• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Бастунец: Мастацтва — гэта тое, што дапамагае нам прымірыцца з жыццём

    Размова пра бязважкае, няўлоўнае і грунтоўнае.


     

    Вы часта ездзіце ў метро?

    Так.

    Не напружвае тое, як паводзяць сябе людзі ў гадзіну пік і не толькі — парушаюць прыватную прастору, напрыклад?

    Я стараюся не ездзіць у гадзіну пік. Але, вядома, непрыемна, калі ў тваю зону прыватнасці хтосьці ўрываецца.

    Можа, гэта культурны код беларусаў — парушаць асабістую прастору іншага?

    Не думаю, што гэта наш культурны код. У іншых краінах бывае куды горш. Наадварот, мне здаецца, беларусы імкнуцца трымаць дыстанцыю — ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Але да грамадскага транспарту ў гадзіну пік гэта, вядома, не адносіцца. Дарэчы, я хутчэй прапушчу транспарт, чым буду штурмаваць дзверы, спрабуючы «заняць сваё месца».

    Калі падчас Чэмпіянату свету зборная Расіі гуляла са зборнай Харватыі, вы сачылі за тым, што адбывалася з нашай публікай? Як бы вы пракаментавалі гэтую сітуацыю.

    Гэтая сітуацыя паказала, наколькі мы далёкія ад народа. У фанзоне і кафэ большасць заўзелі за Расію, беларускія каментатары называлі расійскую каманду «нашымі», — а мая стужка ў Фэйсбуку была поўная радасцi пасля перамогі зборнай Харватыі.

    Вас не збянтэжыла, што на адрас зборнай Расіі гучалі такія ж, на мой погляд, недарэчныя фразы, як ад расійскіх балельшчыкаў на  адрас зборнай Іспаніі, калі тыя прайгралі ў чвэрцьфінале?

    Не думаю, што гульня зборнай Расіі была цікавай з пункту гледжання футбола (пакінем за дужкамі цярпенне і волю да перамогі). Але многія каментары не мелі ніякага дачынення да дзеянняў гульцоў на полі, а былі рэакцыяй на палітыку расійскай дзяржавы.

    Безумоўна, спорт з палітыкай звязаны. Мы гэта бачылі, скажам, падчас сустрэчы Пуціна і Трамп — калі Пуцін падарыў прэзідэнту ЗША футбольны мяч.

    І нават расійскую агрэсію ва Украіне я ўскосна звязваю з вынікамі сочынскай алімпіяды. Тады шавіністычным настроям паддалася большая частка расіян, гэта было выкарыстана палітычным кіраўніцтвам.

    І ўсё ж я не лічу, што спартсмены нясуць адказнасць за дзеянні сваіх уладаў. Папрокі павінны адрасавацца не ім, а тым структурам, якія вызначалі месца правядзення чэмпіянату.

    Верыце ў Бога?

    Гэта складанае пытанне. У маім даўнім вершы ёсць такія словы: «Бог адзін, але ў кожнага свой, а бязвер’е таксама ёсць вера».

    Ці можа рэлігія быць ідэалагічнай асновай для стварэння партыі, ці правільна гэта?

    Партыя — гэта, па вызначэнню, частка. Калі нейкая частка насельніцтва, якая вызнае пэўныя рэлігійныя каштоўнасці, ідзе ў палітыку для іх прасоўвання, то чаму б і не? Многія партыі нават у сваіх назвах артыкулююць прыхільнасць да тых або iншых рэлігій. Але пры гэтым іншыя грамадзяне і іх прадстаўнікі на палітычнай ніве могуць адносіць сябе да іншых канфесій або быць атэістамі і таксама спрабаваць прасоўваць свае каштоўнасці.

    Еўропа — гэта кацёл, дзе змяшаныя і рэлігіі, і нацыянальнасц. І ўлада, якая б партыя да яе не прыйшла, павінна грунтавацца на дэмакратычных каштоўнасцях, а не на рэлігійных пастулатах, улічваць інтарэсы ўсіх грамадзян, незалежна ад іх веравызнання. Царква і іншыя рэлігійныя інстытуты не мусяць умешвацца ў дзейнасць свецкіх уладаў.

    Пра што вы шкадуеце?

    Кожны чалавек пра нешта шкадуе. Я часам шкадую — абстрактна — пра страчаныя магчымасці. Тыя, міма якіх прайшоў, абраўшы іншыя варыянты. Але гэта непазбежна. Усялякі выбар шляху азначае адмаўленне ад астатніх. Якіх, па азначэнні, невымерна больш. Праверыць правільнасць выбару дзеяннем, нажаль, немагчыма.

    Калі вы адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?

    Шчасце — гэта такі рэдкі стан, што абагульніць фактары, якія яго выклікаюць, і вывесці нейкую формулу не магу.

    Што такое любоў?

    Нядаўна мне распавялі, што ў Нарвегіі вельмі рэдка гавораць жонцы словы «Я цябе кахаю», аддаючы перавагу «Я табой задаволены» (ці «задаволеная»). Справа не ў практыцызме, а ў слоўніку і менталітэце. А азначэнняў любові можна даць мноства — ды і відаў яе мноства: закаханасць, палкае каханне, практычнае сяброўства, бацькоўская любоў…

    Мне падабаецца вызначэнне, якое даў Хасэ Артэга-і-Гасэт. Ён параўнаў каханне з далонню, якую чалавек падносіць да сваіх вачэй, — і яна закрывае для яго ўвесь свет.

    Сяброўства больш важнае за каханне?

    Гэта два розныя станы. Я не стаў бы іх параўноўваць.

    Што такое сям’я?

    Тут таксама існуе вялікая колькасць меркаванняў. Адзін мой знаёмы, мусульманін, неяк сцвярджаў, што сям’я — гэта пераважна эканамічныя адносіны. Іншы яго паправіў: гэта толькі і ёсць эканамічныя адносіны. Для мяне сям’я — гэта нешта большае, чым муж, жонка і дзеці, якія жывуць пад адным дахам. Гэта не проста некалькі «я», ёсць яшчэ нейкая дабаўленая вартасць, якая ўтрымлівае іх разам. Што, дарэчы, не так і проста — утрымаць.

    Калі праца не прыносіць вам задавальнення?

    Калі праца не прыносіць задавальнення. Але — што рабіць? — часта даводзіцца перасільвае сябе, займацца тым, што бязрадасна.
    І яшчэ — калі здараецца празмернасць працы на квадратны сантыметр часу. Цэйтнот, а ні часу, ні сіл ужо няма.

    Вы верыце людзям?

    Так. Мне прасцей жыць сярод людзей, якім я веру, чым меркаваць, што знаходжуся сярод нягоднікаў і хлусаў. З іншага боку, менавіта таму, з‑за асабістай «прэзумпцыі даверу» і пачуцця самазахавання, я асцярожна сыходжуся з людзьмі. Мой блізкі круг зусім невялікі.

    Ці былі ў вашай практыцы такія моманты, калі вы разумелі, што закон павінен працаваць так і гэта будзе правільна з юрыдычнага пункту гледжання, але гэта будзе несправядліва? Чаму здараецца так, што закон не заўсёды справядлівы?

    Законы пішуць людзі. Больш за тое, калі згадаць марксісцкую фармулёўку, права — гэта ўведзеная ў закон воля класа, які пануе. Выкраслім слова «клас» — а ў астатнім усё засталося ранейшым.

    Законы пішуць людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, — і на захаванне статус-кво гэтыя законы часта і скіраваныя. Ці былі ў маёй юрыдычнай і журналісцкай практыцы выпадкі, калі пэўныя нарматыўныя палажэнні разыходзіліся з маім уяўленнем аб праве? Я б сказаў, што ў той сферы, дзе я працую, гэта, хутчэй, не выпадкі, а «норма».

    Што для вас азначае быць свабодным?

    Напэўна, свабода для мяне — гэта магчымасць выбару. І магчымасць рабіць яго без знешняга прымусу. Гэта варыятыўнасць і пэўная лёгкасць (нават калі сам выбар складаны). Хоць псіхааналітыкі, вядома, могуць тут сказаць, што ўсё роўна несвядомае пераважае над намі, і ні пра якую свабодзе казаць не прыходзіцца. Не ведаю.

    Што Вас здзівіла за апошні час?

    Нядаўна мы з Сабінай (жонка А.Б. — Рэд.) ездзілі ў Ашмяны да нашай добрай знаёмай — вядомага юрыста Людмілы Ульяшынай. Я быў рады вярнуцца ў горад, у якім правёў дзяцінства. І сустрэча з Людмілай, яе мужам Аляксандрам і яе мамай была … вельмі цёплай і — так — дзівоснай.

    Дарэчы, менавіта яны расказалі нам пра нарвежскае азначэнне любові :).

    Што такое поспех?

    Можна сфармуляваць дваяк. Гэта альбо дасягненне тых мэтаў, прамежкавых вынікаў, якія ты ставіў перад сабой, — альбо гэта знешняя адзнака тваіх дзеянняў, якая можа быць ніяк не звязаная з самаацэнкай. То бок, гэта не абавязкова манета аб двух баках, гэта могуць быць дзве розныя манеты (рознага вартасці), прычым аднабаковых. (Як у адным з апавяданняў Лескова ў пратаколе запісана, што на месцы злачынства знайшлі адзін канец палкі, якім яно было здзейснена, а другі шукаюць).

    Чаму дарослыя людзі губляюць здольнасць здзіўляцца?

    Таму што адбываецца інфляцыя здзіўлення. Гэтак жа, як і інфляцыя шчасця, дарэчы. Калі ты пражыў пэўны жыццёвы адрэзак, то новага, якое здольна выклікаць здзіўленне і зачараванне, становіцца ўсё менш. Раней для шчасця дзіцяці было дастаткова атрымаць шарык або значок. У юнацтве я адчуваў сябе шчаслівым, калі ў краме грамкружэлак сярод звычайнай прадукцыі «Мелодыі» знаходзіў рэдкі альбом. А зараз можна знайсці без адмысловай працы ледзь не ўсё, што хочаш. Аб якім прадчуванні, здзіўленні або радасці тут можна казаць!.. Уражанні прытупляецца, здольнасць да здзіўлення зніжаецца.

    Але гэта не абсалютны закон. Маё захапленне, калі я ўпершыню ўбачыў Кёльнскі сабор гадоў 20 таму, паўтарылася летась, калі я зноў апынуўся ў Кёльне.

    Андрэй, вы — музыка. Ваш сын Арсень таксама займаецца музыкай. У яго ёсць свая група ASTARY. Ці слухаеце вы трэкі свайго сына і наадварот, слухае Ці Арсень вашу музыку? Ці ёсць у вас спрэчкі, калі вы працуеце над сваімі музычнымі праектамі?

    Ну, я не стаў бы сябе называць музыкам. Ды і ў дачыненні да Арсеня гэта таксама пакуль занадта гучна сказана. Хутчэй, мы захапляемся музыкай. І тое, што робіць Арсень, вельмі адрозніваецца ад той музыкі, якую я складаў або слухаю.

    Калісьці ў мяне была наіўная думка пра тое, «что отцы не допели — дети допоют». Але цяпер я бачу, што яго цікавіць зусім іншыя выканаўцы і стылі, чым мяне, і наўрад ці ён стане перапяваць мае песні. Са здзіўленнем паслухаў тое, што ён нядаўна запісаў.

    Гэта яшчэ першыя яго крокі, Нешта я, вядома, крытыкую, а нешта мне цікава.

    Магу сказаць, што ў свае 20 гадоў я ладна саступаў яму, дваццацігадоваму, — па многіх паказчыках. Зрэшты, у гэты час я яшчэ служыў недзе ў Арменіі 🙂

    Арсень вам дае парады, калі вы працуеце над сваімі песнямі?

    І ён, і я імкнемся рабіць гэта без лішніх вачэй і вушэй. Пакуль рэч не будзе больш-менш дапрацавана. А потым ужо позна раіць.

    Deep Pur­ple або Led Zep­pelin?

    Deep Pur­ple.

    Чаму?

    Не ведаю. Так склалася. Можна працягнуць: The Bea­t­les або Rolling Stones — Ролінгі. Але і Led Zep­pelin, і бітлоў я люблю і слухаю. Як і шмат каго яшчэ.

    Вы з Сабінай пазнаёміліся на літаратурным аб’яднанні «СветоТень». І ты, і Сабіна не так даўно выпусцілі свае першыя паэтычныя зборнікі. Вы паказваеце адзін аднаму свае творы?

    Вядома. Часам мы раімся адзін з адным з нагоды тых або іншых радкоў. Але не заўсёды слухаем парады.

    Дарэчы, цяпер Сабіна рыхтуе новую кнігу вершаў да друку.

    Добрыя вершы — гэта якія?

    Пачнем з таго, што сёння наогул складана дакладна сфармуляваць, што з’яўляецца вершам, а што не. Некаторыя чытачы, ды і пісьменнікі, да гэтага часу думаюць, што паэзія — гэта тое, што рыфмуецца і рытмічна дакладна вызначана (і, адпаведна, тое, дзе гэтага няма, вершам не з’яўляецца). Што ўжо казаць пра ацэнку саміх вершаў.

    Для мяне добры верш — гэта, напэўна, той, у якім усе словы знаходзяцца на сваім месцы, лішніх слоў няма, а сам верш перадае той настрой, тую думку, эмоцыю, якія аўтар-медыум спрабаваў перадаць… Не, немагчыма гэта растлумачыць.

    Іосіф Бродскі або Андрэй Белы?

    Бродскі.

    Але. Нядаўна прачытаў усё, што напісаў Леў Лосеў, сучаснік і сябар Іосіфа Бродскага. Дык вось, Лосеў свядома імкнуўся быць іншым, чым нобелеўскі лаўрэат, стараўся не патрапіць пад яго ўплыў (які і цяпер больш чым адчувальны — як, скажам, сёння ўплыў на беларускіх аўтараў украінца Сяргея Жадана) — і выкрасліў ўсё, што нагадвала ў яго вершах Бродскага). Гэта — зусім іншая паэзія. І я кожны раз прадчуваю радасць, калі бяру кнігу Лосева ў рукі. Але і зборнік амерыканскай паэзіі Бродскага на стале грэе мне душу.

    Андрэя Белага не чытаў даўно.

    Вы капіявалі прыёмы іншых паэтаў, калі пачынаў пісаць вершы?

    Мы ўсе праходзім праз такі этап. У некаторых выпадках я свядома іх прайграваў. Так, у мяне ёсць верш «пад» Маякоўскага. У часы перабудовы ў адным з «тоўстых часопісаў» былі надрукаваныя яго лісты да Лілі Брык. Мяне ўразіла, як рытміка, фразы, запал гэтых лістоў нагадвалі яго вершы. І я напісаў — часам ледзьве не цытуючы некаторыя фразы — уласны верш.

    Схаваўся за спіну вялікага: «Плакал в кофейне, большой и сильный, официанткам веселье жуткое. Барышня в ухо: «Вы б меньше пили, столько бутылок одни, не шутка ведь!..»

    Каго вы чытаеце?

    Ну вось, нядаўна скончыў чытаць Лосева. Уліцкую «Зеленый шатер». Нешта мяне пацягнула на літаратуру шасцідзесятых-дзевяностых мінулага стагоддзя — або пра гэты перыяд. Часам здаецца, што гэта і быў мой час, толькі я яго праскочыў…

    Якое кіно вы глядзіце?

    Зноў жа, рэтра. Падселі неяк на фільмы пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў.

    Але — люблю Квенціна Таранціну. Не ўсе, вядома ж, — але чакаю кожную яго стужку з прадчуваннем. А «Крымінальнае чытво» лічу шэдэўрам. Падабаюцца Джармуш, Вендэрс — можна пералічваць і далей! А еўрапейскія «Найноўшы запавет» і «Вяртанне ў Эладу» — тое, што парадавала за апошні час.

    Любімае месца на Зямлі?

    Я паўжартам — напаўсур’ёз кажу, што маё любімае месца — Куршская каса, Нерынга. Там адчуваеш сябе спакойна, вольна, магчыма, нават і шчасліва. Вось купіць бы там домік Томаса Мана — і што яшчэ трэба чалавеку, каб сустрэць старасць! 🙂

    Кім марыў быць, калі хадзіў у дзіцячы садок?

    Не памятаю. А калі ўжо вучыўся ў школе, выбар быў не такі вялікі. Ды я яго і не меў, па вялікім рахунку. Ва ўсякім разе, не ведаў. Настаўнік, рабочы, следчы — і хто яшчэ? … Збіраўся стаць следчым. У той жа час мяне прыцягвала літаратура, але пісьменнікаў ўспрымаў як жыхароў неба — ды і журналістаў таксама.

    Пасля войска, куды мяне забралі з першага курса юрыдычнага факультэта БДУ, ўсялякая ахвота працаваць у ваенізаваных структурах у мяне начыста знікла.

    Калі і як вы адпачываеце?

    Як правіла, адпачынкі «кароткатэрміновыя», каля тыдня. І праводзім мы іх у руху. Але і мора мне неабходна. Думаю, многія праблемы Беларусі — з‑за адсутнасці ў нас гор і выхаду да мора. На шум хваляў і пах мора рэагую, як, напэўна, паляўнічы сабака на дзічыну.

    Ці плануеце выхад сваёй другой кнігі?

    Так. Хутчэй за ўсё, гэта будзе проза. Рэтрараман, як я вызначыў жанр, «Гісторыя». У 2017‑м годзе я скончыў рэдагаванне. Але далей пакуль рукі не даходзяць.

    У фатографаў кажуць так: «Забі свою любімую фатаграфію!» Як праходзіць працэс рэдагавання кнігі ў вас?

    Вельмі складана. Калі нешта даводзіцца да розуму, важна меркаванне іншых людзей, таму што вока замыльваецца. І важна, каб кніга адляжалася. У выпадку з «Гісторыяй» час быў.

    Ёсць ўчынак, якім вы ганарыцеся і — за які вам сорамна?

    Канешне ёсць. Але адразу ўспамінаецца тое, за што сорамна, і казаць пра гэта не хочацца.

    Леанарда да Вінчы або Пікаса?

    Леанарда да Вінчы.

    Мне больш цікавы сучасны жывапіс. У мінулым годзе ў Вене зайшоў у галерэю Альбярцін і быў уражаны карцінамі Эдуарда Ангелі. Бязлюдныя гарадскія пейзажы па некалькі метраў у даўжыню і ў вышыню проста засмоктвалі.

    Ледзь выбраўся. 🙂

    Навошта чалавеку патрэбнае мастацтва?

    Мастацтва — гэта тое, што дапамагае нам прымірыцца з жыццём. Нават калі і выварочвае нас навыварат.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці