• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Амбасада Нямеччыны напісала лісты ўсім зняволеным журналістам у Беларусі

    Амбасада Нямеччыны ў Менску з нагоды Сусьветнага дня свабоды друку, што прыпадае на 3 траўня, напісала лісты 24 прадстаўнікам СМІ, якія ў Беларусі знаходзяцца ў зьняволеньні, у тым ліку журналістам Радыё Свабода: Алегу Грузьдзіловічу, Андрэю Кузьнечыку і Ігару Лосіку.

    «Сёньня, у Сусьветны дзень свабоды друку, дасылаем вам з Амбасады Нямеччыны ў Менску гэты ліст, якім хацелі б выказаць глыбокую павагу за Ваш журналісцкі прафэсіяналізм, актыўнасьць і мужнасьць, — піша ў лісьце Свабодзе першы сакратар амбасады Крыстыян Зіпман. — Мы з болем усьведамляем, што незалежныя СМІ Беларусі зараз перажываюць вельмі цяжкія часы. Міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак нядаўна выказалася ў дачыненьні да незалежных СМІ Беларусі:

    «Крытычнае асьвятленьне падзей — не злачынства, гэта асноўная перадумова для дэмакратыі. Усе несправядліва затрыманыя павінны выйсьці на волю». Міністар заявіла, што ўлады Беларусі спрабуюць прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ, выкарыстоўваючы ператрусы офісаў і кватэр, канфіскацыю абсталяваньня, блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў і прызнаньне каналаў і арганізацый СМІ «экстрэмісцкімі». «У іх [беларускіх органаў улады] гэта не атрымаецца. Нямеччына працягне падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі».

    Да ліста Свабодзе далучаныя копіі лістоў Алегу Грузьдзіловічу, Андрэю Кузьнечыку і Ігару Лосіку з просьбай перадаць іх адрасатам або іх сваякам. Дазволім сабе працытаваць фрагмэнт зь ліста Ігару Лосіку:

    «Паважаны спадар Лосік, сёньня, у Міжнародны дзень свабоды прэсы, я пішу Вам як журналісту ліст, які я вымушаны адрасаваць у турму, дзе вы несправядліва знаходзіцеся ў зьняволеньні, — піша спадар Зіпман. — Гэта спрычыняе мне вялікі боль. А пра боль, які адчуваеце вы, я, знаходзячыся навонкі турэмных сьцен, магу толькі здагадвацца».

    «І тым большае наша захапленьне адвагай, зь якой Вы выступаеце за свабоду слова, — гаворыцца ў лісьце. — Толькі што, учора, 2 траўня, незалежнаму аб’яднаньню „Беларуская асацыяцыя журналістаў“ за яго выдатны ўклад у абарону і падтрымку свабоды СМІ была прысуджаная Сусьветная прэмія UNESCO. Гэтая ўзнагарода прызначаная ўсім, хто, падаючы фактычна дакладную інфармацыю і выступаючы за свабоду слова, супрацьстаіць аўтарытарным рэжымам — у тым ліку і асабліва Вам!»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці