Дзяржкамдруку пытаўся меркаванне БАЖа пра практыку прымянення заканадаўства аб СМІ і неабходнасці яго змены, калі суддзі і работнікі Мінюста ўдзельнічалі ў замежных праграмах па абмене вопытам разам з прадстаўнікамі адвакатуры і незалежнымі юрыстам… Але пасля 2002-га, тым больш пасля 2004-га года, калі былі знятыя канстытуцыйныя абмежаванні колькасці тэрмінаў прэзідэнцтва, усе мы, я маю на ўвазе дэмакратычны сектар — незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі, грамадскія ініцыятывы — былі выціснутыя ў своеасаблівае гета. У 2010 — 2011 гадах быў новы крызіс. Потым сітуацыя патроху стабілізавалася.
Але, паводле выразу Аляксандра Класкоўскага, пятлю на шыі прэсы толькі ледзь аслабілі — пятля ж засталася. Да прыкладу, 2016 год можна лічыць адносна ўдалым. Было «ўсяго» 13 затрыманняў журналістаў і 10 штрафаў за год. Гэты, 2017 год, нашмат цяжэйшы. Больш за 100 затрыманняў нашых калегаў, колькасць штрафаў перавысіла 50*. У адзін дзень, 12 сакавіка, улады затрымалі больш журналістаў, чым за ўвесь мінулы год! І мы зноў успомнілі пра арышты журналістаў, чаго даўно не было.
* Вядома, што цягам 2017 года агульная колькасць штрафаў для журналістаў склала 69 — рэд.
Увогуле, зацягнуць пятлю тужэй нічога не каштуе. Ды і сама яна робіцца больш трывалай — заканадаўства ў сферы СМІ ўвесь час становіцца больш жорсткім. Цяпер вось, здаецца, вырашылі шчыльна ўзяцца за сацыяльныя сеткі.
Літвіна і БАЖ
— Як паўплывала на цябе папярэдняя старшыня БАЖ Жанна Літвіна?
— Калі Жанна балатавалася на старшынскае месца падчас аднаго з апошніх з’ездаў, загучалі галасы, што гэта за дэмакратыя такая — 20 гадоў ва «ўладзе»? Прычым жадаючых заняць гэтую пасаду не назіралася. Не хацеў гэтага і я. Прапановы вылучыць сваю кандыдатуру на “прэзідэнцтва» (а некалі пасада кіраўніка ГА “БАЖ” называлася «прэзыдэнт») гучалі і раней, але я адмаўляўся, выдатна разумеючы, што мяне чакае. І толькі калі Жанна катэгарычна заявіла пра свой сыход, вымушана пагадзіўся.
Наогул, Жанна — мой сябар. І гэта галоўнае. І не залежыць ад пасад, якія мы займаем.
Трэба сказаць, што многія памыляюцца наконт магчымасцяў, якія меў і мае кіраўнік БАЖ, яго заробкаў. Мая жонка кажа, з таго моманту, як я стаў старшынёй, даходы сям’і толькі зменшыліся.
Да слова, мы з Сабінай «распісаліся» адразу пасля аднаго са з’ездаў БАЖ. Я з’ехаў з яго, не дачакаўшыся сканчэння, а Жанна Літвіна выкрыла мяне, абвясціўшы з высокай трыбуны, што Бастунец паехаў жаніцца. А потым — вылучыла ў намеснікі. Не ведаю дадало яе паведамленне мне галасоў ці наадварот. А мы з Сабінай паехалі з карабля на баль — у школу для глуханямых (ЗАГС быў на рамонце, і «імпрэзы» праходзілі ў школе-інтэрнаце), дзе нас сустрэлі ўжо падпітыя «бракосочетатели». А пасля балю — на карабель. У сэнсе, на цягнік: тым жа вечарам з’ехалі ў Маскву, але не ў вясельнае падарожжа, а на чарговую міжнародную сустрэчу па журналістыцы, куды мяне запрасілі.
Такое вось вяселле … Праўда, на той момант нашаму сыну Арсенію было чатыры гады і мы ўжо доўгі час жылі разам. Так што проста зафіксавалі гэты факт у адміністрацыйнай рэальнасці.
— Як змяніўся БАЖ з моманту заснавання ў 1995 годзе?
— Я прыйшоў у БАЖ у 1999‑м, таму магу «адказаць» толькі з гэтага часу.
Дарэчы, у 1998‑м мы з табой, Аляксандр, атрымалі міжнародны дыплом «За ўсталяванне свабоды прэсы ў Беларусі». Сярод узнагароджаных тады былі Іосіф Сярэдзіч, Пётр Марцаў, Канстанцін Скуратовіч. І ў такой кампаніі прафесіяналаў я — малады журналіст «Фемиды-NOVA»! Больш за тое, атрымаў дыплом № 1! Гэта мяне вельмі весяліла. Мог бы пісаць у рэзюмэ: «Уладальнік дыплома № 1 «За ўсталяванне свабоды прэсы»! А ўсё таму, што нумарацыю рабілі па алфавіце.
З тых часоў шмат вады сышло, і назву дыплома можна расцэньваць, на жаль, не як сцверджанне таго, што здарылася па факту, а толькі як канстатацыю працэсу.
БАЖ у гэтым працэсе вось ужо дваццаць два гады. Людзі мяняюцца, але арганізацыя застаецца.
Нядаўна ўсвядоміў, што з таго часу, як прыйшоў у офіс, памяняліся ўсе, абсалютна ўсе! — яго супрацоўнікі, у тым ліку юрысты. Апошнім з «магікан» застаецца Валодзя Дзюба, галоўны рэдактар часопіса «Абажур», — але ён у офісе не працуе. Ды і офіс памянялі ўжо двойчы…
— Ты больш за два гады таму стаў старшынёй БАЖа. Ці змірыліся з тваёй вялікай загружанасцю на працы родныя і блізкія?
— Усё пазнаецца ў параўнанні. Быў час, калі я з’яўляўся намеснікам старшыні БАЖа, выкладаў у ЕГУ, працаваў юрыстам, ды яшчэ і вёў праграму на «Белсаце». А да таго — працаваў адначасова ў «Фемиде» і юрцэнтры, пісаў агляды заканадаўства для адной з юрыдычных фірм. Так што цяпер з загрузкай яшчэ больш-менш.
— Ці застаецца час для пісьменніцтва? Музыкі?
— Адносна нядаўна выйшаў зборнік вершаў «Доказы руху», у якім сабрана выбранае з канца мінулага стагоддзя і па снежань 2015 года. Цяпер пішацца радзей і цяжэй. І справа не толькі ў часе, але і ў эмацыйнай засяроджанасці на іншым, думаю.
Ды яшчэ ў мяне ляжыць каменем рэтРаман «Гісторыя». Я кажу сабе, што з часам ён толькі набірае «вытрымку», як віно. Але пакуль з ім не разабраўся — пісаць нешта іншае рукі не падымаюцца. А ўзяцца і разаслаць выдаўцам — не даходзяць.
І да гітары не даходзяць … У мінулым годзе, праўда, расчахліў яе і запісаў з Аляксандрам Дабравольскім (які не толькі палітык, але і выдатны музыкант) адну з песень, «У краіне валацугаў і Арлекінаў».
Зрэшты, на гітары ў запісе грае Аляксандр. Ёсць задумкі яшчэ нешта зрабіць разам, але пакуль, зноў жа, толькі планы.
ПАВОДЛЕ ВЫЗНАЧЭННЯ (з кнігі “Доказы руху”).
Нас не будзе любіць аніякая ўлада —
І не трэба: нам хопіць кахання жанчыны.
Гэты дом, гэты сябра і гэты парадак —
на каня аднаго ледзь не тры канакрады —
вось што мы называем звычайна Айчынай.
Нас не будзе любіць аніякая ўлада —
І не трэба.