Адбываюцца масавыя спробы ўзлому тэлеграм-акаўнтаў беларусаў. Як абараніцца?
Чытачы «Нашай Нівы» паведамляюць, што за апошні месяц у іх саміх або іх знаёмых былі спробы ўзламаць акаўнты на беларускіх нумарах. Простыя правілы дазволяць вам не даць захапіць акаўнт.
Што вядома?
Спробы ўваходу ў акаўнт беларусаў адбываюцца рэгулярна, але апошнім часам яны пачасціліся. Імаверна, гэта робяць беларускія спецслужбы — яны атрымліваюць смс за чалавека.
Як зразумець, што вас спрабуюць узламаць?
Калі ваш тэлеграм-акаўнт зарэгістраваны на беларускі або расійскі нумар і мае ўключаную двухфактарную аўтэнтыфікацыю, так званы «Воблачны пароль», то вам прыйдзе апавяшчэнне пра незавершаную спробу ўваходу.
Калі ў вас няма двухфактарнай аўтэнтыфікацыі, то фактычна — ніяк. Спецслужбы могуць лёгка ўвайсці ў ваш акаўнт, спампаваць у ім што хочуць, выдаліць сляды ўваходу ды выйсці.
Першы этап абароны ад узлому — двухфактарная аўтэнтыфікацыя
Галоўнае, што вам трэба зрабіць — праверыць, ці ўключаная ў вас двухфактарная аўтэнтыфікацыя. Калі яна не ўключаная, то абавязкова ўключыце яе.
-
Націсніце на сімвал трох крэсак у левым верхнім куце экрана. Абярыце «Налады».
-
Далей націсніце «Прыватнасць і бяспека».
-
Калі насупраць «Двухэтапнай праверкі» напісана «Укл.», то гэта значыць, што двухфактарная аўтэнтыфікацыя ўключаная. Калі напісана «Выкл.», то варта яе ўключыць. Для гэтага націсніце на пункт «Двухэтапная праверка».
-
Пасля націсніце кнопку «Задаць пароль». Адкрыецца меню, дзе трэба яго ўвесці, а пасля паўтарыць. Звярніце ўвагу — ён мусіць быць унікальным і адрозным ад іншых вашых пароляў, але неабавязкова вельмі складаным. Галоўнае, каб ён не складаўся толькі з лічбаў або простых літараў. Гайд па стварэнні добрага пароля ёсць тут.
-
Далей вам прапануюць зрабіць падказку для пароля з пары словаў. Рабіце гэта па вашым выбары, галоўнае, каб у падказцы не ўтрымліваўся сам пароль. Або націсніце «Прапусціць».
-
На наступным кроку вам прапануюць абраць e‑mail для ўзнаўлення акаўнта на выпадак, калі вы забудзецеся пароль. Для бяспекі гэта так сабе — пароль лепш памятаць, дый e‑mail таксама могуць узламаць і зайсці ў ваш акаўнт у тэлеграме. Але калі вы ўпэўненыя ў бяспецы вашай электроннай скрыні, то можаце абраць e‑mail як опцыю.
-
Націсніце «Прапусціць». Двухфактарная аўтэнтыфікацыя ўключаная.
Праверка на лішнія прылады
Пасля гэтага праверце, ці няма ў вашым тэлеграме чужых прыладаў.
-
Вярніцеся ў «Налады» і націсніце пункт «Прылады».
-
Калі там ёсць нейкія падазроныя прылады, якіх вы не памятаеце, націсніце на назву прылады і пасля ўнізе абярыце пункт «Скончыць сеанс».
-
Пасля гэтага з’явіцца акно пацверджання. Націсніце «Скончыць».
Што яшчэ можна зрабіць?
Па-першае, пераканайцеся, што ў вас выстаўленыя максімальныя налады прыватнасці. Для гэтага зайдзіце ў пункт «Прыватнасць і бяспека». Максімальныя налады прыватнасці выглядаюць так.
Калі не, то ўключыце іх. Асабліва звярніце ўвагу на тое, каб быў схаваны ваш нумар. Для гэтага зайдзіце ў пункт «Нумар тэлефона». Налады мусяць быць такімі, як на скрыншоце ніжэй.
Па-другое, перанясіце акаўнт на замежны нумар. Самы надзейны варыянт — папрасіць чалавека, якому вы давяраеце, набыць сім-карту за мяжой і зарэгістраваць новы акаўнт на гэты нумар.
Менш надзейны варыянт — сэрвісы віртуальных нумароў. Пра іх падрабязней пісалі ў адмысловым гайдзе.
Па-трэцяе, перапытайцеся ў вашых сяброў і знаёмых у Беларусі, ці добра абаронены іх акаўнт. Калі не, то навучыце іх, як яго абараніць.
Чытайце яшчэ:
Личные аккаунты нужно держать закрытыми? Изучили советы по безопасности в соцсетях
Почему белорусам стоит использовать VPN и как его правильно выбрать
«Даже паспорт человека не так информативен, как его профиль в Instagram». Инструменты и алгоритмы для расследователей