• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Ждановіч: «Мне было вельмі балюча і страшна рабіць той выбар, але…»

    Акцёра Аляксандра Ждановіча мы ўсе ведаем найперш як «Маляваныча» з «Калыханкі». І ён сапраўды любіць дзяцей. Аднак на творчай вечарыне ў Батумі ён выявіўся зусім з нечаканага боку.

    Ён — майстар маналогу. Яго паэтычная праграма «Часы не абіраюць» («Времена не выбирают») можна сказаць, выпакутаваная жыццём. Пра тое, як стварылася «праграма для дарослых», чаму ён удзячны 2020 году і ці сапраўды ў нас цяпер цяжкія часы, ён і расказваў гледачам напрацягу дзвюх гадзін.

    Шлях да мовы

    Дзіўна, але «Маляваныч», насамрэч, да 2020 года не быў беларускамоўным, нягледзячы на тое, што 20 гадоў вёў «Калыханку».
    — Я Маляваныч, так, але 35 гадоў я працаваў у Рускім драматычным тэатры імя Горкага. Адкуль быў паспяхова звольнены. Вёў «Калыханку» амаль 20 гадоў. Мяне адтуль як бы не звольнілі, але адправілі Маляваныча ў космас, яшчэ ў 2015 годзе. Але мяне гэты Маляваныч ізноў насцігнуў. Пасля жодзінскага вопыту да мяне звярнуліся адразу два ютуб-канала. На адным я казачнік Алесь, а на другім — «Бэйбусе», якім займаецца Беларуская рада культуры, я ім вельмі ўдзячны, — сталі працягваць «казкі з Маляванычам».

    Учора з дзецьмі мы высвятлялі, якая мова самая галоўная? Мы размаўлялі з імі на сабачай мове, на кацінай, на свінячай, на рускай, на беларускай, і на ўсіх мовах мы разумеліся. Таму я адразу хачу папрасіць прабачэння, насамрэч я — не беларускамоўны чалавек (сказаў Маляваныч на чысцюткай беларускай мове — аўт.). Гэта крыху дзіўна, але так здарылася. Я пачаў актыўна ўжываць беларускую мову толькі пасля 2020 года, які мяне ўвогуле змяніў. У тым ліку і ў пытанні мовы.

    Я саромеўся таго, што мой бацька размаўляе на «трасянцы». І я лічу сябе чалавекам рускай культуры. Я працаваў у рускім тэатры, я люблю і не адмаўляюся ад рускай культуры. І я думаю, што праблема ў тым, — гэта мой прыклад, але, мяркую, гэта тыповая сітуацыя, — калі чалавек кажа, што «лепш я буду добра размаўляць па-руску, чым абы-як, на трасянцы, па-беларуску».

    Я цяпер думаю, што гэта памылка. Трэба пачынаць з чагосьці, і не баяцца памыляцца. І ведаеце што? Хочаце верце, хочаце не, мне прысніўся мой бацька, які размаўляў на трасянцы, і сказаў мне: «Размаўляй, як ты хочаш».

    Адкуль яшчэ ідзе любоў да літаратуры, да паэзіі, да беларускага слова, — я лічу, што з вымаўлення. У мяне быў добры класны настаўнік сцэнічнага маўлення, — Ілля Львовіч Курган. Гэта чалавек, срэбны голас беларускага радыё 50‑х – 70‑х гадоў, пра якога Левітан сказаў: «Вам непатрэбны Левітан, у вас ёсць Ілля Курган». Менавіта ён прывучыў чуць мову, і чуць беларускую мову. Не «снег», а «сьнег», «сьпеў», каханьне» і гэтак далей. Спадзяюся, што гэта са мной засталося.

    2020-ты, які ўсё змяніў

    Змены Аляксандра Ждановіча напаткалі, як і большасць беларусаў, выключна ў 2020‑м. Прычым, паўплывалі не толькі шматлікія акцыі і адсідка. Ён кажа, што найперш на яго паўплывалі людзі, якія ў нечым нават разбурылі яго ўяўленне пра беларусаў.

    — Мне заўсёды ў рамках драматычнага акцёра было мала месца. Я і маляваў — вось адсюль Маляваныч, я нешта пісаў. Даволі даўно Я рабіў такія паэтычныя, літаратурныя вечарыны, але даволі даўно. Рэпертуар рознай паэзіі ў мяне быў. Але, калі пачаўся 2020 год, то калі я пабачыў гэтыя дваровыя сустрэчы, канцэрты — мяне ўзяла зайздрасць.

    Мне не вельмі падабаецца нашая такая рыса беларуская, нейкай раз’яднанасці, кожны па сваіх хатах… А тут я раптам пабачыў, калі людзі прыходзілі яшчэ да жніўня на вялікія сустрэчы да Ціханоўскай, збіралася па шэсць тысяч чалавек… Мне потым казалі не пра «шмат людзей», а пра тое, якія ў людзей твары: «Я пабачыў столькі светлых прыемных, выдатных твараў!» Менавіта гэтыя светлыя твары я пабачыў на дваровых канцэртах, і мне вельмі захацелася таксама паўдзельнічаць у іх. Але я не спяваю, я не танчу, у мяне не было да гэтых падзей нейкіх асаблівых вершаў. І тады я пачаў складаць такую праграму актуальных вершаў. А потым склалася нейкая канцэпцыя.

    Але час ішоў, пачаўся кастрычнік, мне так і не выпала паўдзельнічаць у гэтых канцэртах. І першая такая імпрэза адбылася ў камеры нумар 34 у Жодзінскай турме. Час ідзе там вельмі марудна, і мае мужыкі, з якімі я сябрую і зараз, яны сядалі абсалютна як у тэатры, такім амфітэатрам: партэр, бельэтаж, балкон — сур’ёзна, так і было, — а я ля гэтай парашы чытаў ім Бродскага…

    Часы не абіраюць

    Цяпер праграма Ждановіча складаецца з вершаў Бродскага, Мандэльштама, Пастэрнака, Галіча, Еўтушэнкі. Ён адкрыў для сябе вершы Уладзіміра Караткевіча. Чытае і Максіма Багдановіча, Анатоля Сыса. І Шэкспіра, і Пушкіна. І ва ўсіх гэтых вершах ён знаходзіць нешта сугучнае нашаму часу. Сапраўды, ніводзін час нельга назваць лёгкім і ў любы час даводзіцца рабіць свой выбар. Выбар паміж свабодаю і прыстасаваннем, напрыклад.

    — Людзі не ведаюць над чым у гэтыя даволі цяжкія часы, псіхалагічна цяжкія, душэўна цяжкія, — дзе шукаць паратунак? На што абапірацца? Мой рэцэпт, якім я з вамі паспрабую падзяліцца, на мой погляд, гэта тое, што нам падаецца, што нас кінулі ў гэты час жахлівы, і мы такія няшчасныя, за што ўсё гэта з намі адбываецца… А мне здаецца, што ўсё гэта — на жаль, альбо, можа, дзякуй Богу, было, ёсць і будзе. І людзі праходзілі ўсе гэтыя шляхі, выносілі свой досвед — тыя людзі, імёны якіх засталіся ў літаратуры, у паэзіі, якія на мой погляд могуць быць для нас узорам, прыкладам.

    Нягледзячы на тое, што нехта быў фізічна знішчаны, а нехта вымушаны быў з’ехаць з радзімы. Ці проста быў прыніжаны.

    На мой погляд, яны пераможцы. Таму што яны не здрадзілі ідэалам, нейкім сваім жыццёвым прынцыпам.

    Ва ўсе часы былі тыя, хто адмаўляўся дзеля сваіх ідэалаў і прынцыпаў ад даволі шчаснага жыцця. І цяпер мы ведаем гэтых людзей менавіта дзякуючы таму, што яны абралі прынцыповую пазіцыю. Як прыклад, Аляксандр Ждановіч прыводзіць савецкага паэта-дысідэнта Аляксандра Галіча. Але ж Галіч не заўсёды быў дысідэнтам!

    — Ён быў вельмі паспяховым савецкім драматургам, сцэнарыстам, усё было нармальна. (Галіч — аўтар сцэнароў такіх знакавых савецкіх фільмаў, як «Верныя сябры», «Бягучая па хвалях», «Дайце кнігу скаргаў» — адзін з першых фільмаў Эльдара Разанава. А за стужку «Дзяржаўны злачынца» ён быў нават узнагароджаны граматай КДБ СССР — аўт.). Але потым ён піша п’есу «Матроская цішыня», яе забараняюць, і гэта было апошняй кропляй, з‑за якой ён кінуў усё, пачаў пісаць песні і вершы, з‑за якіх мы яго ведаем, і яму ўдзячныя ўдзячныя яму.

    Чаму чалавек так абірае? Таму што інакш ён не можа.

    Мяне часта пытаюцца, як я стаўлюся да калег, якія, там, вядуць прэзідэнцкія канцэрты… Я не асуджаю іх. Кожны абірае сам, што яму добра. Але мне падаецца, мы і ёсць тое, што мы выбіраем. Мне было вельмі балюча і страшна рабіць той выбар, але, як і ўсё маё пакаленне, я нясу тую віну за тое, што адбывалася і адбываецца — за маўчанне, за абыякавасць. Гэты выбар рабіць вельмі цяжка і неабходна.

    25 гадоў абыякавасці. Цяпер за дзень я даведваюся больш, чым за 25 гадоў. Я хачу зразумець, дзе, што, «дзе праўда, брат». Час вельмі сціснуўся, нешта адбываецца неверагоднае: тое што было не тое што месяц таму —тыдзень-два, ужо неактуальнае. Ужо забылі пра кавід. Вельмі крыўдна, але забылі пра катаванні 2020 года, пра 2020 год, і пра Беларусь, — а так не павінна быць.

    «Маляваныч» назаўжды?

    Канешне, Аляксандр Ждановіч раскрыўся гледачам з іншага боку — аматара паэзіі, выдатнага драматычнага акцёра, майстры хай імправізаванай гэтым разам, але сцэны. Тым не менш, ён сам лічыць, што, напэўна, назаўсёды застанецца тым самым «Маляванычам» з «Калыханкі». І гэта яго, насамрэч, не вельмі бянтэжыць.

    — Напэўна, што я пакіну добрае — гэта ўсё ж Маляваныч, нікуды не падзенешся. Ад лёсу не сыдзеш, і жыццё больш мудрае, больш цікавае за нашыя нейкія погляды на саміх сябе, за наш час. Я ўвесь час хацеў саскочыць з гэтага Маляваныча. Канешне, ён перашкаджаў нейкаму акцёрскаму развіццю, калі над чалавекам вісіць гэты вобраз папулярнага, дзіцячага вядоўцы. Але…

    Напрыклад, у 17‑м стагоддзі жыў нейкі бюргер. Пісаў раманы, праводзіў нейкую грамадска-палітычную дзейнасць. І, напэўна, ён думаў, што ў гэтым ёсць яго місія. Але неяк ад няма чаго рабіць, жадаючы пажартаваць, ён для сяброў піша некалькі апавяданняў пра барона, які лятаў на ядры і выцягваў сябе за валасы з багны. І хто б ведаў таго Распэ, з яго раманамі і дзейнасцю, калі б ён не напісаў пра барона?

    Таму і мяне, напэўна, будуць несці ўперад нагамі, і казаць: «Маляваныч…»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці