Аляксандр Старыкевіч: “Праблема закранула толькі незалежныя грамадска-палітычныя рэсурсы. У гэтым ёсць толькі адзін зацікаўлены бок”
За апошнія некалькі дзён, пачынаючы з 19 снежня, праблемы з доступам назіраліся ўжо ў дзясятка інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў.
Сярод іх – tut.by (былі збоі 19 снежня), onliner.by (пазбаўлены даменнага імя ў Беларусі па рашэнні Мінгандлю), «Хартыя-97», «Белорусский партизан», сайт інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» (праблемы ва ўсіх трох доўжацца з 19 снежня), сайт агенцтва БелаПАН (дамены belapan.by і belapan.com) і яго інтэрнэт-газеты Naviny.by, інфармацыйныя рэсурсы udf.by і zautra.by (праблемы з доступам узніклі 20 снежня), 21.by.
21 снежня па стане на 12.00 доступ да Naviny.by, udf.by, zautra.by, 21.by быў. Але такое здаралася і раней – напрыклад, у папярэднія дні да naviny.by і belapan.by доступ перыядычна аднаўляўся і зноў знікаў.
Праблемы з доступам паўстаюць у асноўным у тых наведнікаў, якія карыстаюцца паслугамі галоўнага беларускага інтэрнэт-правайдэра – РУП «Белтелекам».
19 снежня гэтае прадпрыемства размясціла на сайце афіцыйную інфармацыю пра DDoS-атаку на абсталяванне цэнтра апрацоўкі дадзеных, у сувязі з чым “магчымыя цяжкасці з доступам да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт”. Праўда, у той жа дзень, паводле “Белтэлекам”, наступствы атакі былі ліквідаваныя.
Між тым, праблемы з доступам не зніклі, а кола недаступных сайтаў толькі пашырылася.
21 снежня агенцтва БелаПАН распаўсюдзіла заяву з нагоды блакавання IP-адрасоў сайтаў belapan.by, belapan.com і naviny.by. “Хто і па якой прычыне гэта зрабіў, дагэтуль невядома. Зразумела, аднак, што рашэнне аб блакіроўцы IP-адрасоў маглі прыняць толькі ўлады, паколькі ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на прадастаўленне IP-адрасоў. Кампанія БелаПАН не атрымлівала ніякіх афіцыйных папярэджанняў ці апавяшчэнняў аб падрыхтоўцы блакіроўкі”, – гаварылася ў заяве.
Аляксандр Старыкевіч, намеснік старшыні ГА “БАЖ” і кіраўнік рэсурсу “Салідарнасць”, 20 снежня звярнуўся да РУП “Белтлекам” з пісьмовым запытам адносна прычын блакавання. Адказу пакуль няма, – паведаміў ён прэс-службе ГА “БАЖ” 21 снежня і пракаментаваў сітуацыю:
“Нічога новага мы ў гэтай сітуацыі не даведаліся. Улада як расцэньвала незалежныя медыя як свайго ворага, так і расцэньвае. Проста пакуль было адносна спакойна эканамічна, яшчэ трывалі. Як толькі паўсталі рэальныя праблемы – быў нанесены удар… Ці можна гэта спісаць на тэхнічныя праблемы? Можна, калі ўключыць фантазію. Але, калі падыходзіць рэалістычна, робіцца відавочна, што праблема закранула толькі незалежныя грамадска-палітычныя рэсурсы. І ў гэтым ёсць толькі адзін зацікаўлены бок”.
З вечара 20 снежня на інтэрнэт-платформе change.org. пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй-зваротам да Мінінфармацыі з патрабаваннем спыніць блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў.