• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Старыкевіч: Змяняцца павінны не толькі прэзідэнты, але і кіраўнікі рэдакцый, і не толькі дзяржаўных

    Пра Пракапеню, права медыя распараджацца сваім кантэнтам, недаацэненасць друкаваных выданняў і драматычны выбар, што паўстаў перад беларускімі СМІ: змяніцца або знікнуць, — напярэдадні з’езду гутарым з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандрам Старыкевічам.

    http://baj.media/wp-content/uploads/2023/08/as1a.jpg

    — У якім стане беларускі медыясектар падыходзіць да вясны 2018 года?

    — Першае і галоўнае — у даволі складаных умовах беларускі медыясектар сёння выглядае адносна прыстойна. Гэта ўжо немалое дасягненне, бо медыя ва ўсім свеце цяпер перажываюць няпростыя часы. А ў Беларусі становішча СМІ ўскладняецца своеасаблівымі  палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі.

    Стаўленне ўлады да незалежнай прэсы прынцыпова не змянілася: яно ў лепшым выпадку насцярожанае. І сітуацыя ў нашым сектары ў любы момант можа пагоршыцца. Я маю на ўвазе нават не папраўкі ў «Закон аб СМІ», пра якія кажа Мінінфарм, а самі практыкі, якія ў нас значна горшыя за любыя законы.

    Зразумела, што папраўкі, якія рыхтуюцца ўладамі, робяцца не для таго, каб прэса стала ў Беларусі больш вольнай. Але і сёння ва ўладаў дастаткова інструментаў, каб знішчыць любое медыя за кароткі тэрмін.

    Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, большасць незалежных медыя працягваюць развівацца. У многіх ёсць сталая лаяльная аўдыторыя. Гэта істотна, бо бачылі мы новыя праекты, у якія ўкладзены дастаткова вялікія грошы, але якія так і не здолелі займець сталую аўдыторыю. Там, паводле даступных статыстычных дадзеных, адбываецца проста ўвесь час нагонка аднаразовага трафіку, а гэта праца не надта эфектыўная, бо адно — калі чалавек прыйшоў на медыя выпадкова і нешта там прачытаў ці не прачытаў, і другое — калі ён карыстаецца ім рэгулярна. Гэта абсалютна розная ступень даверу.

    Тут мы якраз падыходзім да пытання пра эфектыўнасць незалежных медыя.

    Проста адзін прыклад: апошнія гады сума, якая выдзяляецца толькі з нацыянальнага бюджэту на падтрымку дзяржаўных медыя, вагаецца каля 45 мільёнаў еўра. Гэта грошы, якія і не сніліся беларускім незалежным медыя. І тым не менш, калі мы параўнаем тое, што можна вымераць — паказчыкі анлайн-аўдыторыі незалежных і дзяржаўных медыя, будзе дастаткова відавочная перавага першых.

    Калі ўжо заглыбляцца, некаторыя дзяржаўныя медыя (тая ж БелТА) паказваюць някепскі месячны ахоп аўдыторыі, але ў “Нашай Нівы” значна больш прачытаных старонак. І гэта паказчык, які для мяне асабіста значна больш важны: дзе людзі чытаюць. Зацягнуць чытача на сайт, маючы пэўныя рэсурсы — не самая складаная задача. А вось дамагчыся глыбіні прагляду — зусім іншая справа.

    Тое, што беларускія незалежныя медыя застаюцца канкурэнтаздольнымі на нацыянальным рынку ў параўнанні з дзяржаўнымі і расійскімі прапагандысцкімі рэсурсамі — гэта дастаткова сур’ёзны поспех.

    Варта адзначыць: беларускія незалежныя медыя нарошчваюць свае магчымасці, што тычыцца фармавання агульнанацыянальнага парадку дня. Бадай, самы яскравы прыклад — гэта гісторыя Аляксандра Коржыча, калі фактычна з падачы незалежных медыя сітуацыя была павернутая ў іншы бок. Бо спачатку — “усё ў парадку”, “самагубства”, афіцыйныя заявы, а потым — не самы вялікі па памерах аўдыторыі, але добры сайт “Медиа-Полесье” друкуе першы артыкул, у якім падрабязна распавядае пра гэту справу. Падключаюцца іншыя недзяржаўныя медыя, грамадства, і пасля гэтага — адпаведная рэакцыя ўладаў.

    Аднак трэба адзначыць такую рэч, што, каб дамагчыся сур’ёзных істотных зменаў грамадства і медыя ў тым ліку, трэба трымаць знакавыя тэмы пад увагай увесь час, а не толькі тады, калі гэта горача, калі гэта хайп.

    — Давайце вернемся да СМІ. Нядаўнія адстаўкі былых і прызначэнні новых кіраўнікоў “СБ” і Белтэлерадыёкампаніі сведчыць пра пройгрыш у ахопах аўдыторыі? Недарма Жук, кіраўнік галоўнага дзяржаўнага анлайн-СМІ, становіцца рэдактарам “СБ”?

    — Тут варыянты простыя: або незадаволенасць вынікамі дзеяння, або перадзел сфераў уплыву, а хутчэй за ўсё — абодва чынніка спляліся ў адно.

    Але тое, што змяняцца павінны не толькі прэзідэнты, але і кіраўнікі рэдакцый, і не толькі дзяржаўных — гэта ў значнай ступені патрабаванне часу.

    Да прыкладу, я адносна нядаўна быў у Маскве на медыйнай канферэнцыі, дзе сабралася каля пяцісот чалавек. Прытым што ўваходны квіток каштаваў нямала, то выпадковых людзей там амаль не было. Дык вось адно з назіранняў: я ў свае каля сарака пяці гадоў быў адным з самых старэйшых. І падобных прыкладаў хапае.

    Медыя ўсё больш і больш робяцца індустрыяй маладых.

    — Што рэальна важнае, на Ваш погляд, БАЖ зрабіў за тры гады для медыясектара? Ці ўплываў БАЖ на яго, і як?

    — Я не прыхільнік таго, каб ацэньваць дзейнасць праектаў, да якіх сам маю дачыненне. Гэта мусяць зрабіць іншыя, у тым ліку сябры БАЖ на з’ездзе.

    — Якаснай, грунтоўнай журналістыкі за тры гады стала болей ў нас ці наадварот стала болей хуткай, але не заўсёды праверанай інфармацыі? На якую журналістыку Вы асабіста робіце стаўку?

    — У нас часта адзін журналіст працуе за пецярых, большасць рэдакцый незалежных медыя не можа сабе дазволіць мець колькасна адпавядаючую патрабаванням часу каманду. Таму здараецца, канешне, рознае. Як, зрэшты, і ў медыя іншых краін.

    Варта ўсё-такі разумець, што ў тых умовах, у якіх усё гэта існуе, на мой погляд, робіцца нямала. Канешне, ніхто не ідэальны, заганаў хапае, але незалежныя медыя збольшага выглядаюць прыстойна.

    Гэта тэндэнцыя ўжо шматгадовая: увесь час павялічваецца хуткасць і аб’ём інфармацыйных плыняў, то бок апрацоўваць даводзіцца значна большую колькасць інфармацыі.

    Я думаю, што стала больш кароткіх, не заўсёды якасных матэрыялаў — яны проста больш рэнтабельныя для медыя. А далей трэба глядзець на канкрэтныя СМІ: нехта можа сабе дазволіць рыхтаваць і грунтоўныя якасныя рэчы, а хтосьці можа ў такім рэжыме толькі перапрацоўваць чужыя артыкулы.

    У нас, напрыклад, ужо шмат гадоў адносна невялікі конкурс у намінацыі “Расследаванні” на “Вольным слове”, бо гэта — дарагі жанр. Ты можаш за той час, пакуль робіш расследаванне, зрабіць шмат навінаў, нататак, ці проста некалькі інтэрв’ю, аналітычных ці публіцыстычных матэрыялаў, і гэта рэдакцыі, хутчэй за ўсё, будзе больш выгадна.

    Усе тыя праблемы, пра якія я ўзгадаў, нашай інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” тычацца вельмі моцна. Таму ў нас атрымліваецца мікс з якасных тэкстаў і “фастфуду”, свайго і запазычанага.

    Ёсць так як ёсць, проста трэба разумець, што цяпер ва ўсім свеце медыя шукаюць новую бізнес-мадэль, бо прынт паступова, хаця значна больш павольна, чым уяўляецца некаторым радыкальным экспертам, але змяншае свой уплыў.

    Я думаю, дарэчы, што і ў наступныя тры гады газеты рана будзе спісваць з рахунку.

    Не толькі ў нас, але яшчэ шмат у якіх іншых краінах, эканамічнымі лакаматывамі медыя з’яўляюцца па-ранейшаму друкаваныя версіі, а не цудоўныя сайты з вялікай наведвальнасцю. Нават пры змяншэнні накладаў прынт ўсё адно пакуль зарабляе больш.

    Тут я б хацеў спаслацца на выдаўца Citydog.by Ірыну Віданаву. Летась яна рабіла аналіз агульнай сітуацыі на рынку, і на медыясаміце, які адбыўся ў верасні, адзначыла, што рэклама ў друкаваных версіях беларускіх выданняў цяпер прыносіць 84–97 % агульнага прыбытку ад рэкламы. Гэтая выснова асабліва цікавая там, што яе зрабіў чалавек з паспяховым досведам манетызацыі анлайн-выдання.

    — Многія беларускія СМІ сёння абвінавачваюць у клікбэйце — загалоўкі, факты, падбор навінаў… На вашу думку, гэта апраўдана для СМІ?

    — Мяне крыху забаўляюць абвінавачванні кшталту таго, што медыя робяць усё, каб завабіць да сябе чытача. Але гэта — сэнс існавання медыя, і, на мой погляд, людзі, якія такія прэтэнзіі выказваюць, хутчэй за ўсё, проста некампетэнтныя ў нашай галіне.

    Што тычыцца клікбэйту, то ў гэтае азначэнне кожны ўкладае свой сэнс. Насамрэч любое прафесійнае медыя павінна рабіць такія загалоўкі, якія прыцягваюць чытача, каб ён не проста прабегся па старонцы, а прачытаў як мага больш артыкулаў. Іншая справа, што пад гэтым загалоўкам не мусіць быць падману. Калі напісана: “Шок! Глядзіце, што здарылася!”, чалавек клікае, а яму там нейкую лухту прапануюць. А калі загаловак не падманвае чытача і ў той жа час яго прыцягвае — я не бачу ў гэтым ніякіх праблем.

    — Што думаеце пра сітуацыю з масавым выдаленнем беларускімі медыя матэрыялаў пра Віктара Пракапеню?

    — Гэты кейс быў для мяне больш пра нашае грамадства, а не пра СМІ. Пра тую ступень нянавісці, якая пануе нават сярод умоўна прагрэсіўнай часткі насельніцтва. Нянавісці адзін да аднаго, прычым дастаткова кан’юнктурнай.

    На маю думку, абсалютна недапушчальны ціск на медыя з мэтай дамагчыся карэкціроўкі ці выдалення тых ці іншых матэрыялаў. З адваротнага боку, у той жа ступені непрымальныя патрабаванні да медыя захоўваць у нязменным выглядзе ўвесь аб’ём публікацый. У любым выпадку гэта ўнутраная справа любога медыя.

    Кожнае медыя вырашае, пра што пісаць, пра што не пісаць — гэта яго неаспрэчнае права. І працягам гэтага натуральнага права з’яўляецца захаванне чагосьці ў архіве, ці карэкціроўка, ці выдаленне.

    Мяне больш турбуе тэндэнцыя, што ў нас меншае салідарнасці сярод журналістаў і болей бачна злараднасці і адкрытай нянавісці. Ясна, што творчы асяродак канфліктны па сваёй прыродзе паўсюль і заўсёды, але, магчыма, дзякуючы развіццю сацыяльных сетак сёння, гэта робіцца ўсё больш і больш відавочна.

    Я не памятаю, каб раней было дапушчальна за нейкі пракол (пры тым, што спрэчна, ці сапраўды гэта было праколам) публічна калегаў “м*дакамі” ахрысціць.

    — Хіба кепска, што журналісты пачалі больш абмяркоўваць сітуацыю у СМІ ў сацыяльных сетках?

    — Калі б абмяркоўваць, гэта можна было б толькі вітаць. Але ці можна назваць абмеркаваннем лаянку?

    Калі браць тую ж сітуацыю з Пракапенем, то ў каментарах вельмі шмат было эмоцый, часам проста неадэкватных. І гэта тое, што якраз адбівае ўсялякае жаданне да абмеркавання. Я не стаў агучваць сваю пазіцыю па той гісторыі, таму што пабачыў: не мае сэнсу, якія ты аргументы прывядзеш, гэтага проста не чуюць, гэта замяшчаецца лаянкай, прычым у дастаткова брудных формах.

    Але праблема значна шырэйшая. Некаторыя калегі, напрыклад, адкрыта дэманстравалі злараднасць, калі ўзніклі праблемы з фінансаваннем “Белсата”.

    — Гэта з‑за канкурэнцыі на медыярынку?

    — Я не гатовы адказваць за людзей, якія пісалі адпаведныя пасты ці лайкалі іх — у кожнага, мабыць, былі свае матывы. Але я канстатую, што гэта было, і гэта было вельмі непрыемна.

    Тое самае тычыцца і сітуацыі з блакаваннем “Хартыі”, якая шмат каму не падабаецца па зразумелых прычынах, але з гэтай нагоды пляскаць у далоні, ці неяк здзеквацца, на маю думку, не выпадае. Нават пры тым, што “Хартыя” сапраўды шмат зрабіла і працягвае рабіць, каб выклікаць на сябе такую рэакцыю, бо нядаўні “наезд” на “Белорусский партизан” — гэта таксама, з майго пункту гледжання, недарэчна.

    Я вырашыў закрануць гэтую складаную тэму, бо для мяне гэта фундаментальная рэч. Тое, што мы, незалежны медыясектар, проста ўтрымаліся, пачынаючы з 1994 года, тое, што мы здолелі развівацца ў такіх умовах — гэта ў значнай ступені было магчыма дзякуючы журналісцкай салідарнасці.

    А зараз гэты фундамент пад намі паціху размыўся, і гэта бачна не толькі на ўзроўні лаянак у сацсетках. Я, напрыклад, назіраю мінімальную схільнасць нашых медыя да кааперацыі, да супольнай працы па вырашэнні агульных праблемаў. Частка не гатовая да гэтага нават на словах, а частка гатовая толькі на словах. І кожны працягвае выжываць паасобку. А гэта ў значнай ступені скасоўвае нашы магчымасці да развіцця.

    — У якіх накірунках, на Вашу думку, будзе развівацца наш медыясектар у бліжэйшай будучыні?

    —  Наша размова і так атрымалася празмерна працяглай 🙂 Таму адкажу гранічна коратка.

    Каб часткова зазірнуць у сваю будучыню, варта глянуць спачатку на Захад, потым — на Усход. Тыя тэндэнцыі, якія прысутнічаць і там, і там, збольшага праявяцца і ў нас — са спазненнем і ў спрошчаным выглядзе.

    Натуральна, ёсць і свая спецыфіка. Падобна, што шмат перад якімі вядомымі беларускімі медыя, створанымі ў дзевяностых і нулявых гадах, паўстане драматычны выбар: змяніцца або знікнуць. Калі не адбудзецца абнаўленне, то цяжка разлічваць, што атрымаецца нават захаваць свае пазіцыі, не кажучы ўжо пра развіццё. У значнай ступені тое ж самае тычыцца і незалежнага медыясектара наогул.

    Гутарыў Барыс Гарэцкі
    Фота з архіва Аляксандра Старыкевіча, «Наша Ніва», «Радыё Свабода»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці