• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Журналісты і фаталісты

    Хоць дзень быў і выходны, у недзяржаўных медыях адразу пайшоў працэс. Прычым ведаю на канкрэтных прыкладах: мае калегі ўключыліся ў яго не з‑пад пугі, не таму, што пазваніў начальнік, а проста таму, што ну не можа нармальны журналіст біць лынды пры такіх інфармацыйных нагодах. Сталі даваць на свае сайты меркаванні экспертаў, прагнозы, абсмоктваць нейкія закулісныя дэталі, красамоўныя штрыхі біяграфій тых, хто сышоў, і тых, хто прыйшоў. У той самы дзень з’явілася першая аналітыка.

    І зноў жа, як звычайна ў часы такіх вось неадназначных сенсацый (згадайма дэвальвацыі, выбухі, дармаедскія пратэсты, укіды пра стан здароўя кіраўніка дзяржавы ды іншае), шчыраванне незалежнай прэсы кантраставала з карцінай на сайтах дзяржаўных СМІ, дзе выставілі адно што панылую казённую інфу, пераказ заяваў з вуснаў адзінага палітыка.

    Ну і як яны могуць канкураваць з незалежнымі медыямі ў сеціве? Толькі дубінай, толькі спецаперацыямі кшталту “справы БелТА”.

    Схема з дыктатарам і марыянеткамі — занадта прымітыўная

    Паралельна тады ж, у суботу, я посціў у Face­book нейкія свае думкі з нагоды кадравага ператрусу. І неўзабаве напароўся ў каментах на рэпліку аднаго шаноўнага літаратара: маўляў, нашто рабіць вэрхал з нічога.

    Я прагледзеў фэйсбучную стужку і пераканаўся, што такая нотка гучыць у з’едлівых рэмарках цэлага шэрагу, умоўна кажучы, апазіцыйных інтэлектуалаў і ладнай часткі шараговых крытыкаў цяперашняй сістэмы. Ат, ніякіх зменаў не будзе, бо ўсё вырашае Лукашэнка, таму новы ўрад не варта і абмяркоўваць. “Все они марионетки в ловких и натруженных руках”. Так што расслабцеся і не фантануйце.

    Некаторыя персоны з контрэліты кпілі, што каментары ў незалежных медыях банальныя. Але, што характэрна, сваіх небанальных каментароў не прапанавалі.

    Я і сам выдатна ўсведамляю, што хоць новага прэм’ера Румаса і ўважаюць за рыначніка, але ж Лукашэнка рыначнікам не стаў, а эканамічны курс вызначае па вялікім рахунку ён. Аднак ёсць чыннікі, што і на Лукашэнку ціснуць. І найперш гэта чыннік расійскі: Масква рэзка скарачае субсідыі, і таму нейкія эканамічныя манеўры давядзецца рабіць праз не хачу.

    Можна загінаць і загінаць пальцы, даводзячы, што метафізічны падыход да ацэнкі нашых рэалій няслушны. Можна прывесці прыклад Паўла Калавура, які пры канцы 2014 года, падчас чарговай дэвальвацыі, быў пастаўлены на чале Нацыянальнага банка. Пры ўсёй сваёй схільнасці да валюнтарызму кіраўнік дзяржавы відавочна прыслухоўваецца да парад Калавура не друкаваць болей вагонамі пустыя грошы.

    Які б самавольны ні быў правадыр, ён не можа скасаваць эканамічныя законы. Жорсткія рэаліі змушаюць і аўтарытарыяў прыслухоўвацца да адмыслоўцаў, манеўраваць. І світа не толькі грае караля, асабліва ў крызісныя моманты.

    Так што схема з дэманічным дыктатарам, якому падуладна ўсё, і вінцікамі, марыянеткамі, ад якіх не залежыць ні каліва, — занадта прымітыўная нават для нашай спецыфічнай, дэфармаванай сістэмы.

    А давайце пісаць пра Вейшнорыю

    Але гэты артыкул я пішу не дзеля таго, каб паспрачацца пра перспектывы новага ўраду. Хачу падкрэсліць іншае.

    Інтэлектуалы любяць уладкоўвацца ў вежы са слановай косткі, паглядаць на мітусню быцця з мудрасцю “Эклезіяста” (што не замінае некаторым сабачыцца ў Face­book з найдрабнейшай нагоды). Тым болей зручная такая пазіцыя ў нашай балотнай рэчаіснасці. Кажы, што нічога не зменіцца, — і будзеш выглядаць аракулам на тле мітуслівых дурных журналюгаў.

    Не аднойчы я чытаў у Face­book і такія заўвагі: ну колькі можна пісаць пра Лукашэнку? Хай бы незалежныя медыі абвесцілі яму інфармацыйны байкот.

    Ок, абвесцім байкот. Што далей? Замкнуцца ў андэграундзе? Пісаць выключна пра тое, як апазіцыянер А. сварыцца з апазіцыянерам Б. у духу гогалеўскіх персанажаў: “А вы, Иван Иванович, настоящий гусак”? Во гэта сапраўдныя тытаны духу. А мо перамываць костачкі аднаму небараку-блогеру ці амбіцыйнай блогерцы, што тыднямі з асалодай робіць фрэндстужка? Ці мо давайце пераселімся ў Вейшнорыю, пагалоўна атрымаем яе пашпарты ды будзем пісаць светлую хроніку гэтай цудоўнай краіны?

    Напраўду ж мы жывем тут і цяпер. “Времена не выбирают, в них живут и умирают”. Падабаецца камусьці нязменны прэзідэнт ці не, хочам ці не, але гэты чалавек вызначае параметры жыцця цэлай краіны. Між тым раз-пораз андэграундная публіка кідае ў недзяржаўных журналістаў камяні за тое, што ходзяць на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. Ці за тое, што на такіх мерапрыемствах задаюць пытанні, а не кляймуюць дыктатара.

    Тут я бачу элементарнае неразуменне функцыі медыяў, непавагу да журналісцкага рамяства. Хто-кольвек не прасякае розніцы паміж прэс-канферэнцыяй і апазіцыйным мітынгам. Калі хочаце чытаць пракламацыі — ідзіце на сайты партый ці вядомыя барыкадныя рэсурсы. Але “БТ наадварот” — гэта ўжо не журналістыка.

    Снобы хай бурчаць, а мы працуйма

    Я не пра тое, што ўсе мы геніі і робім шэдэўры. Якасць — іншае пытанне. Але мы робім сваю справу. Насуперак наездам кшталту “справы БелТА”.

    Дарэчы, як ні парадаксальна, тыя снобы, каму не пад нос сам факт рэфлексій незалежных СМІ на тэмы кшталту змены ўраду, дэ-факта самкнуліся з аўтарам “СБ”, што заклікаў днямі змусіць недзяржаўныя медыі перадрукоўваць матэрыялы БелТА цалкам, у нязменным выглядзе, уключна з загалоўкамі. Няма чаго, маўляў, гнаць “отсебятину”, перакручваць ды ліць бруд на наш лад.

    Уражанне такое, што пэўны апазіцыйны тыпаж мацней верыць у непахіснасць рэжыму, чым хто-кольвек з яго прапагандысцкай абслугі, бо іначай чаму апошнія ўважаюць за лепшае падпісваць пасквілі псеўданімамі?

    24 гады пад аўтарытарным кіраваннем аднаго персанажа — вядома ж, цяжкая нагрузка на тонкую псіхіку інтэлектуалаў. Нават думаючыя людзі прыціснуты фаталізмам.

    Але мне, напрыклад, давялося пражыць у Савецкім Саюзе болей за тры дзесяцігоддзі. І добра памятаю, як за лічаныя гады распаўзлася сістэма, што, здавалася, можа пратрываць яшчэ чорт ведае колькі. Гэты досвед утрымлівае мяне і сёння ад сховаў у фаталізм.

    Іншая рэч, што наіўныя спадзевы, якімі жылі дэмакраты падчас перабудовы ды ў першыя часы незалежнасці, не спраўдзіліся. У 1994‑м у Беларусі адбыўся рэванш рэтраградаў. Стан нашага грамадства тады і цяпер, ступень яго гатоўнасці да перамен — таксама важная тэма для роздуму, дыскусій у медыях. І калі грамадства няспелае, то што будзе, калі афіцыйны лідар зменіцца? Не факт, што мы хутка станем квітнеючай дэмакратыяй і пасля Лукашэнкі.

    Такім чынам, у снобаў будзе яшчэ цэлая эпоха, каб кпіць з журналюгаў, што апісваюць, спрабуюць асэнсаваць тутэйшую рэчаіснасць — крывую, каравую, не адпаведную высакалобым уяўленням.

    Разумею жаданне шэрагу інтэлектуалаў схавацца ў прыватнае жыццё. Але журналіст не можа цалкам схавацца ў прыватнае жыццё.

    Так што працуйма, а снобы хай бурчаць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці