• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Як назваць карову ў экскрэментах?

    Нібыта з песні слова не выкінеш. Але гэтае слоўца, вынесенае ў загалоўкі, мяне тарганула. Рызыкую здацца старамодным, аднак выкажу сваё меркаванне. На мой погляд, медыі сталі злоўжываць вульгарызмамі.

    З песні слова не выкінеш?

    Паспрабуем раскласці гэты кейс па палічках. З аднаго боку, народ, па ідэі, павінен ведаць выказванні афіцыйнага лідара без купюр. І калі прэс-служба прэзідэнта, дзяржаўныя СМІ падчышчаюць, прыхарошваюць выказванні першай асобы, згладжваюць менавіта цытаты, то гэта ўжо момант скажэння рэчаіснасці.

    З іншага боку, медыі мусяць датрымліваць моўную культуру, ставіць бар’ер на шляху сумнеўнай лексікі.

    У гэтым канкрэтным выпадку я б правёў мяжу. Калі пасаж з вульгарным слоўцам гучыць на ўстаўленым у матэрыял відэа ці нават даецца ў тэксце ў двукоссі — ну, што ж, цытаванне ёсць цытаванне. Хаця і тут, напэўна, лепей было б аформіць тое слоўца з кропачкамі пасярэдзіне.

    Вы скажаце: а які сэнс, калі чытач усё адно здагадаецца? Сэнс у тым, каб паказаць, што для рэдакцыі гэта не норма.

    А вось калі вульгарны эпітэт пра карову ў экскрэментах выносіцца ў загаловак, выкарыстоўваецца дзеля хайпу, — гэта ўжо момант акцэнтавання, праява рэдакцыйнай палітыкі, калі хочаце. І тут маё старамоднае рэдактарскае пачуццё пратэстуе.

     

    “Сярод жывёл і раслін”

    Я сам, як і кіраўнік дзяржавы, “вырас сярод жывёл і раслін”, сярод простых вяскоўцаў, таму з маленства чуў усё багацце вульгарнай, табуяванай лексікі.

    Але любы калгаснік разумеў і разумее, што, калі і дзе гаварыць. Калі ён не п’яны ў дыміну, то не стане брудна лаяцца не толькі ў кабінеце начальніка, але і на вяселлі, на могілках. Так што і ў людзей без філалагічнай адукацыі прысутнічае адчуванне, наколькі тая ці іншая лексіка культурная, прыстойная.

    Медыі ж у ранейшыя часы былі пэўным крытэрам, узорам у моўным плане. Так, за савецкім часам прэса была сухая, цэнзураваная. І газета “Правда” ў прынцыпе не магла працытаваць, як Мікіта Хрушчоў лаяўся на мастакоў-абстракцыяністаў на выстаўцы ў маскоўскім “Манежы” ў 1962 годзе.

    Але ў постсавецкі час лібералізацыя пайшла так далёка, што слоўцамі падобнага кшталту некаторыя медыі, найперш анлайнавыя, сталі ўжо казыраць. Сталі за іх кошт пазіцыянавацца як прасунутыя, прагрэсіўныя, бесцэнзурныя, разняволеныя. Мы бачым гэта на прыкладзе некаторых беларускіх вэб-рэсурсаў, разлічаных на моладзевую аўдыторыю.

    Там сустракаюцца і моцныя, з густам напісаныя тэксты. Але іншым разам чытаеш матэрыял нейкага аўтара/аўтаркі, перасыпаны вульгарызмамі, што абазначаюць, напрыклад, месца, якім чалавек сядае, — і думаеш: калі выкінуць вось гэтыя слоўцы, гэтую танную рысоўку, то што застанецца? А застанецца поўны прымітыў, бездапаможнасць мыслення, дзіцячы лепет.

     

    Нашто казыраць мяккім месцам?

    Адзначу, што варта вынесці за дужкі мову мастацкай літаратуры, музычных твораў. Пра “Сфагнум” Віктара Марціновіча ці песні гурту Dzieciu­ki варта разважаць асобна. Хаця зазначу, што нашы класікі ўмелі прыгожа мікшаваць табуяваную лексіку — узяць да прыкладу хаця б коласаўскае “Ядзяць вас мухi з камарамi!”

    Таксама выношу за дужкі жывыя трансляцыі, калі журналіст за выразы суразмоўцы ці выгукі з натоўпу (згадайма эмацыйныя маршы “дармаедаў”) адказнасці не нясе.

    Калі ж казаць пра стыль самога журналіста, то варта правесці рысу між экспрэсіўнымі выразнымі сродкамі мовы і ўбогімі вульгарызмамі. Я сам часта выкарыстоўваю ў артыкулах ды каментарах размоўныя ідыёмы, хвосткія жарганізмы, трапны слэнг, хаця і з гэтымі моўнымі пластамі трэба працаваць акуратна, адчуваючы меру.

    Але не бачу ніякай прыгажосці стылю ў тым, каб казыраць грубым назовам мяккага месца ці іншымі падобнымі слоўцамі толькі дзеля дэманстрацыі, што аўтар — чалавек без комплексаў. Казаць, што гэта праўдзівае адлюстраванне рэалій, мова жыцця, — не, таксама не канае.

    Я наўмысна ўжыў тут слоўца, што прыйшло з крымінальнага свету, каб зазначыць, што і з турэмным жаргонам журналісту варта быць асцярожным.

     

    Што на плоце — тое і ў СМІ?

    Сёння праблема прыстойнай / непрыстойнай лексікі ў медыях абвастрылася яшчэ і таму, што сціраецца мяжа між традыцыйнымі СМІ і сацыяльнымі сеткамі.

    Дарэчы, асобная тэма — лексіка самога працаўніка СМІ ў сацыяльных сетках. Там ён нібыта не пры выкананні, але ж ўсё адно ўспрымаецца многімі найперш як прадстаўнік свайго медыйнага брэнда, сваёй прафесіі.

    Таму я, хоць сам не выглядаю ў фэйсбуку ды інстаграме такім ужо зашпіленым на ўсе гузікі, мяркую, што і ў гэтым вымярэнні прафесійнаму журналісту варта выбіраць словы, пазбягаць, у прыватнасці, табуяваных выразаў. Нават калі надта хочацца выглядаць сваім у дошку ці зрэзаць нахабнага апанента.

    Калі ж казаць пра публікацыі ў прафесійных вэб-медыях, то і тут назіраецца дыфузія: анлайнавыя рэсурсы, напрыклад, усё часцей практыкуюць агляды — як сеткі зрэагавалі на тую ці іншую падзею.

    І гэта таксама выклік для рэдакцый. З аднаго боку, неяк нядобра цэнзураваць тыя ці іншыя хвосткія пасты (а паспрабуй адрэдагуй мем!), з іншага боку — у гэтых узорах творчасці мас нярэдка слоўцы і выразы не тое што на мяжы, а відавочна за мяжой моўнага фолу.

    Пра гэту мяжу можна спрачацца, і мае нататкі не прэтэндуюць на ісціну ў апошняй інстанцыі. Моўны густ — гэта таксама рэч суб’ектыўная. Але для мяне відавочна, што пэўны лексічны фільтр рэдакцыі мусяць ставіць. Колькі ні даводзьце пра сярмяжную праўду жыцця, колькі ні сцябайцеся з майго чыстаплюйства, вы мяне не пераканаеце, што медыі павінны падхопліваць і смакаваць усё, што пішуць на плоце асобныя малакультурныя людзі. Убрыкні іх камар!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці