Аляксандр Класкоўскі: Тэлеграм-каналы — гэта атрутная спакуса?
Гісторыя такая. Нейкі час таму я замовіў няштатнаму аўтару матэрыял на тэму бяспекі. Публікацыя з’явілася на Naviny.by, была перадрукавана адным рэгіянальным парталам. І вось чытаю ў праімперскім тэлеграм-канале, што нібыта той артыкул (у ім зазначалася, што Аляксандр Лукашэнка ўпэўнена кантралюе сітуацыю ў сілавых ведамствах, а таму нейкія змовы малаімаверныя), зроблены паводле адмашкі… прэс-сакратаркі прэзідэнта.
Тут мне асабіста ніякага фактчэкінгу не трэба. Але ж хто не ў курсе, можа і павесціся на такую канспіралогію. І можна сабе ўявіць, колькі ўсялякай лухты генеруюць палітычныя тэлеграм-каналы, што набылі апошнім часам шалёную папулярнасць.
Чаму народ падсеў на тэлеграм-каналы?
Чым тлумачыцца феномен тэлеграм-каналаў? З аднаго боку, гэта не зусім СМІ (ці зусім не СМІ), таму аўтар нібыта і не мусіць адказваць за базар. Хочаце — верце, хочаце — не. Гэтакая філія бессмяротнага агенцтва АБС — “Адна бабка сказала”.
Таму рабіць такі канал прасцей, чым, так бы мовіць, канвенцыйнае выданне. Злівай інфу ўпярэмешку з чуткамі ды плёткамі, не грузячы сябе праверкай фактуры.
З іншага боку, чалавек — істота цікаўная, для многіх зазірнуць у фігуральную замочную шчыліну — кайф.
Звыш таго, канспіралогія лёгка ды эфектна тлумачыць незразумелыя рэчы. Ад уяўнай датычнасці да розных закулісных таямніц, нібыта спасціжэння схаваных ад шырокай публікі працэсаў адразу вырастаеш ва ўласных вачах.
Нарэшце, сістэма ў нас закрытая, таму калі адтуль нешта праточваецца, то яно мае асаблівую цану. Тут не да чыстаплюйства.
Адсюль — выбух цікаўнасці да палітычных тэлеграм-каналаў. І нават тыя, хто іх бэсціць, працягваюць праглядаць.
Зрэшты, чалавеку з пэўным узроўнем базавай інфармаванасці ды крытычным мысленнем (іначай кажучы, таму, каго лёгка не абдурыш) такое чытанне можа даваць плён. Асабліва калі параўноўваць кантэнт з некалькіх каналаў рознага кірунку. На гэтым перасячэнні плыняў часта можна збольшага скеміць, што насамрэч адбываецца.
Ці заўжды ігнор — найлепшая рэакцыя?
Карацей, журналісту, асабліва калі ты пішаш на грамадска-палітычныя тэмы, сачыць за адпаведнымі крыніцамі, у тым ліку і не надта стэрыльнымі, варта. Хаця б дзеля таго, каб быць у курсе, што́ сёння на парадку дня майстроў інфармацыйнай вайны.
Між тым відавочна, што пэўныя колы ў Расіі спрытна прыстасавалі тэлеграм-каналы дзеля накідання гэтага парадку дня ў тым ліку і беларускай аўдыторыі. І тут пытанне — як рэагаваць.
Нядаўна на міжнародным медыяфоруме ў Брэсце галоўны рэдактар “СБ. Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук зазначыў, што “у нас лидеры мнений — анонимные телеграм-каналы. Мы доверяем анонимкам, которые мы официально вправе не рассматривать. Более того, очень тиражные эфирные традиционные СМИ начинают тиражировать новости с этих анонимных каналов. Мы же как профессионалы прекрасно знаем, что именно эти инструменты сделаны для манипулирования общественным мнением. И мы им сами помогаем”.
З аднаго боку — так, спрыяць, каб шырэй разыходзілася любое трызненнне сівой кабылы, не варта. З іншага боку, ігнор — далёка не заўжды найлепшы варыянт. Бо калі нейкую вострую, правакатыўную тэму замоўчваюць афіцыйныя крыніцы, то фэйк можа толькі набраць моц.
Так, тэлеграм-каналы чытае адносна вузкая аўдыторыя, але гэта палітызаваная публіка, лідары меркаванняў, наменклатура, журналісты. І таму гарачыя піражкі добра разыходзяцца, рэзананс ад укіду можа аказацца аглушальным. Такія выбухі здольны прабіваць дзіркі ў нацыянальнай інфармацыйнай бяспецы.
Хуткая рэакцыя купуе эфект укіду
Згадайма, як летась тэлеграм-канал “Незыгарь”, ніткі ад якога цягнуцца ў важныя маскоўскія кабінеты, зрабіў укід пра нібыта інсульт у беларускага кіраўніка. І анемічнасць яго піяр-абслугі прывяла да таго, што фэйк пайшоў гуляць па сайтах, народ загаманіў…
У выніку сам Лукашэнка, дэманстратыўна выехаўшы на жніво, мусіў абвяргаць плётку. «Меня сутки назад похоронили и тебя могут похоронить», — са спецыфічным гумарам сказаў кіраўнік дзяржавы нейкаму аграрыю.
Потым расійскія ды прарасійскія тэлеграм-каналы спрытна выкарыстоўвалі маўчанне беларускіх дзеячаў і дзяржаўных СМІ пра перамовы Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у Сочы, прызначэнне амбасадарам Міхаіла Бабіча, цяпер вось палохаюць нібыта хуткім рэферэндумам пра аб’яднанне з Расіяй.
Калі беларускія медыі маўчаць, то свае версіі, свой наратыў накідаюць тыя, хто спакваля робіць падкоп пад нашу незалежнасць.
Возьмем нядаўнюю сітуацыю з затрыманнем Андрэя Уцюрына, былога кіраўніка службы аховы прэзідэнта. Паўза дзяржаўных медый (а недзяржаўныя не маглі выціснуць інфу з афіцыйных структур) дала волю крыніцам, што сталі накідаць чуткі пра агентурную працу пэўных высокіх асоб на Маскву, змову сілавікоў, арышты ў іх асяроддзі і да т.п. У выніку зноў жа сам Лукашэнка са спазненнем мусіў даводзіць, што Уцюрын не быў агентам Бабіча.
Апраўдвацца пасля таго, як па тэме патапталіся ўсе, хто хацеў, — рэч апрыёры няўдзячная. Называецца гэты занятак “давядзі, што ты не вярблюд”.
Між тым аператыўная рэакцыя ўлад і медый на ўкіды, што выглядаюць як праявы інфармацыйнай вайны, магла б адразу купаваць іх эфект. І таму ў прынцыповых пытаннях рэагаваць варта. Трэба толькі ўмець. Але гэта ўжо асобная тэма.
Хтосьці скажа: ды што ты пераймаешся за рэжым! Не, шаноўныя, тут не пра рэжым вядзецца, а пра лёс краіны.
Профі на тонкім лёдзе
Мода на тэлеграм-каналы прыйшла і ў Беларусь. Прычым ўляглі ў гэту справу не толькі вольныя блогеры, а і некаторыя прафесійныя журналісты, нават рэдакцыі.
Я тут кажу не пра тыя выпадкі, калі выданне проста рэкламуе, прасоўвае праз модную платформу свой кантэнт (там усё празрыста), а пра вядзенне каналаў, так бы мовіць, у прыватным парадку. Хтосьці выступае з адкрытым забралам, хтосьці шыфруецца.
І вось тут прафесіянал, на мой погляд, ступае на тонкі лёд. Бо калі ты пішаш не ў сваё выданне, а ў Тэлеграм, узнікае спакуса трошкі адсунуць убок прафесійную этыку.
У выніку ёсць рызыка трапіць у вілку падвойных стандартаў. На адной пляцоўцы, у сваім СМІ, ты строга трымаешся прафесійных канонаў, адказваеш за базар, бо іначай сякір-башка. А на іншай платформе, у Тэлеграме, нібыта нічога страшнага, калі і расслабішся. Дасі сабе пасваволіць, зліць неправераную інфу, карацей — хайпануць на мяжы ці нават за мяжой фолу.
Гэта сітуацыя можа разбэшчваць, расцярушваць прафесійную мараль. Нарэшце, не грэх памятаць: калі табе нешта зліваюць, то цябе могуць і скарыстаць.
Такім чынам, тэлеграм-каналы — зброя, вострая з абодвух бакоў. Карыстацца ёй варта асцярожна, абачліва.